Гарадзенскія вечары памяці працягваюцца
Напрыканцы
кастрычніка адбыўся вечар памяці пісьменніка, вядомага на Гродзеншчыне дзеяча
культуры Артура Цяжкага. Праект правядзення такіх вечароў ініцыіравала абласная
навуковая бібліятэка імя Я. Карскага. У межах гэтага праекта, які называецца
“Яны ўзбагачалі культуру Гродзеншчыны”, ужо прайшлі вечары памяці Віктара
Губіча – былога намесніка начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама,
Аляксандра Шыдлоўскага – вядомага кампазітара-самародка, былога дырэктара абласнога
метадычнага цэнтра народнай творчасці, а таксама сустрэча з любімым гродзенцамі
паэтам-аматарам і кампазітарам, народным умельцам Яўгенам Петрашэвічам. Дарэчы,
пасля творчага вечара, на якім грамадскасць горада выступіла з прапановай аб
уганараванні нашага таленавітага земляка, Яўген Канстанцінавіч узнагароджаны
нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Вечар
памяці Артура Цяжкага рыхтавалі сумесна абласная бібліятэка, абласное
аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і абласны метадычны цэнтр народнай
творчасці. Так, супрацоўнік аддзела краязнаўства Любоў Турмасава падрыхтавала
змястоўную, цікавую выставу кніг і публікацый пісьменніка. Супрацоўнік АМЦНТ М. А. Коп сустрэўся з
членамі сям’і Артура Цяжкага, сабраў матэрыялы, фотаздымкі, і падрыхтаваў
мульцімедыйны відэашэраг, падабраў музычныя творы, якія вельмі дарэчы прагучалі
на вечарыне ў выкананні вядомых гродзенскіх спевакоў і музыкаў. Старшыня ГАА
СПБ Л.А. Кебіч напісала літаратурны
сцэнарый вечара, падабрала вядучых, вершы і апавяданні для чытальнікаў, прачытала ўласны верш ў якасці эпіграфа, які
разам з прыгожай беларускай мелодыяй у
выкананні Марка Копа стварылі адпаведны настрой і фон вечара.
Вечар
атрымаўся вельмі шчырым, змястоўным і карысным. Артур Цяжкі пайшоў з жыцця ў 1984 годзе,
у маладым узросце, на сорак першым годзе жыцця. У ліпені гэтага года яму
споўнілася б 70 год. Усяго! Колькі яшчэ мог бы напісаць, стварыць, задумаць!
Пісьменнік пакінуў нашчадкам чатыры кнігі прозы, дзве з іх выдадзены пры жыцці,
дзве пасля смерці.
Шмат
з тых, хто прысутнічаў у зале, наогул, не ведалі і не чулі імя Артура Цяжкага.
Таму яго былыя паплечнікі шчодра дзяліліся сваімі ўспамінамі пра калегу,
творцу, чалавека, якога ведалі, з якім сустракаліся ў жыцці. І амаль кожны
выступоўца падкрэсліваў яго знешнюю прыгажосць, інтэлігентнасць, сціпласць і
вытрымку, унутраную глыбіню, нават
залішнюю заглыбленасць у сябе, пісьменніцкі бясспрэчны дар, вечна балючую душу
творцы, які ўсё кароткае жыццё пакутліва
шукаў свой шлях, свой дом на зямлі. Прыназначэнне ж сваё ён зразумеў рана і
адразу. Рэалізоўваўся ў журналістыцы і прозе, хаця пачынаў з вершаў, так, як пачынаюць, за невялікім выключэннем, усе.
Вельмі
глыбокі і дакладны аналіз творчасці і часу, у які жыў і пісаў Артур Цяжкі,
зрабіў прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы,
літаратуразнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. Менавіта пасля яго выступлення
прысутныя зразумелі галоўнае – наш зямляк
не павінен быць забыты, таму што ён, па словах аднаго з даследчыкаў літаратуры,
“вельмі беларускі пісьменнік”.
Успамінамі
пра Артура Цяжкага падзяліліся намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. Л. Вярсоцкі, М.А. Коп, Я.
Петрашэвіч, землякі пісьменніка са Смаргоні – былы начальнік аддзела культуры
С.І. Лазар, журналіст раённай газеты “Светлы шлях” Т. Кумішча, паэтэса Ала Клемянок-Страшынская.
Узрушаная ўбачаным і пачутым, цёплыя і чулыя словы ад імя сям’і (на вечары
прысутнічалі сын і ўнук пісьменніка) сказала жонка Лілія Васільеўна Цяжкая.
Пасля
трыдцаці гадоў забыцця імя Артура Цяжкага загучала ў Гародні зноў. Мяркуем, што
цяпер ужо яго не забудуць, што да творчасці пісьменніка будуць звяртацца новыя
пакаленні літаратараў і чытачоў, што, нарэшце
яго беларуская шчырая проза знойдзе пачэснае месца і адзнаку ў рэгіянальнай літаратуры.
Людміла Кебіч