Пенсіі: думкі, развагі

 

ПЕНСІІ Ў КРАІНЕ “РАЗВІТОГА САЦЫЯЛІЗМУ”

 

Ну вось, падзея, пра магчымасць і неабходнасць якой гаварылі апошнія гадоў, мусіць, з пятнаццаць, адбылася: на мінулым тыдні Прэзідэнт краіны падпісаў Указ аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Пачынаючы з наступнага года, мужчыны і жанчыны “памаладзеюць” на тры гады – праўда, працэс будзе адбывацца паступова, “з крокам” у паўгода.

 

Мне здаецца, што нават тыя, хто катэгарычна выступаў супраць павышэння пенсійнага ўзросту, разумелі, што рабіць гэта неабходна. А ступень непрыняцця пенсійнай рэформы характарызавалася тым, наколькі яна закранала кожнага. У гэтым сэнсе успамінаецца размова з калегай, якая адбылася гадоў з пяць таму.

–Ты чула – пенсійны ўзрост павышаць будуць? – сустрэла мяне на нейкай чарговай абласной нарадзе найбольш хвалюючым яе, ды і мяне таксама, пытаннем Таццяна.

Ну ты ж разумееш, што гэта непазбежна, – я пастаралася супакоіць каляжанку. – Пенсіянераў усё больш, моладзі, наадварот, меншае. Нехта ж павінен працаваць, каб утрымліваць старэйшае пакаленне.

Ды ўсё я разумею, – раздражнёна махнула яна рукой. – Мяне іншае абурае: чаму з нас пачынаюць?

Вось у гэтым – “чаму з нас пачынаюць?” – мне здаецца, і хаваецца корань непрыняцця пенсійнай рэформы.

Але вастрыня гэтай тэмы паступова змяншаецца: рашэнне прынятае, з 1 студзеня 2017 года пачнецца яго ажыццяўленне, і ўсе аргументы “за” і “супраць” нівеліруюцца вядомым лацінскім афарызмам “Закон суровы – але гэта закон”.

Тым не менш, заўсёды цікава даведацца, “а як у іх”, у іншых? Вось, напрыклад, у Швецыі, краіне “развітога сацыялізму”, які мы будавалі-будавалі, ды так і не пабудавалі – а капіталісты без усялякіх там рэвалюцый, за нейкіх сто гадоў – наце вам!  Цікава, там  у якім узросце выходзяць на пенсію? І, што самае галоўнае, які памер гэтай пажыццёвай “хлебнай картачкі”? І калі капаць зусім глыбока, то як і кім гэты памер фарміруецца?

Гэтым я і пацікавілася пры нагодзе ў адной жыхаркі Стакгольма беларускага паходжання. Яна, праўда, асоба даволі маладая і пра пенсію, як і большасць яе равеснікаў, пакуль асабліва не задумваецца – тым больш, што пенсійны ўзрост у Швецыі вызначаны ў 65 гадоў – і для мужчын, і для жанчын. Можна, праўда, пайсці на заслужаны адпачынак і ў 61 год – але атрымліваць менш, ці дапрацаваць, калі дазволяць сілы і здароўе, да 67 гадоў – і атрымаць крышку больш, чым было б налічана ў 65 і тым больш у 62 – але гэта ўжо асабістая справа кожнага.

Але кожнаму, хто працуе ў Швецыі, незалежна ад таго, турбуе яго, якую пенсію ён будзе атрымліваць гадоў праз трыццаць з гакам ці пра гэта пакуль не думае, раз у год прыходзіць пісьмо, у якім дакладна паведамляецца, колькі чалавек выплаціў страхавых узносаў “на старасць” і якую суму ён бы атрымліваў штомесяц, калі б пенсійны ўзрост наступіў заўтра. Зручна, праўда? Падаецца табе памер будучай пенсіі недастатковым – пастарайся знайсці лепшую работу з больш высокай зарплатай; лічыш, што зрабіў сабе на старасць “на хлеб з маслам” – можаш перадыхнуць…

З чаго ж складваецца і як фарміруецца будучая пенсія звычайнага шведскага працаўніка? Пра гэта я таксама пастаралася даведацца “з першых вуснаў”.

Аказваецца, на пытанне, якая пенсійная сістэма лепшая – размеркавальная ці накапляльная?, у Швецыі адказалі: “Абедзве!” – і ўкаранілі элементы той і другой. Як гэта выглядае на практыцы, пастараюся растлумачыць.

Штомесяц з кожнага працаўніка вылічваецца 18,5 працэнта агульнага заробку у страхавы фонд (аналаг нашага пенсійнага фонду). 16 працэнтаў на яго рахунку застаецца толькі ў выглядзе лічбаў, з якіх пазней, калі прыйдзе “час Ч”, будзе вылічвацца памер пенсійнага забеспячэння – самі ж грошы ідуць на выплату пенсій сённяшнім пенсіянерам: амаль гэтак жа, як і ў нас, толькі мы плацім 34 працэнта заробку. А вось 2,5 працэнта залічваюцца на асабісты рахунак кожнага працаўніка. І ўкладваюцца ў нейкія акцыі, каштоўныя паперы і г.д, каб яны маглі прыносіць даход – і, адпаведна, павялічваць будучы памер пенсіі. Дзяржаўны фонд выбірае самыя надзейныя акцыі і фонды – але з-за гэтага ж яны не вельмі даходныя. Грамадзянін жа можа выбраць нешта больш прыбытковае – але пры гэтым як выйграць, так і прайграць. Накапляльную частку пенсіі можна забраць адной сумай – але толькі пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

Пра другую частку пенсіі, так званую працоўную, клапоцяцца работадаўцы, якія пералічваюць на рахунак кожнага свайго працаўніка пэўную суму грошай – дзякуючы гэтым выплатам, пенсія павялічваецца ў сярэднім на 10 працэнтаў памеру апошняй зарплаты – пагадзіцеся, неблагая прыбаўка.

Акрамя таго, кожны грамадзянін Швецыі (зрэшты, Беларусі таксама) можа самастойна адкладваць сабе на пенсію – розных фондаў хапае. Трэба толькі патурбавацца, каб былі яны дастаткова надзейнымі.

Усе, хто працаваў у Швецыі, нават калі гэта быў год ці два, а пасля чалавек па нейкіх прычынах пакінуў краіну, мае права на пенсійнае забеспячэнне – а памер яго вызначаецца сумай выплачаных страхавых узносаў.

Застаецца дадаць, што чалавек, які адпрацаваў у Швецыі 30 гадоў з сярэдняй зарплатай, сёння можа разлічваць на штомесячную пенсію прыкладна ў 1200 еўра. Існуе ў іх і гарантаваная дзяржаўная пенсія для людзей, у якіх была невысокая зарплата: яна вар’іруецца ў залежнасці ад часу знаходжання ў краіне, выплачваецца, пачынаючы з 65 гадоў  і складае 2,13 пражытачнага мінімуму (крыху менш за тысячу долараў) для адзінокіх пенсіянераў і 1,90 – для сямейных.

Пенсіянеры Швецыі, у адрозненне ад нашых, выплачваюць падаходны падатак.

Ніна РЫБІК