Папа і Кірыл
Среда размышленія
КРОК ДА ЛЮБОВІ,
А ЗНАЧЫЦЬ – ДА БОГА
Сустрэча на Кубе Свяцейшага Папы Рымскага Францыска і
Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла стала падзеяй сусветнага
маштабу. Упершыню з часоў расколу хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе
кіраўнікі абодвух Цэркваў змаглі пераступіць праз векавыя наслаенні
непаразуменняў, крыўдаў, непрыняцця, варожасці, абняцца і сказаць: “З радасцю
мы сустрэліся як браты па хрысціянскай веры, якія пабачыліся, каб “гаварыць
вуснамі да вуснаў”, ад сэрца да сэрца, і абмеркаваць адносіны паміж Цэрквамі,
надзённыя праблемы нашай паствы і перспектывы развіцця чалавечай цывілізацыі” (першы пункт сумеснай заявы).
І хоць былі людзі, якія назіралі за гэтай сустрэчай праз скептычна-крытычны
прыжмур вачэй: хто да каго падышоў першым, што сказаў “наш”, а як паглядзеў
“іхні”, хто ў якім самалёце прыляцеў і колькі ў каго было суправаджаючых – усё
ж, напэўна, большасць вернікаў абодвух канфесій успрынялі братэрскія абдымкі
кіраўнікоў двух хрысціянскіх канфесій, іх шматгадзінныя перамовы і прынятую у
выніку сумесную заяву з уздыхам палёгкі: нарэшце! І асмелюся спрагназаваць, што
найбольш такіх радасных выдыхаў-воклічаў прагучала ў нашай роднай Беларусі, дзе
гістарычна цесна перапляліся нацыянальнасці, веравызнанні, лёсы і стасункі і
дзе разлад паміж буйнейшымі хрысціянскімі Цэрквамі заўсёды ўспрымаўся як
балючая гістарычная недарэчнасць, ад якой найперш пакутуюць простыя людзі.
Бо звычайным вернікам -- няважна, хадзілі яны маліцца ў
святую нядзельку ў царкву ці касцёл, заўсёды, ва ўсе часы цяжка было зразумець,
чаму адны і тыя ж святы хрысціяне сустракаюць у розны час, чаму адны і тыя ж
абрады выконваюць, адны і тыя ж малітвы чытаюць па-рознаму. Канешне, тэолагі з
навуковай абгрунтаванасцю тлумачылі ўсё гэта не раз і не два – але тлумачэнні
гэтыя дрэнна паддаваліся выпрабаванням звычайнай сялянскай логікай…
А пакуль там, у рэлігійных вярхах, вырашалі, хто
“правейшы” ў сваёй “праваце”, варта ці не рабіць крок насустрач адзін аднаму, а
мо хай лепш “яны” зробяць яго першыя (трэба думаць, гэтае рашэнне аб сустрэчы
Папы Рымскага і Патрыярха Кірыла таксама давалася няпроста і аднаму, і другому
боку) -- на Беларусі ўвогуле і на Астравеччыне ў прыватнасці людзі метадам
народнай дыпламатыі даўно, з дня ў дзень, з году ў год спакваля, самі таго не
ведаючы і не разумеючы, рыхтавалі гэтую сустрэчу… Часцей за ўсё несвядома,
расказваючы потым святару на споведзі пра свае грахі: на пахаванні свацці
наведала касцёл; была ў царкве, бо хрэснік ажаніўся з праваслаўнай… Так, людзям
неаднойчы тлумачылі, што, згодна з рэлігійнымі канонамі, рабіць гэта хоць і не
забаронена, але ж непажадана, што “ў нас свая вера і свой храм” – але ж гэта
родны, блізкі, дарагі чалавек: як не падтрымаць яго ў горы ці не падзяліць з ім
радасць? І нават самаму шчыраму верніку цяжка было не саграшыць у пост, адмовіцца
раздзяліць калядную аплатку ці велікоднае яечка з добрым суседам, шчырым сябрам
ці нават з мужам ці жонкай, з дзецьмі ці бацькамі у “не сваё свята”… І аргумент
у такіх выпадках такімі “грэшнікамі” звычайна прыводзіўся неабвержны нікім і
нічым: Бог жа ў нас адзін!
Вядома ж, не мне вызначаць, што такое грэх -- ёсць для
гэтага “спецыяльна навучаныя людзі”. Але, думаецца, нават сам Бог (які, як
вядома, ёсць Любоў) не асудзіў бы чалавека за гэта – ужо хоць бы таму, што не
ад Усявышняга пайшоў гэты падзел вернікаў на канфесіі, а ад людзей. Так,
адбылося гэта шмат стагоддзяў таму, так, усё напластавалася на сямейныя
традыцыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне і зараз вельмі цяжка вярнуцца
да першавысноў, першакрыніц, адмовіцца да нечага, што здавалася непарушным, як свет – але ж гэта так трэба!
“Дзеля чаго” – спытаеце вы?
Ды дзеля таго ж, дзеля чаго “пераступілі цераз сябе” Папа
Рымскі Францыск і Свяцейшы Патрыярх Кірыл: дзеля міру паміж людзьмі і краінамі,
дзеля любові – дзеля ўсяго таго, за што памёр на крыжы Збаўца…
Яны, Свяцейшыя, зрабілі гэта -- а нам у паўсядзённым
жыцці часам так цяжка сказаць звычайнае “прабач”, прызнаць, што быў вінаваты ці
памыліўся. Цяжка проста падысці, проста абняць, проста паглядзець у вочы і спакойна
пагаварыць…
Можа, прыклад Папы Рымскага і Патрыярха Кірыла стане
добрым прыкладам для звычайных людзей у дараванні паўсядзённых ці застарэлых крыўдаў,
прымірэнні – гэтак жа, як паўсядзённыя стасункі соцень і тысяч вернікаў абодвух
канфесій, якія штодня насуперак разладу паміж Цэрквамі сябравалі, любілі,
дапамагалі адзін аднаму, дапамаглі Свяцейшым Айцам зрабіць лёсавызначальны,
самы першы і самы важны крок насустрач адзін аднаму? Крок да любові, а значыць
– да Бога.
Ніна
РЫБІК