АЗЯРЦО

 

Як, вы не ведаеце, што такое – Азярцо, дзе знаходзіцца гэтае месца і чым яно знакамітае? Не хвалюйцеся, зараз раскажу. Канешне, наўрад ці вы атрымаеце ад майго раповеду такія ж яркія уражанні, як некалі я ад яго наведвання – але, спадзяюся, вам таксама захочацца там пабываць. Тым больш, што і ехаць недалёка: гэта пад Мінскам, пару кіламетраў ад кальцавой дарогі, адразу за аўтарынкам “Малінаўка” (арыенцір для мужчын) ці “Еўраоптам” (гэта – для жанчын).

 

…Падчас экскурсіі, пасля вяртання і да гэтага часу я ўсё задаю сабе пытанне, на якое не магу знайсці адказу: чаму пра гэты Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту ведаюць так мала? Чаму пра Дудуткі і Каробчыцы чуў, напэўна, кожны другі, а бываў там кожны трэці – а Азярцо непараўнальна менш “распіярана”? Мо якраз таму, што музей гэты – дзяржаўны, а не прыватны?

Вяртаючыся дамоў, мы з калегамі нават сталі спрачацца: каму там больш цікава і карысна пабываць: людзям, карані якіх – у вёсцы, і для іх гэта – як спаткацца з радзімай, упомніць прызабытае, асвяжыць генетычную памяць – ці для нашых камп’ютарызаваных дзяцей, якія ўпэўнены, што жыццё па-за межамі інтэрнэту калі і ёсць, то несапраўднае і нецікавае… І сышліся на тым, што кожнаму, каму цікава, адкуль “мы ёсць пайшлі”, як жылі нашы продкі, што ўяўляла сабой беларуская вёска ў канцы 18-га -- пачатку 20-га стагоддзя, трэба абавязкова наведаць гэты музей.

Што ж уяўляе сабой Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту, так званы скансэн?

(Скансэн -- слова шведскае, як і само паняцце, і ўжываецца для абазначэння музеяў пад адкрытым небам.).

Дык вось, музей у Азярцы -- гэта 151 гектар зямлі, на якіх “пабудаваны” цэлыя беларускія вёскі з усімі ўласцівымі ім, як сказалі б сёння зафармалізаваныя да самага нельга чыноўнікі, “аб’ектамі сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння”. Да якіх можна аднесці і школку, і карчму, і вятрак, і – што там яшчэ? А паколькі на тэрыторыі Беларусі, на першы погляд, зусім невялікай, тым не менш вельмі разнастайныя архітэктурныя і побытавыя стылі і плыні, то і экспазіцый (чытай – вёсак) у гэтым музеі некалькі: цэнтральная Беларусь, Паазер’е – Віцебшчына і паўночныя раёны Міншчыны, Падняпроўе – Магілёўшчына…

 Праціўнікі “навадзелу”, да якіх у пэўнай ступені адношу і сябе, могуць не хвалявацца: пакрытых металачарапіцай стрэх і выкладзеных дробнаштучнай пліткай дарожак вы там не пабачыце. Усё сапраўднае, натуральнае, максімальна набліжанае да архітэктуры таго часу і побыту нашых продкаў. Ды што там набліжана: ўсё хаты і гаспадарчыя пабудовы перавезены з канкрэтных вёсак – на таблічках нават указана, з якіх менавіта. І калі вы, у адрозненне ад мяне, будзеце гуляць па сваіх родных мясцінах, то, магчыма, зможаце, калі пашанцуе, нават пазнаць “хату дзеда Васіля” ці “пуню дзядзькі Марозіка”.

У пунях, свірнах, адрынах – прылады працы таго часу: яны нібы застылі ў чаканні, калі ж прывязуць з поля снапы, і доўгімі восеньскімі вечарамі мужыкі возьмуць у рукі цапы і стануць малаціць, а жанкі – перавяваць збожжа ці трапаць лён ды каноплі…  

У дамах – мэбля, гаспадарчае начынне нашых продкаў пазамінулага стагоддзя… Стрэхі пакрытыя чаротам – і не цякуць! Сёння сярод нас, узброеных самай сучаснай тэхнікай, не знайсці чалавека, які б змог накрыць страху чаротам ці саломай, а тады – якія ж былі майстры ў нашых вёсках!..

У школцы на парце – прадстаўнікі старэйшага пакалення яшчэ памятаюць, якімі яны былі ў той час – стаяць чарнільцы-невылівайкі і ляжаць ручкі з пёркам-“зорачкай” – колькі геніяў напісалі свае вершы, п’есы, навуковыя трактаты такімі пёркамі… А за сцяной – кватэра настаўніка, і ложак яго, і кажушок…

Ідзеш па ўтравелай сцяжынцы ад хаты да хаты, ад сядзібы да сядзібы – пры ўсёй сваёй падобнасці няма дзвюх аднолькавых – і такое адчуванне, што на машыне часу перанёсся ў мінуўшыну. І ад гэтага -- так шчымліва-хораша робіцца на душы, нібы дакрануўся да нечага спрадвечнага, галоўнага, да таямніцы, якая раней была побач – ды не навідавоку, а вось зараз -- адкрылася…

А яшчэ музей пад адкрытым небам у Азярцы скарыў нас тым, што там усё можна кратаць рукамі -- у адрозненне ад іншых, дзе чырвоная папераджальна-забараняючая стужка стала ледзь не вызначэннем “прасунутасці”, сапраўднасці, хоць за той чырвонай стужкай часам і глядзець няма на што. У Азярцы ж можна пасядзець у старадаўняй брычцы і на самаробных санках – якраз такіх, як мы колісь у дзяцінстве “пазычылі” ў бабы Маланні – і зламалі, катаючыся з горкі, уваліўшыся мо ўдзесяцярых, і потым дзед Мікалай ледзь адрамантаваў іх, загладзіў нашу правіну. Там можна “прымерыцца” да касы ці цэпа, паспрабаваць здагадацца – а калі не атрымаецца, то вопытны экскурсавод падкажа -- для чаго ж прызначана тая ці іншая прылада працы – няпростая задача для сучасных “трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю”, не кажучы ўжо пра дзяцей, што выраслі на асфальце. Можна пасядзець за кроснамі і калаўротам -- і нават пакалыхаць “немаўля” ў калысцы-гушкалцы – казалі, добрая прыкмета для тых, хто марыць стаць маці. (Не ведаю, як у іншых, а ў нашай турыстычнай групе  яна спраўдзілася…)

 Словам, там можна – хоць на хвілінку! – адчуць сябе жыхаром той вёскі пазамінулага стагоддзя – і паспрабаваць хоць крышачку зразумець сваіх дзядоў, прадзедаў і пра-пра-пра…: як ім жылося, як яны працавалі, адпачывалі, гадавалі дзяцей…

Канешне ж, тэрыторыю ў 150 гектараў вы, як і мы, не абыдзеце нават за дзень, таму лепш за ўсё выбраць нейкі пэўны рэгіён – мы спыніліся на цэнтральнай Беларусі. Нам хапіла – і ўражанняў, і стомы. Праўда, адпачыць у карчме – нягледзячы на тое, што яна дзейнічае, і кормяць там нацыянальнымі беларускімі стравамі і наліваюць амаль забытую на смак медавуху ды вядомую толькі на назве музычнага гурта крамбамбулю, хацелася – ды не атрымалася, не хапіла “залатога запасу”: цэны ў карчме такія, што “мужык-беларус”, пасядзеўшы тут з гадзінку, застаўся б і без сахі, і без касы…

Ой, ледзь не забылася – я ж вам яшчэ не расказала пра музей светапісу!

Вы не ведаеце, што такое светапіс? Ну вось, лічбавай “мыльніцай” усе шчоўкаць навучыліся – і  лічым сябе “прасунутымі” фатографамі, без пяці хвілін фотамастакамі. А каб даведацца, што такое была фатаграфія ў тыя часы, трэба абавязкова пабываць у гэтым музеі. Ён, дарэчы, створаны таксама ў сапраўдным доме колішняга майстра-фатографа і на падставе яго арыгінальных рэчаў – ужо ад гэтага дух захоплівае: калі разумееш, што вось гэтым фотаапаратам, масіўным, і на той час – немагчыма даражэнным, рабіліся колішнія фотаздымкі – якасць якіх, да слова сказаць, непараўнальная з сённяшняй, “мыльнічнай”… І зрабіць сямейны партрэт у майстра-фатографа мог дазволіць сабе далёка не кожны. І візіт да “майстра светапісу”  станавіўся сапраўднай падзеяй, да якой рыхтаваліся загадзя. Не тое, што сёння: шчоўк-шчоўк-шчоўк – і ў інтэрнэт…

А пры жаданні ў музеі светапісу можна адчуць сябе шляхцянкай ці шляхціцам пазамінулага стагоддзя: апрануць колішнія строі—хто ведае, магчыма менавіта так апранулася ваша прабабуля ці прадзед? -- і сфатаграфавацца. Праўда, не на той масіўны фотаапарат, што стаіць у экспазіцыі і, як сцвярджаюць работнікі музея, дзейнічае да гэтага часу, а на сваю “мыльніцу” ці люстраную фотакамеру – я ж не думаю, што вы выберацеся ў Азярцо без фотаапарата?!! Прычым абсалютна бясплатна – я ж кажу, што тут усё можна!

Ну як, спакусіла я вас Азярцом? Спадзяюся, што так. Ва ўсякім разе, вельмі раю адну – а можа, і не адну -- вандроўку па Беларусі прысвяціць наведванню гэта музея-скансэна. Упэўнена – не пашкадуеце. Мне здаецца, там можна быць бясконца…