КАЛЯДЫ Ў ШВЕЦЫІ
Упершыню я пабывала ў Швецыі
ў 2010 годзе, калі Беларускі саюз журналістаў накіроўваў туды для стажыроўкі ў
мясцовай рэгіянальнай газеце некалькі груп журналістаў-“раёншчыкаў”, у адну з
якіх пашчасціла патрапіць і мне. Ад той паездкі засталося шмат уражанняў і
ідэй, якія і сёння “працуюць” у нашай газеце.
Але пагадзіцеся, адна справа
– знаёміцца з незнаёмай краінай з акна турыстычнага аўтобуса пад расповед
экскурсавода ці з балкона гатэля, і зусім іншая – паглядзець на іхняе жыццё,
што называецца, знутры, пабачыць, як жывуць людзі, пагутарыць з імі, убачыць
дэталі, якія для турыста, што аглядае з асноўным знакамітыя мясціны і магазіны,
часцей за ўсё застаюцца закрытымі. Да таго ж маючы пры гэтым у сваім
распараджэнні персанальнага перакладчыка і гіда ў асобе дачкі!
Таму ці варта гаварыць, што запрашэнне я
ўспрыняла, як цудоўны калядны падарунак?
Не выдзяляцца!
Гадзіна пералёту – і я ў
Швецыі. 22 снежня, 22 гадзіны па беларускаму часу. І хоць шведскія гадзіннікі
паказваюць на дзве гадзіны менш, усё роўна за акном – цёмная ноч. Але я тым не
менш пільна ўглядваюся ў агні за акном: якая яна, перадкалядная Швецыя? Пэўна ж,
расквечана рознакаляровымі агнямі, завешана рознакалібернымі гірляндамі – ну як
наш Мінск, ці нават больш, бо гэта ж -- Заходняя Еўропа!
Якім жа было маё здзіўленне,
калі я не ўбачыла за акном рознаколернасці агнёў. Так, усё вельмі прыгожа і з
густам: у кожным акне гарыць ці калядная зорка, ці ёлачка-пірамідка з сямі ці
дзевяці агеньчыкаў свечак (спачатку я не
магла зразумець, як удаецца усім шведам гэтак аднолькава, сіметрычна упрыгожыць
свае вокны – і толькі калі прыехалі ў Худзіксваль, ўбачыла, што гэта такія
спецыяльныя калядныя падсвечнікі, якія з’яўляюцца адным з сімвалаў каляднай
Швецыі). У кожным двары зіхаціць, убраная агнямі, жывая ёлачка (у кожную
кватэру зазірнуць я не магла, але там, куды “зазірала”, ёлка таксама была
неадменным атрыбутам каляднага ўбранства дома). А калі ў двары ёлка не расце,
то яе ролю паспяхова выконваюць іншыя дрэўцы: усе галінкі такога аплецены
гірляндамі так, што праглядваецца кожны выгіб распранутага восеньскім ветрам
“цельца”. На ганках, уздоўж дарожак, тратуараў, што вядуць да дамоў, калышацца
незлічоная колькасць агеньчыкаў свечак…
Але! Усё гэта толькі аднаго,
звычайнага жоўтага, у крайнім выпадку – белага колеру. Ніякіх табе
сіне-зялёна-чырвона-малінава-сірэневых-і бог ведае якіх яшчэ якіх агеньчыкаў,
ніякіх “спецэфектаў”! “Напэўна, гэта тут, у так званым “спальным раёне”, дзе
жыве мая дачка, -- падумала я пра сябе. А вось цэнтр Стакгольма, мусіць,
выглядае зусім інакш”.
Забягаючы наперад, скажу, што
па Стакгольму мы гулялі 27 снежня. Так, цэнтр горада яшчэ быў святочна ўбраны,
хоць калядныя базары ўжо і згарнулі сваю дзейнасць: галоўнае свята не толькі
зімы, але і ўсяго года тут – Ражаство, а Новы год – так, сціплы яго адгалосак.
Расказваюць, што некаторыя з мясцовых жыхароў да Новага года ўжо і ёлку
паспяваюць выкінуць.
Але ў старым горадзе на той
час усё яшчэ зіхацела: расцяжкі і гірлянды, вялізныя крыштальныя свяцільнікі
філіграннай работы на галоўнай пешаходнай вуліцы Каралевы; ля кожнага ўваходу ў
краму – прыбраныя ёлачкі, на кожных дзвярах – калядны вянок са званочкамі, у
кожным акне – тая ж калядная зорка і сямісвечнік. Але зноў жа – усё гэта ў
адным, звычайным жоўтым колеры электрычных лямпачак. Гэта было вельмі прыгожа,
як любіць гаварыць мая дачка, стыльна – але ж неяк нязвыкла…
Убачыўшы адзін магазінчык, які
зіхацеў рознакаляровымі агеньчыкамі, я амаль з паказала яго Алёне: во, бываюць
і з правілаў выключэнні! “Мама, гэта не шведскі -- тайскі магазін”,--
усміхнулася дачка.
І патлумачыла, што ў шведаў ёсць выраз, які ў значнай ступені характарызуе
іх, калі хочаце, стыль жыцця. На рускую мову ён перакладаецца прыкладна як “Не
выдзяляцца”. Ні ў чым: ні ў адзенні, ні ў ладзе жыцця, ні ў аздабленні жытла…
Не скажу, што там начыста адсутнічае, але, як я зразумела, не вітаецца наша:
калі ў суседа агароджа драўляная, то ў мяне будзе цагляная, а калі ў яго з
цэглы, то я зраблю каменную, калі ў яго дом на два паверхі, то я пабудую на
тры, калі сяброўка купіла дублёнку, то спраўлю натуральнае футра да пят – хай
іх жаба задушыць! Калі нам – што грэх таіць! -- хочацца абавязкова выдзеліцца,
хоць нечым, то ў іх як станоўчая якасць
успрымаецца жаданне быць такім, як усе.
--А што з тымі, хто ўсё ж імкнецца выдзеліцца? – пацікавілася я.
--Нічога, -- паціснула плячыма Алёна. – Яны, як і ўсе, жывуць, як лічаць
патрэбным. Проста гэта лічыцца дрэнным густам, і адносіны да такіх людзей
адпаведныя…
Напэўна, адсюль ідзе і вернасць шведаў традыцыям, што ўзведзена ў іх ледзь
не ў культ. Але аб гэтым крыху пазней…
Такія падобныя – і такія розныя
Назаўтра, загрузіўшы ў машыну
калядныя падарункі і прысмакі, мы накіраваліся на поўнач – у горад Худзіксваль,
які мясцовыя жыхары любоўна называюць “радасны Худзік” – менавіта там жыве
сімпатычная жанчына Гертруд (менавіта так, з нашай кропкі гледжання,
па-мужчынску, гучыць яе імя), у доме якой мы і збіраемся адзначыць “Ражаство
па-шведску”.
Ад Стакгольма да Худзіка –
прыкладна 300 кіламетраў роўнай аўтастрады, якая, як страла, перасякае
выцягнутую краіну з поўдня на поўнач (ці наадварот?) Імчыш па такой – хуткасць
у 120 кіламетраў зусім не заўважаецца – і думаеш: як добра, што хоць бы правілы
дарожнага руху і дарожныя знакі ва ўсіх краінах Еўропы прыкладна аднолькавыя:
светлафор – ён паўсюль аднолькавы, і “зебра”, і дарожная разметка, і
ўказальнікі… І нават вадзіцелі, калі мінуць паліцэйскі патруль, міргаюць фарамі
сустрэчным машынам гэтак жа, як нашы – хоць, па праўдзе сказаць, далёка не ўсе
(штраф за перавышэнне хуткасці ў Швецыі – 130 еўра).
За акном праносяцца амаль
такія ж краявіды, што і ў Беларусі: гонкія сосны, разлапістыя елкі, беластволыя
бярозкі. Сям-там яны перамяжаюцца невялікімі палеткамі па тры-пяць гектараў.
Некаторыя з іх зелянеюць азімінай ці чарнеюць свежым ворывам, а на іншых
шчаніцца іржышча ды ляжаць на ўскрайку ўпакаваныя ў белую плёнку цюкі-кругляшы
сена ці саломы. (І куды гэта глядзіць іх упраўленне сельскай гаспадаркі, і чаму
гэта мясцовыя фермеры не выконваюць план па ўздыму зябліва?) І хоць ляжаць
кармы ля самай дарогі, ніхто іх, як я зразумела, не збіраецца красці – мо таму,
што мясцовыя жыхары не ведаюць, што такое “асабістая падсобная гаспадарка”.
Побач з палеткамі мільгаюць
аднолькавыя, як блізняты, чырвоныя домікі з белымі налічнікамі – вёсак, як
такіх, амаль няма, усе гэта ў нашым разуменні – хутары, на якіх жывуць фермеры
– гаспадары тых самых палеткаў ды прылягаючых лясоў. Але кожны дамок –
прыдарожны і аддалены – ззяе каляднай зоркай і мігціць свечкамі, у кожным двары
упрыгожанае жоўценькімі агеньчыкамі дрэўца. І на кожным тырчыць “цуд
цывілізацыі” -- скрынка кандыцыянера.
І ўсё ж пры ўсёй падобнасці
шведскія краявіды моцна адрозніваюцца ад беларускіх, і не толькі палеткамі ды
кандыцыянерамі на сельскіх дамах. Уздоўж дарогі то злева, то справа ўзнікаюць
сапраўдныя каменныя сцены, пакрытыя слоем глебы і расліннасцю. Счасаныя камяні
– шэрыя, чорныя, ружовыя – выглядаюць вельмі прыгожа, і я спачатку прыняла іх
за элементы дэкору, упрыгожванне.
--Ну што вы! – развенчвае маю
наіўнасць наш вадзіцель. – Гэта было б вельмі дорага. Так Швецыю ўпрыгожыла
сама прырода: гэта -- наступствы ледавіка.
Але тое, што для праезджага
турыста – прыгажосць, для мясцовых жыхароў – вялікая нязручнасць і дадатковая
праца. І колькі трэба было прыкласці намаганняў, каб у каб у гэтых суцэльных
скалах пабудаваць дарогі, дамы, расціць на іх хлеб?! Сапраўды, шведы – вельмі
працавіты народ. Як і беларусы…
Дарэчы, падчас знаходжання ў
Швецыі неаднойчы ўпэўнівалася ў тым, аб чым мне часта гаварыла дачка: паміж
нашымі народамі і краінамі вельмі шмат падобнага. І гэта не толькі клімат,
прырода, працалюбівы народ.
Сімвалам Швецыі з’яўляецца
наш беларускі лось (яны, праўда, нават не здагадваюцца, што я іх любімую
жывёліну “прыпісала” да Беларусі).
Пры ўездзе ў Худзіксваль на
помніку мы ўбачылі сімвал гэтага старажытнага рыбацкага горада, стронгу, якая
ўпрыгожвае і герб нашага Астраўца.
А адна з традыцыйных
нацыянальных страў у іх – катлеты (яны ў шведскім варыянце маленькія, велічынёй
з грэцкі арэх, на порцыю – восем штук) з бульбяным пюрэ, шведы падаюць да іх
яшчэ і бруснічнае варэнне – соус, прама скажам, на аматара, не ўпэўнена, што
беларускім мужчынам ён спадабаецца. А яшчэ -- бруснічны морс на “запівон”, які
прадаецца ў аўтаматах побач з “Колай”, “Фантай” і “Спрайтам”.
Вось толькі пры ўсёй гэтай падобнасці нашых дзвюх краін ўзровень жыцця ў іх
абсалютна розны. І хто б растлумачыў: чаму мы не жывём так, як шведы? Мо таму,
што яны нічога не разбуралі, а толькі будавалі увесь час свой “капіталістычны
сацыялізм”? А мо таму, што ў сваёй халоднай Скандынавіі нікому асабліва не былі
патрэбны. А па беларускіх землях увесь час – то з захаду на ўсход, то з усходу
на захад.... І ўсё ў мячамі, ружжамі ды пажарамі… І для ўсіх мы – смачненькі
кавалачак, ды толькі ў якасці ці то “северо-западного края”, ці то “крэсаў
усходніх”…
У шведаў нацыянальны гонар – на ўзроўні
падсвядомасці: нацыянальны сцяг развяваецца ці не на кожным балконе. А
мы ўсё яшчэ гадаем: ці патрэбна нам была тая незалежнасць, што неспадзеўкі
звалілася на нас 20 гадоў таму, мо “пад кімсці” жылося б сытней і смачней?
Любяць шведы і сваю краіну, і свой народ, і бескарысную манархію, і
карыснага прэм’ер-міністра з яго кабінетам
– па-сапраўднаму любяць, хоць і крытыкуюць часта і густа. Напэўна, гэта
і з’яўляецца адной з асноўных прычын іх поспехаў…
Але гэта яшчэ адно лірычнае адступленне – на гэты раз па дарозе са
Стакгольма ў “радасны Худзік”.
Ражаство па-шведску
Дом, каля якога спыняецца
наша машына, стаіць на ціхай вулачцы, побач з лесам – ён пачынаецца літаральна
за агароджай. Домік -- традыцыйны шведскі: чырвоны з белым балкончыкам,
налічнікамі, вушакамі… Хоць у гарадах, я заўважыла, пераступіўшыя правіла “не
выдзяляцца” ужо знаходзяцца: сустракаюцца жоўтыя і шэрыя дамы. “Гэта
анархісты!” – не вельмі паважліва характарызуюць адступіўшых ад традыцый іх
прыхільнікі.
Дом невялікі, драўляны, двухпавярховы – але
вельмі зручны і ўтульны: тут ёсць усё, што трэба для камфортнага жыцця: два
прасторныя спальныя пакоі, гасцёўня з камінам, прыгожая мансарда, дзе летам,
напэўна, вельмі прыемна піць гарбату ці каву, а зараз тут стаіць прыбраная
ёлка; санвузлы на кожным паверсе, гарачая і халодная вада, душ, кандыцыянер,
сістэма ацяплення, што працуе ад электрычнасці – у доме камфортна і цёпла. У
двары яшчэ адзін невялічкі, амаль што цацачны домік, але такі ж цёплы і ўтульны
– для гасцей.
Дом святочна ўбраны (і
гасцявы домік – таксама): ужо звыклыя калядныя зоркі на вокнах, сямісвечнік,
вазоны, якія ў нас называюцца “калядная зорка”. І – свечкі, свечкі, свечкі… Яны
сустракаюць нас яшчэ на вуліцы, на сцяжынцы, што вядзе да дома, а таксама на
ганку… і нават у снежнай гурбе! Свечкі ў самых розных падсвечніках: шкляных,
драўляных, металічных, керамічных; падвясных і настольных; строгіх, традыцыйных
і арыгінальных; вялізныя і традыцыйныя “таблетачкі”... Дзеля цікавасці хацела
палічыць, колькі адначасова ў доме гарыць свечак – і вельмі хутка адмовілася ад
гэтай задумы. Яны паўсюль – нават у ванным пакоі. У маім іх было пяць…
І пры ўсім пры тым на другім
паверсе ў невялікім холе стаіць амаль што наш традыцыйны беларускі калаўрот –
крыху іншай, праўда, канструкцыі, але ж прызначэнне і прынцып работы – тыя ж.
Вось у гэтым – у спалучэнні традыцый і неабходнага сучаснага камфорту, як я
зразумела, і заключаецца стыль жыцця тыповай шведскай сям’і….
…Гертруд частуе нас з дарогі гарачым
глінтвейнам і спецыяльнымі каляднымі пернікамі, якія крыху нагадваюць наша
аўсянае пячэнне. Увогуле, як мне падалося, да Ражаства ў Швецыі выпускаюць усё
спецыяльнае, каляднае, традыцыйнае, што ставіцца ў гэты дзень на стол з году ў
год, з пакалення ў пакалення: хлеб, піва, квас, пернікі…
--Вы пацікаўцеся там у
шведаў, ці ёсць у іх там пост, вігілійная вячэра, -- наказаў калега,
даведаўшыся, што я планую сустракаць Ражаство ў шведскай сям’і. – Ці сядзяць
яны за калядным сталом, як за жалобным: ні песень, ні музыкі, ні мясных страў?…
Перш я пацікавілася аб гэтым
у дачкі.
--Посту ў нашым разуменні,
калі забаронена ўжыванне мясных страў, тут няма, -- расказала Алёна. – Увогуле
Швецыя – краіна пераважна пратэстанцкая, але я б сказала, што найперш –
атэістычная. Адвэнт тут заключаецца ў тым, што ў кожным доме кожную нядзелю
запальваюць па чатыры свечкі – гэта таксама даніна традыцыі. Тут увогуле вельмі
вялікую сілу маюць менавіта традыцыі, а не рэлігія.
“От, надта яна ведае, так ужо
паспела вывучыць тыя шведскія традыцыі…” – не асабліва паверыла я дачцэ. І з
нецярплівасцю чакала Ражаства, каб усё на свае вочы разгледзець…
Увогуле святкаванне Ражаства
там адбываецца фактычна 24-га снежня. На другі дзень той жа абсалютна стол і
тыя ж “калядныя забавы” – агульныя сямейныя настольныя гульні, няспешныя
размовы, прагулкі па гораду і на бераг Балтыйскага мора (падазраю, што апошняе
-- спецыяльна для госці з Беларусі) – яно побач.
Яшчэ 23-га з вечара добры Тамтэ – шведскі Дзед
Мароз -- кладзе пад ёлку падарункі для ўсіх членаў сям’і, прычым па два: адзін
– невялікі, другі – асноўны (што ж, у багатай краіне і Дзед Мароз багацейшы).
А раніцай 24-га снежня,
адразу пасля снедання, усе збіраюцца каля ёлкі і дастаюць па аднаму невялікаму
падарунку – астатнія будуць ляжаць там да вечара (бедныя шведскія дзеці – ну як
ім трываць такую пакуту цэлы дзень, калі і дарослых разбірае нецярпенне і
цікаўнасць: што ж там?). Каб ніхто нічога не пераблытаў і не ўхапіў незнарок
чужы падарунак, яны не толькі прыгожа ўпакаваны ў спецыяльную паперу, абвязаны
стужачкамі і абклеены кветачкамі і сняжынкамі – да кожнага прымацавана спецыяльная
паштоўка: каму і ад каго павінен даставіць пакунак Тамтэ.
…Вечарам сям’я і запрошаныя
госці садзяцца на калядны стол. Спецыяльна для свайго калегі і іншых цікаўных
падрабязна пералічваю, што на ім было: спецыяльны калядны хлеб – чорны, кшталту
нашага “Радніковага”, у звычайныя дні ў Швецыі, як я зразумела, аддаюць
перавагу беламу. Калядныя пернікі, пра якія я ўжо гаварыла. Селядцы – ажно ў
трох соусах. Вараная бульба – яна абавязкова павінна быць на святочным стале,
як і спецыяльны салат з чырвоных буракоў, які падаюць, здаецца, толькі на
каляды. Катлеткі, пра якія я ўжо расказвала. Спецыяльная калядная вяндліна.
Спецыяльная калядная цяляціна... Здаецца, нічога не забылася. Як бачыце,
ніякага намёку на пост! І ніякіх нашых абавязковых дванаццаці страў, трох
“гарачых”… Прычым не толькі ў гэтай сям’і – такі стол у гэты вечар, як я
зразумела, накрываецца ва ўсіх шведскіх дамах -- нагадаю: адданасць традыцыям
для шведаў – святое.
Уяўляю, як некаторыя нашы
мужчыны прапанавалі жонкам: “А можа, у наступны раз і мы накрыем стол
па-шведску?.. А ты вечна: ніякага мяса!” Наступная інфармацыя спецыяльна для
іх: з напояў на стале – толькі спецыяльны калядны квас і такое ж спецыяльнае
піва. Ну як, будзем укараняць новыя традыцыі?
Праўда, пазней, калі з-пад
ёлкі дастаны, распакаваны і ацэнены захопленымі ахамі і падзякамі ўсе
падарункі, і кампанія перацякае ў гасцёўню, да каміна, на стале разам з
фруктамі і шакаладам з’яўляецца і віно. Толькі не варта чакаць, што вас па
беларускай традыцыі будуць запрашаць выпіць да дна з дапамогай доўгіх
пранікнёных тостаў і элементарнага
прымусу – бо як жа без яго, госць жа можа дахаты цвярозы пайсці, а гэта проста
непрыстойна… Тут кожны, каму хочацца выпіць, падыходзіць, налівае сабе, колькі
лічыць патрэбным, і п’е, расцягваючы асалоду. А тост там адзін: “Сколь!” – ну
прыкладна тое ж, што наша “Будзьма!”. Праўда, нашы шведскія сябры вельмі хутка
асвоілі і беларускае “На здароўе!”. А таксама словы “Да” і “Не”. А я – “Так”,
што па-шведску азначае “дзякуй”.
Былі на працягу гэтага каляднага тыдня ў Швецыі і іншыя сустрэчы, знаёмствы
і ўражанні, і проста прыемны і карысны адпачынак – але ці варта аб усім расказваць? Ды і
немагчыма гэта…
Таму – бывай, Швецыя і Стакгольм!
Ці, спадзяюся, усё ж – да пабачэння?..