РОЗДУМ ПЕРАД СНОМ
ПРА БЕЖАНЦАЎ, ЕЎРОПУ І БЕЛАРУСЬ
Каторы ўжо тыдзень ва ўсіх
выпусках навін тэма нумар адзін – бежанцы, якія запаланілі ўсе еўрапейскія
дарогі, параходы, цягнікі, аўтобусы, тэлеканалы, першыя палосы газет…
Ад дзіцячых вачанят, якія
спалохана глядзяць у аб’ектыў фотаапарата і відэакамеры; спакутаваных,
знясіленых твараў захутаных у хіджаб жанчын, што туляць да сябе немаўлят,
сціскаецца сэрца. Разумееш: не ад добрага жыцця
людзі кідаюць свой дом, пажытак і
імкнуцца ў невядомасць. Іх гоніць вайна, страх за жыццё – сваё і дзяцей. Колькі
выпрабаванняў чакае іх паперадзе, ведае хіба што бог: колькі ўжо бежанцаў, што
імкнуліся знайсці лепшую долю, не дабраліся да зямнога раю, якім ім уяўляюцца
Германія, Швецыя, Францыя ды іншыя багатыя еўрапейскія краіны, трапілі (ці не
трапілі) у рай нябесны, заўважаныя ці незаўважаныя пры гэтым рэпарцёрамі…
Людзей, безумоўна, шкада.
Але, калі паспрабаваць выключыць эмоцыі і ўключыць здаровы сэнс, то непазбежна
ўзнікаюць адвечныя рускія пытанні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”
Не падумайце, што я зараз
прапаную вам гатовыя адказы на іх – што называецца, “не па Нінцы шапка”, ёсць
каму пра гэта думаць. Але ж я -- як, напэўна, і кожны нармальны чалавек -- не
магу сказаць: мяне гэта не тычыцца, усё гэта адбываецца недзе там, далёка. Хоць
бы таму, што жыццё неаднойчы даказвала, што свет вельмі цесны, і тое, што
здаецца далёкім, раптам робіцца вельмі блізкім.
Вялікім перасяленнем народаў
ахрысцілі сітуацыю з бежанцамі журналісты. Сцвярджаюць, што такога іх наплыву
Еўропа не ведала з часоў Другой Сусветнай вайны. Лік ідзе на сотні тысяч, у
бліжэйшай перспектыве называюцца мільённыя лічбы жыхароў Бліжняга Усходу і
Паўночнай Афрыкі, якія імкнуцца знайсці прытулак у сытай і бяспечнай Еўропе.
А Еўропа нарэшце схамянулася:
не можам мы прыняць усіх!
І пакуль у Савеце Еўропы,
спрабуючы вырашыць сітуацыю, дзеляць квоты па прыёму бежанцаў паміж краінамі
Еўрасаюза, карэнныя жыхары гэтых краін выходзяць на вуліцы з акцыямі пратэсту:
мы не хочам, не можам, не павінны дзяліць свой дом, свая працу з “прышэльцамі”,
у нас сваіх праблем хапае, мы не павінны вырашаць чужыя! Іх абвінавачваюць у
расізме, заклікаюць да гуманізму, да спачування людзям, якія таксама маюць права
на жыццё, просяць быць цярпімымі -- але
не вельмі паспяхова.
Пратэстныя настроі ў Еўропе
толькі нарастаюць, нават у такой талерантнай і дэмакратычнай краіне , як Швецыя
– і не трэба быць прарокам, каб спрагназаваць, што і далей незадаволенасць
еўрапейцаў нашэсцем не вельмі далікатных і законапаслухмяных азіятаў будзе
толькі нарастаць. І дай бог, каб не знайшоўся другі Гітлер, які з захацеў
скарыстацца гэтымі настроямі для ажыццяўлення сваіх амбіцыёзных планаў.
А карані праблемы – на
паверхні. Краіны Еўропы шмат гадоў ахвотна прымалі ў сябе “ахвяр рэжымаў” з
краін, “рэжымы” і кіраўнікі якіх ім не
падабаюцца. Прычым шчодра забяспечвалі гэтых “ахвяр” сродкамі на жыццё, жыллём,
сацыяльнымі дабротамі. І дазвалялі запрасіць членаў сям’і на тых жа ўмовах… Пры
гэтым паралельна разам з амерыканцамі (якім з-за акіяна, канешне ж, лепш
відаць, хто і як павінен жыць у Еўропе, і не толькі, і для якіх увесь свет –
зона інтарэсаў іх краіны) тайна ці яўна развязвалі ці падтрымлівалі узброеныя
канфлікты ў гэтых краінах.
Хаця, калі б яны ў свой час
паспрабавалі даць гэтым людзям вуды, а не смачную і бясплатную рыбку – грошы,
якія аддавалі на прыём бежанцаў, укладвалі ў падтрымку эканомікі іх краін з
тым, каб мясцовыя жыхары мелі працу і магчымасць ўтрымліваць сваю сям’ю, гэтая
праблема, магчыма, сёння не стаяла б так востра.
Скулу, якая даўно выспявала
на целе бабулькі Еўропы, прарвала – відавочна, што гэта павінна было адбыцца. Па-першае,
тым, хто заставаўся на радзіме у галечы і ў пастаянным страху, таксама хацелася
жыць, як іх шчаслівыя колішнія суседзі-сябры-знаёмыя, якія перабраліся ў
краіны, дзе можна не працаваць – і, атрымліваючы сацыяльную дапамогу, адчуваць
сябе, як у хрыста за пазухай. Па-другое, дома станавілася ўсё больш небяспечней…
І чым больш жыхароў з краін Бліжняга Усходу і Афрыкі праўдамі і няпраўдамі
прасочваліся ў краіны “старога свету”, тым больш тым, хто заставаўся, станавілася
зразумелым, што рана ці позна Еўрасаюз скажа: хопіць! Мы не можам усіх прыняць…
…Я не адношу сябе да ліку
песімістаў, і ўсё ж мне здаецца (дай бог, каб я памылялася!), што сённяшняя
праблема бежанцаў -- гэта пакуль толькі бачная частка айсберга. Нават калі
сумеснымі намаганнямі ўдасца неяк
патушыць сённяшні “пажар”, іскры яго непазбежна разляцяцца – ужо
разляцеліся! -- па Еўропе. І полымя яшчэ ўспыхне, і не раз. Бо не з удзячнасцю
за прытулак і хлеб перасяляецца ў заходнееўрапейскія краіны пераважная
большасць носьбітаў не толькі цямнейшага, чым у еўрапейцаў, колеру скуры, але і
іншай рэлігіі, культуры, традыцый, менталітэту, і не з жаданнем стаць сваімі ў
чужым для сябе грамадстве – хутчэй наадварот… Але гэта ўжо тэма іншай размовы.
…Паглядзеўшы вячэрні выпуск
навін, я кладуся спаць з эгаістычнай думкай: дзякуй богу, што мы жывём у мірнай
спакойнай краіне. Што нам не трэба уцякаць са свайго дома, са сваёй радзімы ў
небяспечную невядомасць, ратуючы дзяцей ад куль і снарадаў. Што кожны, у каго
ёсць жаданне і здароўе, мае магчымасць працаваць і забяспечыць сваю сям’ю. Што
мы можам (толькі чамусьці не вельмі хочам) гаварыць на роднай мове, спяваць
свае песні і хадзіць у свае храмы. Што жывём мы хай сабе не ў самай багатай
краіне свету – але ў сваёй!
І ў першую чаргу ад нас
залежыць, каб так было заўсёды…
Ніна РЫБІК