СРЕДА РАЗМЫШЛЕНИЯ
ЧАРНОБЫЛЬ: ТРАГЕДЫЯ ЦІ ГЕРАІЗМ?
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС, з часу якой
мінуў ужо – цяжка ўявіць! – 31 год, з разраду рэальных падзей усё больш
пераходзіць у шэраг гістарычных дат. Так, ёсць сведкі, якія памятаюць, як усё
адбывалася – і могуць пра гэта расказаць. Але вырасла ўжо цэлае пакаленне
маладых людзей, для якіх Чарнобыль, як і Вялікая Айчынная вайна, як і ўвод
савецкіх войскаў у Афганістан – нешта далёкае, трагічнае і не вельмі
зразумелае.
--Як ты лічыш, Чарнобыльская аварыя – гэта злачынства,
трагедыя ці гераізм? – спытала неяк знаёмая, з якой мы ў красавіку 1986-га былі
памечаны “мірным атамам”.
Першым імпульсіўным памкненнем было адказаць, што
Чарнобыль, як і вайна, і падзеі ў Афганістане – гэта і першае, і другое, і
трэцяе.
А пасля задумалася.
Злачынства? Але
мне ніхто не даваў права вызначаць, што злачынства, а што – не. І, каб зрабіць
такую выснову, трэба валодаць усёй інфармацыяй -- а я, хоць і ведаю, магчыма,
па гэтай тэме крыху больш сярэднестатыстычнага беларуса, але ўсю паўнату
інфармацыі мая бедная галава, баюся,
проста не зможа прыняць, успрыняць і асэнсаваць. І хоць мне давялося
быць сведкай таго, як па-рознаму паводзілі сябе ў той крытычнай сітуацыі розныя
людзі – усё ж нават баязліўства, крывадушнасць, адкрытую ману людзям і нават
яўную подласць некаторых з іх я б не асмелілася назваць злачынствам. Я заўсёды
лічыла, што злачынства – гэта нейкае зло, зробленае наўмысна – і далёкая ад
думкі, што нехта свядома задумаў і ажыццявіў тое, што адбылося на Чарнобыльскай
АЭС.
Трагедыя? Так, безумоўна, тое, што здарылася 31 год таму
ў Чарнобылі – гэта вялікая трагедыя і вялікія страты. І я маю на ўвазе нават не
абязлюдзеўшыя за лічаныя гадзіны гарады і вёскі, не заросшыя хмызняком некалі
ўрадлівыя палеткі, не трыльёны рублёў дзяржаўных сродкаў, які былі накіраваны
на ліквідацыю наступстваў аварыі – а маглі б пайсці на іншыя мэты: развіццё
медыцыны, адукацыі, навукі. Я – пра трагедыі людзей. Пра тых, хто загінуў у
першыя гадзіны і дні пасля аварыі – і тых хто ціха і непрыкметна памірае ці не
штодня усе гэтыя 31 год – ад анкалогіі, інфарктаў, язвы. Ніхто не звязвае гэтыя
хваробы з уздзеяннем радыяцыі і не лічыць іх ахвярамі Чарнобыля, бо ад такіх
хвароб паміраюць людзі ва ўсім свеце. Прычым тут Чарнобыль?!! “Працяглае
ўздзеянне малых доз радыяцыі на чалавека нікім у свеце яшчэ не вывучана,” –
неяк задумліва сказаў мне адзін разумны чалавек у белым халаце. Падобна, што
гэтае вывучэнне адбываецца тут і зараз – хочацца спадзявацца, што ў будучым
гэта некаму дапаможа.
Але трагедыя – гэта не толькі смерць. Паламаныя,
пакурожаныя лёсы соцень тысяч людзей, якіх накрыў выбуховай хваляй Чарнобыль –
і не толькі тых, хто жыў непадалёк, -- гэта таксама ўздзеянне “малых доз
радыяцыя”. І адчуваць яго будзе яшчэ не адно пакаленне…
Тое, што Чарнобыльская катастрофа – гэта не толькі
трагедыя, мая асабістая і тысяч маіх землякоў, але і гераізм, я зразумела, калі
ў 2010 годзе стаяла каля помніка загінуўшым на Чарнобыльскай АЭС -- персаналу чацвёртага энергаблока, што
дзяжурыў у тую ноч, і выратавальнікам, што тушылі пажар. Неяк мяне праняло,
дайшло да самых далёкіх “хаваек” душы, што гэта былі яшчэ зусім маладыя
мужчыны, некаторыя – проста юнакі,якія не паспелі абняць жонак. Не ведаю, ці
разумелі яны, на што ішлі і ў якіх невыносных пакутах ім неўзабаве давядзецца
памерці. Але яны зрабілі гэта – уратавалі свет і ўсіх нас! – ад катастрофы,
пасля якой, калі б яна здарылася, не было б каму расказваць і пісаць пра гераічную ліквідацыю наступстваў той аварыі –
і не было б каму гэта слухаць і чытаць. Яны засланілі сабой увесь свет – а хто
сёння ведае іх імёны? Хто памятае прозвішчы верталётчыкаў, што па дзясятку
разоў на дзень праляталі над палаючым жэралам рэактара, каб зноў і зноў скінуць
у яго пашчу мяшкі з пяском і даламітавай мукой? Напэўна, толькі іх родныя,
сябры ды калегі, што называюць сябе ёмістым словам “чарнобыльцы”. А трэба, каб
памятаў увесь уратаваны імі свет!
Сёння, у чарговую гадавіну аварыі, якая раздзяліла жыццё
тысяч людзей на “да” і “пасля”, яны, хто зможа, збяруцца разам, успомняць тыя па-летняму
спякотныя красавіцкія дні -- і наступныя месяцы і гады. Узгадаюць сяброў і сваё
колішняе, “мірнае” жыццё. Вып’юць па чарцы, памаркоцяцца ці пажартуюць…
І – будуць жыць далей: працаваць, гадаваць дзяцей і
ўнукаў, смяяцца і плакаць.
Бо, дзякуючы тым хлопцам, што загінулі ў 1986 годзе і
пазней, у нас ва ўсіх ёсць гэтая цудоўная магчымасць – проста жыць!
Ніна РЫБІК