ДОБРАЕ СЛОВА ПРЫЕМНА НЕ ТОЛЬКІ КОШЦЫ

 

Скажаце, вам даўно гаварылі кампліменты? Ці проста добрыя словы? Ну, пра тое, што вы цудоўна выглядаеце, што выдатны прафесіянал, добры чалавек -- ці чаго вы там яшчэ заслугоўваеце? Ах, на апошнім юбілеі… А юбілеі бываюць не часта…

А самі вы калі гаварылі сваёй жонцы, што яна цудоўная гаспадыня і такога смачнага баршчу больш ніхто не ўмее варыць? Ці мужу – што ў яго залатыя рукі (дабрэйшае сэрца, цудоўны голас, рыбалавецкі талент)? Ці падначаленаму – што лепш яго гэтую работу ніхто б не зрабіў? Ці начальніку… Хоць пра начальнікаў памаўчым – гаварыць кампліменты начальству лічыцца ўвогуле дрэнным тонам:  калі дазволіў сабе такое – значыць, падхалім і “шасцёрка”, у фаварыты набіваецца. І калі падначаленаму – таксама нешта не чыста. І жонцы – яшчэ падумае, што ў нечым правініўся. І мужу…

Гаварыць добрыя словвы ў нас не прынята ўвогуле. Ці амаль увогуле. Акрамя хіба што тых жа юбілеяў. Ці, крый Божа, на пахаванні.

 З гэтай нагоды ўспомніўся анекдот. Сустракаюць даяркі на вуліцы сваю каляжанку, якой напярэдані не было на рабоце.

--Ой, --кажуць, --Манечка, а мы думалі, ты памерла…

--Што гэта вы выдумалі?

--Дык да нас на ферму ўчора старшыня заязджаў – і так ужо цябе хваліў, так хваліў…

Уяўляю, як некаторыя мае чытачы скрывіліся: ну вось яшчэ прыдумала… Паспрабуй пахваліць таго ж падначаленага – дык ён жа нос задзярэ, зусім працаваць перастане ці большую зарплату запатрабуе.  (Пра начальніка, які таксама чалавек, але гэта чамусьці пад увагу не бярэцца, мы дамовіліся не ўспамінаць). А жонку?.. Яна ж разлянуецца і той боршч толькі па вялікіх святах стане гатаваць. І ўвогуле – хваліць шкодна…

А вы спрабавалі?

Вядомы японскі вучоны, які займаецца даследаваннямі вады, Масару Ямото, кніга якога “Пасланне вады” пераведзена на многія мовы свету і стала бестселерам, расказвае пра свой эксперымент. У тры аднолькавыя слоікі ён насыпаў аднолькавую колькасць рысу і заліваў аднолькавай колькасцю вады. І кожную раніцу аднаму слоіку гаварыў “дзякуй”, другому – “дурань”, а на трэці ўвогуле не звяртаў увагі. Праз два тыдні ў першым слоіку рыс пачаў брадзіць і вылучаць прыемны водар, у другім – пачарнеў, а ў трэцім стаў загніваць.

А між іншым, арганізм чалавека, па сведчанню тых жа вучоных, на 80 працэнтаў складаецца з вады…

Мы саромеемся гаварыць добрыя словы – кошцы, якой яны, безумоўна, таксама прыемны, ці вазону на акне нам сказаць іх лягчэй, чым блізкаму, роднаму чалавеку. А вось накрычаць, папракнуць, папікнуць – гэта без праблем! У нас нават прыказка такая ёсць -- “Хто каго чубіць, той таго любіць”. Чым больш, значыць, “чубіць” – няважна, маральна ці фізічна – тым мацней любіць. А арганізм тым часам чарнее… Ці ўвогуле загнівае – калі мы лічым, што пра любоў, пра павагу, удзячнасць, захапленне гаварыць няма патрэбы, што і так усё ясна: калі я з табой жыву – значыць, люблю…

А потым дзівуемся: адкуль у людзей комплексы непаўнацэннасці, стрэсы, інфаркты-інсульты?

…Нішто не каштуе так танна і не цэніцца так дорага, як добрыя словы. Давайце іх гаварыць, не чакаючы юбілеяў. І адзін адным захапляцца. І хваліць – калі ёсць за што.

Бо аднойчы надыходзіць момант, калі ты гатовы падарыць усю ласку і пяшчоту, ахутаць любоўю роднага чалавека, як коканам, сказаць яму ўсе самыя цёплыя і ласкавыя словы, што ёсць у свеце – і прыдумаць новыя…

А пачуць іх і ўсміхнуцца ў адказ ужо няма каму…

Ніна РЫБІК