ЧЫТАЦЬ – ЗНАЧЫЦЬ, ДУМАЦЬ І
АДЧУВАЦЬ
Кажуць, выпадковасцяў не
існуе…
…Спачатку рэдакцыя “Астравецкай
праўды” і раённы савет жанчын аб’явілі акцыю сямейнага чытання “Чытаем разам”.
…Затым у сацыяльных сетках я
сустрэла артыкул аб тым, што апошнім часам людзі сталі выкідваць у смеццевыя
кантэйнеры… кнігі. І не творы апалагетаў тэорыі марксізму-ленінізму, не “Малую
зямлю” і “Цаліну” “дарагога Леаніда Ільіча”, не нейкія там графаманскія вершыкі
ці апавяданні, выдадзеныя за ўласныя ці спонсарскія грошы дзеля пацехі ўласнага
самалюбства аўтара і яго родных. Не, на сметнікі выносіцца класіка, цудоўныя
творы! “Чаму так?” – задаваў рытарычнае пытанне аўтар артыкула. І прыводзіў
дадзеныя сацыялагічных даследаванняў: сёння ўжо больш як у 30 працэнтаў сем’яў
у доме няма кніг – увогуле! І пры гэтым больш як 80 працэнтаў жыхароў краіны увесь
вольны час праводзяць са сваім “лепшым сябрам” – тэлевізарам…
З аўтарам спрачаліся ў каментарыях:
маўляў, друкаваная кніга аджывае свой век, бо яна нязручная, цяжкая, урэшце, да
непрыстойнасці дарагая, і многія зараз чытаюць кнігі на сваіх гаджэтах – камп’ютарах,
планшэтах, у спецыяльных электронных кніжках… Зрэшты, проста слухаюць іх – аўдыёкнігі
зараз вельмі папулярныя.
Па праўдзе кажучы, і я апошнім
часам таксам прыстрасцілася да гэтай выгоды цывілізацыі – аўдыёкніг: вельмі ж
дапамагаюць эканоміць час! А пры ўмове,
што патрапіш на добры аўдыёспектакль ці агучвае кнігу таленавіты артыст, то
двайное задавальненне атрымаеш.
Дык вось, днямі паслухала
кнігу Рэя Брэдберы “541 градус па Фарэнгейту”, якая неяк недаравальна прайшла
міма ў лепшыя часы: я не з’яўляюся вялікім прыхільнікам фантастыкі.
І кола выпадковасцяў замкнулася…
Даўно заўважана, што
пісьменнікі ўвогуле і фантасты ў асаблівасці здольны прадказваць будучыню. Свой
знакаміты твор вядомы на ўвесь свет амерыканскі пісьменнік напісаў у 1953-ім годзе, калі эра тэлебачання
толькі пачыналася, наша краіна лічылася самай чытаючай у свеце, кніга была
лепшым падарункам, а дыхтоўная хатняя бібліятэка – прыкметай паспяховасці… І
хай сабе пасмейваліся, што ў некаторых сем’ях кнігі ў тую бібліятэку падбіраліся па колеру
вокладкі, усё ж яны – былі! І многія, калі не ўсе, іх чыталі!
З часу выхаду кнігі “541
градус па Фарэнгейту” прайшло крыху больш як паўстагоддзя. Не, у нас на шчасце,
не садзяць у турму за чытанне кніг (бо
чытаць – гэта значыць думаць, а калі людзям дазволіць гэта рабіць, то яны
могуць дадумацца немаведама да чаго! Таму лепш кнігі спаліць, тых, хто
асмеліўся іх чытаць, -- у турму, а суседзям сказаць, што ён – вар’ят, бо чытаў
кнігі!) У нас няма пажарнікаў, якія па выкліках суседзяў, а то і членаў сям’і
едуць паліць дамы, дзе яшчэ засталіся схаваныя кнігі.
Але… Дэвіз: “Галоўнае ў жыцці
– гэта работа, а пасля работы – забавы” – вам гэта нічога не нагадвае? А тэлевізійны
пакой, у якім усе сцены – экраны тэлевізараў, і жыццё ў доме падпарадкавана часу
пачатку чарговага тэлешоу без сэнсу і значэння? Так і бачыш нашы тэлевізары ва
ўсю сцяну і бясконцыя ток-шоу, што ідуць у прайм-тайм, у якіх высвятляюць
адносіны свякроўкі і нявесткі, дзеляць дзяцей былыя мужы і жонкі, а кватэры і
грошы – спадкаемцы; падобныя адзін на другі, як блізняты, серыялы; крыўлянне
клоунаў у масках і без іх, ад якога гледачам па ідэі павінна станавіцца весела…
Напэўна, некаторым становіцца: калі зоркі запальваюць – значыць, гэта некаму
трэба…
І тады… “Людзі зараз не
размаўляюць… Не, яны гавораць – пра машыны, пра свае дамы, пра адзенне і ежу – але
яны не размаўляюць”… Не размаўляюць, бо не думаюць. Бо думаць – шкодна. І часта
-- не вельмі весела. Ды і калі размаўляць, калі адна телеперадача змяняе
другую? Паспець бы падчас рэкламнай паўзы перакусіць… “Навошта нам свабода і
роўнасць, галоўнае ж – быць аднолькавымі, не выдзяляцца ад іншых”… “Ён лічыць
не так, як усе – значыць, ён вар’ят, і яго трэба адправіць у псіхушку”… “Нашы
школы выпускаюць бегуноў, скакуноў, плаўцоў, а слова “інтэлігент” стала
абразлівым.
Нейкія вельмі ж пазнавальныя
паралелі працягнуў Рэй Брэдберы з Амерыкі 50-х у наш час і ў нашу прастору. Да жаху
падобныя…
І ўсё ж хочацца верыць, што прароцтва
амерыканскага пісьменніка ніколі не збудзецца – ні ў нашай краіне, ні дзе б
гэта ні было. Што нашы людзі выносяць кніжкі на сметніцу толькі таму, ім
падабаецца чытаць іх у больш кампактным і зручным электронным выглядзе.
І што акцыя “Чытаем разам” хоць
для некага, хоць для адной сям’і, стане штуршком, каб пачытаць разам кніжку – і
потым абмеркаваць яе. Не проста пагаварыць, а паразмаўляць!
Скажаце, я невыправімая
аптымістка? А хоць бы і так!
Ніна РЫБІК