БЛАГАДАТНЫ АГОНЬ І ЖЫЦЦЯДАЙНАЕ СЛОВА
Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў: напярэдадні Дня беларускага пісьменства і
друку па гарадах і вёсках Беларусі
выпраўляецца духоўна-асветніцкая
экспедыцыя “Дарога да святыняў”, каб завяршыць свой шлях у вызначаны дзень ў сталіцы
гэтага свята. На адзін дзень горад-герой Мінск дэлегіруе гэтае пачэснае права нейкаму з гарадкоў
Беларусі, адметнага сваімі слыннымі сынамі і справамі.
Сёлета, у год 500-годдзя беларускага
кнігадрукавання, такой сталіцай
у чарговы раз заканамерна
стане слаўны горад Полацк.
Дзякуючы таму, што экспедыцыя прыходзіць у розныя гарады і вёскі, яны таксама на дзень, на паўдня, на некалькі гадзін становяцца такімі ж міні-сталіцамі галоўнага нацыянальнага свята. І не варта абвінавачваць мяне ў беспамяцтве ці
імкненні раздуць з мухі слана з-за
таго, што лічу Дзень беларускага
пісьменства галоўным святам краіны. Так, я памятаю і пра
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і пра Дзень Перамогі,
і пра іншыя
дзяржаўныя святы, якія адзначаюцца з куды большым
размахам – і ніколькі не аспрэчваю сваім папярэднім сцвярджэннем іх важнасці і
значэння.
Але асмелюся
сцвярджаць, што незалежнасць нашай дзяржавы, а найперш – самаўсведамленне беларусаў як асобнага народа са сваёй мовай, культурай, гісторыяй, а не нейкага там “недаразвітога ўскраіннага прыдатку” палякаў ці русінаў, прыйшло
ад слова і ад кнігі – таго самага Скарынаўскага
“Псалтыра”, які слаўны палачанін,
што здолеў апярэдзіць свой час, 500 гадоў таму надрукаваў у Празе. І тое, што
асветніцтва ў наш народ ішло менавіта праз
царкву, сведчыць і самая першая беларускамоўная кніжка, і іншыя
факты з гісторыі.
Магчыма, я памыляюся,
але, мне здаецца, Беларусь
– адзіная дзяржава, дзе гэта не проста разумеюць і памятаюць,
а ўсяляк прапагандуюць агульны духоўна-асветніцкі пачатак. І правядзенне штогадовай сумеснай духоўна асветніцкай экспедыцыі, дзе поруч ідуць Благадатны
Агонь і жыццядайнае
Слова, малітва і верш, -- яскравае таму
пацвярджэнне.
Прыдачыніцца да гэтай экспедыцыі мне выпала тройчы.
Першы раз – калі
яна ўпершыню завітала ў Астравец
– і сустракаў яе, без перабольшвання, увесь горад, без падзелу на праваслаўных і каталікоў. Удзельнікі экспедыцыі тады мне ўяўляліся нейкімі небажыхарамі, якім на неймаверныя заслугі выпала гэтая адказнасць і шчасце: на працягу
тыдня несці тысячам людзей у розных куточках краіны ачышчальны
цуд Благадатнага агню і жыццядайную
сілу беларускага слова.
Пасля мне двойчы
пашчасціла самой стаць удзельніцай гэтай экспедыцыі, і адчуванне
яе глыбокай, глыбіннай сутнасці не тое, што змянілася – трансфармавалася. Мудрае слова айца Сергія
Гардуна, які ў тыя гады акармляў
экспедыцыю; адкрытая ўсмешка яго памочніка,
захавальніка лампады з Благадатным агнём Дзмітрыя Ворсы; пранікнёныя вершы Вадзіма Спрынчана;
цікавыя расповеды пра мінуўшыну нашай
Беларусі доктара гістарычных навук Пятра Лысенкі, які знайшоў і
раскапаў старажытнае Бярэсце; энцыклапедычныя
веды Анатоля Бутэвіча; таленавітыя
здымкі і вершы Яўгена Пясецкага
– усё гэта, а найперш – пастаянная прысутнасць тут, побач, непагаснай лампады з Блададатным агнём ад Гроба Гасподняга, напаўняла душу тым адчуваннем непраходнай эйфарыі, якая, напэўна, і завецца
благадаццю.
Да гэтага
часу ў патаемных, не для штодзённага шмальцавання, куточках памяці захоўваюцца тыя дні, запоўненыя ад рання да змяркання кіламетрамі дарог, размовамі, малітвай, такімі рознымі,
ад старажытных муроў да палацаў-“новадзелаў”, храмамі, успамінамі пра асаблівыя, знакавыя сустрэчы і падзеі, якія
прымусілі на многае паглядзець па іншаму, многае пераасэнсаваць. Цяпер многія гарады
і вёскі ў
розных абласцях Беларусі ўзгадваюцца мне менавіта па гэтых экспедыцыях, храмах, сустрэчах…
Сёлета экспедыцыя
“Дарога да святыняў” зноў завітае ў
Астравец. І я ўжо знаходжуся ў радасным
прадчуванні сустрэчы – са Словам і Малітвай,
з Благадатным агнём і людзьмі,
што нясуць нам гэтую благадаць. Хочацца пажадаць, каб усіх тых,
хто прыйдзе на гэтае спатканне, яна таксама не абмінула…
Ніна РЫБІК