СКАНСЭН
Прыкладна праз год пасля
таго, як у Беларускім Дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту ў Азярцы я
даведалася, што такое скансэн (нагадаю: гэтае паняцце абазначае музеі пад
адкрытым небам) мне пашчасціла падчас чарговага наведвання Стакгольма пабываць
у шведскім музеі “Скансэн”, які так і называецца і які даў пачатак гэтаму
музейнаму руху ва ўсім свеце.
Хоць увогуле назва гэтага
музея і музейнага руху пайшло ад назвы месца, дзе ў першай палове 19-га
стагоддзя шведскія прынцы гулялі ў “вайнушку” – у той час на востраве Юргардэн
у Стакгольме былі толькі горы і хваёвы лес.
І, гуляючы па шведскаму Скансэну,
я ў чарговы раз задумалася пра ролю асобы ў гісторыі. Нам чамусьці ўласціва яе
мінімізаваць – маўляў, незаменных у нас няма. Але колькі ўжо разоў, знаёмячыся
з той ці іншай адметнасцю, помнікам, з’явай, разумееш: кожны чалавек –
незаменны. Не было б чалавека – захопленага, разумнага, апантанага, які стварыў
усё гэта – і нічога не было б, а калі б і было, то зусім не такое...
Скансэн стварыў Артур
Хазеліус. Мне здаецца, што яго, як і многіх іншых, пры жыцці лічылі дзіваком.
Ну сапраўды: выпускнік Упсальскага універсітэта, спецыяліст па скандынаўскіх
мовах, мог бы зрабіць паспяховую кар’еру: сядзеў бы недзе ў высокім кабінеце і
“рукамі вадзіў”… А ён пешшу вандраваў па сельскай Швецыі, занатоўваў легенды,
паданні, сцэнарыі святаў, збіраў гаспадарскае начынне, касцюмы, рэчы хатняга
ўжытку. І з сумам і душэўным болем канстатаваў, што адыходзіць у нябыт
традыцыйны народны ўклад жыцця, што краіна урбанізуецца, а частка насельніцтва
ў пошуках заробку з’язджае са Швецыі, і адыходзяць у нябыт народныя традыцыі,
мастацтва, рамёствы, кухня…
(Скажыце, вам гэта нічога не нагадвае?.. )
Хазеліус разумеў, што спыніць
прагрэс і імкнуцца, каб жыхары Швецыі нават у сельскай мясцовасці працягвалі
рыхтаваць ежу на адкрытым ачагу, здабываць з лёну валакно і ткаць з яго
палотны, спаць на шырокіх лаўках на скурах аленя – няправільна і немагчыма. І
тады ён задумаў стварыць музей, які не мае аналагаў – а менавіта фальклорны
культурна-гістарычны музей пад адкрытым небам, дзе перад наведвальнікамі
паўсталі б сапраўдныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, абстаўленыя мэбляй і
прадметамі, якія былі ва ўжытку ў пэўнай мясцовасці, “населеныя” людзьмі,
апранутымі ў адзенне той эпохі, у акружэнні хатніх і дзікіх жывёл, якія
знаходзяцца ў натуральнай прыроднай абстаноўцы. І з гэтай мэтай у 1891 годзе быў
выкуплены кавалак зямлі на ўзгорку Скансэн на востраве Юргардэн у Стакгольме –
з гэтага года музей і пачынае сваю гісторыю.
Не буду апісваць усе “этапы
вялікага шляху” стварэння шведскага Скансэна – калі вам гэта цікава, можаце
знайсці іх у інтэрнэце. Лепш падзялюся уласнымі ўражаннямі ад яго наведвання.
Прабачце, але як бы я ні спрабавала абстрагавацца – яны міжволі пераклікаюцца з
тымі, што ўзніклі падчас мінулагодняй вандроўкі па нашым беларускім, Азярцоўскім
музеі пад адкрытым небам.
Першае і галоўнае іх
адрозненне: наш “скансэн” -- нейкі, калі можна так сказаць, пуставаты, нежылы ў
параўнанні са шведскім. Так, стаяць хаты, адрыны, пуні, школа, царква, так, у
іх ёсць гаспадарчае начынне, якое можна патрымаць у руках – калі зразумееце, як
яно дзейнічае. Але пры ўсім тым -- вёска гэтая без жыхароў, і адзіны ваш спадарожнік
у падарожжы – экскурсавод у джынсах і красоўках, ды і то, калі вы яго папярэдне
замовілі і аплацілі экскурсію…
А ў шведскім Скансэне ў кожным
з дамкоў наведвальнікаў сустракае гаспадар ці гаспадыня ў нацыянальным адзенні,
характэрным для той мясцовасці, у домік якой вы завіталі. Як правіла, яны нечым
занятыя: вяжуць, ткуць, прадуць, разводзяць агонь у ачагу, рамантуюць абутак –
словам, займаюцца справамі. “Гаспадары” ахвотна фатаграфуюцца з
наведвальнікамі, ветліва і падрабязна адкажуць на ўсе вашы пытанні (калі,
вядома, вы зможаце іх задаць – ох, як не хапае ў замежных вандроўках ведання
хоць бы англійскай мовы!). Пакажуць “майстар-клас”, калі ў некага ўзнікне
жаданне павучыцца іх рамяству. І усё гэта без дадатковай платы – хоць
справядлівасці трэба сказаць, што білет у шведскі Скансэн не танны, прыкладна
20 долараў (хоць Швецыя ўвогуле досыць дарагая краіна – прынамсі, у суадносінах
да даходаў беларускіх турыстаў).
Мы былі сведкамі, як дзетак,
па выгляду -- іспанцаў, шведская гаспадыня вучыла варыць суп: перш яны схадзілі
на агарод (так-так, тут і агароды пасаджаны, і каровы пасуцца на лужку, і авечкі
бэкаюць у загоне, і куры топчуцца каля ног экскурсантаў, і пчолы ў вуллях
гудуць), нарвалі морквы, цыбулі, буракоў, памылі іх, парэзалі, закінулі ў
гаршчок, што ўжо кіпеў на адкрытым агні. Не ведаю, ці хапіла ў малых цярпення
дачакацца свайго супу – але з працэсам яны пазнаёміліся… Цудоўна было б, каб і ў
Азярцы гасцей вучылі рабіць мачанку ці замешваць хлеб…
У царкве нас сустрэў святар –
не “бутафорскі”, сапраўдны: нам расказалі, што гэтая царква, якая знаходзіцца,
па-сутнасці, у цэнтры Стакгольма, але ў абсалютна ні на што непадобным месцы,
з’яўляецца любімым месцам вянчання маладажонаў.
У школцы – парты амаль такія
ж, як нашы колішнія – элегантная сівагаловая настаўніца ў белай блузцы нешта
расказвала шматлікім “вучням”, што расселіся за парты – каб яшчэ зразумець,
што…
І ўсё ж у шведскага і
беларускага скансэнаў шмат агульнага. Я ўвесь час лавіла сябе на думцы: як жа
гэтыя вясковыя хаткі падобныя на нашы – калі не браць пад увагу іх адметны
чырвоны колер, які шведы некалі вынайшлі дзеля аховы дрэва ад гніення, зварыўшы
жытнюю ці пшанічную муку, жалезны купарвас, ваду і пігмент вокісу жалеза… Гэтыя
чырвоныя дамкі з белымі налічнікамі, якія сталі сімвалам Швецыі, пакрытыя
чаротам -- як і колішнія беларускія, пазнейшыя – дошкамі ці чарапіцай.
А ў хатах… Саматканыя ручнікі вось гэтак жа некалі прасавала
мая маці – качолкамі. І прасы такія ж у нас былі – на вуголлі. І кросны тыя ж…
І ложкі гэтак жа засцілалі беларускія гаспадыні – з вышыванымі падзорнікамі,
аздобленымі вязанымі карункамі, а зверху -- саматканы дыван… І ходнікі
саматканыя на падлозе слалі амаль гэткія ж…
Увогуле, чым больш бываю ў Швецыі,
тым больш пераконваюся, што нашы народы вельмі падобныя – па менталітэту сваім,
па традыцыях. Наведванне Скансэна пераканала, што яшчэ – і па народных звычаях. Яны ж нават Купалле святкуюць, хоць і
называюць не так – і гэта адно з
галоўных народных святаў у краіне, амаль такое ж важнае, як Ражаство. Толькі не
вогнішча разводзяць, а устанаўліваюць так званы “майскі слуп”, які ўпрыгожваюць
зелянінай і кветкамі – і стаіць ён на кожным панадворку (ну і ў Скансэне,
вядома, таксама) ўвесь год.
Дарэчы сказаць, Скансэн
з’яўляецца месцам традыцыйнага правядзення народных свят – ведаю, што і ў
Азярцы гэта практыкуецца.
Пазней у Скансэне быў
створаны яшчэ і “гарадскі квартал”, дзе можна пабачыць, як жылі і чым займаліся
ў пазамінулым стагоддзі рамеснікі: як выдувалі шкло, друкавалі кнігі, прымалі і
адпраўлялі пошту, варылі сыры і білі масла, пяклі булкі, рабілі сёдлы,
сталярылі і слясарылі, выраблялі скуры – і як жылі рабочыя, майстэрні якіх
часцей за ўсё знаходзіліся пад адным дахам з жытлом. Нядрэнна жылі, скажам
прама… Лепш, чым вяскоўцы – напэўна, гэтым і тлумачыцца, што ва ўсіх краінах
насельніцтва з цягам часу стала імкнуцца з вёскі ў горад: ва ўсе часы людзі
хацела жыць лепш -- працаваць лягчэй, зарабляць больш, адпачываць прыгожа… У
гарадскіх дамах ужо не адкрытыя ачагі -- а прыгожыя кафляныя печкі, не лаўкі --
а зручныя крэслы з разнымі спінкамі… У адной з такіх кватэр мая спадарожніца –
канешне ж, з дазволу гаспадара – сыграла “Да Элізы” Бетховена на інструменце 19
стагоддзя – і доўга потым знаходзілася пад уражаннем ад яго гучання,
сцвярджала, што сучасныя не дакажуць.
А больш за ўсё мяне ўразілі ў
Скансэне ўмовы утрымання жывёлы – хатняй, а асабліва – дзікай. Як я ўжо казала,
Артур Хазеліус, задумваючы свой музей, першапачаткова вызначыў, што гэта будуць
населеныя людзьмі і жывёламі тэрыторыі. Так яно і ёсць. Гусі, куры, качкі тут мірна
плаваць у саджалках, разгульваюць па траўцы, вавёркі ўвогуле ледзь не па галовах
скачуць.
Але ж ёсць яшчэ і драпежнікі
– ваўкі, рысі, мядзведзі, і буйныя жывёліны – зубры, ласі, дзікі, цюлені… Яны таксама
утрымліваюцца ў Скансэне – ва ўмовах, максімальна набліжаных да натуральных.
Скажу шчыра: мне яшчэ не даводзілася бачыць такіх заапаркаў (у Швецыі ён называецца
“садам жывёл”).
Тут хачу патлумачыць, што
заапаркі, нават самыя лепшыя з іх, я наведваць не люблю: душа баліць за жывёл,
якія на пацеху людзям зачынены на абмежаваным “пятачку”, пакутуючы ад спякоты
ці холаду, ад абмежаванасці прасторы, аб выбітай да асфальту пляцоўкі… У
Скансэне ж было адчуванне, што я знаходжуся не ў заапарку, а ў лесе, і мне
проста дазволена паназіраць за тым, як жывуць дзікія жывёліны. Яны жывуць амаль
што на волі – і тым не менш наведвальнікі могуць не турбавацца за сваю бяспеку.
Рысь качаецца ў высокай траве, забаўляючыся са сваім дзіцянём, якое выскоквае
невядома адкуль, не зважаючы ўвагі на экскурсантаў, што назіраюць за імі – як
мне падалося, нават не заўважаючы іх. Зубры мірна жуюць сена. Цюлені разморана
плюхаюцца ў вадзе. Мядзведзі дрэмлюць у цяньку, разамлелыя ад спякоты. Тэрыторыя,
выдзеленая для кожнага з іх, не проста вялікая – вялізная, яна засаджана лесам,
агароджы практычна не відаць, а для наведвальнікаў створаны ўсе ўмовы, каб яны
маглі назіраць за звярамі – і пры гэтым не перашкаджаць ім. Нават не верыцца,
што ў некалькіх сотнях метраў адсюль – вялікі горад са сваім шумным і тлумным
жыццём: тут яго не чуваць, а відаць толькі крышачку, калі падняцца на самы
высокі ўзгорак “Скансэна”.
А для маленькіх
наведвальнікаў тут нядаўна створаны так званы “дзіцячы Сканэсн”, дзе малышы
могуць паназіраць за дзіцянятамі жывёл, паблукаць на норках-лабірынтах,
пагуляць.
Увогуле, на маю думку,
стваральнік Скансэна Артур Хазеліус – геній, які абагнаў час. Сёння толькі-толькі
пачынаюць задумвацца пра інтэрактыўныя музеі, дзе можна было б стаць не проста
пасіўным гледачом экспазіцыі і слухачом расповеду экскурсавода, а яго
непасрэдным удзельнікам. А ён ў пазамінулым стагоддзі зрабіў такі музей – прычым жывы, без усялякіх камп’ютарных
3D-тэхналогій – і гэта надае яму асаблівую каштоўнасць.
Расказваць пра Сканэсн, як і
гуляць па ім, можна бясконца. Спадзяюся, што, калі вам надарыцца магчымасць
пабываць у Стакгольме, вы не абмінеце Скансэн -- паверце, нідзе больш вы не
зможаце лепш даведацца пра Швецыю, яе традыцыі, культуру, звычаі. І уражанні,
як і я, атрымаеце незабыўныя.