Юбілеі
Паэтычны букет Уладзіміра Руля
26 кастрычніка ў зале
Воранаўскай дзіцячай школы мастацтва сабраліся аматары літаратурнага слова на
творчы вечар паэта, празаіка, краязнаўцы, нашага земляка з Начы Уладзіміра Руля.
Павіншаваць пісьменніка з 60-годдзем прыехалі і калегі па паэтычнаму цэху —
старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”
Людміла Кебіч, намеснік старшыні Браніслаў Ермашкевіч, бард Анатоль Апанасевіч.
Госці свята дакрануліся да таямніц паэтычных радкоў юбіляра.
Мне ў жыцці гэтым многае трэба:
Моцны поціск сяброўскай рукі,
Луста цёплага жытняга хлеба,
Спеў птушыны ля нашай ракі…
Гэтымі пранікнёнымі радкамі-споведдзю
Уладзіміра Руля адкрыла творчы вечар Ірына Камінская і распавяла гледачам пра асноўныя
моманты жыццёвага і творчага шляху пісьменніка-юбіляра. З вершамі, прысвечанымі
нашым славутым землякам: Хафіцу Хаіму, Нарбутам, Францішку Багушэвічу і Сяргею
Абламейку, пазнаёмілі дзяўчынкі і хлопчыкі з Радунскай гімназіі, Нацкай,
Доцішскай і Воранаўскай школ. Вершаваную казку для дзяцей “Як Зай пахваліўся
сабой” прадставілі вучні Забалацкага навучальна-педагагічнага комплексу.
Цёплыя і ад душы пажаданні
творчага плёну і натхнення Уладзіміру Валяр’янавічу адрасавалі даўнія сябры, жонка
Ніна Іосіфаўна. Калегі па пяру падаравалі яму свае вершы-віншаванні. Людміла
Кебіч па даручэнні старшыні “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Мікалая Чаргінца ўручыла
паэту Грамату за шматгадовую літаратурна-творчую і грамадска-культурную дзейнасць.
— Творчасць мяне сапраўды захапіла,
ёю жыву. Зараз працую над паэмай “Гісторыя Радуні ў вершы”. Што датычыць
планаў, мяркую выдаць дзесяць кніг, прыкладаю намаганні, каб мае творы былі
перакладзены на польскую, літоўскую, англійскую мовы і іўрыт, — падзяліўся
творчымі задумкамі юбіляр і паабяцаў падараваць свой зборнік вершаў “На зорных
шалях вечнасці” вучням-выканаўцам яго твораў.
Затым паліліся песні, напісаныя
нашымі таленавітымі музыкантамі на словы Уладзіміра Руля. У выкананні Леаніда
Кукліса, Святланы Комар, Аляксандра Мацюка, гурта “ЭЙРЭНЭ”, Вячаслава
Мацкевіча, Аляксандра Кукіна, Мікалая Шманка, Марыны Сцефановіч і Аляксея
Мызянкова лірычныя творы, пра каханне, бацькоўскі дом, і патрыятычныя, пра Айчыну,
подзвіг воінаў, на беларускай і рускай мовах краналі сэрцы гледачоў і пранікалі
ў душу.
Мерапрыемства стала сапраўдным
святам творчасці і адметнай падзеяй у культурным жыцці раёна. Здароўя Вам,
Уладзімір Валяр’янавіч, новых вершаў і творчых задум!
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.