Кругазварот дабра ў прыродзе

 

Вяртаюся вечарам дамоў з работы. Як звычайна, позна, як заўсёды, стомленая… І думка толькі адна: пакарміць чым-небудзь на хуткую руку сваіх сямейнікаў ды хоць крышку адпачыць. А тую работу, што яшчэ дахаты нясу, заўтра раненька падымуся – і дараблю, сёння ўсё роўна ніякіх сіл няма. Пра настрой, вядома, гаворкі няма – які ўжо там пазітыў і радасць жыцця…

І тут сустракаю знаёмую, якая нясе дахаты поўны кошык фруктаў. Тлумачыць: заўтра хрысціны, у сына дачушка нарадзілася, ды такая харошанькая… І з той сваёй радасці новаспечаная бабуля не толькі настроем сваім святочным са мной падзялілася, але, колькі я ні адмаўлялася, яшчэ і апельсінам пачаставала – вялікім, круглабокім, аранжавым, як рэдкае асеннім днём сонейка.

І настрой у мяне адразу палепшыўся, і нават галава, здаецца, стала балець не так моцна. Не таму, вядома, што я ніколі тых апельсінаў у вочы не бачыла ці не магу сабе дазволіць купіць гэты аранжавы цуд. А таму, што разам з заморскім фруктам мне перадалася і светлая радасць той маёй знаёмай.

Іду далей, нясу свой палепшаны настой, як крыштальную вазу – асцярожненька, каб не разбіць – хоць, вядома ж, груз клопатаў ад прыемнай, хоць і чужой навіны і нават ад вітаміну С не зменшыўся.

А ля пад’езда суседка з цяжкімі сумкамі стаіць: апошнія яблыкі на дачы сабрала, дахаты прывезла, а падняць на апошні  паверх з хворымі нагамі – цяжка.

--Ды к я вось і думаю, што рабіць: пакінуць іх тут – мо хто забярэ, каму трэба, ці пачакаць, пакуль муж ці сын  з работы вернуцца. Сама не дацягну…

Ну якія праблемы! Для нас дваіх гэтыя сумкі не такія ўжо і цяжкія, а што паверх пяты, дык для нашых фігур такая зарадка толькі на карысць.

Адпачываючы на лесвічнай пляцоўцы паміж трэцім і чацвёртым паверхамі, суседка  падзялілася, што яблыкі ў яе сёлета ўрадзілі на славу – і на зіму палажыла, і варэнняў-кампотаў наставіла, і насушыла. А гэтыя ўжо быццам бы і не трэба, ды шкода ж, каб прападалі…

--На базар? Ну што ты! – замахала яна рукамі. – Са мной разам жанчына працуе, у яе дзеткі малыя, а ні саду, ні агароду ні бацькоў у вёсцы не мае, – вось ёй і прапаную: хай ласуюцца дзеці. А прадаваць я не ўмею. Не думай -- іншых, тых, хто ўмее -- я не асуджаю: кожны жыве так, як атрымліваецца. Але мне прасцей так аддаць, за “дзякуй”.

А я падумала: ну а калі б тая мая знаёмая новаспечаная бабуля не ўзняла мне настрой? А я, у сваю чаргу, прасунулася б міма заклапочанай суседкі, злёгку кіўнуўшы ёй ў знак прывітання? Паласаваліся б у гэтым выпадку тыя невядомыя мне дзеці сакавітымі яблыкамі ці іх бы разабралі “на закуску” аматары “спірту з вітамінамі” пад умоўнай назвай “чарніла”?

Так вось і дзейнічае кругазварот дабра ў прыродзе: не ты – мне, я – табе, а ты – мне, я – яму, а той – яшчэ каму-небудзь.

А што было б, спытаеце вы, калі б тая мая знаёмая не апельсінам мяне пачаставала, а гадасць якую сказала? І дала пачатак  іншаму кругазвароту – злосці, крыўды, абраз?

Так, мы ў сваім паўсядзённым жыцці, хочам таго ці не, становімся звеннямі ў ланцужках розных кругазваротаў – дабра і зла, міласэрнасці і крыўды, кампліментаў і абраз.  І ад кожнага з нас залежыць, які з іх прадоўжыць, а які перарваць ці распачаць…

 

Ніна РЫБІК