ВЯЗЫНКА
З Вязынкай у мяне звязаны асабістыя
ўспаміны яшчэ са студэнцкага жыцця – дакладней, шкадаванне аб іх адсутнасці.
Здаецца, на першым (ці на другім?) курсе
факультэта журналістыкі БДУ мае аднагрупнікі надумаліся ехаць на традыцыйнае
Купалле ў Вязынку. І паехалі. А ў мяне нешта не атрымалася – ужо нават не
памятаю, што не пусціла… Потым я з непрыхаванай зайздрасцю слухала іх расповеды
– і марыла: калі-небудзь я там абавязкова пабываю! Гэта стала у нейкім сэнсе
навязлівай ідэяй.
І вось “калі-небудзь” наступіла – мінула
ўсяго нейкіх тры дзясяткі гадоў. Падумаеш -- такая дробязь для нас, вечна
маладых душой!
Вязынка – адзін з філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага
музея Янкі Купалы. У іншых філіялах -- ні ў Акопах, ні ў Ляўках, ні ў
Яхімоўшчыне – бываць не даводзілася, але, здаецца мне, што ў Вязынцы атмасфера
асаблівая. Нездарма ж менавіта тут да дня нараджэння народнага паэта Беларусі
Янкі Купалы праводзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, а таксама традыцыйныя
злёты студэнтаў-філолагаў БДУ. А апошнім часам, чула, тут сталі традыцыйнымі
яшчэ і фінальныя канцэрты конкурсу
аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”, а таксама каляндарныя народныя святы.
Але калектыў рэдакцыі выбраў для сваёй вандроўкі не адно
з гэтых святаў – па-першае, святкаванне Дня друку да таго часу адкладваць было
проста непрыстойна, а, па-другое, я, здаецца, ўжо неяк гаварыла аб тым, што, на
маю думку, няма нічога горшага для першага знаёмства з мясцінай ці музеем, чым
патрапіць туды падчас нейкага вялікага свята ці афіцыйнага мерапрыемства:
мноства народу, таўханіна, афіцыйныя і ў большасці сваёй няшчырыя прамовы,
выступленні – словам, ні духу мясціны, ні настрою не адчуеш. Але гэта маё асабістае
меркаванне. Калі нехта палічыць за лепшае пасля ўзгадаць “І я там быў…”, то,
што называецца сцяг -- у дадзеным выпадку карту --вам у рукі.
Па дарозе мы спрабавалі ўспомніць і пачытаць напамяць
вершы Купалы. Да нашага агульнага сораму, спаборніцтва не атрымалася:
успомнілася класічнае “А хто там ідзе?”. “Мужык”, стаўшыя папулярная дзякуючы “Песнярам”
“Малітва”, колькі радкоў з “Бандароўны” і “Гусляра”… Прама скажам – не густа. І
сорамна – пасыпаем галовы попелам. Але, думаю, пасля вандроўкі ў Вязынку у
многіх, як і ў мяне, узнікла жаданне ўзяць у рукі купалаўскі зборнік – і перачытаць,
і ўспомніць…
Цяжка сказаць, чаму філіял у Вязынцы мае такую асаблівую
папулярнасць. У жыцці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы гэтыя мясціны –
безумоўна, чароўныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці, тым не менш не адыгралі –
проста не маглі адыграць! – асабліва значнай ролі. Па той простай прычыне, што
сям’я арандатараў Луцэвічаў Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны жыла ў
гэтым доме, дзе і нарадзіўся ў 1882 годзе іх старэйшы сын Ясь, усяго год. А
затым беззямельным шляхцічам давялося арандаваць зямлю ў розных паноў, каб
пракарміць сваю шматдзетную сям’ю.
Хоць, зрэшты, такую папулярнасць зразумець усё ж можна. Не
ведаю, ці аказала Вязынка ўплыў на творчасць Янкі Купалы – але паэзіяй у гэтым
кутку, здаецца, напоена само паветра. І хоць недзе паблізу грукочуць
электрычкі, такое ўражанне, што цягнікі ідуць недзе ў іншым свеце, іншым
вымярэнні, адкуль даносяцца толькі гукі. А тут – незвычайныя цішыня і спакой, і
люстраная гладзь рэчкі, і жоўтыя вочкі дзьмухаўцоў, што гулліва пераміргваюцца
з блакітнымі незабудкамі, запрашаючы дзяўчат сплесці вяночак і пусціць яго на
ваду з нахіленых над вадой ствалоў векавых дрэў… А недзе там, у глыбіні
гушчару, хутка зацвіце папараць-кветка… Напэўна, тут проста немагчыма не пісаць
вершы! Ва ўсякім разе, чытаць іх душа просіцца…
Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сее,
Як брыльянты, росы.
Сцелецца
травіцай,
Ветрыкам шапоча,
Коціцца крыніцай,
Рыбкаю плюскоча…
Мы толькі выйшлі з аўтобуса – і нас сустрэў сапраўдны
канцэрт, які хорам і сола давалі… жабы. І было гэта настолькі мілагучна і
сугучна са згадкамі вясковага дзяцінства большасці з нас, што мы ўсе -- адразу
і беспаваротна! -- закахаліся ў Вязынку!
А потым на змену жабам, якія, відаць, выступалі “на
разагрэве”, ўступілі салаўі -- сярод белага спякотнага дня! І сталі выдаваць
такія “каленцы”, што, скажам па праўдзе, ісці ў музей не хацелася…
Хата, у якой размешчана музейная экспазіцыя, збудавана па
ўспамінах старажылаў такой жа, як была пры Луцэвічах -- і ўсё ж той факт, што
ад колішняй засталося толькі некалькі бярвёнаў, да якіх імкнуцца дакрануцца
госці. Гэта, ды сучасныя стэнды ўздоўж драўляных сцен, наводзяць на думку аб
дасканала зробленай – але ўсё ж бутафорыі… І свіран, у якім таксама створана
музейная экспазіцыя – цудоўная, безумоўна, мэбля, дыхтоўная, арыгінальная,
зробленая сапраўднымі майстрамі з пнёў ды калод – але ж яўна не купалаўская… З-за
гэтага не, але ў купалаўскім музеі мяне, кажучы сучаснай мовай, не “торкнула”:
неблагая экспазіцыя, але нейкая яна… Без душы, ці што?
Адзінае, што
зачапіла, дык гэта расповед экскурсавода пра сям’ю Лучэвічаў і той факт, што
мясцовыя пані Алімпія – Луцэвічы арандавалі зямлю ў мясцовых памешчыкаў
Замбжыцкіх -- некалі аказала гонар маладой сям’і збяднеўшых шляхцічаў,
пагадзіўшыся пахрысціць іх першынца Яську. А пазней, калі тут ствараўся музей
народнага паэта Беларусі, апошні з Замбжыцкіх, Юзаф, быў вельмі рады, што яму,
нашчадку колішніх паноў, дазволілі жыць пры доме-музеі ў прыбудаваным
трохсценку… Такое вось жыццё, парадаксальнае і непрадказальнае…
Але Вязынка – гэта не толькі і не столькі музей, колькі
запаведнік вакол яго. Ах, як там хораша! Думаю, што заўсёды. Але ў цёплыя майскія
дні – асабліва! Блукаць бы і блукаць, забыўшыся на час і паўсядзённыя клопаты,
па яго сцяжынках… Спыніцца ля крынічкі, што выцякае з-пад каменя, узгадаўшы
прызабытае купалаўскае:
Коціцца, ўецца
далінкай крыніца,
Б'ецца, плюскоча
ў каменнях вадзіца…
Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі
лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к
вадзіцы дастацца,
Губкамі чэрпнуці хоча.
Вольха лісткамі
ёй шыю ласкоча,
Плюскатам рэчка
смяецца у вочы,
Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка,
вольха, дзяўчына
Думцы ўсміхаюцца
соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае...
Прайсці па драўлянаму мастку… Нарваць кветак і сплесці
вяночак… Пасядзець на спусціўшай голле да самай вады вярбы… І фізічна адчуць,
адкуль бяруцца вершы.
Пасля наведвання гэтых без перабольшвання цудоўных мясцін
мы зразумелі, чаму па рашэнні Міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА Вязынка была
ўключана ў сусветны турыстычны маршрут. Вядома,
найперш гэта – даніна памяці народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Але яшчэ – і
беларуская зямлі, якая нарадзіла такога паэта, яе красе і непаўторнасці…