Шчыра вітаю тых, хто выпадкова заблукаў на гэтую старонку, і асабліва горача -- тых, хто знайшоў час і магчымасць, каб спецыяльна адкрыць мой персанальны блог. Пасля доўгіх роздумаў і сумненняў я рашылася-такі яго стварыць. Безумоўна, не без дапамогі добрых людзей: без іх маральнай і, галоўнае – тэхнічнай падтрымкі нічога не атрымалася б.
За гады журналісцкай і пісьменніцкай творчасці сабралася сёе-тое ў архівах, нешта ёсць і ў так званых “творчых планах”. Век газеты нядоўгі; тры кніжкі прозы, выдадзеныя ў свой час не вельмі вялікімі тыражамі, разышліся даволі хутка і ў абмежаваным рэгіёне. Часта мяне пытаюць: дзе можна пачытаць вашы творы – а я ў адказ вымушана разводзіць рукамі…
Таму я і вырашыла, не адстаючы ад імклівага часу, “застаўбіць” у сусветнай павуціне месца, дзе можна размясціць асноўнае з таго, што было напісана ў розныя гады і што нараджаецца зараз.
А яшчэ я спадзяюся, што тыя, каго зацікавяць мае думкі ці творы, хто захоча выказаць сваё меркаванне з нагоды ці без яе, пагутарыць ці паспрачацца са мною, напішуць мне на электронную пошту nina-rybik@yandex.ru – і мы зможам прадоўжыць наша знаёмства і стасункі не толькі на старонках гэтага блогу, але і па-за яго межамі.
Хочацца спадзявацца, што наша сённяшняе віртуальнае сатканне будзе не апошнім.

Крыху пра сябе!