Талент і прафесіяналізм
…Пачынаючы аўтар прыносіць у
газету свае вершы (ці апавяданне, ці артыкул). Пачынаю чытаць – і заміраю ў
захапленні: ух ты, як здорава! Якія цікавыя вобразы, метафары, якая глыбокая
думка, якая арыгінальная, свежая мова! Гэта ж – знаходка! І чаму мы раней мы
пра яго нічога не ведалі?
Але чытаю другую трэцюю,
наступную страфу (радок, абзац) – і захапленне з мяне выходзіць, як паветра з
праколатага тоненькай іголачкай шарыка -- пакрысе, але беззваротна… Не трэба
быць рэдактарам ці літаратурным крытыкам, каб убачыць, як пачынае “гуляць”
рытм, немаведама куды дзяваецца арыгінальная рыфма, звёўшыся да банальнага
“кроў-любоў”, ды і ўвесь сэнс верша, які напачатку абяцаў так многа,
заканчваецца традыцыйным “Я цябе любіў(ла), а ты мяне забыў(ла), ах, які я
няшчасны(ная)…”, як лезе ў такі, здавалася б, цікавы тэкст, як жабы з балота
пасля цёплага майскага дажджу, усялякая афіцыяльшчына-канцыляршчына – розныя
там “дадзеныя мерапрыемствы”, “вышэйзгаданыя асобы” і іншыя “хлебабулачныя
вырабы”…
Што гэта? Куды падзелася
зачараванне ад першых таленавітых радкоў? Хай бы іх засталіся толькі чатыры ці
два – сэнсу, пачуцця, прыгажосці, гармоніі ў іх было больш, чым у наступных
пяці “слупках” (абзацах, старонках)! А яшчэ лепш, калі б аўтар знайшоў час і жаданне
папрацаваць над вершам ці артыкулам, падшліфаваць яго, пашукаць вартую рыфму і
знайсці патрэбнае слова…
Ды дзе там! Некаторыя нават
ганарацца: “Я ніколі не перарабляю свае вершы: як легла – так няхай і
застаецца!”. Дык няхай бы так і было -- калі б верш той пісаўся выключна для
сябе, сваіх сяброў і родных: яны вас усялякага любяць і ведаюць, а вы сябе –
тым больш. Ну а калі прэтэндуеце на тое, каб твор гэты стаў усенародна
прачытаным -- тады пастарайцеся, калі ласка, каб “легла” так, як трэба, а не ў
“пракрустава ложа”, каб не тырчэлі “вушы-рукі-ногі”, якія так і хочацца
абрэзаць. Ды толькі пытанне: што тады застанецца?
…Ці іншы прыклад. Сяджу на
канцэрце музыкі, які піша і выконвае аўтарскія песні. Ну безумоўна, ж талент! І
сыграць, і праспяваць… А яшчэ харызма патокам бруіць са сцэны, захлістваючы
залу…
Але маё рэдактарскае вуха не можа не пачуць:
вось тут аўтар уціснуў – на няведанню ці дзеля рыфмы – рускае слова ў беларускі
верш… Тут слова яўна лішняе – гэта выканаўца спрабуе замаскіраваць рэчытатывам,
але ж усё роўна чуваць… А тут, калі ўслухацца ў тэкст, зусім нейкая білеберда
атрымліваецца: кветка ўецца над зямлёй… Прыкра: чалавек жа сапраўды таленавіты!
Калі б папрацаваў над вершамі даўжэй і быў больш прыдзірлівым да сябе, ці, калі
не атрымліваецца, папрасіў зрабіць гэта прафесіянала -- неблагая песня
атрымалася б.
Зрэшты, нехта можа сказаць,
што сёння нават зоркі спяваюць не вершы, а тэксты – напэўна, клапоцяцца, каб не
засталіся без працы сатырыкі кшталту Міхаіла Задорнава. Дык што я чапляюся да
аўтараў драбнейшага рангу? Для іх ды для нашага правінцыйнага гледача “і так
добра”.
Вось гэтае: “і так
добра” ці ўсё ж “трэба зрабіць, каб было
добра” – і адрознівае, на мой погляд, таленавітага чалавека ад прафесіянала. Бо
талентаў (добра, скажам больш сціпла: здольных людзей) – шмат, а вось
прафесіяналаў – адзінкі.
Калі Бог некага пацалаваў у
макаўку, пасылаючы на зямлю, -- гэта, бясспрэчна, вялікая ўдача. Але трэба
памятаць: гэта – не яго асабістая заслуга, гэта – дарунак нябёсаў. І аванс, які
трэба адпрацаваць… І не абы-як, не прынцыпу “І так добра…” Не задзіраць нос:
вось, маўляў, які я, увесь такі незвычайны… Не загубіць, а развіваць,
удасканальваць гэтую Богам падораную іскру таленту штодзённай працай, вучобай,
няўдачамі і перамогамі -- над сабой, над непадатлівым гукам, мазком, словам,
рухам -- да ўзроўню прафесіяналізму. І сказаць, паказаць, зрабіць для людзей
нешта такое, што дапаможа ў іх душах абудзіцца нечаму новаму – думцы, пачуццю,
разуменню…
А калі іскра таленту
расходуецца адно на тое, каб адчуць п’янкаваты водар славы, апладысментаў,
пахвалы, то яе шчаслівы ўладальнік – вялікі даўжнік перад Богам.
Зрэшты, гэта – толькі маё
меркаванне…
Выпакутаванае…