У ЦАРКВЕ
Некалі даўно, у мінулым жыцці, яны былі блізкімі
родзічкамі. Хадзілі адна да адной на дні нараджэння і іншыя святы, дарылі
падарункі, дзяліліся запаветным.
Потым нечага пасварыліся – ці памятаюць ужо самі, з-за
чаго? Сварка з-за дробязі разрасталася, як снежная лавіна, успаміналіся
колішнія забытыя ці дараваныя крыўды і недагаворкі: “Ты казала, я казала” – і
паступова накрыла абедзвюх дзевятым валам нянавісці – такім, што ні ўздыхнуць,
ні войкнуць.
Цяпер яны -- непрымірымыя ворагі. Не вітаюцца, не
размаўляюць. І ў размовах з іншымі для азначэння адна да адной ужываюць адзін
толькі займеннік трэцяй асобы – “Тая”. Часам дадаючы да яго яшчэ які-небудзь
назоўнік ці прыметнік – “ведзьма”, “шалёная”, “аферыстка”.
І ўсё ж яны рэгулярна сустракаюцца. У нядзелю, у царкве.
Кожная падыходзіць да алтара, цалуе ікону, ставіць свечку. Кожная пасціцца,
ходзіць да споведзі, прычашчаецца. Шчыра моліцца. Просіць у Госпада дапамогі.
Просіць пакараць сваіх ворагаў – маючы на ўвазе тую, што стаіць побач і гэтак
жа ўтрапёна прамаўляе “Ойча наш” і “Верую…”. І кожная пераканана, што Бог
дапаможа менавіта ёй, бо “воздастся не словам их, но по делам их”, а справы – кожная ў
гэтым упэўнена – яна робіць толькі добрыя. І хто ж заслугоўвае Божай міласці,
як не яна -- і Божага пакарання, як не Тая…
Як гэта нагадвае біблейскую прытчу пра мытара і фарысея.
Вось толькі мытараў апошнім часам нават у царкве становіцца ўсё менш: колькі
ўжо такіх, што навучыліся рабіць злыя справы з Божым імем на вуснах, спрабуючы
не толькі сябе і іншых, а нават Усявышняга пераканаць, што гэта -- дабро…