Роздум перад сном

 

 ЛЮДЗІ -- ЗЛЫЯ? ЦІ ДОБРЫЯ?

 

Часта можна пачуць, што людзі зараз сталі больш злымі, зайздрослівымі, меркантыльнымі, не здольнымі на спагаду, спачуванне, дапамогу, міласэрнасць – не тое, што калісьці, калі і цукар быў саладчэйшы, і вада макрэйшая, а галоўнае – мы маладзейшыя…

Аднойчы мы нават паспрачаліся з гэтай нагоды з адной маёй знаёмай – дарэчы, жанчынай вельмі харошай, якой давялося зведаць нямала бяды і крыўды ў сваім жыцці -- і не растраціць пры гэтым дабрыні і спагады да іншых.

--Пагадзіцеся, дрэнных людзей у свеце больш, чым добрых, -- пераканаўча заявіла мне знаёмая.

Я падумала… Узгадала тых, хто мне дапамагаў у цяжкія моманты майго жыцця ці ў звычайным будзённым жыцці, не патрабуючы нічога ўзамен… І не пагадзілася са сваёй візаві…

Канешне, і мяне “білі”: словамі -- як камянямі, ды так, што зямля з-пад ног сыходзіла і неба аўчынкай здавалася. І мне здраджвалі тыя, каго я даверліва пускала ў сваю душу. І мяне крыўдзілі -- балюча і незаслужана. І мне прыпісвалі ўчынкі, якіх я не рабіла, словы, якіх я не гаварыла, думкі і пачуцці, якіх ніколі не было ў маёй галаве і ў сэрцы.

Але нашмат больш на маім жыццёвым шляху было іншых сустрэч – і чамусьці помняцца менавіта яны, нядаўнія і далёкія… Напэўна, я шчаслівы чалавек, бо мне заўсёды шанцавала на добрых людзей -- і ў асабістым жыцці, і ў прафесійным, і ў грамадскіх справах. Не хопіць не тое, што аднаго артыкула, але і ўсёй газеты, каб узгадаць іх усіх – тых, хто дапамог у лёсавызначальныя моманты ці прамільгнуў на небасхіле майго жыцця добрай знічкай, пакінуўшы светлы след у памяці і ў душы. Хоць вельмі хочацца – хоць бы для таго, каб сказаць дзякуй гэтым добрым людзям і нагадаць ім, што я памятаю і цаню тое, што яны для мяне зрабілі…

Але мая суразмоўца не збіралася так лёгка здаваць пазіцыі ў нашай прынцыповай спрэчцы – і стала прыводзіць важкія аргументы і прыклады з жыцця ў пацвярджэнне сваёй высновы аб тым, што людзі зараз злыя, зайздросныя і меркантыльныя.

Расказала пра суседку, якая купіла на распродажы ў крэдыт норкавае футра – марыла пра яго ўсё жыццё, і вось хоць на схіле гадоў вырашыла мару спраўдзіць. А  родзічка затым на чым свет праклінала яе за такі легкадумы ўчынак: маўляў, нашто ёй тое футра на старасць, лепш бы дзецям ці ўнукам грошы аддала. Каб было зразумела: дзеці ў той жанчыны даўно ўжо дарослыя, самастойныя, забяспечаныя, а маці іх– яшчэ не старая жанчына, хоць і выйшла нядаўна на пенсію. І ўжо ж, вядома, не клопат пра чужых дарослых дзяцей і ўнукаў, якія не ведаюць, куды цацкі складваць, не даваў спаць той родзічцы, а, як вы разумееце, звычайная махровая зайздрасць, бо даўно вядома, што няма звера страшнейшага, чым жаба…

 Узгадала знаёмая і сумную гісторыю сябра іх сям’і, які шчодра, не лічачыся ні з часам, ні з грашыма, дапамагаў, калі ў іх сям’і здарылася няшчасце -- і не толькі ёй адной, а ўсім, хто побач, хто меў патрэбу. А затым сам трапіў у бяду – і як гэтаму, не хаваючыся, радавалася іх агульная знаёмая, якая сама неаднаразова карысталася дабрынёй таго чалавека.

Гісторыю двух братоў расказала: у аднаго -- дыхтоўны асабняк і кватэра, а другі жыў з бацькамі ў іх хаце. А як бацькоў не стала, старэйшы і разумнейшы, які ў свой час “падмітусіўся”, каб перааформіць тую хаціну на сябе, выставіў малодшага за дзверы: я, маўляў, не вінаваты, што ты такі лох, за ўсё жыццё сабе кута не прыдбаў…

Ды што там – кожны, напэўна, зможа прывесці не адзін і не два прыклады з асабістага вопыту ці з жыцця знаёмых і родзічаў, калі адказам на добрыя словы і справы была брудная лаянка і чорная няўдзячнасць; калі не проста зайздросцілі, а здраджвалі, прычым самыя блізкія – сябры, радня, калегі…

Але скажыце – вы толькі такія прыклады памятаеце? А іншыя, калі дапамаглі, выручылі, падтрымалі – узгадаць не можаце?

Калі так, то, мусіць, і праўду меў рацыю скептык, які гаварыў: “Сто разоў дапаможаш – забудуцца, аднойчы не зможаш – запомняць на ўсё жыццё”.

І потым, калі мы – тыя, хто дружным хорам жаліцца адзін аднаму на людскую зайздрасць, няўдзячнасць, карыслівасць, сцвярджаючы, што людзі зараз злыя і дрэнныя… Словам, калі мы ўсе такія добрыя, шчырыя, шчодрыя – то хто ж тады яны, іншыя? Ці мо яны таксама недзе з некім у гэты час абмяркоўваюць і асуджаюць нас, узгадваючы, як і мы з вамі, не тыя сто выпадкаў, калі дапамаглі, а той адзіны, калі адмовілі…

…Не пераканала мяне знаёмая ў тым, што злых, чэрствых, бяздушных людзей на свеце больш, чым добрых і спагадлівых.

 А вас? Вы, шаноўныя чытачы, на чыім баку ў гэтай спрэчцы? Вы як лічыце – добрых людзей больш у свеце ці дрэнных?

Ніна РЫБІК