

Нарадзілася я – няважна калі, але досыць даўно – ў цудоўным месцы
беларускага Палесся: вёсачцы Уласы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
Якая з красавіка 1986 года, пасля аварыі на Чарнобыльская АЭС, стала зонай
адчуджэння, запусцення і памірання… Але гэта –
асобная тэма, якую я, дарэчы, час ад часу
уздымаю ў сваіх творах.
Закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум,
пасля, без адрыву ад працы спачатку ў
Хойніцкай, затым – у Астравецкай раённых
газетах – факультэт журналісткі
Белдзяржуніверсітэта.
Калі не лічыць аднаго года работы ў сельскай
бібліятэцы, усё маё свядомае жыццё звязана з
журналістыкай. І шчаслівая гэтым, бо адношуся
да катэгорыі людзей, якія займаюцца справай,
якую любяць. Газету “Астравецкая праўда”,
галоўным рэдактарам якой з’яўляюся з 1992
года, лічу сваім трэцім, пасля сына і дачкі, любімым дзіцем.
На Астравеччыне стала пісаць і мастацкія творы. Пабачылі свет тры кнігі
прозы: «Права на адсяленне» (2000 год), «Свае і Чужыя» (2008 год) і
«Скрыжаванні» (2014 год). З’яўляюся сябрам двух творчых саюзаў:
Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Удастойвалася розных прэмій і перамагала ў розных творчых конкурсах.
Найбольш значнымі можна лічыць перамогі ў Міжнародным конкурсе
журналістаў Усходняй Еўропы (Штутгарт, Германія, 2012 г.), Міжнародным
конкурсе “Жывое слова” (Вялікае Болдзіна, Ніжагародская вобласць, Расія,
2012 год), званне лаўрэата прэміі “Залатое пяро” Беларускага саюза
журналістаў (2007 год), перамогі ў абласным конкурсе журналістаў (2015 год),
перамогу ў першым літаратурным конкурсе імя Алаізы Пашкевіч (2014 год).
Зрэшты, расказваць пра сябе досыць складана. Мне здаецца, што лепш пра
мяне раскажуць мае творы.
А калі ў некага да мяне з’явяцца асабістыя пытанні ці проста жаданне
пагутарыць,
пішыце на электронную пошту
nina-rybik@yandex.ru
ці тэлефануйце 8 01591 21109.