ЖЫЦЦЁ НАШЫХ ДЗЯЦЕЙ

 

Аўтарам, якія спрабуюць ствараць уласныя творы -- да якіх адношу і сябе -- напэўна, знаёма гэтае пачуццё: кожнае апавяданне (гэта ў мяне, у некага іншага, магчыма, карціна, песня ці верш) нараджаецца ў пакутах, сумненнях, бяссоннымі начамі. І калі нават потым ты сам бачыш у сваім творы нейкія недахопы -- ён дарагі табе, як уласнае дзіцятка…

А яно, гэтае “дзіцятка”, табой народжанае, ледзь пабачыла свет – і стала жыць уласным жыццём, неадназначным: часам падабаецца людзям, а калі -- і не, некага кранае за душу, а для іншых застаецца непрыкмечаным І ты назіраеш за яго самастойным жыццём з перажываннем – каб жа толькі ў яго ўсё атрымалася, і нейкай своеасаблівай рэўнасцю, якая бывае толькі ў бацькоў да дзяцей, а часам нават са здзіўленнем: гэта сапраўды -- маё?!

З гэткім здзіўленнем, часам – бацькоўскай рэўнасцю і нават непазнаваннем уласнага твора я сачыла за самастойным жыццём сваёй п’есы “Калядны вечар”, пераўтворанай ў драматычны твор з апавядання “Вечар перад Ражаством”. І хоць прысутнічала на кожнай рэпетыцыі, са здзіўленнем адзначала, што спектакль, які нараджаўся на маіх вачах і з маім непасрэдным удзелам, быў зусім іншы, чым апавяданне і нават п’еса. Ён жыў сваім жыццём! Яго нанова “нараджалі” рэжысёр-пастаноўшчык Вольга Турубарава, нашы самадзейныя акцёры – Хрысціна Гіруць, Вольга Лябецкая, Наталля Волк-Леановіч, Галіна Свірыд. Прыдумвалі гераіням жыццё, якое яны пражылі да сустрэчы ў доме састарэлых, рысы характару, мову, звычкі, рухі…

Узнікае заканамернае пытанне: для чаго нам усім гэта патрэбна? Навошта шэсць зусім не юных жанчын, абцяжараных працоўнымі, грамадскімі і хатнімі клопатамі, на працягу амаль двух месяцаў кожны вечар адкладвалі ўсе свае справы і па дзве гадзіны, а то і больш, аддавалі рэпетыцыям? Нас ніхто не прымушаў, гэта не ўваходзіла ў нашы службовыя і нават грамадскія абавязкі, нам не “спускалі” дырэктыву “зверху” і мы не рыхтаваліся да чарговага невядома кім аб’яўленага і нікому непатрэбнага конкурсу. Мы не спадзяваліся на нейкае матэрыяльнае ўзнагароджанне і не рваліся на сцэну, “у артысткі”– наадварот, гэта палохала найбольш.

Найлепш нашу агульную мэту выказала пасля адной з рэпетыцый Наталля Волк-Леановіч. “Калі гэты спектакль “зачэпіць” хоць аднаго гледача, калі хоць нехта адзін не адвязе свайго бацьку ці маці на сацыяльны ложак ці дапаможа старому чалавеку, што жыве па-суседску – значыць, мы не дарэмна тут стараліся, не змарнавалі час”.

Пасля спектакля было шмат удзячных водгукаў ад гледачоў, якія сведчылі: сапраўды, “зачапіла”. Значыць,  сваю галоўную мэту мы выканалі.

Хоць была ў спектакля і яшчэ адна, больш канкрэтная і практычная мэта: сабраць сродкі для дапамогі адзінокім старым, якія, самі таго не ведаючы, сталі прататыпамі герояў п’есы. Яна была ўжо напісана, і поўным ходам ішлі рэпетыцыі, калі я пабывала ў Міхалішкаўскай бальніцы, дзе сярод пацыентаў сацыяльных ложкаў сустрэла ўсіх сваіх гераінь: і Міхайлаўну, і Стасечку, і Веру, і Сцепаніду… Нельга без сардэчнага болю глядзець у выцвілыя ад слёз вочы гэтых старых… Нам хацелася падарыць ім хоць маленькае свята. І прыцягнуць да гэтай высакароднай справы як можна больш жыхароў Астравеччыны.

На шчасце, гэта нам удалося. І мы ў чарговы раз пераканаліся, што людзі ў нас не настолькі чэрствыя і скупыя, як многія прывыклі думаць, і што душы іх заўсёды гатовыя адгукнуцца на чужую бяду – ва ўсякім выпадку, такіх вельмі шмат.

Уваход на спектакль быў свабодны: не было ні білетаў, ні пэўнай цаны на іх. Людзі маглі пакінуць свае ахвяраванні пры ўваходзе ў залу – хто колькі мог ці лічыў патрэбным – для дапамогі пацыентам сацыяльных ложкаў Міхалішкаўскай бальніцы.

І яны пакідалі – хто тысячу рублёў, хто – 20 ці 50 тысяч. А хто – і 100 ці 200 тысяч. І не толькі пры ўваходзе ў залу – многія пакідалі грошы, выходзячы з яе – нам гаварылі, што такіх было нават больш. А некаторыя, хто па нейкіх прычынах не мог прыйсці на спектакль, потым прыносілі грошы ў рэдакцыю з той жа просьбай: на ахвяраванні для абяздоленых старых.

На гэтыя грошы былі набыты падарункі для кожнага пацыентаў, што знаходзіліся на ўтрыманні  на сацыяльных ложках. Шчасцю бабулек і дзядуляў не было мяжы… Гэтаксама, як і слязам… Хоць і сцвярджалі пацыенты, што плачуць ад радасці – ад усведамлення, што пра іх, забытых і пакінутых, помняць…

І сардэчнаму болю, які не адпускае да гэтага часу…

 

Ніна РЫБІК