Аповесць
Скрыжаванні
Частка 1
Таццяна спазнялася на важную
сустрэчу. Сёння павінна было вырашыцца, падпішуць яны кантракт, які дазваляў яе
фірме мець гарантаваны прыбытак як мінімум год, а калі пашанцуе і гэтыя
адносіны працягнуцца, то і даўжэй, ці давядзецца шукаць іншы заказ. А гэта
столькі марокі, ды і невядома, ці атрымаецца знайсці іншага такога заказчыка...
Выехала яна зараней, але на
ўлічыла пробкі – і, калі даехала да месца, часу заставалася ўпрытык. І, як
назло, ніводнага свабоднага месца на паркоўцы! Яна раз і другі праехала міма
стаянкі, спадзеючыся, што нехта ад’едзе – машыны стаялі, як прымарожаныя! І
ад’ехаць куды далей, а потым пехатой прайсціся да офіса, часу не ставала: яна і
так ужо парушала ўсе магчымыя правілы прыстойнасці.
Нарэшце, насуперак усім
правілам, яна спынілася насупраць адчыненых варот у нейкую арганізацыю і
прамармытаўшы: “Ну не заб’юць жа мяне за гэта! Ва ўсякім выпадку, адразу… А
можа, калі пашанцуе, нікому не спатрэбіцца сюды заязджаць ці выязджаць…”, і асцярожна
паспрабавала ўціснуць сваю серабрыстую, нядаўна купленую “Таёту” ў праезд…
І тут аднекуль, як чорт з
табакеркі, выскачыў гэты мужчына – не па сезону лёгка апрануты, у патрапаных
джынсах, палінялай футболцы і старамодным пінжаку.
--Мадам, у вас праблемы?
Дазвольце дапамагчы. За вельмі сціплае ўзнагароджанне я пастаўлю вашу машыну ў
гэты двор – і ніхто не будзе мець да вас ніякіх прэтэнзій, -- ён, здаецца,
чытаў яе думкі.
--А гэта ваш двор?—спытала з
недаверам Таццяна.
--На жаль, не, -- развёў рукамі
мужчына. – Але я магу гэта зрабіць – паставіць сюды вашу машыну і вырашыць на
нейкі час праблему з паркоўкай. Толькі пры ўмове, калі вы не збіраецеся
вярнуцца пазней, чым закончыцца рабочы дзень.
Гэты інтэлігентны бомж
невядома чаму выклікаў давер. Да таго ж выбару ў яе не было. Яна сунула яму
дзесятку і заехала ў вароты.
--Я вярнуся гадзіны праз
дзве. Спадзяюся, што застану вас тут і што не ўбачу на варотах замок.
--Не сумнявайцеся, мадам, --
пакланіўся ён іранічна-пачціва.
“Глядзі ты, які джэнтльмен –
у абтрапаных джынсах з зацыраванымі дзіркамі і пінжаку з чужога пляча”, -- скептычна
падумала яна, подбегам перабягаючы вуліцу.
“А вочы ў яго якія, --
успомніла чамусьці, падымаючыся ў ліфце. – Як у пабітага сабакі: калючыя,
іранічныя, а на самым донцы – добрыя-добрыя…”
“Вось толькі пра вочы – не
трэба! – зазлавалася раптам на сябе. – Наглядзелася ўжо ў такія вось, добрыя і
адданыя, пабітыя і вінаватыя… Хопіць! Ніякіх вачэй, ніякіх нюняў! Ты – дзелавая
жанчына, і адносіны з мужчынамі ў цябе -- выключна дзелавыя.”
…Яна спазнілася ўсяго на пяць
хвілін, але магчымым партнёрам гэта не спадабалася. Таццяна разумела, што яны
маюць рацыю: уважлівыя абставіны – не апраўданне для спазнення на дзелавую сустрэчу,
і старалася не напаляць і без таго крыху нервозную абстаноўку. Але да канца
размовы усе, здавалася, забыліся пра яе “пракол” і захоплена абмяркоўвалі
дэталі магчымага будучага супрацоўніцтва – чым далей, тым больш абодва бакі
прыходзілі да высновы, што яно не проста магчымае, а неабходнае.
Толькі калі выйшла з будынка,
яна ўспомніла пра сваю прыгоду з паркоўкай і занепакоілася: сустрэча доўжылася
куды больш, чым заяўленыя ёй дзве гадзіны, і рабочы дзень блізіўся да
завяршэння.
Вароты і сапраўды былі
зачынены, але інтэлігентны бомж чакаў яе. Раскрыў, гэтак жа іранічна
пакланіўся:
--Усё ў поўным ажуры, мадам!
Але Таццяна спынілася
разгублена: выезд з варот быў вузкі, яшчэ адна машына прыпаркавалася ўпрытык да
праезду… З яе трохмесячным вадзіцельскім
стажам выбрацца адсюль і развярнуцца затым на невялічкім пятачку – задача
вельмі рызыкоўная…
Ён заўважыў яе разгубленасць:
--Дапамагчы вам выехаць?
--За дадатковую плату? –
хмыкнула яна.
--Ды не, у якасці бясплатнага
бонусу. Ці падарунка – іншы, на жаль, зрабіць не магу. Ну і вы мне ў такім разе
падарунак зробіце: даўно не сядзеў за рулём машыны, ды яшчэ такой шыкоўнай.
--Ну добра, хай будзе
падарунак, тым больш, што двайны, -- яна з задавальненнем села на любімае
пасажырскае месца.
Ён лёгка, можна сказаць,
элегантна праціснуўся паміж масіўным “Джыпам” і вішнёвай “Аўдзюхай”, ліха
развярнуўся, праехаў да скрыжавання.
--Вам куды?
Яна паглядзела на яго
здзіўлена: аб гэтым яны не дамаўляліся! Але так не хацелася перасаджвацца за
руль, ды яшчэ ў прадвечаровую гадзіну “пік”, зноў адчуваць пастаяннае
напружанне на скрыжаваннях, трымаць у памяці, калі ў які рад перастроіцца, чуць
красамоўныя сігналы суседніх машын на кожную яе прамашку і здагадвацца, якія
“кампліменты” пры гэтым ёй “адважваюць”…
І яна назвала адрас,
удакладніўшы для парадку:
--Што водзіце віртуозна, я
заўважыла. А правы ў вас ёсць?
--Ну, мадам, вы мяне
крыўдзіце…
--А з алкаголем як?
--Ну я ж сеў за руль –
значыць, ніяк. Рызыкаваць правамі я сабе дазволіць не магу.
…У горадзе, запруджаным
аўтамабілямі, ён адчуваў сябе, як рыба ў вадзе: хутка перастройваўся перад
патрэбным скрыжаваннем, віртуозна манеўраваў, умудраўся праціскацца ў любую
найменшую шчыліну. Яна міжволі залюбавалася яго манерай ваджэння і падумала,
што сама, напэўна, ніколі не навучыцца так: за рулём заўсёды нервуецца і,
напэўна, з-за гэтага трапляе ў непрадказальныя сітуацыі.
Пакуль даехалі – а офіс яе
фірмы быў у другім канцы горада – яна, адкінуўшы спінку сядзення, абдумвала
дэталі кантракту, планавала будучы дзень – і адпачывала... І ён, падобна, таксама
атрымліваў асалоду ад гэтага падарожжа па гораду: калі прыехалі на месца, не
спяшаўся выходзіць: сядзеў і пяшчотна пагладжваў руль…
--Добрая ў вас машына, --
пахваліў.—Паслухмяная, манеўраная… Дзякуй, падарунак вы мне зрабілі цудоўны –
даўно не адчуваў такой асалоды. А вы што, жывяце тут?
--Ды не, тут мой офіс. І вытворчы
цэх. І гараж. А дом непадалёку, так што можна лічыць, што я ўжо на месцы. Зайду
вось толькі на працу…
--Падначаленых праверыць?
--Гляньце на гадзіннік!
Падначаленыя даўно дома, мужам катлеты смажаць і ў дзяцей урокі правяраюць.
--А ў вас што, рабочы дзень
яшчэ не закончыўся?
--А я – кіраўнік, таму ў мяне
рабочы дзень ненарміраваны. Гэта толькі здаецца, што начальнікі існуюць толькі
для таго, каб “рукамі вадзіць” і падапечным разгон даваць. Да таго ж правяраць
урокі ў дзяцей у мяне даўно няма патрэбы…
--А катлеты?
--А катлет яшчэ паспею
насмажыць, мы вячэраем позна...
--Дарэчы, а як вы даберацеся назад? –
спахапілася яна. – Вы ўвогуле дзе жывяце?
--Не хвалюйцеся, дабяруся, --
на гэты раз ужо ён ухіліўся ад прамога адказу.
І раптам у Таццяны, нечакана
для яе самой, вырвалася:
--А вы не маглі б заўтра
гадзін у дзевяць сюды пад’ехаць? Так бы мовіць, нейкі папрацаваць у мяне
вадзіцелем. Дзень ці некалькі, як у вас атрымаецца. Я заплачу. Ведаеце, у мяне
напружаны графік, шмат трэба ездзіць па гораду, а правы я атрымала нядаўна і
вадзіцель з мяне, як вы, напэўна, заўважылі, не вельмі…
--Заўважыў, -- усміхнуўся ён.
Яна ўзлавалася на гэтую яго
ўсмешку і таксама ўкалола:
--Калі, вядома, вашы вароты
змогуць без вас абысціся…
--Лёгка! І з задавальненнем!
– адказаў ён адначасова і на пытанне, і на прапанову, не зважаючы на яе іронію.
Праз хвіліну ён гэтак жа
лёгка – а для яе гэта заўсёды было выпрабаваннем -- загнаў машыну ў гараж,
замкнуў яго, аддаў ёй ключы.
--Ну то што, да заўтра?
--Слухайце, давайце хоць
пазнаёмімся. Мяне Таццянай завуць. Прабачце – Таццяна Аляксееўна.
--А мяне -- Юрый Аляксандравіч.
Для вас – проста Юрый, -- адказаў ён ёй у тон і, махнуўшы на развітанне рукой,
знік у прахадным двары.
Частка 2
Таццяна прыйшла дамоў, стала
гатаваць вячэру -- а ў галаве ўвесь час круцілася сённяшняя нечаканая сустрэча
з гэтым “інтэлігентным бамжом”, як яна празвала пра сябе новага знаёмага.
“І тузануў цябе чорт за язык
з прапановай гэтай работы, -- дакарала саму сябе. –Вядома, цяжка ўвесь час быць
за рулём, ды яшчэ і пра справы думаць. Але што гаварыў інструктар у аўташколе:
не будзеш ездзіць – не навучышся. А ты ўсё сабе палёгку шукаеш. І калі табе ўжо
так спатрэбіўся шафёр, няўжо нельга было ўзяць праверанага, надзейнага? Валодзя
б параіў некага. А то – нейкага бамжа, што вароты сцеражэ, падабрала! Вось размалоціць
заўтра тваю новенькую “ластаўку” і знікне – шукай потым ветру ў полі. Ці
ўвогуле ўгоніць ды перапрадасць – будзеш ведаць, як давяраць першаму стрэчнаму.
І колькі можна ўсіх шкадаваць, колькі можна наступаць на адны і тыя ж граблі?
Нічому цябе, дзеўка, жыццё не вучыць… Вочы, ці бачыце, у яго збалелыя ды
разумныя! Мала ты бачыла такіх вачэй? Калі забылася, то вунь, паглядзі – блішчаць
за сталом насупраць, шчаслівыя, задаволеныя: залік сёння здаў! Якраз такія, як
у яго бацькі -- васількова-блакітныя, як валошкі ў жыце…”
…У тым самым даспяваючым
жыце, дзе па вузенькай сцежачцы некалі ішлі яны з Сашам – даўным-даўно, у
мінулым жыцці. У яго былі якраз такія вочы – нібы россыпы валошак. І ў іх
заўсёды дрыжала смяшынка. З ім было так лёгка, так весела і цікава! Яны
бясконца гаварылі: ён пачынаў фразу, а яна заканчвала, ці наадварот – і весела
смяяліся. Здавалася, яны не проста думаюць аднолькава – іх сэрцы б’юцца, як
адно.
У іх былі канікулы. Саша,
якога пасля смерці маці выхоўвала яе сястра, адзінокая цётка Аня, гасціў у вёсцы, набіраючыся сіл перад апошнім
курсам інстытута. Таню чакаў апошні, выпускны клас школы.
--Пачатак канца, якім
заканчваецца пачатак, -- так называў ён іх апошняе лета дзяцінства.
--Гэта як? – не зразумела Таня.
--Ну вось, пачнецца верасень
– канчатковы этап вучобы, тваёй і маёй. Але гэтая вучоба – толькі пачатак
жыцця. Вось і атрымліваецца, што гэта – пачатак канца. Якім заканчваецца
пачатак – наша першая прыступка ў самастойнае жыццё…
--Вечна ты закруціш! –
засмяялася яна.
А потым змоўкла, стала
задуменна церабіць у руках сарваны каласок.
--Гэй, аб чым зажурылася,
прынцэса? – паспрабаваў ён вярнуць ранейшы вясёлы настрой.
--Шкада, што ты хутка
ад’язджаеш. Я так прывыкла да цябе за гэтае лета…
--А я як прывык! І чаму гэта
мы так позна пасябравалі? Як я раней цябе не заўважаў?
--Ага, была табе справа да
суседкі-малалеткі. На іншых заглядваўся – я ж бачыла, як са старшынёўскай
Тонькай на танцах абдымаўся. І Зойку дахаты праводзіў…
--Ах ты, шпіёнка малалетняя!
– ён лёгенька, жартам шлёпнуў яе па мяккім месцы. – Сачыла за мной, значыць?
--Яшчэ чаго, надта трэба –
сачыць за табой! – зрабіла выгляд, што пакрыўдзілася, Таня. – Што мне, вочы
завязваць было, як ты з Зойкай шпацыраваў па вуліцы?
--Ну ладна, што гаварыць пра
тое, што было? Дурны быў – вось і заглядваўся на іншых. Затое цяпер разумею,
што лепшай за цябе ва ўсім свеце няма.
--Так ужо і ва ўсім? – недаверліва
хмыкнула Таня і паказытала каласком яго руку. – У горадзе, пэўна, не такія
красуні ходзяць. І разумніцы, з вышэйшай адукацыяй…
--Дурненькая ты мая, --
прыгарнуў ён да сябе дзяўчыну. – Думаеш, вышэйшая адукацыя – гэта ўжо розум? І
размаляваны твар – гэта ўжо прыгажосць? Я цябе прашу: закончыш школу, паедзеш у
горад вучыцца – глядзі, не стань такой, як гэтыя гарадскія. Яны ўсе… Ну як табе
сказаць? Нейкія аднолькавыя – як лялькі ў магазіне. Сукенкі, здаецца, розныя, і
твары, і прычоскі, а ўсе – пластмасавыя… А ты – сапраўдная, жывая. За гэта я
цябе і пакахаў, -- будзённым голасам, нібы паведаміў, што новую кашулю купіў,
прамовіў Саша словы, якія яна з заміраннем сэрца чакала, марыла пачуць, сніла…
--Што? Што ты сказаў? – Таня
адхінулася ад яго дужага пляча і стала ўглядацца ў валошкавыя вочы: ці не
смяюцца яны, ці не жартуе хлопец? Але блакіт свяціўся цеплынёй і пяшчотай…
--Тое, што чула: я цябе кахаю,
-- паўтарыў ён і моцна абняў. – Ты – самая лепшая. І я ніколі не дазволю табе
стаць пластмасавай лялькай. Я заўсёды буду побач. І буду сачыць за тваімі
паводзінамі -- як некалі ты за мной, маленькая шпіёнка!
--Як гэта? – не зразумела
Таня.
--Ну, пра гэта іншым разам. І
ўвогуле – хопіць на сёння сур’ёзных размоў! – адмахнуўся Саша і стаў цалаваць
яе, пяшчотна, як крылцы матылька, дакранаючыся вуснамі да голых рук, адкрытых
плячэй, загарэлай шыі, ямачкі на шчацэ… Таня заплюшчыла вочы, прыслухоўваючыся,
як недзе з самай глыбіні яе ўлоння падымаецца нязведаная да таго цёплая хваля
пяшчоты і жадання, якая разлівалася па целу, паралізоўвала рухі, волю, думкі…
“Другі раз”, пра які не
захацеў гаварыць Саша падчас спаткання ў жыце, здарыўся напярэдадні яго
ад’езду. Таня хадзіла сумная: апошні дзень, апошні вечар… Як яна будзе без яго,
калі ўвесь сэнс жыцця, здаецца, звёўся да іх сустрэч, спатканняў, размоў? І
вось сёння – апошні вечар…
Ён прыйшоў, як сцямнела –
прыбраны, з букетам гладыёлусаў. Не пастукаў, як звычайна, у акно, а зайшоў у
хату. Бацькі якраз вячэралі. Таня счырванелася, як півоня: што ён сабе
дазваляе, што бацькі скажуць? Маці, якая ведала пра іх спатканні – ды і хто пра
іх не ведаў, уся вёска гудзела – спалохана ўскочыла: што здарылася?
Саша павітаўся і, не чакаючы
адказу – відаць, таксама хваляваўся – пачаў з галоўнага:
--Паважаныя Ганна Мікалаеўна
і Пятро Іванавіч! Я хачу папрасіць у вас рукі вашай дачкі.
Бацькі разгублена паглядзелі
адзін на аднаго, затым на Таню, на Сашу, зноў на Таню… Бацька нейкім занадта
пільным позіркам стаў аглядваць постаць дачкі, твар – у Тані, і без таго
пунсовай, пачырванелі, здаецца, нават пяткі.
--Але як жа? – першай падала
голас маці – Яна ж яшчэ зусім дзіця, ёй школу заканчваць трэба, пра інстытут
яна марыць… Ды і табе ж яшчэ вучыцца.
--Ці ўжо не цярпіцца? –
перасеўшым голасам, які не абяцаў нічога добрага, абазваўся бацька.
--Тата, што ты кажаш, як табе
не сорамна! – Таня гатова была расплакацца.
Але Саша зноў узяў ініцыятыву
ў свае рукі.
--Не хвалюйцеся, цярпіцца. І
я не кажу, што мы пажэнімся заўтра ці паслязаўтра. Няхай Таня вучыцца. І я
паеду заканчваць свой інстытут. А наступным летам мы пажэнімся і паедзем разам
туды, куды мяне размяркуюць. А вучоба… Кажуць, для дзяўчыны лепшая адукацыя –
выйсці ўдала замуж. Я сваю сям’ю пракарміць здолею.
--Тады навошта так спяшацца з
гэтымі вашымі заручынамі? – усё яшчэ недаверліва паглядваў бацька то на
будучага зяця, то на дачку.
--Я хачу, каб вы ведалі, што
я кахаю Таню і не дзеля забаўкі праводжу з ёй час, -- гэтак жа цвёрда прамовіў
Саша. – Што я – па-сур’ёзнаму…
--Танечка, ты што скажаш? –
глянула на дзяўчыну маці.
--Я?—сумелася Таня. І выдыхнула
сарамліва, счырванеўшыся яшчэ больш – хоць больш, здавалася, ужо немагчыма. --Я
згодная…
--Толькі ж ты глядзі, Саша,
не крыўдзі нашу Танечку, адна яна ў нас, -- голас у маці задрыжэў, і яна
пастаралася схаваць павільгатнелыя вочы.
--Хіба ж яе можна
пакрыўдзіць? Яна такая харошая…-- шырока ўсміхнуўся Саша, а за ім – і ўсе астатнія.
Тую ноч яны гулялі навылёт –
гаварылі, строілі планы, цалаваліся… А ранкам ён паехаў.
Лісты ад яго ішлі штодзённа –
цёплыя, ласкавыя, кожны радок у іх быў прасякнуты каханнем. І Таня яму
адказвала тым жа – апісвала кожны свой дзень, расказвала пра кожную, самую нязначную
падзею, дзялілася думкамі, пачуццямі, перажываннямі.
У лютым ён прыехаў на
канікулы. Бацькі якраз адправіліся ў Маскву на вяселле да мамінай пляменніцы,
Таня ж засталася на гаспадарцы. І гэты тыдзень яны не развітваліся ні на хвілінку:
насілі дровы, палілі печ, расчышчалі дарожкі ад снегу, гатавалі снеданне і
вячэру, мылі посуд, кармілі парсюкоў – усё разам, поруч, стараючыся кожны
момант прытуліцца ці хоць дакрануцца адзін да аднаго. Гэта днём, а калі
надыходзіла ноч, то пяшчота, асалода, каханне, здаецца, разліваліся ў невялікім
Таніным пакойчыку, запаўнялі ўсю прастору – іх можна было кратаць рукамі, піць
нагбом, яны пранікалі ў кожную пору іх целаў і рабілі іх самымі шчаслівымі ў
свеце…
…Развітваючыся, дамовіліся,
што ў маі ён прыедзе і яны пададуць заяву ў загс – васемнаццаць Тані спаўнялася
ў канцы красавіка. А ў чэрвені, як ён абароніць дыплом, а яна здасць выпускныя
экзамены, згуляюць вяселле.
Праз нейкі час, як Саша
паехаў, Таня зразумела, што цяжарная. Хацела адразу ж напісаць, уяўляла, як ён
узрадуецца. Ды не змагла: як такое – самае запаветнае, святое, што яднае іх
больш ўсякіх слоў пра каханне і самога кахання -- даверыць паперы? Вырашыла
пачакаць, калі ён прыедзе, і затым ужо падзяліцца радасцю – а пакуль насіла яе
ў сабе, як каштоўны сасуд з чароўнай вадой, баючыся расплёскаць хоць кроплю,
уяўляючы, як потым яны разам будуць піць з яго, захлынаючыся ад шчасця…
…Ён не павіншаваў яе з днём
нараджэння. І на першамайскія святы не прыехаў… Пісем не стала. Яна ўсё старалася
прыдумаць апраўданні: заняты, рыхтуецца да дзяржаўных экзаменаў, піша дыпломную,
хутка абарона. Але калі ён не прыехаў і на 9 мая, устрывожылася не на жарт:
можа, што здарылася, а яна нічога не ведае? Можа, яму патрэбна яе дапамога? Пераступіла
цераз сябе, пайшла да яго цёткі, якая, ведала, яе недалюблівала. Але тут сустрэла
на дзіва лагодна, паглядзела неяк вінавата…
Таня не ведала, з чаго пачаць
размову. Нарэшце рашылася:
--Цёця Аня, вы не ведаеце,
чаму Саша на майскія святы не прыехаў? Ён павінен быў, мы дамаўляліся… Я
хвалююся: можа, здарылася што?
--Не чакай яго, дзіцятка, --
апусціла вочы пажылая жанчына.
І, памаўчаўшы, дадала ціха:
--Жэніцца ён… Во, запрашэнне
на вяселле прыслаў…
…Яна выскачыла з хаты, як
кіпенем абвараная, не могучы паверыць, што гэта – праўда. Але ж яна на свае
вочы бачыла паштоўку з галубкамі! А там – Сашавым почыркам: “Запрашаем на
вяселле… якое адбудзецца… Саша і Віялета…”
Госпадзі, чаму? Што
здарылася? Яшчэ ў лютым усё было так цудоўна, і раптам – ён жэніцца… Можа, ужо
тады, як яны былі разам, у горадзе яго чакала іншая, пластмасавая – так, як яна
тут? Але ж няўжо так можна? За што ён з ёй так? І як цяпер ёй жыць – адной, без
яго? Каму цяпер можна верыць, калі ён – самы лепшы, самы шчыры, самы каханы –
здрадзіў? І як жыць, калі нікому не верыць?
Чутка, што Саша, які ўсё лета
не адыходзіўся ад Тані, жэніцца, маланкай разляцелася па вёсцы. Нехта спачуваў
ёй, нехта пасміхаўся. Але пра яе цяжарнасць, здаецца, ніхто не здагадваўся,
нават бацькі. Таня ж нібы скамянела. Жыла, як у летаргічным сне. Стаяла на школьнай
лінейцы на апошнім званку… Хадзіла на экзамены… Здала іх на дзіва добра, хоць і
не вучыла нічога – не магла: ледзь толькі заставалася адна, апаноўвалі адны і
тыя ж думкі: “Як ён мог? За што ён са мной так? Чаму сам не сказаў, не
растлумачыў, што здарылася? Баязлівец…”
Але нават у такія моманты ёй
хацелася верыць, што ён не вінаваты. “Ён харошы, ён не мог так са мой абысціся
– гэта ўся тая пластмасавая Віялета, якой яна не ведае! Пэўна, яго прымусілі –
падманулі, зачаравалі, можа, нават запалохалі… Бедненькі… Але чаму, чаму ён
нічога не сказаў – удваіх яны б абавязкова што-небудзь прыдумалі, ўратавалі б
іх каханне…”
“Ды не, ён такі, як усе…
Здраднік… Баязлівец… Прыстасаванец… Не дарую – ніколі! Гэтую ганьбу, гэты боль,
пакуту – ні за што! Нават калі папросіць прабачэння!”
А ў душы ёй больш за ўсё
хацелася, каб гэта аказалася нечым злым жартам, ці недарэчнай памылкай, ці
збегам нейкіх незразумелых абставін, якія раптам вырашацца – і яны зноў будуць
разам.
Атэстат Таня, лепшая вучаніца
класа, атрымала на дзіва прыстойны, нават “выцягнула” на медаль, хоць і не на
залаты, які ёй хорам прарочыла ўся школа, а на сярэбраны – добрая база ды
прыхільнасць настаўнікаў зрабілі сваю справу. Цяпер яна магла штурмаваць дзверы
любога інстытута. Атэстат гэта дазваляў, веды – таксама. А вось дзіця, што
расло ў ёй, стукалася ножкамі – што з ім рабіць? Гэта ж – Сашава часцінка,
дзіця іх кахання… Але як ёй жыць – без яго і з дзіцем?
Адразу пасля экзаменаў Таня паехала
ў горад да хроснай маці, матулінай сяброўкі юнацтва. Усім сказала, што будзе
падаваць дакументы ў інстытут. А сама вырашыла: зробіць аборт, годзік папрацуе,
а потым паступіць.
Ды цётка Валя, якая амаль з
парога зразумела, што з дзяўчынай робіцца нешта няладнае, у першы ж вечар даведалася
пра яе бяду – ноч навылёт праплакала Таня ў яе на плячы. А ранкам хросная, якая
ўсё маўчала і толькі гладзіла яе, як маленькую, па галаве, сказала, як
адрэзала:
--Ну вось што, дзеўка: пра
тое, каб дзіцятка знішчыць, і думаць забудзься -- грэх гэта, вялікі грэх. Ды і
не зробіць табе ніхто аборт на такім тэрміне. А калі які злачынец і рашыцца, то
падумай, чым рызыкуеш! Падавай дакументы ў інстытут.
--Ды што вы, цёця Валя? Як жа
я жыць буду, за што? І дзе? Мне ж раджаць увосень…
--Не бойся: даў Бог дзіцятка –
дасць і на дзіцятка. Даверся яму. А жыць у мяне будзеш, я дапамагу. Не хвалюйся
толькі, табе гэта шкодна.
Таня паступіла лёгка: здала
на “пяцёрку” сваю любімую хімію – і была залічана студэнткай тэхналагічнага
інстытута. А ў лістападзе нарадзіла пухленькага блакітнавокага хлопчыка, якога
назвала Васільком. Першы год узяла акадэмічны, а потым рвалася паміж дзіцем,
інстытутам, работай – стала падпрацоўваць, бо жыць на яе стыпендыю і цётчыну
пенсію было цяжка. Час ад часу прыязджала маці, прывозіла з вёскі то кавалак
мяса, то шмат сала, то кошык яек, то якую капейчыну, прыхаваную ад бацькі – той
не дараваў дачцэ-блудніцы яе грэх і на вочы не напускаў. Расказвала вясковыя
навіны: хто з кім ажаніўся, хто нарадзіў, хто памёр…
Аднойчы, хаваючы вочы, сказала, што да Ганны прыязджаў
Саша з жонкай у госці.
--Вой, дачушка, ты б бачыла,
на каго ён цябе прамяняў! Валасы выбеленыя, уся расфарбаваная, пазногці – во! –
адставіла маці руку мо на паўметра. – Папяросы адну за адной смаліць, і людзей
не саромеецца, брыда такая! Ну, чыста лялька загранічная! А Саша мяне на вуліцы
стрэў -- галаву апусціў, у вочы, відаць, сорамна глядзець… А ўвечары дахаты
прыйшоў. Пра цябе пытаўся. Адрас твой прасіў ці тэлефон… Я не дала, -- маці
запытальна паглядзела на дачку: ці правільна зрабіла?
--І добра, што не дала! –
катэгарычна заявіла Таня. – Спадзяюся, ты нічога яму пра мяне не расказвала?
--Дачушка, хіба ж шыла ў
мяшку схаваеш? Не сказала я, дык сказалі іншыя, што ў цябе сын расце. Ён таму,
мусіць, і зайшоў. Бо калі адыходзіў, пацікавіўся, колькі твайму дзіцяці?
--А ты? – са страхам
выдыхнула Таня.
--А што я? Што мне лезці ў
ваша жыццё? Самі разбірайцеся ў тым, што натварылі… Так яму і сказала. Ён
унурыў голаў вінавата і пайшоў.
--Дзякуй, мамачка! –
узрадавалася Таня. – І не расказвай пра мяне нікому нічога, добра? Мой грэх,
маё дзіця – я і выгадую.
І, памаўчаўшы, дадала – нібы
не толькі маці, а і самой сабе прызналася ў выпакутаваным:
--Гэта добра, што ў нас з ім
нічога не атрымалася. З ім я таксама б стала пластмасавай лялькай. І нічому ў
жыцці не навучылася б…
Частка 3
Ноччу Таццяна спала дрэнна.
Спачатку доўга не магла заснуць: як ні праганяла, у галаву лезлі думкі пра
Сашу. Цікава, дзе ён, як, ці жыве са сваёй “лялькай”, ці ёсць у іх дзеці? Узгадвалася
студэнцкае жыццё – сёння нават цяжка ўявіць, што вытрывала тады… Каб не
дапамога маці і сардэчнай цётачкі Валі, ды не злосць -- на яго, на саму сябе,
на жыццё, не жаданне даказаць усім, што так лёгка яе не зламаць, што яна яшчэ
пакажа ўсім, на што вартая, -- невядома, ці вытрымала б у тым беспрасветным
безграшоўі і вечным цэйтноце, калі паспаць удавалася толькі пару гадзін у суткі.
А сёння ўсё часцей у галаву прыходзілі думкі: ці правільна яна зрабіла, што
нічога не сказала Сашу пра сына? Усё ж, як бы там ні было, ён – бацька, і мае права
ведаць сваіх дзяцей… “Хоць, зрэшты, ён сам сябе пазбавіў гэтага права, --
падумала, засынаючы пад раніцу. -- Каб хацеў – даведаўся б. Не дзіця малое,
ведае, адкуль бяруцца дзеці.”
А калі ўрэшце задрамала, прымроілася
нешта дурное: брудныя, забітыя бамжамі вакзалы, паязды, якія ўсё імчалі міма,
не спыняючыся. Яна некуды спяшалася -- і спазнялася, ірвалася да кожнага
цягніка, бо там, куды ёй трэба было ехаць, яе чакалі дзеці, яна ведала, што
неабходна ім у гэтую хвіліну. Але ў цягніку, да якога яна нарэшце дабегла, дзверы
вагона зачынілася прама перад яе носам. І тут з’явілася маці і з дакорам здалёк
паглядвала на яе, не падыходзячы і гаворачы ні слова…
“І што тут пры чым? –
памешваючы ранкам свежазавараную моцную каву – лепшы допінг перад напружаным
працоўным днём – старалася зразумець свой трывожны сон. -- Хоць бы з хлопцамі
ўсё добра было. У Васілька, здаецца, ўсё ў парадку – ні пра якія праблемы ўчора
не казаў, ды і вочы блішчалі радасна, а яны дакладна не падмануць… А вось Андрэйка – як ён там? Абавязкова трэба будзе
патэлефанаваць яму сёння. Адразу, як прыйду на работу…”
Яе апярэдзілі. Калі ўжо
зачыняла дзверы, зазваніў хатні тэлефон. Яна яшчэ не зняла трубку, а ўжо ведала:
гэта з Мінска. Нешта здарылася з Андрэйкам…
Прадчуванні яе не падманулі.
Тэлефанаваў яго куратар. Андрэя з прыступам апендыцыту ноччу на “хуткай”
забралі ў бальніцу і адразу ж прааперыравалі – была пагроза перытаніту, бо
доўга трываў боль, нічога нікому не казаў. Аперацыя прайшла паспяхова, мама
можа не турбавацца. Але пажадана, каб яна ўсё ж прыехала, прывезла неабходныя ў
бальніцы рэчы – сёння яго павінны перавесці з рэанімацыі ў аддзяленне…
--Ну вядома, я прыеду! – яе
нават пакрыўдзіла такая просьба, нібы калі яе трынаццацігадовы сын з’яўляецца курсантам
сувораўскага вучылішча, то яна перастала быць яго маці! – Да абеду буду!
Яна ўдакладніла бальніцу і
аддзяленне, куды паклалі Андрэйку. І толькі паклаўшы трубку, успомніла, што
ехаць няма на чым. Абодва вадзіцелі ў камандзіроўках. Валодзю неабходна пакінуць
“на гаспадарцы” – сёння павінны званіць учарашнія партнёры, каб удакладніць
некаторыя дэталі кантракту, і калі ім ніхто не дасць патрэбных тлумачэнняў, ды
яшчэ з улікам яе ўчарашняга праколу са спазненнем на сустрэчу – амаль што
падпісаная дамова можа сарвацца. Сесці за руль самой? Дык яна і ў сваім
горадзе, які называюць вялікай вёскай, не вельмі ўпэўнена адчувае сябе за рулём, а ехаць у сталіцу – з яе пробкамі, процьмай
машын, скрыжаваннямі, дзе яшчэ трэба знайсці патрэбны адрас, не ведаючы добра горада
– тая яшчэ задачка…
І тут яна ўспомніла пра ўчарашняга
выпадковага знаёмага. Як там, ён казаў яго завуць? Юрый Аляксандравіч, а для яе
-- проста Юрый? Пэўна, яго сам бог пасылае ёй у такім безвыходным становішчы.
Толькі б ён нікуды не знік і прыйшоў сёння…
…“Інтэлігентны бомж” ніякавата
таптаўся каля гаража, ловячы на сабе цікаўныя позіркі супрацоўнікаў, што спяшаліся
на работу: гэта што яшчэ за фрукт такі з’явіўся? На ганку нервова курыў
Валодзя, кідаючы недаверлівыя позіркі ў бок невядомага мужчыны сумніўнага
выгляду, які ўсім цікаўным на іх роспыты адказваў, што чакае Таццяну Аляксееўну,
з якой яны дамовіліся пра сустрэчу.
Таццяна адчувала, што Валодзя
зараз засыпле яе недарэчнымі пытаннямі і папрокамі і, каб адцягнуць гэтую
размову і адразу абрубіць усе канцы, спынілася каля Юрыя. Міжволі ў вочы
кінуліся ўсё тыя ж зацыраваныя джынсы і старамодны пінжак. Сарочка, праўда,
хоць і была ўчарашняй, але, відаць, памытая і адпрасаваная – гэта прыбавіла
“бонусаў” у патэнцыяльнага вадзіцеля. Якіх, трэба сказаць, учора ён і так
набраў нямала. Вось толькі яго выгляд… Яна злавіла сябе на думцы, што ў такім
уборы ён будзе выглядаць недарэчна за рулём новай шыкоўнай машыны, побач з ёй –
заўсёды элегантнай, з густам апранутай “бізнес-вумэн”. Так, іміджу іх фірмы яго
“дрэс-код” не адпавядае… Але ехаць у Мінск трэба ў любым выпадку! І ў бліжэйшыя
паўгадзіны іншага, не кажучы ўжо пра тое, што лепшага вадзіцеля ёй не знайсці.
“Нам не выпадае чакаць падарункаў лёсу. Будзем працаваць з тым, што ёсць!” –
падумала яна. І шчыра ўсміхнулася ўчарашняму знаёмаму:
--Добрай раніцы, Юрый! Рада вас
бачыць.
Ён таксама адказаў усмешкай –
хоць да гэтага позірк яго калоўся льдзінкамі недаверу: мо пасмяяцца з яго тут
вырашылі, вунь як усе падазрона паглядваюць…
--Я – таксама. Добры дзень.
--Спадзяюся, наша ўчарашняя
дамоўленасць застаецца ў сіле? – адразу перайшла да справы Таццяна.
--Ну я ж прыйшоў – значыць,
прыняў вашу прапанову, -- развёў рукамі Юрый. -- Калі, вядома, вы не
перадумалі…
--Не прадумала. Больш таго:
часу на знаёмства са справамі і “ўліванне ў калектыў” у вас няма. Тым больш, што
і вашы калегі-вадзіцелі ўсе ў раз’ездах. А мы з вамі сёння едзем у Мінск –
спадзяюся, для вас гэта не складзе цяжкасцей?
--Вы зноў мяне крыўдзіце… -- іранічнае
“мадам” ён на гэты раз праглынуў.
--Я рада, што такія пытанні вас
крыўдзяць, -- даволі рэзка адказала Таццяна. І прадоўжыла дзелавіта:
--Выязджаем гадзіны праз
дзве, я пакуль крыху разбяруся з бягучымі справамі… Паглядзіце, калі ласка,
машыну, -- яна дастала з сумачкі ключы і падала яму. -- Яна нядаўна была на
сервісе, але ўсе ж…
--Абавязкова, -- усміхнуўся
ён ужо зусім па-іншаму, прыязна і весела – здаецца, паверыў, што ўсё, што было
ўчора – не розыгрыш і злы жарт і яму сапраўды прапаноўваюць работу.
--Толькі вось…-- Таццяна
акінула яго з ног да галавы крытычным і красамоўным позіркам.
--Што, не адпавядаю? – у
голасе Юрыя нядаўняю радасць змяніў дрэнна прыхаваны выклік.
--Прабачце, але сапраўды – не
адпавядаеце, -- яна пастаралася сказаць гэтыя крыўдныя для яго словы як мага
мякчэй. – Зразумейце, у нашай фірмы ужо склаўся пэўны імідж, і рызыкаваць
рэпутацыяй, якую заваёўвалі так доўга, мы не можам сабе дазволіць нават у
дробязях.
Здаецца, ён хацеў адказаць
нешта рэзкае, непрыемнае, але яна апярэдзіла:
--Зробім так. Як я разумею, у
вас узніклі пэўныя матэрыяльныя цяжкасці. У нас новым супрацоўнікам належаць пад’ёмныя ў памеры
аднаго службовага акладу, -- новыя ўмовы так званага “сацыяльнага пакета” яна прыдумвала
на хаду, здзіўляючыся сама сабе: чаму не зрабіла гэтага раней? -- Вы зараз
напішаце заяву з просьбай прыняць вас на работу ў якасці вадзіцеля, я распараджуся,
каб у аддзеле кадраў хуценька аформілі загад і выдалі вам грошы. Магчыма, у вас
ёсць іншыя планы на іх, але я вельмі прашу: калі ласка, пастарайцеся як мага
хутчэй купіць сабе абноўкі. Майце на ўвазе, часу ў нас вельмі мала, я да
чатырнаццаці гадзін павінна быць у Мінску. У мяне ноччу сына прааперыравалі, --
дадала яна зусім неабавязковыя ў гэтым выпадку падрабязнасці.
Можа, з-за гэтага ці яшчэ па якой прычыне, але
Юрый не сказаў тых дзёрзкіх слоў, што ўжо гатовы былі зляцець з языка, а моўчкі
пайшоў услед за ёй у прыёмную пісаць заяву.
Размова з Валодзем атрымалася
і сапраўды непрыемнай. Таццяна не паспела зайсці ў кабінет, як ён уварваўся следам і з
парога пачаў:
--Нешта я не зразумеў: што
гэта за бомж сёння ранкам каля нашых гаражоў аціраўся? І чаму гэта ты з ім так
міла размаўляла? Гэта што, нехта з тваіх знаёмых? Глядзі, ты сябе скампраметуеш
такімі сувязямі.
--Валодзя, гэта наш новы
вадзіцель. Я ўзяла яго на работу. Аддзел кадраў афармляе дакументы.
Ён ажно прысвіснуў ад
здзіўлення і нечаканасці:
--Вось гэта навіны! А чаму я
даведваюся пра гэта апошнім? Я што, ужо не з’яўляюся тваім сябрам, намеснікам і
партнёрам, мы не прымаем разам падобныя рашэнні? Мне што, цяпер у аддзеле кадраў
трэба цікавіцца, каго мы бярэм на работу?
--Валодзя, ну што за глупства
ты вярзеш? -- сказала Таццяна як мага
мякчэй. Яна ведала, што Валодзя хутка перагарыць і супакоіцца, але ўсё роўна не
хацелася заводзіць яго, высвятляць адносіны і з-за нейкай драбязы псаваць іх з
даўнім, яшчэ інстытуцкім сябрам, з якім разам яны з’елі не адзін пуд солі, стваралі
гэты бізнес у ліхія дзевяностыя і прайшлі цераз мноства перашкод да сённяшняга
адноснага поспеху. Ды і настрой пасля бяссоннай ночы і трывожнага ранку быў
аніякі – ні сіл, ні жадання нешта некаму тлумачыць. Тым больш, што яна і сама
да канца не разумела, чаму прапанавала выпадковаму знаёмаму гэтую працу. Таму
дадала прымірэнча:
--З гэтым вадзіцелем -- ну
так атрымалася, збег абставін… Ён проста аказаўся ў патрэбны момант у патрэбным
месцы… Я пазней табе ўсё растлумачу, зараз няма калі.
--Але на халеру нам увогуле
патрэбен вадзіцель, ты можаш мне растлумачыць? – Валодзя ўсё не мог супакоіцца.
-- Мы што, так разбагацелі? Нам няма куды грошай дзяваць -- і таму давай будзем
штаты раздуваць? У нас ёсць два вадзіцелі. Я ваджу сам, ты нядаўна здала на
правы…
--Ну ты ж не горш за мяне
ведаеш, што мець правы і ўмець вадзіць машыну – не зусім адно і тое ж. Зразумей
мяне, Валодзя, -- я вельмі няўтульна адчуваю сябе за рулём.
--Чым больш ты будзеш
ездзіць, тым хутчэй навучышся…
--Магчыма – з цягам часу. Калі
не разаб’ю машыну раней… Можа, вадзіцель усё ж будзе каштаваць танней? Але гэта
пытанне перспектывы. Сёння ж склаліся форс-мажорныя абставіны, і мне не хочацца
рызыкаваць ні машынай, ні сабой. Мне тэрмінова трэба ехаць у Мінск. Пазванілі,
што ноччу Андрэю зрабілі аперацыю. Я ў такім стане, што не магу засяродзіцца --
якая ўжо тут машына…
--А мне што, ты ўжо руль не
давяраеш?! Я адвязу, калі ты так баішся.
--Ты не можаш паехаць. Нехта
павінен застацца на месцы. Ты так на мяне “наехаў” з парога з гэтым вадзіцелем,
што я не паспела табе расказаць пра вынік учарашніх перамоў з палякамі. На
дэталях спыняцца няма часу, падрабязнасці абмяркуем заўтра. А ў цэлым іх, падобна,
зацікавіла наша прадукцыя і яны гатовы падпісаць кантракт. Нават на большыя
аб’ёмы, чым мы разлічвалі. Але сёння яны павінны званіць, каб удакладніць
сякія-такія дэталі, ім трэба грунтоўна і кампетэнтна адказаць на ўсе пытанні.
Ты ж разумееш, што ніхто, акрамя цябе, зрабіць гэта не зможа.
--Ну, раз ужо ўзнікла такая
сітуацыя, то сказала б мне, я падабраў каго талковага, каб адвёз цябе ў Мінск, --
падобна, “запальнічка” ў Валодзевай галаве, якая ўспыхвала пры найменшай
нагодзе і нават без яе, дагарала – доўга злавацца ён не ўмеў увогуле, а на
Таццяну – тым больш. – А то прывяла нейкага бамжа… Адкуль, дарэчы, ён узяўся?
--Доўга расказваць, --
ухілілася яна ад прамога адказу.
--Ты хоць пашпарт яго бачыла?
Пэўна ж, не – ведаю я цябе…
–Не хвалюйся, бачыла, --
зманіла Таццяна. -- Усё там у парадку.
А сама падумала, што
праверыць дакументы новага вадзіцеля сапраўды не пашкодзіла б. І ўвогуле,
Валодзя мае рацыю – прымаць на работу чалавека з вуліцы, не ведаючы пра яго
нічога, акрамя таго, што ён – класны вадзіцель, верх легкадумства. А яна ўсё,
як дзяўчынка – вочы, вочы… Але ж позна пра гэта думаць – што зроблена, тое
зроблена. І ехаць трэба ў любым выпадку. Хоць пашпарт яго трэба будзе ўсё ж
паглядзець – ці мала што?
–І ўвогуле – можа, ўжо хопіць
аб гэтым? – на гэты раз ужо яна пайшла ў наступленне. -- Ну ўзяла на работу
вадзіцеля, не параіўшыся з табой – можна падумаць, што галоўнага бухгалтара ці
тэхнолага! Водзіць ён добра, прафесійна…
--Цікава, адкуль такія звесткі?—хмыкнуў
ён недаверліва.
--Была нагода пераканацца, --
Таццяне зусім не хацелася расказваць пра ўчарашнія прыгоды з паркоўкай. -- Хай папрацуе
колькі часу. Зрэшты, што мы губляем? Узнікнуць праблемы – звольнім, такой бяды.
А з вадзіцелямі ў нас, як ты павінен быў заўважыць, заўсёды напруга. Хлопцы
працуюць амаль без выхадных, штодня па камандзіроўках матаюцца. А ў іх, між
іншым, сем’і, якім не толькі грошы патрэбны, але і мужы ды бацькі. А што выгляд
у новенькага не вельмі, то я ўжо дала яму заданне памяняць імідж з тым, каб ён
адпавядаў статусу фірмы.
--Слухай, давай зменім тэму,
-- прапанавала яна пасля невялікай паўзы. -- Нам і без гэтага вадзіцеля ёсць
што абмеркаваць. Я праз дзве… ды не, ўжо праз паўтары гадзіны ад’язджаю, а табе
трэба любой цаной замацаваць учарашнія вынікі перамоў і ўтрымаць гэтых палякаў.
Таму давай яшчэ раз пагартаем кантракт і вызначымся, што для нас прынцыпова, а
дзе мы можам дазволіць сабе пэўны люфт і да якой ступені…
Абмеркаванне кантракту заняло
больш часу, чым разлічвала Таццяна. А яшчэ ж трэба было заскочыць дахаты,
сабраць Андрэю сёе-тое з рэчаў. І ў магазін ды на рынак – купіць дзіцяці якіх
прысмакаў. Пакуль яму, напэўна, не дазволяць ні
есці, ні піць, але ж тым больш захочацца чаго смачненькага праз дзень ці
два. Дарэчы, трэба будзе папрасіць Наташу, аднакурсніцу, якая жыве ў Мінску, каб
праведвала Андрэя калі-нікалі, пакуль ён будзе ляжаць у бальніцы – сама яна пры
ўсім жаданні кожны дзень матацца ў бальніцу не зможа. А ён усё ж дзіця, хоць і
пагоны надзеў, сумаваць будзе… Што б яму такога завезці, каб было з чым бавіць
час? Лепш свой ноутбук прыхапіць – ото ж будзе радасці. А самой як? Мусіць,
давядзецца пакуль абыходзіцца рабочым, не забыцца толькі перакінуць туды
неабходную інфармацыю. А Андрэю пабольш цікавых дыскаў купіць…
Усё гэтыя думкі, падганяючы
адна адну, раіліся ў галаве, пакуль яна спускалася па лесвіцы.
Юрый стаяў ля выгнанай з
гаража машыны. “Пад’ёмныя” былі патрачаны з толкам. Цёмна-сінія джынсы, вядома,
не ад “куцюр”, але ўпаўне прыстойныя… У тон ім – сарочка ў буйную
сіне-блакітную клетку… І светла-шэры джэмпер зверху… Чаравікі, праўда, старыя –
не хапіла, мусіць, “пад’ёмных” на ўсё, -- але старанна начышчаныя. Усё гэта яна
схапіла позіркам адразу, як адчыніла
дзверы офіса – і з цяжкасцю паверыла, што гэта яе ўчарашні выпадковы знаёмы,
“інтэлігентны бомж”, ад якога засталося толькі азначэнне “інтэлігентны” -- ад “бамжа” не было і знаку, зараз ён выглядаў
як мінімум не вельмі забяспечаным малодшым навуковым супрацоўнікам ці якім
кіраўніком “сярэдняга звяна”.
--Ну як, цяпер адпавядаю? --
тым жа іранічна тонам пацікавіўся Юрый, адкрываючы перад ёй дзверцы машыны.
--Упаўне! – яна яшчэ раз
пільна агледзела яго крытычным поглядам. – Не думала, што вы за такі кароткі
час і пры абмежаваных фінансавых магчымасцях так прыстойна справіцеся з
пастаўленай задачай. Спадзяюся, што і вырашэнне іншых вам будзе давацца гэтак
жа лёгка…
--Ну, гэта ўжо гледзячы, якія
задачы, -- хмыкнуў новы вадзіцель. -- Наперад абяцаць не магу. Ва ўсякім
выпадку, зорак з неба даставаць не навучаны. Страляць з “калаша” ўмею, але не
люблю…
--Ну, спадзяюся, што ні тое,
ні другое не спатрэбіцца. А ўвогуле будзем вырашаць праблемы па меры іх
узнікнення. У сучасны момант на парадку асноўная з іх: як мага хутчэй сабраць
усе неабходнае для трынаццацігадовага хлапчука, які раптам апынуўся ў бальніцы
ў чужым горадзе і прабудзе там у лепшым выпадку тыдзень…
--Прыступаем да выканання?
--Так. Спачатку едзем да мяне
дахаты. Рэчы яго не паспела сабраць, даведалася пра аперацыю, калі ўжо
выходзіла з кватэры. Потым – у магазін і на рынак. У нас вельмі мала часу. Я
планавала, што зараз мы ўжо будзем у дарозе, але справы затрымалі.
--Не хвалюйцеся, мадам… Ой,
прабачце, Таццяна Аляксееўна! Паспеем. І не нервуйцеся, а то абавязкова нешта
важнае забудзеце.
--Прабачце, Юрый, спадзяюся,
я вас не пакрыўджу, калі папрашу паказаць свае дакументы? – сказала Таццяна,
калі яны селі ў машыну. -- Я разумею, што ў аддзеле кадраў іх паглядзелі, але
ўсё ж я – кіраўнік.
--Калі ласка, -- ён працягнуў
ёй патрапаныя пашпарт і вадзіцельскае пасведчанне. -- Я ўвогуле не разумею,
чаму вы так легкадумна давяраеце такую дарагую машыну і сваё жыццё зусім
незнаёмаму чалавеку.
“Глядзі ты, які клапатлівы і
прадбачлівы, -- крыху раздражнёна падумала Таццяна, гартаючы пашпарт. --
Падобна, пабываў ты ў перадзелках, Юрый Аляксандравіч Кашавараў… Бач ты – гарадскі:
нарадзіўся тут, і пашпарт тут жа атрымліваў – значыць, мясцовы, у адрозненне ад
мяне, патомнай калгасніцы… Але ж незразумела: увесь час быў прапісаны па адным
адрасе, а цяпер – без пэўнага месца жыхарства… Выходзіць, наконт бамжа я не
памылілася? Гадоў, я думала, табе больш -- сівізны для твайго ўзросту
мнагавата… Быў жанаты, разведзены… Сыну пятнаццаць гадоў… Так, сапраўды, маеш ты
рацыю, Юрый Аляксандравіч – легкадумна было з майго боку так адразу табе
даверыцца…”
--Што, і дакументы не
адпавядаюць? – зноў выпусціў свае калючкі Юрый, назіраючы, як уважліва яна
перагортвае старонкі і перачытвае запісы ў дакументах. – Выбачайце, гэта
памяняць пакуль не магу.
--Ды не. Форма іх, канешне,
магла б быць і больш акуратнай. Але змест мяне радуе. Вадзіцель першага класа з
такім стажам і ўсімі катэгорыямі – гэта дадае вам гонару. Ну а аб усім
астатнім, я думаю, у нас яшчэ будзе час пагаварыць…
Частка 4
…Ён вёў машыну лёгка і з
задавальненнем, усміхаючыся і ціхенька насвістваючы нейкі матыўчык. Ехалі яны
хутка, абганялі амаль увесь спадарожны транспарт. Але дзіўна – Таццяна адчувала
сябе вельмі спакойна, нават расслаблена. Такога апошнім часам не здаралася
амаль ніколі, нават з самым вопытным вадзіцелем.
Гэтая вечная трывога перад
дарогай пасялілася ў душы пасля таго, як тры гады назад, калі ехалі ў выхадны
да маці ў вёску, Вася, які перад гэтым толькі атрымаў правы, на крутым павароце
не справіўся з кіраваннем і машына зляцела ў кювет. Усё абышлося, ніхто не
пакалечыўся, машыну адрамантавалі, але яна з таго часу заўсёды баялася ехаць.
Разумела, што так нельга, што ўсе гэтыя страхі – проста глупства, і ўсё ж
нічога не магла з сабой зрабіць. На вадзіцельскія курсы пайшла не толькі з-за
таго, каб быць незалежнай ад рабочага графіка службовага вадзіцеля і вольнага
часу сына, а яшчэ і для таго, каб пераадолець гэты страх, які сядзеў недзе ў
глыбіні душы. Але дапамагло мала… І толькі ўчора, калі ехалі па горадзе, ды
сёння, побач з гэтым практычна незнаёмым Юрыем, які так віртуозна вёў машыну,
яна адчула сябе спакойнай і змагла цалкам аддацца сваім думкам.
…З горада яны выбраліся
толькі пад абед. Як яна ні старалася сабраць усё неабходнае хутка, усё ж часу
прайшло больш, чым разлічвала раніцай. “Можа, гэта і да лепшага, -- супакойвала
Таццяна сама сябе. – Прыедзем якраз у час наведванняў, ні перад кім не трэба
будзе шапку ламаць і задобрываць, каб прапусцілі ў палату. Толькі б урач яшчэ
быў на месцы, каб можна было пагутарыць, даведацца, як прайшла аперацыя, што
зараз патрэбна сыну. І з Андрэйкам можна бузе пасядзець даўжэй… Вось толькі
дахаты давядзецца вяртацца позна. Ёй дык нічога, галоўнае, каб у сына ўсё было
добра. А як гэты “проста Юрый” да такой перспектывы паставіцца? Прапіскі ў яго
няма, але ж недзе ён, напэўна, начуе – не на лавачцы ж у скверы… Можа, яго
чакае хто, турбавацца людзі будуць? А калі ён дзе за горадам жыве – як
дабярэцца потым, позна ноччу?”
--Юрый, вы мяне прабачце, --
парушыла яна маўчанне. – Выехалі мы пазнавата, напэўна, і вернемся ноччу… Гэта
вас не напружвае? Як вы даберацеся дахаты?
--Не хвалюйцеся, -- ён
усміхнуўся шчыра, без сваёй звычайнай іроніі, за якую, яна зразумела, звычайна
хаваўся, як за панцыр. – Чакаць мяне няма каму, хвалявацца – таксама. Калі
прыедзем – тады і добра. А пераначаваць я знайду дзе, не перажывайце.
--І ўсё ж – дзе вы жывяце? І
ўвогуле, нядрэнна было б даведацца пра вас крыху больш. Калі ўжо я, як вы
кажаце, паступіла занадта легкадумна, запрасіўшы на работу незнаёмага чалавека,
то можа, варта выправіць гэтую памылку? Раскажыце пра сябе – хто вы, што,
адкуль?
--Ну, вы ўжо ж вывучылі мае
дакументы, -- зноў кальнуў ён – не балюча, злёгку, хутчэй па звычцы.
--Дакументы расказваюць пра
многае, але далёка не пра ўсё. Там, да прыкладу, няма ніякіх тлумачэнняў таго,
чаму вы, вадзіцель з такой кваліфікацыяй і вопытам, сталі беспрацоўным
ахоўнікам чужых варот…
--Ну, гэта доўгая і не вельмі
прыгожая гісторыя, -- ён уздыхнуў і доўга маўчаў. –Хоць, зрэшты, калі вы так
настойваеце…
Здаецца, ён вагаўся,
расказваць пра сябе гэтай пяць хвілін як начальніцы -- ці ўсё ж не варта? Пасля
працяглай паўзы, падчас якой ён абганяў калону грузавікоў, спрытна ўціскваючыся
паміж імі, калі на гарызонце з’яўлялася сустрэчная, ён зноў загаварыў:
--Хоць, напэўна, вы сапраўды маеце права
ведаць маю біяграфію больш падрабязна, чым аддзел кадраў, раз прапанавалі мне
работу. Вы рызыкнулі, магчыма, неабдумана – і я, напэўна, павінен даказаць, што
не дарэмна, так? Хоць баюся, што мая шчырасць не прыбавіць мне станоўчых
якасцей у вашых вачах… Магчыма, пасля гэтага мой першы працоўны дзень стане
апошнім. Але вы занадта разумная і прыстойная жанчына, каб спрабаваць вас
падманваць. Да таго ж яшчэ і вельмі прыгожая…
Таццяна ніяк не адрэагавала
на камплімент. А ён, здаецца, і не чакаў гэтага. Памаўчаў – міма на шалёнай
скорасці з вісклівай сірэнай, уводзячы наваколле ў трывожны ступар, пранеслася
міліцэйская машына з мігалкай. Калі пранізлівы гук знік удалечыні, прамовіў:
--Аднойчы ранкам за мной
прыехала такая ж… І маё жыццё падзялілася на “да” і “пасля”. Я, Таццяна
Аляксееўна, былы зэк. Вызваліўся з месцаў, не вельмі аддаленых, паўгода назад.
У пашпарце пра гэта нічога не запісана, але лічу неабходным гэта вам
паведаміць. Так што, напэўна, іміджу вашай добрапрыстойнай фірмы і сапраўды не
адпавядаю…
--Пра нешта падобнае я ўжо
пачала здагадвацца… А вы больш нічога не хочаце расказаць? Ну, да прыкладу, аб
тым, што было, як вы кажаце, “да”? Пра “пасля” і так ўсё зразумела…
--А яно вам трэба? У вас, як я зразумеў, і сваіх праблем
вышэй галавы…
--Давайце без ілюзій -- я не
збіраюся ўзвальваць на сябе вашы праблемы. І, спадзяюся, яны ніяк не паўплываць
на вырашэнне маіх. А цікаўлюся вашым мінулым выключна з практычнай кропкі
гледжання: мне трэба вырашыць для сябе, закончыцца ў бліжэйшыя дні ваша праца ў
маім падначаленні ці прадоўжыцца больш працяглы тэрмін? Трэба ж мне ведаць, што
вы за чалавек…
--І не баіцеся, што падману,
нарасказваю казак пра сваё цяжкае і несправядлівае жыццё, каб расчуліць ваша
мяккае жаночае сэрца?
--Не цешце сябе, не такое ўжо
яно і мяккае, настаўнікі добрыя былі, знайшлося каму загартоўваць. І ведаеце,
мне ў жыцці сустракалася столькі казачнікаў, што я навучылася іх распазнаваць.
Мне здаецца, што вы не ўваходзіце ў іх лік. Альбо надзвычай таленавіты! Але ж
любую “казку” пры сённяшнім ўзроўні інфармацыйных тэхналогій вельмі лёгка
праверыць. І ганарар аўтара будзе
непараўнальна больш сціплы, чым зарплата майго персанальнага вадзіцеля. Так
што, думаю, вам элементарна нявыгадна нешта выдумляць…
--Пераканалі, -- засмяяўся ён
– але неяк нявесела, нацягнута. -- Адмаўляюся ад ганарару казачніка. Буду
расказваць, як ёсць. А вы ўжо потым вырашайце, што ды як… Хоць, зрэшты, гэта
ўжо не прынцыпова…
--Добра, -- паправіла яна
рэмень бяспекі, уладкоўваючыся зручней. – Часу да Мінска ў нас добрых дзве
гадзіны, а то і больш. Толькі, калі ласка, не забывайцеся, што вы за рулём,
сачыце за дарогай. Я сынам патрэбна. Ды і сабе яшчэ не надакучыла -- не ведаю,
як іншым…
--Не хвалюйцеся, з вашай
машынай мы ўжо пасябравалі, яшчэ ўчора. А гэтую дарогу я ведаю, як свае пяць
пальцаў, да самага найменшага павароту. Спадзяюся, што за апошнія гады яна
моцна не змянілася…
Але хваляваўся, па ўсім відаць, ён сам.
Кашлянуў, адкрыў і затым зноў закрыў акно…
--Не ведаю нават, з чаго
пачаць…
--Ну, напэўна, з пачатку, --
пастаралася яна дапамагчы.
--З пачатку дык з пачатку…
Ён памаўчаў яшчэ хвілінку і,
уздыхнуўшы, пачаў:
--Нарадзіўся і вырас я ў нашым горадзе. Маці
нас з сястрой – Ірынка малодшая -- выхоўвала адна. Бацька знік, калі мама яшчэ
ляжала ў раддоме з малой. Цяжка ёй было – на двух работах гарбацілася, каб нас
выцягнуць. Бацька вачэй не паказваў, з’ехаў некуды, а мама гордая, не стала
шукаць яго, каб аліменты спаганяць. Ды яшчэ кааператыў будавала –
напакутаваліся мы ў камуналцы, утраіх у адным пакойчыку, а дзяржаўную кватэру,
напэўна, да гэтай пары чакалі б. Калі сваю двухпакаёўку атрымалі, яна нам
палацам падалася! Я адразу пасля школы працаваць пайшоў, хоць мама і
настойвала, каб паступаў у інстытут. Але вырашыў, што вучыцца і завочна можна,
а ёй трэба дапамагчы. Тым больш, што Ірынка ўжо падрасла, і ёй розныя там
памады-калготкі патрэбны, і самому хацелася, як усім хлопцам, дзяўчыну ў кіно
запрасіць ці марожаным пачаставаць – дзе ж мама выцягне ўсё адна?
Таццяне спадабалася, з якой
цеплынёй і спагадаў ён гаворыць пра маці і сястру.
Юрый між тым працягваў:
--Працаваў на заводзе, вучыўся,
паціху рухаўся па кар’ернай лесвіцы. Разам з дыпломам атрымаў прызначэнне на
пасаду начальніка ўчастка – даволі прэстыжна для майго тады яшчэ маладога
ўзросту. Зарплата была неблагая па тым часе. Дзяўчына з’явілася – закахаўся ў
яе без памяці. Хутка пажаніліся. Жыць сталі з мамай -- Ірынка, ледзь скончыла
школу, выскачыла замуж. Усё было добра. Праўда, мая Зойка не вельмі ладзіла з
мамай, але тая, мудрая жанчына, заўсёды імкнулася не даводзіць да канфлікту,
саступала маладой гаспадыні, старалася лішні раз прамаўчаць, перасядзець у
сваім пакоі яе дрэнны настрой ці паехаць на дачу – яна і гэта ўмудрылася
прыдбаць пры сваім гаротным жыцці. А калі ўнук нарадзіўся, шчаслівейшай, чым
яна, здаецца, у свеце не было. Ну хіба што я сам! Я свайго Вадзімку да бяспамяцтва
любіў! Кожны вечар ляцеў з работы, як на крылах, нішто мяне не магло затрымаць:
малога трэба было купаць. Выхадныя – толькі дома, з сынам: у заапарк, на
атракцыёны, на казачнае прадстаўленне ці хоць у скверы пагуляць. Ды і Зойцы
трэба было адпачыць, яна казала, што стамлялася за тыдзень. Да таго ж таксама
паступіла вучыцца завочна на юрыдычны факультэт – я вітаў гэтую яе прагу
навукі, на сястру заўсёды бурчэў, тая змоладу дзецьмі абсыпалася, аднаго за
другім дваіх хлопцаў нарадзіла – і больш нічога не хацела. Казала, што ўжо
выцягнула свой шчаслівы білет, а работы на яе век хопіць…
Юрый звярнуў на абочыну і
прытармазіў:
--Прабачце, Таццяна
Аляксееўна, можа пастаім хвілінку? Я потым наганю па дарозе… Закурыць хочацца –
спасу няма.
--Курыце лепш у машыне – я з
дзяцінства актыўны “пасіўны курыльшчык”, усё жыццё побач нехта смаліць.
Прывыкла ўжо. Акно толькі адчыніце.
--Ну, як скажаце…
Ён прыкурыў, зацягнуўся, зноў
націснуў на газ. Твар, які, калі ён
расказваў пра маці, сястру, сына, быў радасны і прасветлены, спахмурнеў – яна
зразумела, што зараз размова пойдзе аб тым, пра што яму ўзгадваць не вельмі
прыемна.
Юрый, некалькі разоў глыбока
зацягнуўшыся, выкінуў цыгарэту, і прадоўжыў:
--Праблемы пачаліся, калі ў
дзевяностыя ўсё пачало бурыцца. Наш завод працаваў на абаронную прамысловасць,
у той час заказы зніклі. Зарплаты не выдавалі месяцамі, ды і якія гэта былі за
грошы – слёзы. Зрэшты, што вам расказваць – самі, пэўна ж, памятаеце тыя часы.
Зоя, праўда, да таго часу ўжо закончыла інстытут. Стала працаваць у судзе,
зарплату атрымлівала рэгулярна і адносна прыстойную – не тое, што я. Яна мне
пастаянна пра гэта нагадвала, папракала -- што я за бацька, калі не магу сына
на мора адвезці, ці ж гэта муж, калі не ў стане жонцы футра купіць? Вось у
Аліны муж… Ну і гэтак далей. Ды я і без яе папрокаў адчуваў сябе непаўнацэнным:
сапраўды, што я за мужчына, калі жонка прыносіць дамоў больш грошай, чым я,
калі не магу забяспечыць сваёй сям’і годнае існаванне, купіць сыну канькі,
запрасіць жонку ў рэстаран, купіць для мамы патрэбнае лякарства? Вырашыў
звольніцца са свайго завода – хоць тое, чым займаўся, мне вельмі падабалася, я
адчуваў, што там я – профі, ведаю і магу калі не ўсё, то вельмі многае. Але
калі гэта нікому не патрэбна… Тут, на маё шчасце ці няшчасце, колішняму
аднакласніку, які выбіўся ў “новыя рускія” і адкрыў сваю фірму, спатрэбіўся
вадзіцель на велікагрузную машыну. Ён прапанаваў, я пайшоў – вырашыў, што бог з ім, з тым дыпломам,
галоўнае, што сябар зарплату “палажыў” прыстойную і плаціў яе рэгулярна – хоць
і ў канверце. Але каму тады была да гэтага справа? Ды толькі Зоі і гэтага не
хапала… Стала яна нейкай чужой. Нават у тыя рэдкія дні, калі я адпачываў пасля
рэйса, ёй не ставала на мяне часу. Усё яе раздражняла, дня не праходзіла, каб
мы не пасварыліся. Маці палічыла, што гэта яна – прычына нашых пастаянных
скандалаў, і, каб не перашкаджаць, пайшла жыць да сястры. Са сваёй адвечнай далікатнасцю
растлумачыла, што сама так вырашыла: маўляў, Ірыне трэба дапамагчы дзяцей
глядзець. Але ж я разумеў: гэтыя адгаворкі – для таго, каб мяне сумленне не
грызла. Нібы я дурны, не бачыў, які боль
і смутак у яе вачах стаяў…
Юрый зноў выцягнуў пачак з
цыгарэтамі, але глянуўшы, што ён амаль пусты, засунуў назад у кішэню. Твар яго
яшчэ больш пачарнеў.
--Але і гэтая ахвяра нашу
сям’ю не ўратавала. Аднойчы рэйс у мяне сарваўся: выехаў вечарам, а ранкам
давялося назад вярнуцца: матор застукаў. Паставіў машыну, а сам -- дахаты. А
там… Усё, як у барадатых анекдотах аб тым, як муж раптоўна вярнуўся з
камандзіроўкі, адзін у адзін… Вадзік на той час быў у спартыўным лагеры, а мая
Зойка ў нашай спальні… Ну я, вядома, не стрымаўся, добра намяў бакі яе хахалю.
Руку яму з гарачкі зламаў, пару зубоў выбіў. А потым высветлілася, што гэта --
лейтэнант міліцыі, наш участковы. Тое,
што ў ложку ён быў без пагонаў, суд да ўвагі не прыняў. Так вось і аказалася,
што я нанёс цялесныя пашкоджанні ахоўніку правапарадку пры выкананні службовых
абавязкаў. Усё гэта было б вельмі смешным, каб не было такім сумным. Выпісалі
мне ў Зойчыным судзе яе сябры-суддзі доўгатэрміновую
пуцёўку ў мясціны, куды макар цялят не ганяў. Адсядзеў я ад званка да званка. За
гэты час Зойка, зразумела, развялася са мной. Ды гэта мяне не вельмі засмуціла
– усё адно і да таго жыцця не было, а пасля – тым больш. Турбавала толькі, што
з сынам так і не пагаварыў. Зоя, пэўна ж, расказвала яму пра мяне тое ж, што і
на судзе, толькі, можа, яшчэ больш маляўніча. Ды калі б нават і пабачыліся мы,
не стаў бы я дзіцяці гаварыць, чым займалася яго маці – як яму тады жыць, у што
верыць? Для мяне мая мама – святая, хай і для яго Зоя застаецца такой -- калі
зможа, вядома. Хай ужо лепш я буду злачынцам, здраднікам і нягоднікам. Можа,
потым, калі ён вырасце, пачне больш разумець у жыцці, мы і пагаворым, можа,
тады я і раскажу яму пра ўсё – але не цяпер…
Таццяна хацела спытаць, дзе
цяпер яго былая жонка і сын, але не стала перабіваць – відаць было, што мужчыну
трэба выгаварыцца, ён, здаецца, нават забыўся, хто сядзіць побач.
--Але развод быў не самым
горшым сюрпрызам пасля майго вяртання, -- прадоўжыў Юрый. -- Аказваецца, за
гэты час Зоя знайшла магчымасць – добра, відаць, вучылася на сваім юрыдычным --
мяне і маму з нашай законнай жылплошчы выпісаць. Больш таго: яны з новым мужам
– міліцыянера ў яе ложку змяніў адвакат -- умудрыліся прадаць з такой цяжкасцю
пабудаваную маці кватэру і выехалі ў іншы горад – напэўна, тут, на вачах
людзей, якія ўсё ведалі, цяжкавата ім было будаваць асабістае шчасце і
дабрабыт. Аднакласнік за гэты час разарыўся, стаў папіваць, з кіраўніка фірмы
“дарос” да вартаўніка – дарэчы, той самай арганізацыі, дзе мы з вамі
сустрэліся, я там час ад часу, калі ўжо зусім неўпрадых, “вароты сцерагу” –
выручае прыяцель па старой памяці, дзеліцца даходамі. Мама пасля ўсяго, што са
мной здарылася, расхварэлася. Дзякуй сястры, што глядзіць яе, усе клопаты на
сябе ўзяла. Муж у Ірынкі цудоўны, тут ёй
пашанцавала – не тое, што з братам. Сястра нічым мяне не папракае --
хоць і мае на тое поўнае права… Ні матчынай кватэрай, якую мая былая
прыхватызавала, ні тым, што цяпер сама цягаецца і з хворай маці, і з двума
дзецьмі. Яшчэ і мяне да сябе кліча жыць… Ды як можна? Яны самі ў двухпакаёўцы
ледзь месцяцца… Хопіць, напакутаваліся ўжо з-за мяне… Дзякуй, што дазваляюць на
мамінай дачы кантавацца – хоць і далекавата, але усё ж дах над галавой. З
работай таксама праблемы – на маім заводзе пра мяне за гэты час забыліся, там
памянялася не толькі вытворчасць, але і людзі. А ў іншых месцах і не ведалі… Да
таго ж біяграфія вельмі красамоўная – каму патрэбен работнік з такім багатым
мінулым? Так вось і перабіваюся пакуль выпадковымі заробкамі…
--Ну вось і ўся мая невясёлая
гісторыя. Выбачайце – самі прасілі, -- Юрый замоўк і раз-пораз паглядваў на яе
з трывогай і хваляваннем.
Таццяна доўга маўчала, нібы разважала, як
успрымаць усё сказанае. Праз некалькі хвілін, якія Юрыю падаліся цэлай
вечнасцю, прамовіла:
--Работу вы, падобна, ўжо
знайшлі, ва ўсякім разе, часовую. Ці надоўга, будзе залежаць выключна ад вас. Мяне
ваша багатае мінулае асабліва не ўразіла, баялася, што будзе нешта горшае. А
вадзіцель нам патрэбен. Так што, калі будзеце працаваць не за страх, а за
сумленне, то, думаю, вароты вам вартаваць больш не давядзецца. Ва ўсякім разе,
шанс у вас ёсць…
--Выходзіць, я ўсё ж расчуліў
ваша жаночае сэрца? – крыва ўсміхнуўся Юрый. -- Пашкадавалі?
--Вас нешта не задавальняе?
Так, сапраўды -- пашкадавала. І не разумею, што вас у гэтым крыўдзіць?
Шкадаванне, спачуванне -- гэта, па-мойму, не самыя горшыя чалавечыя пачуцці.
Тым больш, што я не міласціну вам прапаноўваю, а працу. Між іншым, не самую
лёгкую – графік у нас даволі напружаны, у вас яшчэ будзе магчымасць у гэтым
пераканацца, і не толькі сёння. І калі вы не станеце спраўляцца са сваімі
абавязкамі, я вам абяцаю, што без усялякага шкадавання звольню.
--Дзякуй, Таццяна Аляксееўна,
-- Юрый паглядзеў на яе зусім інакш, чым хвіліну назад, неяк па-асабліваму
цёпла. – Паверце: што б ні здарылася, як бы ні склалася мая працоўная кар’ера ў
вашай фірме, я гэтага ніколі не забуду. І ніколі вас не падвяду. Даруйце, што я
часам бываю залішне калючым – гэта ўжо звычка такая выпрацавалася за апошнія
гады, нешта кшталту інстынкту самазахавання. Часам ён уключаецца міжволі…
--Ды бог з вамі! Праехалі, --
махнула яна рукой. -- Тым больш, што, падобна, ужо і прыехалі…
Яны і сапраўды ўязджалі на
Партызанскі праспект сталіцы…
Глава 5
Як аказалася, Юрый цудоўна
ведаў не толькі іх горад, але і Мінск. Яны хутка знайшлі патрэбную бальніцу, ён
без праблем паставіў машыну ў зручным месцы – Таццяна з усмешкай успомніла свае
ўчарашнія прыгоды з паркоўкай і як з-за іх ледзь не сарвала перагаворы. Калі б
не гэты інтэлігенты бомж са сваімі варотамі…
…Хірург, які аперыраваў
Андрэя, на шчасце, быў яшчэ на месцы. Ён выслухаў феерверк Таццяніных пытанняў
мяккай усмешкай:
--Не хвалюйцеся вы так,
матуля. Усё з вашым сынам нармальна. Хоць магло быць і грош – каб спазніліся
хоць на якіх паўгадзіны. Да перытаніту заставалася ўсяго нічога. Цярплівы ён у
вас – мне сказалі, што два дні трываў боль і нічога нікому не сказаў. Толькі
калі паднялася тэмпература, прызнаўся, што баліць жывот. Вы яму растлумачце,
што так нельга. Гераізм можна праяўляць толькі ў разумных межах, ды і то ў выпадку крайняй
неабходнасці. Ну і з афіцэрамі ў вучылішчы пагаварыце. Усё ж там дзеці, хоць і
сувораўцы. І будучыя ваенныя хварэюць гэтак жа, як і звычайныя школьнікі. А раз
яны без бацькоў, то догляд старэйшых за імі павінен быць асаблівым.
--Дзякуй вам вялікі, --
Таццяна толькі цяпер, здаецца, па-сапраўднаму спалохалася, калі ўбачыла
спакойныя вочы гэтага доктара і ўявіла, што на самой справе магло здарыцца з
Андрэйкам. – Можа, я магу нешта для вас зрабіць?
--Можаце. Пагаварыце з сынам
аб тым, аб чым я вас прасіў.
--Яго можна наведаць?
--Не толькі можна, але і
трэба. Гадзіну назад яго перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне. Я быў у яго
нядаўна. Нічога, ляжыць, усміхаецца. Герой!
Калі яна зайшла ў палату,
“герой” ляжаў бледны і аблізваў перасохлыя вусны. Калі ўбачыў Таццяну,
заўсміхаўся радасна і памкнуўся насустрач:
--Мамачка! Ты прыехала! Я так
цябе чакаў!
Даўкі камяк сціснуў ёй горла:
божа, якое ж ён яшчэ дзіця! І што яна за маці, што адпусціла яго вучыцца ў чужы
горад, за сотні кіламетраў… Яна прыгарнула да грудзей светлавалосую віхрастую
галаву сына і доўга не магла прамовіць ні слова.
Калі справілася з хваляваннем
і змагла гаварыць без дрыжыкаў у голасе, прысела на ложак:
--Як ты, сынок? Баліць?
--Ды не, мамачка. Толькі
крышачку…
--Мусіць, зноў падманваеш?
Кажы, як ёсць!
--Ну баліць крыху, але ж
трываць можна…
--Андрэй, доктар мне загадаў
насварыцца на цябе, -- пастаралася
яна гаварыць як мага больш строга. -- Чаму ты так доўга трываў боль і нікому
нічога не сказаў? Усё магло закончыцца вельмі дрэнна.
--Мам, ну не трэба, -- унурыў
галаву Андрэйка. -- Усё ж добра скончылася! Мне не вельмі моцна балела, праўда.
А потым -- я ў той дзень быў у нарадзе. Хлопцы звычайна выдумляюць усё, што
можна, каб “адкасіць”, а ім мала хто верыць. Ну я і падумаў: скажу, што жывот
баліць – скажуць, што “халяўшчык”. Вось і трываў, пакуль можна было.
--Ага, пакуль можна… Вось
ляжаў бы зараз у рэанімацыі з трубкамі ў жываце ды пад кропельніцай – ведаў бы,
колькі можна. Гераізм трэба ў іншых выпадках праяўляць. А ў пытаннях са
здароўем – звычайны здаровы сэнс. Хворы салдат – дрэнны салдат.
--Мам, ну перастань, я ўжо
ўсё зразумеў… Пакажы лепш, што ты мне прывезла?
--Хітрун! – засмяялася маці.
-- Табе ж яшчэ нельга есці!
--Затое піць ужо можна. Ты
зварыла мне майго любімага журавіннага кісялю? А есці, сказалі, дазволяць
заўтра… Ты мне яблыкаў прывезла?
--І яблыкаў, і кісялю, і
чарэшні, і клубніц, смакаежка ты!
--Ну, не такі ўжо і
смакаежка, -- Андрэй пакрыўджана надзьмуў вусны. – Проста надакучылі ўжо ў
вучылішчы макароны ды грэчка.
--Ну то трэба было сядзець
дома і не прасіцца ў сваё сувораўскае. Былі б табе і яблыкі, і кісель, і
варэнікі з чарніцамі.
--Мам, ну як ты не разумееш:
грэчка – гэта адно, а вучылішча – зусім іншае. Тут жа не толькі грэчку есці
прымушаюць, ёсць і нешта іншае, вельмі цікавае. Дзеля гэтага можна і грэчку
патрываць… Тым больш, што ты ўсё роўна нешта смачненькае прывязеш, -- хітравата
паглядзеў на яе Андрэй.
--Ох ты і дыпламат! Ну добра,
будзем лічыць, што пераканаў: курсанцкія пагоны і аксельбанты ды захопленыя
вочкі дзяўчынак кампенсуюць грэчку і макароны, -- засмяялася Таццяна.
-- Ты ж толькі глядзі, сёння
нічога не еж, табе яшчэ нельга, -- папярэдзіла яна, выкладваючы пад прагным
позіркам сына ў халадзільнік прысмакі. -- І заўтра не асабліва налягай, а то
зноў у аперацыйную трапіш. Патрошку…
--А яшчэ я табе прывезла
ноутбук, -- дастала яна з сумкі галоўны “гасцінец”. -- І ўсе фільмы пра Гары
Потэра.
--Ура!!! – хлапчук ледзь не
падскочыў у ложку, ды боль астудзіў яго імпэт: ён скрывіўся і заціх на
хвілінку. А потым загаварыў спакайней:
--Мам, ты, калі будзеш
гаварыць з урачом, папрасі, каб мяне не вельмі хутка выпісалі, каб я паспеў усё
пераглядзець.
--Паспееш, паспееш, герой. Я
яшчэ кніжкі твае прывезла, каб ты не сумаваў. І пару гульняў, мне сказалі, што
цікавыя, я ў гэтым нічога не разбіраюся.
--Дзякуй, мамачка! Я цябе
люблю! Ты ў мяне – самая лепшая.
--Ды ўжо ж… Іншай жа няма.
З Андрэем яна прабавілася
адзіны дзве. Заязджаць у вучылішча, каб пагутарыць з куратарам, як планавала,
было ўжо позна. Вырашыла, што патэлефануе заўтра. А зараз час назад выпраўляцца
– дарога няблізкая, а на вуліцы вечарэла.
Толькі калі выехалі з горада,
яна адчула, што моцна прагаладалася. Успомніла, што, акрамя ранішняй кавы, у
роце макавай расінкі не было. Ды і вадзіцель яе, напэўна, не больш пад’еў, у
таго, мусіць і кавы не было.
--Юрый, давайце дзе-небудзь
прыпынімся па дарозе, перакусім. Я толькі зараз успомніла, што ўвесь дзень
нічога не ела. Галодная, як сабака! Ды і вы, думаю, таксама.
--Добра, спынімся. Толькі вы
пра мяне не хвалюйцеся, я не хачу…
--Не, дазвольце ўсе ж
пахвалявацца. Раз ужо так сталася, што вы сёння з’яўляецеся маім персанальным
вадзіцелем, то я павінна паклапаціцца, каб вы былі ў поўным парадку. Пра грошы
не турбуйцеся, -- яна здагадалася, з-за чаго ён адмаўляецца ад абеду. – Вы ў
камандзіроўцы, так што харчаванне – за кошт фірмы
--Слухаюся, шэф, -- ён іранічна казырнуў і звярнуў да прыдарожнага
кафэ, адкуль па наваколлю разносіўся водар смажаных шашлыкоў.
За лёгкім будынкам кафэ пад
засенню дрэў стаялі летнія столікі, і яны, заказаўшы дзве порцыі шашлыкоў і
ладную місу салату, ўладкаваліся там пад рассеяным святлом ліхтара, які ў пары
з узышоўшай над гарызонтам поўняй спрабаваў рассеяць вечаровы паўзмрок.
Да аб’ектаў так званага
прыдарожнага сервісу яна адносілася з пэўным недаверам і звычайна мінала іх.
Але тут шашлыкі падаліся на дзіва смачнымі – ці можа, уся справа была ў тым,
што яны моцна прагаладаліся? Елі моўчкі. І толькі калі падалі каву, з асалодай
удыхаючы любімы водар, адкінулася на спінку плеценага крэсла і, забыўшыся
ўрэшце пра прыстойнасць, скінула туфлі на высокіх абцасах і выцягнула ногі.
Вызваленыя з цеснага палону пальцы прыемна паколвала. Яна ў знямозе і ад
асалоды ад гэтага мімалётнага адпачынку заплюшчыла вочы…
Ён таксама з задавальненнем
памешваў каву – амаль забыўся, як яна пахне, сапраўдная – і глядзеў на сваю
новую начальніцу са спачуваннем і разуменнем: пэўна ж, дастаецца ж ёй, гэтай з
першага погляду такой дзелавой, бескампраміснай, непрыступнай, а на самой
справе, відаць, вельмі безабароннай, добрай і шчырай жанчыне…
Юрый асцярожна кашлянуў –
Таццяна здрыганулася і расплюўчыла вочы.
--Прабачце, Таццяна
Аляксееўна, што лезу не ў сваю справу… -- ён так і не вырашыў, ці можа задаваць
такія пытанні, ці дазваляе яму гэта тая хвіліна шчырасці, што здарылася паміж
імі ў дарозе. -- Калі я вы палічыце, што
замнога сабе дазваляю, то я здымаю сваё пытанне і яшчэ раз прашу прабачэння…
Але… Калі не сакрэт, чаму ваш трынаццацігадовы сын жыве адзін у чужым горадзе? Што ён тут робіць?
--Вучыцца ў сувораўскім
вучылішчы.
Ён прысвіснуў ад здзіўлення:
--Ого! Ды вы, напэўна,
сапраўды жалезная лэдзі, калі рашыліся адпусціць дзіця ў такім узросце ў такія
ўмовы. І як да гэтага паставіўся ваш муж?
--Муж ніяк не паставіўся –
няма яго ў мяне. Раіцца мне няма з кім – хіба што з сынамі. Але затое і
адказнасць няма на каго перакладваць. Усё маё -- і добрае, і дрэннае, і
поспехі, і няўдачы. А ўмовы ў гэтым вучылішчы, дарэчы, не самыя горшыя, усё
неабходнае там ёсць, і ўсё на ўзроўні. І адукацыя, і нагляд, і выхаванне, і
дысцыпліна. Школа для выхавання сапраўдных мужчын. Думаю, што я адна, ды яшчэ
са сваёй адвечнай занятасцю, не змагала б сыну ўсё гэта забяспечыць. З гэтым
вось апендыцытам недагледзелі, ледзь на перытаніту справа не дайшла. Хоць і
тут, трэба сказаць дзеля справядлівасці, асаблівай віны выхавацеляў няма –
Андрэйка на дзіва цярплівы, з маленства такі, усё баіцца, каб нікому лішняга
клопату не прычыніць. Вось і трываў боль, не гаварыў нікому, пакуль не прыціснула ўсур’ёз.
Яна адпіла кавы, памаўчала.
--А я ніякая не жалезная, тут
вы памыляецеся. І далося мне гэтае рашэнне вельмі не проста. Але Андрэй вельмі
прасіўся, яму так хацелася насіць форму. Дзіцячы перыяд гульні “ў салдацікаў” у яго зацягнуўся і прарос у
жаданне стаць ваенным… Ён сам знайшоў
правілы паступлення ў сувораўскае вучылішча, сур’ёзна рыхтаваўся да
экзаменаў... Але я, напэўна, усё роўна пачакала б, пакуль ён падрасце,
пасталее, закончыць школу і зможа зрабіць свой выбар больш асэнсавана. Але…
Спадчыннасць у яго… Не тое, каб вельмі дрэнная, але ж своеасаблівая. Мяккі ён,
добры. Адмовіць нікому не можа. Бацькавы гены… Таго яны да дабра не давялі, я
пабаялася, што і з сынам злы жарт сыграюць. А тут падлеткавы ўзрост набліжаецца
– з усімі яго спакусамі і прагай самасцвярджэння. А я – жанчына, і ў мяне
бізнес, справа, якую я пры ўсім жаданні не магу пакінуць ці хоць бы аслабіць
увагу. І не толькі таму, што трэба за нешта жыць, сыноў выводзіць у людзі. За
мной яшчэ людзі стаяць, больш чым паўсотні супрацоўнікаў, а ў іх – таксама
сем’і, дабрабыт якіх залежыць ад поспеху нашай агульнай справы. Таму і кручуся.
Разумею, што гэта дрэнна, што справа крадзе мяне ў сям’і, у дзяцей, урэшце, у
самой сябе, але інакш не атрымліваецца.
Таццяна замоўкла, дапіваючы
каву. Паставіла філіжанку на столік і ўсміхнулася:
--У “бізнес-вумэн”, каб вы
ведалі, я не ад добрага жыцця падалася. Не таму, што камандаваць моцна
захацелася ці грошай шмат мець. Мяне задавальняла мая праца. Але так сталася,
што ў тыя самыя дзевяностыя, пра якія вы ўзгадвалі, я засталася адна з двума
дзецьмі. І дапамогі чакаць не было адкуль. Сітуацыя з зарплатай – амаль такая
ж, як і ў вас. Ды і ў каго яна ў той час была іншай? Яблыкі і сасіскі дзецям я
купляла паштучна – якое ўжо там мора ці канькі, пра гэта мы і марыць не маглі.
А потым аднакурснік прапанаваў адкрыць разам справу па майму профілю -- я па
адукацыі тэхнолаг швейнай вытворчасці. Ну і, акрамя тэхналогіі працэсу, добра
асвоіла і практыку: сям’ю ў тыя часы сама абшывала, ды яшчэ і
сяброўкам-суседкам дапамагала абноўкі спраўляць са старых сукенак ды паліто – і
ім радасць, і мне нейкая дадатковая капейчына. Пазычыла грошы, купілі мы дзве
швейныя машынкі, раскроечны стол, прас, два рулоны тканіны, фурнітуру… Знялі
пакойчык у падвале. На першым часе я распрацоўвала мадэлі, Валодзя кроіў, а потым
мы з яго жонкай шылі дзень і ноч. Аддавалі оптам на рынак – былі ў нас дзве
кропкі. Неяк мы ўгадалі – ці то з мадэлямі, ці яшчэ з чым. За якасцю сачылі, за
звышпрыбыткам не гналіся… Так паціху і раскруціліся. Зараз у нас сярэдніх
памераў прадпрыемства са сваім імем і кліентурай. Калі ўсё будзе добра, на днях папішам пагадненне з
адной польскай кампаніяй, выйдзем на еўрапейскі рынак. Але справа вымагае часу
-- усяго, без рэшты. І дахаты я вяртаюся, як выціснуты лімон. Займацца дзецьмі,
як належыць, проста фізічна не магу. Старэйшы сын, дзякуй богу, ужо самастойны
хлопец, у наступным годзе заканчвае вучобу. А Андрэйку, вядома ж, мама яшчэ
вельмі патрэбна…
Голас яе па-здрадніцку
задрыжэў, і яна зноў замоўкла. Юрый вырашыў, што размова ўжо скончана, але
Таццяна прамовіла:
--Я разумею, што я дрэнная
маці. Але не ведаю -- проста не ўяўляю! -- што можна змяніць у маім рабочым
графіку, ды што там – у ладзе жыцця, каб мець больш вольнага часу.
Атрымліваецца парадокс: спыніць справу немагчыма, каб быць у каляіне, трэба
ўвесь час рухацца наперад, развівацца. А гэта вымагае ўсё больш часу і сіл… Я –
як вавёрка ў коле, якая не можа ні спыніцца, ні нават запаволіць тэмп…
Здаецца, ён яшчэ хацеў нешта
спытаць ці сказаць. Але яна раптам злавіла сябе на думцы, што неяк зусім
неабдумана, залішне адкрылася перад гэтым практычна незнаёмым чалавекам –
зашмат шчырасці для першага дня знаёмства. І нават для другога… І перапыніла
яго спробу прадоўжыць вечар шчырасці:
--Добра, Юрый, адпачылі крыху
– і паедзем. Яшчэ немалы кавалак шляху пілаваць… Я, з вашага дазволу, сяду
ззаду і паспрабую крышку падрамаць – спала сёння ноччу вельмі дрэнна, усё
нейкія кашмары мроіліся. Вось і не вер пасля гэтага снам!
Хоць разумела, што паспаць у
яе не атрымаецца – ніколі не магла заснуць у машыне. Але і гаварыць ні аб чым
не хацелася. Яна адкінулася на сядзенне, заплюшчыла вочы і стала думаць пра
сына. Як там ён? Ці не ўзмацніліся болі? Ці не паднялася тэмпература? Калі яна
ад’язджала, усё было ў парадку, а зараз? Усё ж гэта вельмі дрэнна, што ён так
далёка ад дому, ад маці. Так, усё тое, аб чым яна гаварыла толькі што, --
праўда, і яна неаднойчы пераконвала сама сябе тымі ж словамі, што ўсё зрабіла
правільна. І ўсё ж… Ну і што, што характар у Андрэйкі бацькаў? Не ўсе ж добрыя
і мяккія співаюцца і заканчваюць жыццё так, як Павел. Да таго ж ён не толькі
бацькаў, але яшчэ і яе сын, і ў яго не толькі Паўлавы гены… Можа, яна ўсё ж дарэмна
адпусціла сына ў гэтае сувораўскае? Хаця хто можа сказаць, што правільна, а што
не? А калі б сын потым усё жыццё трымаў на яе крыўду за тое, што не дазволіла ажыццявіць
мару? Ён жа па-сапраўднаму, не дзеля гульні, рваўся ў гэтае вучылішча. І
ўвогуле, ці мае права нават яна, маці, распараджацца лёсам сына? Так, ёй,
напэўна, было б лепш, каб ён быў побач, яна б нават прыдумала нешта, каб крыху
разгрузіцца на рабоце і больш часу праводзіць з ім. Але Андрэй – ці было б ад
гэтага лепш яму? Вунь як блішчаць яго вочы, калі расказвае пра сваё вучылішча –
нават макароны і грэчку згодзен трываць… Яна ўсміхнулася, узгадаўшы, як
па-дзіцячы напасрэдна сын радаваўся гасцінцам і як пры тым абараняў сваё
вучылішча. Ці мае яна права дзеля сваіх жаданняў, душэўнага камфорту ламаць яму
жыццё? Напэўна, не… І, нягледзячы на свае яшчэ дзіцячыя гады, Андрэй даволі
сур’ёзны хлопчык. Ён мае права на мару і яе ажыццяўленне. А яе, маці, справа,
-- дапамагчы яму упэўнена ісці сваёй дарогай, рэалізоўвацца ў жыцці, а не
прымушаць жыць так, як яна палічыць правільным.
Глава 5
Паступова думкі з Андрэйкі перакінуліся на яго бацьку.
…З Паўлам яе пазнаёміла цётка
Валя. Дзень пры дні дурыла галаву, што ў яе даўняй сяброўкі ёсць нежанаты сын –
такі добры, такі спакойны, такі гаспадарлівы,… Таня адмоўчвалася, каб не
крыўдзіць хросную, але ўсур’ёз гэтыя размовы не ўспрымала. Ну які там “добры і
спакойны”, калі ў яе сын падрастае? Хопіць з яе ўжо, бачыла яна і харошага, і
гаспадарлівага…
Але аднойчы настойлівая цётка
Валя, якая ўсё не пакідала надзеі ўладкаваць жаночае шчасце хрэсніцы, запрасіла
Паўла да іх у госці – знайшла нейкую нагоду, імяніны свае прыдумала, ці што?
Таня страшэнна саромелася, адчувала сябе, нібы на агледзінах. Але Паўлу ўдалося
хутка разрадзіць абстаноўку – ён стаў гуляць з Васільком, той літаральна з першых
хвілін знаёмства павіс на ім і не злазіў з рук увесь вечар. Яны забаўляліся,
дурэлі, Павел катаў Васю на коніку, паказваў малому фокусы, той залівіста
смяяўся – і Таня таксама не магла стрымаць усмешкі. У той вечар яна, мусіць,
упершыню пасля нараджэння сына зразумела, як не хапае Васільку мужчыны побач.
І, як бы яна ні хацела даць яму ўсё магчымае, стаць для яго і бацькам, і маці,
ёй гэта не ўдасца. Вось прыйшоў у дом чужы чалавек, крышку прылашчыў дзіця – і
ўсё, больш яму нічога не трэба.
Павел пасля першага вечара не
знік, як яна думала. Наадварот -- стаў амаль штодзень прыходзіць да іх. На
Таццяну асаблівай увагі не звяртаў: прыносіў Васільку гасцінцы і падарункі,
гуляў з малым, чытаў яму казкі, вадзіў ў парк, у кінатэатр на мульцікі,
расказваў цікавыя гісторыі. Да яе быў уважлівым, прыветлівым -- але не больш
таго. Здавалася, што патэнцыяльнага кавалера куды больш цікавіць хлопчык, чым
яго маці. Таню гэта спачатку здзіўляла і нават радавала – аказваецца, ёсць і
такія мужчыны, а кажуць жа, што ім усім адно і тое ж патрэбна... Потым сітуацыя
яе забаўляла. А з цягам часу пачала раздражняць: што яна, пустое месца, што ён
толькі “Добры вечар” ды “Спакойнай ночы”? Хоць бы дзеля прыліку пра справы
спытаў. А то ўсё з малым бавіцца, той вечара дачакацца не можа, каб дзядзя Паша
прыйшоў.
Яна і сабе не хацела прызнацца, што раўнуе
сына да гэтага чужога чалавека, які немаведама адкуль з’явіўся ў іх жыцці і
вельмі хутка стаў для малога найлепшым сябрам. А яна, маці, паступова
адыходзіць на другі план – нібыта і ні пры чым яна тут, нібы і не было ў іх з
Васільком сваіх гульняў, заняткаў да таго, як з’явіўся гэты дзядзя Паша.
Таня стала абдумваць, як
больш тактоўна і менш балюча для дзіцяці адвадзіць гэтага госця ад дому, даць
яму зразумець, што няма патрэбы ў яго штодзённых візітах, што ім і ўдваіх
жывецца вельмі добра.
Аднойчы – такога раней не
здаралася – Павел сустрэў яе з работы. Перахапіў сумкі з прадуктамі і
прапанаваў правесці дахаты – з заходам у дзіцячы садок за Васільком, зразумела.
“Ну вось і добра, -- падумала, ахвотна пагаджаючыся з гэтай прапановай,
Таццяна. – Па дарозе і скажу яму ўсё, што думаю пра гэтыя яго наведванні. А ў
садок за Васькам пайду сама – ён хай ідзе сваёй дарогай”
Але не паспела яна сабрацца з
думкамі, як Павел сам завёў гаворку.
--Таня, я за апошні час
вельмі прывязаўся да Васілька. І да вас, -- прамовіў ён і паспрабаваў узяць яе
за руку.
--Я заўважыла, -- сухавата
адказала Таццяна і стала корпацца ў сумачцы, нібыта шукаючы пальчаткі – а на
самой справе каб заняць рукі: такія “пяшчотнасці” не ўваходзілі ў яе планы. І
дадала сухавата:
– І не магу сказаць, каб мяне
гэта радавала.
--Чаму? – здзіўлена паглядзеў
на яе Павел. – Вы што, лічыце, што я дрэнна ўплываю на хлопчыка? Мне здаецца,
наадварот -- Васю падабаецца, калі я прыходжу, ён так радуецца. Мы з ім столькі
навучыліся за гэты час. Чаму вас гэта раздражняе?
--Я не гэта мела на ўвазе, --
Таня старалася прыдумаць, як растлумачыць усё гэтаму неблагому хлопцу, не
пакрыўдзіўшы яго.
А Павел працягваў:
--Таня, вы мяне, прабачце,
калі ласка… Я не хачу ўмешвацца ў ваша жыццё…
--А вас аб гэтым ніхто і не
просіць. І не дазваляе! – рэзка перабіла яго Таццяна – спалохалася, каб размова
не павярнула ў недазволенае рэчышча. Але Павел працягваў, не зважаючы на яе
тон:
--Вы зразумейце: Вася -- хлопчык,
і проста неабходна, каб у яго выхаванні прымаў удзел мужчына…
--Можа, і так, -- Таня
памаўчала, падступаючыся да галоўнага. – Але… Вось вы прыходзіце, гуляеце,
займаецеся з дзіцем – я вельмі ўдзячна вам за гэта. Я ж не вораг свайму сыну,
разумею не горш, чым вы, што яму і сапраўды патрэбен мужчына, жыве ж мой
хлопчык у атачэнні жанчын – мама, бабуля, выхавальніцы ў садку… Аднак, Павел,
вы прабачце, але мяне вельмі насцярожвае тое, што Вася так моцна прывязаўся да
вас. Так, сёння ўсё цудоўна, усе задаволены, усе смяюцца… А што будзе, калі вы
аднойчы знікнеце? Вы разумееце, якая гэта будзе душэўная траўма для дзіцяці? Я
лічу, што лепш не даваць – і не забіраць. Не так балюча… Пагэтаму я хачу
папрасіць вас пакрысе адвучаць Васю ад сябе… Каб гэта расставанне адбылося не
адразу, не раптам, каб яму не вельмі балела.
--Але, Таня, чаму вы
вырашылі, што я некуды знікну? – недаўменна паціснуў плячыма Павел. --Не
збіраюся я нікуды знікаць! Наадварот. Я… Я хачу вам прапанаваць выйсці за мяне
замуж. І тады мы будзем усе разам, назаўсёды. І не будзе ніякіх траўм! --
выпаліў ён рашуча.
Таццяна ажно спынілася ад
нечаканасці – нішто сабе прапанова! Ніколі ні слова, ні знаку, што яна яму
падабаецца – не тое, што нейкіх там прызнанняў ці слоў пра каханне. І так вось,
з бухты-барахты, пасярод вуліцы – выходзь за яго замуж!
--Павел, а вам не здаецца,
што ваша прапанова… Гм-м… Прабачце, але крыху нечаканая…
--Для мяне – не.
--Але ж вы ж мяне зусім не
ведаеце…
--Ну чаму ж зусім? Крыху
ведаю. Лепш даведаюся пазней… Як і вы мяне. Спадзяюся, што не расчарую.
--Але…-- яна памкнулася
прызнацца, што не любіць яго. Але нешта спыніла – і Таня сказала крыху інакш:
--Павел, вы ж не любіце мяне…
--Затое я Васю моцна палюбіў,
-- паціснуў ён плячыма. – У мяне пакуль няма сваіх дзяцей, але мне здаецца, што
нават роднага сына нельга любіць больш. А вы – яго маці, харошая прыгожая
жанчына. І таксама яго любіце. Я спадзяюся, што гэта нас аб’яднае, і мы з цягам
часу таксама пакахаем адзін аднаго. Не ўсё ж адразу адбываецца. Ды, зрэшты, не ўсе
ж жэняцца і выходзяць замуж па вялікім каханні. Між іншым, псіхолагі
сцвярджаюць, што шлюбы, якія грунтуюцца на здаровым сэнсе, а не на
страсці, – самыя моцныя.
--Ну не ведаю, -- не знайшла
яна што адказаць на яго пераканаўчыя аргументы, успомніўшы сваё незямное
каханне…
--Таня, я вас не прыспешваю,
-- на гэты раз ён больш настойліва ўзяў яе за руку. -- Надумаецеся – скажаце…
Другой размовы з гэтай нагоды
ў іх так і не адбылося. Недзе праз месяц Паша прыйшоў павіншаваць яе з днём
нараджэння – і застаўся. На ноч – і назаўсёды.
“Ну што тут такога? –
старалася яна пераканаць саму сябе, што нічога страшнага не адбылося. –
Падумаеш, каханне! Ведала ты тое каханне – і што? Мора слёз, болю, пакут і сын
без бацькі – вось і ўсё каханне. Паша мае рацыю: столькі людзей жэняцца без
кахання – і жывуць, дзяцей гадуюць… І наколькі ім прасцей, чым табе, адной,
гэта рабіць! Людзей жа не толькі каханне яднае – ёсць і іншыя пачуцці:
сяброўства, павага, адказнасць… А Паша харошы – добры, спагадлівы. І галоўнае
-- Васю любіць. Дзе яшчэ такога клапатлівага бацьку сыну знойдзеш? Родныя не
заўсёды са сваімі дзецьмі гэтак носяцца, як ён з маім. А яшчэ Паша працавіты,
гаспадарлівы, рукі ў яго залатыя – усё нешта робіць, майструе, і Васька каля
яго вучыцца… А я чаму сына навучу – шкарпэткі вязаць ці сукенкі шыць? Я стану
для Пашы клапатлівай і ўважлівай жонкай, вернай і адданай. І ўсё ў нас будзе
добра!” -- угаворвала Таццяна сябе.
Усё і сапраўды было добра.
Яны пажаніліся і перабраліся жыць да Пашавых бацькоў, у якіх быў свой дом на
ўскрайку горада. Свякроўка да таго часу занемагала, і патрэбен быў догляд – і
за ёй, і за немаладым ужо свёкрам, і за домам ды садам-агародам. Пашавы бацькі,
разумныя памяркоўныя людзі, прынялі нявестку “з прычэпам” паважліва. Маладзіца
ім спадабалася: прыветлівая, спакойная, гаспадарлівая, працавітая… А што з
дзіцем – дык хто ведае, што там у яе ў маладосці атрымалася… Не яна першая, не
яна апошняя. Хлопчык харошы, рухавы, вясёлы – радасць ды ўцеха для старых, якія
ўсё не маглі дачакацца ўнукаў. “Калі Паўлу з ёй добра, то нам – тройчы” –
вырашылі бацькі і з першага дня сталі зваць Таццяну дачушкай.
Яна ўзваліла на свае плечы
ўсю гаспадарку і дом: абмывала. чысціла, прыбірала, варыла на ўсю сям’ю. З
аднаго боку, не было з кім дзяліцца сваёй нялёгкай ношай: свякроўка ледзь
хадзіла па хаце з палачкай, свёкар больш корпаўся ў садзе ды на пасецы, да таго
ж ён па старой сялянскай звычцы лічыў, што мужчыну ганебна займацца жаночымі
справамі. Гэтае бацькава перакананне пераняў і Паша: мог працаваць цэлы дзень,
але пры гэтым застацца галодным, калі яна не паставіць на стол талерку з супам
і не пакліча сеці. А Таццяне вельмі хацелася быць добрай жонкай і нявесткай.
Яна нібы кампенсавала сваёй бясконцай працай, клопатамі пра ўсіх і ўсё
адсутнасць кахання да мужа.
Праз год яна нарадзіла сына, Андрэйку – малога
назвалі так у гонар дзядулі. Радасці бацькі і дзеда з бабай не было мяжы.
Вось толькі Вася з
нараджэннем браціка адышоў нібы на другі план: цэнтр жыцця сканцэнтраваўся
вакол малыша. А ён неяк адразу стаў лічыцца вялікім, амаль дарослым, мужчынам
-- пра гэта яму нагадвалі штодня… Тата ўжо не бавіўся з ім столькі, як раней,
мама амаль увесь час трымала на руках малога, бабуля і дзядуля таксама
стараліся пазабаўляцца з ім – Васілёк адчуваў сябе пакінутым. Ён увесь час стараўся
прытуліцца да мамы. А аднойчы спытаў:
--Мяне тата ўжо не будзе так
любіць так, як раней? Я ж яму не родны, як Андрэйка…
Сэрца ў Тані сціснулася ад
болю – яна нават не здагадвалася, што ў маленькай дзіцячай душы жывуць такія
дарослыя пакуты і сумненні.
Пастаралася суцешыць сына,
пераканаць, што ўсё гэта не так, што і яго, і Андрэйку яны з татам любяць
аднолькава, проста брацік пакуль маленькі, і яму трэба больш увагі… Васілёк
згодна ківаў галавою, але сум у яго вачах не праходзіў…
Яна хацела пагаварыць з
Паўлам пра гэта, папрасіць яго быць больш уважлівым да Васілька, ды ўсё не
выпадала. Неяк так сталася – яна нават сам не заўважыла, калі і як -- што Паша
усё часцей стаў прыходзіць дамоў нападпітку: то на рабоце нешта замочвалі, то
халтура ў яго – зрабіць мог усё, а грошы за работу браць саромеўся, і
разлічваліся з ім звычайна бутэлькай, якую потым разам і распівалі… Калі яна
ранкам спрабавала ўшчуваць яго, Паша вінавата хаваў вочы і мармытаў прабачэнні
і абяцанні, што гэта апошні раз. А вечарам усё паўтаралася… І чым далей, тым
часцей гэта здаралася і тым больш п’яным ён прыходзіў. Часам яго прыводзілі
сябрукі ці прывозілі, ледзь жывога, на машыне. Ён співаўся неяк вельмі хутка,
проста імкліва. І адначасова непазнавальна мяняўся: з клапатлівага, спагадлівага,
сарамлівага станавіўся абыякавым, раўнадушным, грубым. Ён дазваляў сабе рэчы,
пра якія раней і падумаць нельга было. Забыўся пра Васеў дзень нараджэння –
прыйшоў вечарам без падарунка, п’яны, калі за сталом сядзелі госці. Ні разу не
праведаў бацьку, калі таго паклалі ў бальніцу. Закінуў хатнія справы – сад
упершыню сустрэў вясну не абрэзаны, грады яна ўскопвала сама, нават рыбалку
сваю любімую закінуў. Такога раней ніколі не было, яна не пазнавала Паўла… Ды
што там -- да Андрэйкі амаль не падыходзіў: п’янаму яна не дазваляла браць яго
на рукі, баялася за дзіця, а цвярозым ён цяпер амаль не быў.
Таццяна маўчала, калі ён
прыходзіў у такім стане – што гаварыць з п’яным? Глядзела і з пагардай думала:
да якога ж гідотнага стану можа сам сябе давесці чалавек – не дурны, нядрэнны,
адукаваны, прыгожы… Яна перастала ўшчуваць яго нават назаўтра: моўчкі ставіла
на стол снеданне і ішла да дзяцей. Які сэнс слухаць у сто першы раз яго “больш
не буду” і ведаць, што і гэтае абяцанне забудзецца, ледзь толькі ён зачыніць
брамку?
Паўла яе маўчанне, падобна, раздражняла:
--Усё маўчыш? Вядома, табе
ўсё роўна – п’яны я ці цвярозы. Каб і зусім не прыйшоў, табе б, мусіць было ўсё
роўна, -- мармытаў ён часам, спрабуючы разуцца. – Табе ўсё роўна… Бо ты мяне не
любіш… І ніколі не любіла… Я праз Ваську стараўся тваё каханне заслужыць…
Васька мяне палюбіў, а ты – не… Я думаў, што станем жыць разам, і ўсё зменіцца.
Але нічога не зменіцца… Халодная ты… Вочы ў цябе халодныя… Думаў: дзіцятка
народзіцца, наша агульнае дзіцятка, часцінка цябе і мяне – і ты да мяне
пераменішся. А ў вачах тваіх усё роўна – холад…
Яна моўчкі выходзіла з пакоя
-- пра што гаварыць з п’яным? Нагадаць, што ў іх з самага пачатку такая
дамоўленасць была – ні слова пра каханне? Праўда, тады, калі Паша застаўся ў яе
першы раз, ён, прагна цалуючы яе, увесь час паўтараў, што любіць, што марыў пра
гэты момант з той хвіліны, як яны пазнаёміліся, але баяўся яе халодных вачэй, і
таму ўвесь час праводзіў з Васільком… Але яна падумала, што гэта ён знарок так
гаворыць: трэба ж сказаць жанчыне нешта прыемнае, асаблівае, калі кладзешся з
ёй у ложак, не пра даследаванні ж псіхолагаў расказваць у такі момант… Яна тады
ў адказ не прамовіла ні слова – не магла прытварацца закаханай. Больш Павел
падобных прызнанняў не дазваляў – калі не лічыць сціплае “так” на пытанні
супрацоўніцы загса, калі яны распісваліся.
Яе маўчанне раздражняла яго
ўсё больш – і аднойчы ён ударыў яе. Здаецца, не моцна, але яна ўпала, ударылася
галавой аб рог шафы і страціла прытомнасць. “Сатрасенне мозгу”, паставілі
дыягназ у бальніцы, куды яе прывезла “хуткая дапамога”. “Ну вось і нажыла я за
мужам, -- з горыччу думала Таня, калі прыйшла ў сябе. -- Трэба разводзіцца.
Старых шкада. А найбольш -- хлопчыкаў… Але хто з іх вырасце, калі будуць кожны
дзень бачыць такія “канцэрты”?
У бальніцу да яе Павел не
прыйшоў ні разу. А калі яна вярнулася дахаты, сустрэў з букетам руж:
--Калі можаш -- прабач. У
апошні раз. Больш такое не паўторыцца. Ніколі. Я табе абяцаю, я клянуся – чым
хочаш -- маці, бацькам, сынам, што піць больш не буду! Даруй. Я сам не ведаю,
што са мной сталася.
--Паша, не трэба, -- у яе
яшчэ моцна балела галава і не было ніякага жадання слухаць яго клятвы. – З
табой гэта сталася не ўчора -- нашмат раней. Ты хоць сам памятаеш, колькі разоў
і што абяцаў? А ўжо бацькоў і сына тым больш не чапай… Сказанае слова – не
верабей. Не стаў іх у залежнасць ад сваёй бязвольнасці і неабавязковасці…
--Ты мне не верыш?
--Не, Паша, не веру… Я падаю
на развод.
Яна баялася, як успрымуць яе рашэнне Пашавы
бацькі – даражыла іх добрымі адносінамі, паважала гэтых немаладых і вельмі
сардэчных людзей, якія за гэтыя некалькі гадоў сталі для яе сапраўды роднымі.
Але маці, даведаўшыся, загаласіла:
--Кідай яго, дачушка! Кідай,
ратуй сябе і дзетак. Не будзе з яго толку. Грэх мне, маці, так казаць пра сваё
дзіця, але ж бачу – не будзе. Добры ён душою, але ж слабы, падатлівы, як гліна.
Не вылепілі мы з бацькам з яго чалавека, не загартавалі… Лёгка зламаўся… Не
губі сябе, дачушка, кідай, уладкоўвай сваё жыццё. Дзетак мы не кінем, не перажывай,
чым зможам, дапаможам. Калі, вядома, паспеем…
А бацька паглядзеў з надзеяй:
--А можа, дачка, паспрабуем
яго палячыць? Шукаюць жа людзі нейкага паратунку, і кажуць, што знаходзяць --
можа, і нам удасца? Шкада, не чужы ж ён -- ні нам, ні табе, ні дзецям. І
чалавек неблагі – грэх крыж на жывым ставіць. Прападзе…
--Добра, -- уздыхнула
Таццяна. – Давайце паспрабуем шукаць паратунку. Калі ён, вядома, сам гэтага
захоча… Бо без гэтага ніякія лекары не дапамогуць…
Але Павел у адказ на бацькаву
прапанову толькі рассмяяўся:
--Вы аб чым? Навошта мне вашы
дактары? Я што, сам не змагу кінуць піць, калі захачу? Хачу – п’ю, захачу – не
буду. А ты сабралася разводзіцца, -- злосна кінуў ён Тані, – то рабі, што
надумала. Не чакай, перапрошваць не буду, хопіць з мяне прыніжэнняў!
Цяпер Павел піў яшчэ больш, рабіў гэта нібы
назло ўсім -- з нейкім смакам, з надрывам.
Таццяна пачала збіраць
дакументы, каб падаць на развод. Дамовілася з цёткай Валяй, што вернецца з
хлопцамі жыць да яе.
Але тут свякроўку, якая і без
таго ледзь хадзіла па хаце, разбіў параліч. Таня не змагла пакінуць яе,
бездапаможную, на руках старога мужа ды вечна п’янага сына. І засталася…
Паша кожны вечар прыходзіў
п’яны і пад’южваў:
--Ну што, не падала яшчэ на
развод? Перадумала? Ці чакаеш, што прасіцца стану? Не чакай!
Яна трывала, сціснуўшы зубы.
Шукала хоць якое выйсце з гэтага беспрасветнага пекла – і не знаходзіла.
Павел
знайшоў выйсце сам. Калі яго звольнілі з работы, некалькі дзён ён быў цвярозы.
Хадзіў па дому, як непрыкаяны, з кута ў кут. А потым знік…
Яго знайшлі на гарышчы ў пятлі. У запісцы, што
ляжала побач, прасіў усіх яго прабачыць, асабліва сыноў. І Таню, якую адну-адзіную
кахаў у жыцці.
Таццяна балюча перажывала
смерць Паўла. Яна адчувала сябе вінаватай – за тое, што так і не змагла пакахаць
яго. І прытварыцца таксама не змагла. Так, яна была добрай, клапатлівай,
уважлівай жонкай – але ж таму, хто любіць, гэтага, напэўна, мала...
І цяпер яна вельмі перажывала
за Андрэйку: той, што называецца, бацькавы кропелькі падабраў. Чым больш падрастаў,
тым больш яна пазнавала ў ім Паўла – у рухах, ва ўсмешцы, у паходцы. І вельмі
баялася, каб гэтае падабенства не пайшло далей – на характар, на схільнасці, на
лёс. Таму і рашылася адпусціць сына ў сувораўскае вучылішча.
Глава 6
--Тацяна Аляксееўна, мы
пад’язджаем, -- абазваўся з вадзіцельскага месца Юрый, які ўсю дарогу маўчаў,
думаючы, што яна заснула. – Куды вас падвезці?
Яна расплюшчыла вочы – за
акном мільгалі агні роднага горада…
--Каторая гадзіна зараз?
--Ды ўжо палова першай… Не
атрымалася раней, выбачайце.
--Ды што вы выбачаецеся, не
на самалёце ж ляцелі. Падвязіце мяне, калі ласка, дахаты. Ці можна нават адразу
ў гараж, там недалёка, я дайду А вы куды? – спахапілася Таццяна, што ў яе
вадзіцеля з начлегам пасля такога позняга вяртання ўзнікнуць праблемы. –
Наколькі я разумею, на сваю дачу вам ужо няма на чым дабірацца, электрычкі ўсе
пайшлі… А сястра ваша дзе жыве?
--На дачу ехаць і сапраўды
позна. А кватэра сястры на ўскрайку горада, у спальным раёне. Калі б нават было
чым дабрацца, я б да яе ўсе роўна не паехаў. Навошта будзіць іх сярод ночы,
турбаваць хворую маму? Ды вы не хвалюйцеся, Таццяна Аляксееўна, я знайду, дзе
пераначаваць – гэта ж мой горад! – бадзёра ўсміхнуўся Юрый.
Але яна зразумела, што гэты
яго аптымізм – дзеля яе супакою, а начаваць яму на самой справе няма дзе. Хіба
што на вакзале ці на лавачцы ў парку…
--Зробім так, Юрый, --
Таццяна нарэшце прыдумала выйсце. – У нас у гаражы ёсць пакой для адпачынку
вадзіцеляў – хлопцам часта даводзіцца па некалькі гадзін сядзець у чаканні, справа
пры нашым вытворчым працэсе звычайная. Там ёсць стол, тэлевізар, канапа,
халадзільнік, мікрахвалёўка. У шафе, калі нічога не змянілася, павінен быць
камплект пасцельнай бялізны – мы не ў першы і не ў апошні раз вяртаемся ў такі
час, калі дахаты дабірацца позна ці, наадварот, выязджаць у рэйс трэба вельмі
рана. Пераначуеце сёння там. Не пяцізоркавы атэль, вядома, але ўсё ж лепш, чым
на лавачцы ў скверы ці на вакзале. А заўтра ў вас адгул – адпачнеце ў звыклай
абстаноўцы.
--Таццяна Аляксееўна, вы
праяўляеце проста фантастычную неабачлівасць і неасцярожнасць! – пакруціў
галавою Юрый. – Чалавеку, якога ведаеце толькі адзін дзень, да таго ж з такім
мінулым, як у мяне, давяраць ключы ад гаража, дзе, як я разумею, знаходзіцца не
адна машына… Гэта вельмі рызыкоўны крок!
--Юрый Аляксандравіч, давайце
дамовімся на будучыню, -- пачала “заводзіцца” Таццяна. – Калі нам давядзецца і
далей працаваць разам, то я абяцаю, што не буду вам камандаваць, як весці
машыну. А вас, у сваю чаргу, я папрашу не ўмешвацца ў мае справы і не
абмяркоўваць мае распараджэнні!
--Слухаюся, шэф! – зноў казырнуў
ён, стараючыся схаваць чорцікаў, што скакалі ў вачах.
--Хоць, зрэшты… -- яна зусім
раззлавалася з-за гэтых дрэнна схаваных чорцікаў: яшчэ й пасміхаецца, нахабнік!
– Напэўна, вы маеце рацыю. Аддайце мне свой пашпарт. Так будзе спакайней – і
вам, і мне, -- сказала яна, калі яны нарэшце спыніліся ля гаража.
--Сапраўды, істотная мера
перасцярогі, -- хмыкнуў вадзіцель, працягваючы ёй пашпарт.
--Вам зноў нешта не
падабаецца? – яна трымала пашпарт у руках, спрабуючы схаваць сваё раздражненне
і разважаючы, пакласці яго ў сумачку ці аддаць назад – і хай руліць на сваіх
дваіх на вакзал ці ў сквер! Вучыць яе надумаў, бомж з вышэйшай адукацыяй!
--Ды не, мне ўсё падабаецца,
калі не сказаць больш, -- паціснуў Юрый плячыма. –Галоўнае, каб вы ні аб чым не
пашкадавалі.
--Ну вы ж абяцалі, што мне
гэтага рабіць не давядзецца. Так што стаўце машыну і ўладкоўвайцеся. Дзе што
знаходзіцца, думаю, разберацеся без маёй дапамогі, -- яна паклала на сядзенне
ключы ад гаража і выйшла з машыны.
--Дазвольце хоць да дому вас
правесці, -- спахапіўся вадзіцель. – Час позні…
--Абыдуся без праважатых! Тым
больш – з такім мінулым! -- кінула яна, збочваючы ў праход між дамамі, за якімі
пачынаўся іх двор.
…Толькі калі адчыніла дзверы
ў кватэру, зразумела, як стамілася.
І раптам успомніла, што з учарашняга вечара не
бачыла і не чула Васілька: калі адыходзіла ранкам, ён яшчэ спаў. І за цэлы
дзень ён ні разу не патэлефанаваў. А яна з-за ўсіх гэтых клопатаў і турбот таксама забылася па старэйшага сына. Новая
хваля трывогі захліснула Таццяну: хоць бы з гэтым усё было добра! Не
разуваючыся, падышла да яго пакоя, асцярожна прыадчыніла дзверы… Ложак не
разасланы -- сына няма! Божа, дзе ж ён у такі час?! Чаму не патэлефанаваў, не
папярэдзіў?
Кінулася на кухню –
халадзільнік з’яўляўся ў іх месцам абмену паведамленнямі яшчэ з таго часу, калі
дзеці былі малыя, мабільных тэлефонаў не існавала, і яна прымацоўвала на самым
відным месцы, якое ніхто з сямейнікаў не мог абмінуць, запіскі, калі па нейкай
прычыне не магла сама выправіць хлопцаў у школу ці сустрэць з заняткаў: дзе
стаіць абед, што трэба купіць, калі яе чакаць дахаты. Так і павялося з таго
часу: усе паведамленні адзін аднаму яны пакідалі, прымацоўваючы іх магніцікам
да халадзільніка.
Дзякуй Богу: блакітны аркушык
паперы здалёк кідаўся ў вочы. “Мама, не хвалюйся, я сёння заначую ў Антона.
Заўтра мы едзем у будаўнічы атрад, адтуль бліжэй ісці да вакзала. Не турбуйся,
я ўсё неабходнае сабраў. На ўсякі выпадак нагадваю, што я ўжо вялікі хлопчык.
Люблю, цалую! Твая любімая кветка”.
Вось жа нягоднік! Жартуе яшчэ
– “кветка”… Даўно яна ўжо не называе сына сваёй кветкай – дык ён сам, калі хоча
падлашчыцца, нагадвае пра сваю дзіцячую сямейную мянушку. Мог жа
патэлефанаваць, толкам расказаць, што гэта за будатрад, куды едзе, на які час…
І ўчора прамаўчаў, сакрэтчык, – мусіць, пабаяўся, што яна не пусціць. Некалі, з
месяц назад, буркнуў, што хоча летам падзарабіць і запісаўся ў будатрад. Яна
тады была стомленая ці занятая нечым, часу на размову не мела, і толькі
заўважыла, што ёй гэта не вельмі падабаецца і прапанавала больш падрабязна
пагаварыць пра гэта пазней. Вася маўчаў увесь гэты час. А цяпер вось навіна, як
гром з яснага неба! Трэба будзе, як пазвоніць, зрабіць яму капітальную чыстку…
Хоць, зрэшты, што гэта зменіць? Ён сапраўды ўжо дарослы… “Радавацца трэба, а не
злавацца, -- суцяшала яна сама сябе. -- І ўвогуле – усё добра… І ўсё
закончылася, нават гэты бясконцы дзень... А зараз -- спаць, спаць, спаць…”
Ужо ў ложку ўспомніла, што
Валодзя таксама за ўвесь дзень не звязаўся з ёй ні разу. І яна нават не ведае,
ці выйшлі на сувязь палякі, ці працягваюцца іх перамовы… “Падумаю пра гэта
заўтра”, -- засынаючы, паставіла кропку ў сённяшнім дні.
…Тэлефон разрываўся,
спрабуючы вырваць яе з палону сну. Так не хацелася падымацца… Павекі, здаецца,
наліліся свінцом, вейкі склеіліся… А тэлефон усё цілілікаў… І раптам думка: “А
калі гэта звоняць з Мінска, з бальніцы? Можа, што з Андрэйкам? Ці з Васільком?”
– прымусіла яе падхапіцца і куляй кінуцца ў прыхожую.
--Алё! Што? Што здарылася? --
амаль выкрыкнула ў трубку.
--Добры дзень, -- ветлівым
мужчынскім голасам павіталася з ёй тэлефонная трубка. – Гэта кватэра Таццяны
Аляксееўны Мальцавай?
--Так…
--Вы з’яўляецеся дырэктарам
прыватнай фірмы “Элегант”?
“Спалілі… Абакралі…” -- як
знічкі, мільгалі ў галаве думкі.
--Так, з’яўляюся – і
заснавальнікам, і дырэктарам. А ў чым справа, вы можаце растлумачыць?.
--Прабачце, што турбуем вас у
такі позні час. Гэта з аддзялення міліцыі.
“О, госпадзі – гэтага яшчэ не
хапала, -- у роспачы ўпала на банкетку Таццяна. --Пэўна, нешта з Васем. У бойку
ўлез… Ці машына збіла… А мо рэчы ўкралі… Хай бы лепш рэчы, толькі б усе
здаровыя былі!” -- праносіліся ў галаве думкі, абганяючы адна адну.
--Тут такая справа… --
нарэшце -- ёй здалося, што мо праз год --
загаварыла трубка. -- Мы затрымалі злодзея. Ён ноччу знаходзіўся ў
службовым гаражы вашай фірмы і спрабаваў угнаць адтуль ваш аўтамабіль. Дакументаў пры ім не было, акрамя
вадзіцельскага пасведчання на імя Юрыя Аляксандравіча Кашаварава. Але ён сцвярджае, што ключы ад
гаража далі яму менавіта вы і што ён працуе ў вашай фірме вадзіцелем…
“Божа, зноў гэты інтэлігентны
бомж уляпаўся ў гісторыю! Ну проста трыццаць тры няшчасці, а не чалавек! Ці
можа сапраўды хацеў украсці машыну? -- падумала раптам са спалохам. – Яшчэ і
папярэджваў, што яна занадта даверлівая…”
І тут жа прагнала ад сябе
гэтую думку: не можа быць. За сённяшні дзень паміж імі прабегла іскрынка
шчырасці, роднасці, нейкі момант ісціны, даверу… Не можа чалавек з такімі
вачамі, як у гэтага бамжа, так лёгка, так подла гэтую іскрынку растаптаць. Тым
больш, што і сэнсу ў гэтым няма ніякага: машына прыметная, пашпарт -- у яе,
знойдуць яго абавязкова і вельмі хутка – і зноў пасадзяць.
Яна пастаралася адказаць як
мага больш спакойна:
--Так, сёння я позна
вярнулася з камандзіроўкі і таму дала шафёру, Юрыю Аляксандравічу Кашавараву,
ключы ад гаража, каб ён паставіў машыну і пераначаваў у пакоі адпачынку
вадзіцеляў. А пашпарт яго знаходзіцца ў мяне. Так што ўсё ў парадку, вы можаце
яго адпусціць.
--Не атрымаецца, Таццяна
Аляксееўна, -- крыху вінавата ўздыхнуў суразмоўца. – Адкуль мы ведаем, што гэта
менавіта той чалавек, якому вы даверылі ключы і сваю маёмасць? Тым больш, што
выклікаў міліцыю паведамленнем аб незаконным пранікненні ў службовае памяшканне
вашай фірмы ваш жа супрацоўнік. Дарэчы, таксама вадзіцель, які чамусьці свайго
калегу ніколі ў вочы не бачыў. Нешта тут не складваецца.
“Пэўна, Коля вярнуўся з рэйса
і праявіў пільнасць, калі ўбачыў у гаражы незнаёмага чалавека, - здагадалася
Таццяна. –Малайчына – што казаць…”
--Ён не можа яго ведаць,
новага вадзіцеля прынялі на работу дзень назад, пакуль іншыя знаходзіліся ў
рэйсе, -- пастаралася растлумачыць сітуацыю як мага больш спакойна
--Ну, так гэта ці не, --
разбярэмся. Спадзяюся, што з вашай дапамогай. І ўсё ж затрыманаму давядзецца
пабыць у нас… Да таго часу, пакуль вы прыедзеце ў аддзел, прывезяце яго
пашпарт, напішаце заяву, што гэта менавіта той чалавек, за каго сябе выдае, у
сэнсе – ваш вадзіцель, што вы не маеце да яго прэтэнзій – толькі тады мы зможам яго адпусціць.
“Заўтра… З раніцы на рабоце
будзе безліч пытанняў – так заўсёды бывае, калі яна адсутнічала. Да таго ж
трэба разбірацца з гэтымі палякамі. А тым часам гэты Юрый Аляксандравіч будзе
сядзець у міліцыі з бамжамі, алкаголікамі і прастытуткамі – з-за таго, што яна
праявіла асцярожнасць і забрала ў яго
пашпарт…”
--А калі я зараз прыеду?
--Ну калі вам не хочацца
спаць… -- здаецца, такая прапанова міліцыянераў збянтэжыла.
--Паспіш тут з вамі,
--буркнула Таццяна. –Дзе вы знаходзіцеся?
Міліцыянер назваў адрас, і
яна аж прысвіснула: часам сам не ведаеш, што паабяцаеш -- ноччу, без машыны і
без грамадскага транспарту, ёй ісці туды добрую гадзіну…
Ахоўнікі правапарадку,
здаецца, зразумелі яе разгубленасць:
--Калі вы сапраўды надумаліся
з’явіцца да нас, не чакаючы раніцы, то мы прышлём за вамі патрульную машыну.
Называйце адрас…
Таццяна ўздыхнула з палёгкай
і прадыктавала вуліцу і дом:
--Праз паўгадзіны я буду ля
пад’езда.
І толькі потым уявіла, што
будзе, калі нехта з суседзяў заўважыць, як яе ноччу забірала з-пад дома
міліцэйская машына:
--Толькі, калі ласка, без
мігалак і сірэны, а то суседзяў перабудзіце, ды і рэнамэ мне адпаведнае
створыце.
--Добра, -- засмяяўся
міліцыянер. – Будзе без сірэны.
Толькі паклаўшы трубку,
Таццяна глянула на гадзіннік – маленькая стрэлка крышку ссунулася з тройкі.
Выходзіць, паспала яна гадзіны дзве, не болей. Ну што ж, і за тое дзякуй…
…Юрый сядзеў у дзяжурнай
часці міліцыі на мулкай драўлянай лаўцы – збянтэжаны, разгублены, вінаваты.
Чамусьці ёй стала шкада яго – вось жа не шанцуе чалавеку…
--Таццяна Аляксееўна,
прабачце, што стварыў вам праблемы, -- падняўся ён, як толькі яна зайшла ў
пакой. – Паверце, я не хацеў…
--Цяжка ўявіць, што вы па
добрай волі тут адпачываеце, -- хмыкнула Таццяна, працягваючы дзяжурнаму яго
пашпарт. – І як гэта ў вас атрымліваецца?
--Мусіць, талент такі маю, --
сумна ўсміхнуўся ён і развёў рукамі.
…Справы былі ўладкаваны за
якія паўгадзіны. У Юрыя папрасілі прабачэння і пры гэтым параілі ў далейшым
заўсёды трымаць пры сабе свае дакументы і ўвогуле – быць больш абачлівым, ім
прачыталі лекцыю па прафілактыцы крадзяжоў асабістай і іншай маёмасці – і
нарэшце адпусцілі. Праўда, падвезці яе дахаты у ахоўнікаў парадку больш жадання
не ўзнікла: сказалі, што патрульная машына паехала на выклік.
--Ну, і куды вы зараз, вязень
сумлення? – іранічна спытала Таццяна, калі за імі зачыніліся дзверы аддзялення
міліцыі: дзіўна, але пасля ўсяго перажытага за мінулыя дзень і ноч у ёй
абудзілася гарэзлівае чарцяня.
--Для пачатку варта было б правесці
сваю ратавальніцу дахаты, – у тон ёй адказаў Юрый. -- А то час позні…
--Хутчэй -- ранні…--
паправіла яна.
--Хай сабе і так -- але ж
занадта ранні… Не вельмі абачліва прыгожай жанчыне адной гуляць у такі час па
вуліцах горада. Тым больш, што ісці давядзецца далекавата.
--Ну што ж, Юрый
Аляксандравіч, за язык вас ніхто не цягнуў, -- яна нечакана для сябе падхапіла
яго пад руку.—Пайшлі!
Праз колькі крокаў вырвала
руку, ускочыла на бардзюр тратуара і пайшла па ім, балансуючы, каб не ўпасці –
ён ішоў побач, усміхаючыся, гатовы падтрымаць у выпадку чаго.
…Падышлі да скрыжавання,
заўсёды такога шумнага і шматлюднага днём, праехаць якое для яе заўсёды было
выпрабаваннем. Яна заўсёды забывалася своечасова перастроіцца ў патрэбны рад,
потым мусіла ехаць далёка наперад, разварочвацца, вяртацца, зноў вылічваць,
куды трэба перастроіцца і потым павярнуць, каб аказацца на патрэбнай вуліцы, ды
яшчэ сачыць за знакамі – ох, і надакучыла ж ёй гэта! А цяпер гэтае шумнае
скрыжаванне было ціхім і пустынным. Такі добры ноччу светлафор здалёк
па-сяброўску падміргваў усё дазваляючым жоўтым вочкам, нібы просячы прабачэння
за дзённую мітусню.
--Вы ніколі не задумваліся, Юра, што ўсё наша
жыццё – суцэльныя скрыжаванні? – яна саскочыла з бардзюра і зноў узяла яго пад
руку. – Кожнаму чалавеку штодня, штохвіліны трэба рабіць выбар, куды пайсці,
куды павярнуць, з кім загаварыць, а з кім – не варта. І ніхто не ведае, хто і
што чакае цябе за тым ці гэтым паваротам… У казках хоць камень стаіць на
скрыжаванні і папярэджвае: налева пойдзеш – каня страціш, направа – галаву… А
тут ідзеш – і не ведаеш… Здаецца, на такую роўную, шырокую дарогу звярнуў, а
пройдзеш колькі часу, глядзіш, а наперадзе – тупік… А калі і па сцежачцы
вузенькай пойдзеш, а яна выведзе цябе на шырокі праспект…
--Мне здаецца, што галоўнае,
каб дарога, шырокая яна ці вузкая, тваёй была. Асабістай. Як у Высоцкага –
сваёй каляінай, -- падумаўшы, вельмі сур’ёзна адказаў Юрый.
--А калі каляіна тая –
вузкая, брудная, разбітая? А побач – шырокая і гладкая шаша?
--Але ж усё роўна яна –
чужая. Некага, свайго, яна, можа, і да шчасця прывядзе. А цябе, чужога, як вы
казалі толькі што, -- у тупік ці яшчэ куды горш. Сваю дарогу трэба шукаць. Хай
не адразу яна знойдзецца, хай праз сінякі і гузакі, але ж – свая...
--І што, вы сёння не пагадзіліся
б памяняць сваю цяжкую і мулкую жыццёвую каляіну на больш роўную і зручную?
Юрый памаўчаў крыху, падумаў.
--Напэўна, у гэта цяжка
паверыць, але – не, -- загаварыў ён нарэшце. -- Урокі жыцця бываюць вельмі
балючыя, але я зразумеў: трэба ўмець і на такіх вучыцца. Ну не застаў бы я тады
сваю жонку з чужым мужчынам, жылі б мы з ёй і далей -- і што? Думаеце, яна б
іншай стала? Ды ніколі! Ну, адзінае, што можа, я б турму не трапіў, ды і то, як
кажуць, бабка надвое варажыла – не ў той дзень, дык у іншы… Хоць і тыя гады я
не магу назваць выкрасленымі з жыцця, я там многаму навучыўся, многае зразумеў,
сустрэў і сапраўдных людзей, і нягоднікаў -- школа жыцця не слабая. Хоць, канешне, ніхто не імкнецца ў
яе паступіць… Але не здарылася б таго майго заўчаснага вяртання з камандзіроўкі
-- і наша сямейная агонія працягвалася б яшчэ невядома колькі. І жыцця б не
было, і развесціся б не рашыўся, сына б
пашкадаваў. Так бы і пражыў усё жыццё ці колькі б там атрымалася: на волі -- і
ў няволі. А так хай мне зараз вельмі не проста, але ж я дакладна ведаю, дзе
свае, а дзе – чужыя. А быт, спадзяюся, з цягам часу наладзіцца – не ўломак жа
я, сёе-тоё ведаю і ўмею. Зрэшты, ў любым выпадку -- я жыву сваім жыццём. Іду
сваёй дарогай, тапчу сваю каляіну. І ў чужую – не хачу.
Таня, слухаючы яго, падумала
пра Сашу, успомніла сваё ўсёабдымнае каханне, надзеі, пакуты… Зноў, бы
ўвачавідкі, ўбачыла збалелы позірк цвярозых вачэй п’янага Пашы… І зазірнуўшы ў
сваю душу, ціха, сама сабе, сказала:
--Ведаеце, я – таксама…
…А тым часам у горадзе
прачынаўся ранак. Неба на ўсходзе ўвачавідкі святлела. Калі яны выйшлі на мост,
які злучаў раздзеленыя ракой два раёны іх горада, над шматпавярхоўкамі
заружавелася. Тэлевізійныя антэны вышэй выцягнулі свае доўгія рукі, каб
затрымаць на хвілінку імклівы бег лёгкіх хмарак і вызваліць неба для чырванашчокага
шарыка, які паволі, нехаця, выпаўзаў з-за гарызонту, заліваючы ўсё неба
ружовым, падфарбоўваючы карункавыя спаднічкі аблокаў, запальваючы ў запыленых
шыбінах заспаных вокнаў яркія салюты, прабіраючыся ў шматлікія кватэры,
гарэзліва падскокваючы на грабеньчыках рачных хваль…
І раптам, нібы кінуты
нябачнай дужай рукой мячык, сонца выскачыла на небасхіл. Узнялося над
гарызонтам, заўсміхалася мірыядамі праменьчыкаў, лёгка і пяшчотна цмокнула
жанчыну, што прыпынілася пасярод моста, абапёршыся на парэнчы, пагладзіла па
няголенай шчацэ мужчыну, што стаяў побач – і пабегла далей, вышэй, шпарчэй…
--Юрый, давайце пастаім тут
хвілінку… -- Таццяна была зачаравана гэтым відовішчам. – Які гэта цуд – надыход
раніцы ў горадзе! Сорамна прызнацца, але я ніколі гэтага не заўважала. Хоць
прачынацца даводзілася і рана, і вельмі рана… Але ўсе па нейкай патрэбе,
неабходна было некуды бегчы, спяшацца, думаць аб тым, каб не спазніцца. А гэта,
аказваецца, так маляўніча… Дзякуй вам, што я гэта ўбачыла. Гэта ж столькі
світанкаў праспала!
--Выбачайце, але за гэты
падарунак я адчуваю хутчэй віну, чым маральнае задавальненне…
--Ды хопіць вам! Што было,
тое прайшло, забудзьцеся. Памаўчыце лепш і палюбуйцеся, які ранак нараджаецца!
Але Юрый глядзеў не на неба,
а на яе -- з захапленнем і здзіўленнем.
--Ніколі б не падумаў, што
строгая і дзелавая бізнес-вумэн на самой справе – такая рамантычная жанчына… --
нарэшце прамовіў ён.
--Ды што вы, Юра! –
засмяялася Таццяна. – Вось яшчэ – знайшлі Асоль! Жанчына на пятым дзесятку, у
якой двое амаль дарослых сыноў ад розных бацькоў, у падначаленні -- паўсотні
супрацоўнікаў… Якіх я, прызнаюся вам па сакрэту, трымаю ў яжовых рукавіцах і
нават, здараецца, зусім не па-жаночы карыстаюся, калі моцна давядуць,
ненарматыўнай лексікай.. І чаму мы так любім ярлыкі, штампы? Калі жанчына
займаецца бізнесам – значыць, “жалезная лэдзі” і “сталін у спадніцы”. Калі
здольная захапляцца ўзыходам сонца – то “тургенеўская паненка”. А тое і другое
разам – ну ніяк немагчыма?! Вы ўпэўнены, што свет дзеліцца так палярна?
--Ды не, -- ён разгубіўся. –
Я і сам не ўкладваюся ў палярныя ацэнкі. Але так цікава кожны раз бачыць вас
рознай, і заўсёды такой непадобнай на папярэднюю… Нібыта гэта некалькі жанчын,
абсалютна розных – і ўсе ў адным абліччы.
Яна гарэзліва ўсміхнулася:
--І якая вам больш
падабаецца?
--Якая? -- Юра ўважліва
паглядзеў на яе хвілінку, а потым кінуўся назад. --Пачакайце крышачку, Таццяна
Аляксееўна! Адну хвілінку, я зараз вярнуся! – крыкнуў ён ужо на хаду.
Яна недаўменна паціснула
плячыма: дзівак чалавек! І сабралася ісці далей адна – уцёк, відаць, яе праважаты,
не вытрымаў такога мноства жанчын у адной, спалохаўся разнастайнасці ў
аднастайнасці…
Але Юра ўжо бег назад. У руках ён трымаў
абярэмак касачоў – сініх, блакітных, крэмавых, ружовых…
--Таццяна Аляксееўна, гэта --
вам! У знак удзячнасці. І захаплення. Ведайце: вы мне падабаецеся ва ўсіх
абліччах…
Яна не знайшлася што адказаць
на гэты яго парыў. Прыціснула кветкі, схавала ў іх твар.
-Дзе вы іх узялі? – схамянулася
нарэшце.
--На клумбе нарваў. Тут, ля
моста. Я хацеў гэта зрабіць яшчэ тады, як мы праходзілі міма, ды падумаў, што
вы не дазволіце.
--Ну і правільна падумалі!
Гэта ж суцэльнае вар’яцтва. Вы што, забыліся, адкуль мы вяртаемся? Назад, у
міліцыю, захацелі, ці што? У гэтым выпадку маё заступніцтва не дапаможа, хутчэй
наадварот – сведкай пайду ці нават саўдзельніцай.
--Ну, за гэта, спадзяюся, у
турму не пасадзяць. У крайнім выпадку дадуць пятнаццаць сутак. Можна патрываць
дзеля такой жанчыны, горшае бачылі…
“Нешта зашмат кампліментаў,
-- яе вясёлы і лірычны настрой знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся. –
Напэўна, я шмат яму дазваляю. А ён і рады старацца… -- раздражнёна падумала
яна. – Трэба выкінуць гэтыя кветкі -- каб не напрыдумваў гэты Юрый сабе бог ведае
чаго… Да таго ж яны -- крадзеныя…”
Але ранішні водар касачоў так
тонка абдымаў, ахутваў, як пяшчотны шоўк, кожны дотык якога – асалода… На
трапяткіх пялёстках дрыжэлі-пераліваліся дробненькія расінкі – як слязінкі
анёлаў. Ёй так даўно не дарылі кветак – вось так, ад душы, без усялякай нагоды
– яна нават забылася, калі гэта было ў апошні раз… Афіцыйныя букеты да
чарговага дня нараджэння, упакаваныя ў бліскучы цэлафан, як велікасвецкія дамы
ў тугія гарсэты, не лічацца.
І яна не змагла
выпусціць з рук кветкі -- прыціснула
букет да грудзей, нібы нехта збіраўся яго адабраць.
Але адказала суха – хопіць на сёння
пяшчотнасцяў:
--Не спяшайцеся з высновамі,
Юрый Аляксандравіч. Не такая я цудоўная, як вам падалося пасля першага дня
знаёмства. Баюся, што вы вельмі хутка пераканаецеся ў гэтым і зменіце сваё
меркаванне пра мяне… А ўвогуле, хопіць лірыкі, хадземце дахаты.
Рэштку дарогі яны прайшлі
моўчкі, думаючы кожны пра сваё.
Каля пад’езда яна спынілася:
--Дзякуй, я ўжо дома.
--Гэта вам дзякуй, Таццяна
Аляксееўна. Каб не вы, сядзеў бы зараз у каталажцы. І такі цудоўны ранак не
сустрэў бы…
--Ранак і сапраўды цудоўны,
-- уздыхнула яна. -- Быў… А зараз пачынаецца працоўны дзень. І штосьці мне
падказвае, што будзе ён зусім не такім цудоўным. А цяжкім і напружаным…
--А вы з-за мяне зноў не
адпачылі… -- вінавата апусціў ён галаву.
--Нічога, я прывыкла да
такога рытму. Зараз вось залью ў сябе паўлітра моцнай кавы – нараджуся нанова.
Дарэчы, а вы як, куды зараз? – успомніла Таццяна. – Прабачце, але ў гараж вам
ісці ўжо не варта. Зрэшты, у вас жа сёння законны адгул! Так што можаце
адпачываць, як палічыце патрэбным. А я тым часам правяду растлумачальную работу.
--Ну, калі так, то я лепш
паеду да сябе на дачу. Трэба там зрабіць сёе-тое. Ды і думкі прывесці ў
парадак, а то нешта яны, як авечкі ў статку – разбрыдаюцца, хто куды…
--Добра, адпачывайце. Заўтра,
як звычайна, прыходзьце а дзевятай гадзіне, -- ужо з дзвярэй нагадала
Таццяна -- і за ёй гулка ляснулі дзверы.
Глава 7
Кантрасны душ і два кубкі
моцнай кавы і сапраўды зрабілі цуд: Таццяна адчувала сябе бадзёрай, нібы і не
было ўчарашняга шалёнага дня і гэтай разбітай бяссоннай ночы. Яна ведала, што
гэта ненадоўга, і бліжэй да абеду стомленасць вернецца, наваліцца на плечы
пудовым цяжарам – не разагнуцца, не падняць вочы, не кажучы ўжо, каб нешта
думаць і рабіць. І тады зноў спатрэбіцца кававы допінг, а лепш за ўсё -- хоць
невялікая, хоць на паўгадзінкі, перадышка, адпачынак, калі можна адключыцца ад
усіх і ўсяго…
Але гэта будзе потым, праз
некалькі гадзін, а зараз яна гатовая была горы звярнуць. І галоўнае, што яе
цікавіла ў гэты момант: чаму ўчора не тэлефанаваў Валодзя? Ці аб’яўляліся
палякі, як прайшлі перамовы з імі, ці не ляпнуў сябар чаго-небудзь лішняга з-за
сваёй прыроднай гарачнасці, ці не знік у патэнцыяльных партнёраў намер
размясціць буйны заказ на іх фірме?
Але пачынаць працоўны дзень
ёй давялося зусім не з пытанняў міжнароднага супрацоўніцтва. Офіс гудзеў, як
пчаліны рой, які толькі вылецеў з вулля і цяпер мітусіўся, шукаючы, дзе звіць
клубок – гэтае месца пчолам паказвала матка, а растрывожаны калектыў, падобна,
чакаў яе, Таццяну. Яна не магла зразумець: у чым справа, чаму яны ўсе так
расхваляваліся? І нават Валодзя: у попельніцы, нягледзячы на пачатак дня, ужо
ляжала гара недакуркаў, што сведчыла, што кампаньён знаходзіцца ў вышэйшай
ступені ўзбуджэння.
Вірус усеагульнай трывогі
перадаўся і Таццяне. А Валодзя толькі ўзмацніў гэты стан.
--Таня, у нас праблемы, --
сустрэў яе на парозе кабінета паведамленнем, якое не давала надзеі нават на
кароткатэрміновы адпачынак на працягу дня, на які яна так разлічвала.
--Што такое? Нешта здарылася?
З палякамі не складваецца?
--Ды не, тут усё нармальна,
нават лепш, чым можна было чакаць, -- адмахнуўся Валодзя. – Пра гэта пазней,
гэта цярпіць. Я аб іншым. Сёння ноччу да нас у гараж улез злодзей і спрабаваў
украсці тваю новую “Таёту”. На шчасце, у гэты час Коля вярнуўся з рэйса,
заўважыў святло ў гаражы, а праз няшчыльна зачыненыя дзверы -- незнаёмца, які
калупаўся ў машыне. Коля малайчына, не стаў высвятляць, што да чаго, а адразу
выклікаў міліцыю і пачакаў, пакуль яны прыедуць. Злодзея затрымалі. Але самае
горшае нават не сам гэты факт, а тое, што ў яго быў ключ ад нашага гаража --
замок непашкоджаны. Вось я і думаю: адзін ён працаваў ці ў кампаніі? Колькі
яшчэ такіх ключоў можа хадзіць па горадзе? І адкуль яны ўзяліся ў гэтага
ўгоншчыка? Не хацелася б думаць дрэнна пра нашых людзей, але ж пазлы
складваюцца вельмі непрыгожа…
--Ах, ты аб гэтым, -- з
палёгкай уздыхнула Таццяна. – Не хвалюйся, Валодзя, гэта не праблема, а ўсяго
толькі непаразуменне, я ўжо ўсё ўладкавала.
--Якое непаразуменне? Што ты
ўладкавала? – не мог зразумець Валодзя.
--Ніякі гэта быў не злодзей,
а наш новы вадзіцель, -- уздыхнуўшы, стала ў каторы раз ужо тлумачыць Таццяна.
– Мы ўчора з Мінска вярнуліся позна. Грамадскі транспарт не хадзіў, а жыве ён
за горадам. І я дала ключы, каб ён пераначаваў у пакоі адпачынку вадзіцеляў. А
Коля, як ты разумееш, з новенькім яшчэ не паспеў пазнаёміцца. Ну вось і
падумаў, што гэта – злодзей, выклікаў міліцыю. Ноччу мне патэлефанавалі з
аддзялення. Я з’ездзіла туды, і ўрэшце рэшт усё высветлілася. Так што родная
фірма можа працаваць спакойна, ніхто на нашу незалежнасць і дабрабыт пакуль,
дзякуй богу, не пасягае.
Валодзя развёў рукамі:
--Я нават не ведаю, што
сказаць… Таня, ты з кожным днём здзіўляеш мяне ўсё больш.
--Чым жа, дазволь спытаць? –
паціснула плячыма Таня, усаджваючыся ў крэсла. – Што я такога дзіўнага і
няправільнага зрабіла?
--Ты яшчэ пытаеш, што? – зноў
стаў гарачыцца Валодзя. -- Прымаеш на работу нейкага бамжа з падваротні, з
цёмным мінулым і без усялякіх рэкамендацый, нічога пра яго не ведаючы, давяраеш
яму сваю новую дарагую машыну і жыццё – ладна, справа, як кажуць, асабістая.
Потым ты даеш яму ключы ад гаража, дзе захоўваецца матэрыяльных каштоўнасцей не
на адну тысячу зялёных рублёў -- і на гэты раз, заўваж, ужо не тваіх асабістых,
а ўсёй фірмы. Справа заканчваецца разбіральніцтвам у міліцыі. А ты расказваеш
пра гэта так спакойна, нібы нічога не здарылася! Зрэшты, чаму ты так упэўнена,
маці тарэса ты наша, што гэты твой пратэжэ на самой справе не збіраўся ўкрасці
машыну, а Коля, а затым і міліцыя, яму проста перашкодзілі?
Таццяна стомлена ўздыхнула:
--Валодзя, ты вярзеш такое
глупства, што ў мяне няма ніякага жадання з табой спрачацца і нешта даказваць.
Ну падумай сам: калі б гэты вадзіцель хацеў украсці нашу машыну, то ў яго было
мноства магчымасцей зрабіць гэта на працягу дня, яшчэ ў Мінску – там, дарэчы,
“загнаць” яе прасцей. Напрыклад, у той час, калі я некалькі гадзін знаходзілася
ў бальніцы, а ён стаяў на паркоўцы. Навошта яму дзеля гэтага трэба было
вяртацца ў горад, адкуль ён ведаў, калі мы прыедзем, і тым больш, што я
прапаную яму пераначаваць у гаражы?
Валодзя сядзеў, унурыўшы
галаву, і было незразумела, пагаджаецца ён з Таццянай ці проста не мае аргументаў
ці жадання спрачацца. І яна выкарыстала перадышку для наступлення:
--А ўвогуле – колькі ты ўжо
будзеш папракаць мяне гэтым вадзіцелем? Учора ўвесь ранак абмяркоўвалі гэтую
тэму, сёння – зноў. Нібы нам няма аб чым больш гаварыць. Ну ўзяла яго на работу
– і што? Падумаеш, рэкамендацый у яго няма! Можна падумаць, што гэта дае нейкую
гарантыю ці ты не ведаеш, як робяцца гэтыя рэкамендацыі! Успомні Юльку,
сакратарку нашу былую. Па знаёмству дзяўчыну на работу бралі, з рэкамендацыямі!
І што атрымалася? У колькіх супрацоўнікаў яна кашалькі аблегчыла, наіўна
лыпаючы сваімі анёльскімі вочкамі? А Колю, калі ты памятаеш, яго былы начальнік
так адрэкамендаваў – толькі ў турму з такой характарыстыкай. А ён сёння -- наш лепшы вадзіцель і першы
памочнік. Гэты Юрый – чалавек ён прыстойны, няўжо ты не бачыш? У тваім узросце
пара ўжо навучыцца разбірацца ў людзях і без рэкамендацый. Ну не пашанцавала
мужыку ў жыцці, дык што ж, і надалей піхаць яго ў тую яму, з якой ён стараецца
выбрацца? Не па-людску гэта, Валодзя. Успомні, як мы з табой пачыналі – каб
добрыя людзі тады не паверылі, не дапамаглі, не пазычылі грошай – і без
усялякіх гарантый, заўваж, пад адно чэснае слова, да таго ж на няпэўны тэрмін –
дзе б мы сёння былі? А сёння мы ўжо такія разумныя ды рэспектабельныя,
вадзіцель з вуліцы для нас – не фармат, нам рэкамендацыі патрэбны…
Валодзя працягваў маўчаць, і
Таццяна вырашыла, што час змяніць тэму і перайсці да галоўнага, што яе
турбавала:
--А ўвогуле, хопіць ужо пра
гэтага вадзіцеля. Дарэчы, май на ўвазе, што я на сённяшні дзень дала яму адгул.
Так што за прагулы яго звальняць не варта. Ва ўсякім разе, пакуль.
--Рабі, як знаеш, -- буркнуў
Валодзя. – Нібы жанчыну можна ў нечым пераканаць, пакуль яна сама не ўпэўніцца…
Таццяна зрабіла выгляд, што
не заўважыла апошніх яго слоў.
--Ты лепш раскажы, пра
палякаў: ці тэлефанавалі яны ўчора, да чаго вы дамовіліся?
--Што тычыцца палякаў, то я ж
табе сказаў: усё ў парадку. Нават лепш, чым мы меркавалі. Яны не толькі
тэлефанавалі, але і прыязджалі ўчора.
--Ого! – ускінула вочы Таня,
забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку і цалкам пераключыўшыся на тое, што яе найбольш
хвалявала ў гэты момант. – А што гэта іх так торкнула? Не было ж такой
дамоўленасці, і нават намёкаў аб такім жаданні не выказвалася…
--Відаць, пазней узніклі…
Патэлефанавалі адразу, як ты паехала, сказалі, што хочуць на свае вочы
пабачыць, як у нас арганізаваны вытворчы працэс, ці маем мы рэальныя магчымасці
выканаць іх заказ -- адшыць такія мадэлі, як ім патрэбна, ды яшчэ буйную партыю
і еўрапейскай якасці.
--Ну, для еўрапейскай якасці
трэба еўрапейскае абсталяванне, еўрапейскія тэхналогіі… Ну і, адпаведна,
заплаціць за работу па еўрапейскіх расцэнках. А раз шукаюць партнёраў тут – то
хочуць зэканоміць. І, значыць, могуць нечым паступіцца… -- напаўголаса, нібы
сама з сабой размаўляла, прамармытала Таццяна.
А потым зноў звярнулася да
Валодзі:
–Ну і якія вынікі іх візіту?
Трэба думаць, што згарэлі нашы надзеі на гэты заказ сінім полымем -- і пажарныя
не спатрэбіліся?
Для такога скептыцызму былі
падставы. Таццяна ведала: шыць дзяўчаты на іх прадпрыемстве ўмеюць і справу
сваю любяць. Кваліфікацыю кожнай са швачак, закройшчыц, прасавальшчыц яна
правярала асабіста, кожная праходзіла выпрабавальны тэрмін, перш чым сесці на
асноўныя, найбольш складаныя мадэлі, за работу ім плацілі прыстойную зарплату –
сярод спецыялістаў гэтага профілю работа ў “Элеганце” лічылася прэстыжнай,
трапіць сюды хацелі многія. І якасць была адной з галоўных іх “казырных карт”,
гэтым яны не дазвалялі сабе паступіцца ні на грам і ў больш цяжкія гады, а цяпер
губляць рэпутацыю тым больш не мела сэнсу. Менавіта на гэта – на высокую
рэпутацыю іх фірмы ў плане якасці прадукцыі – яна і разлічвала, пасылаючы
заяўку на гэты тэндар і ўвязваючыся ў перамовы з палякамі.
А вось вытворчы працэс –
гэта, безумоўна, было іх слабым месцам. Таццяна супакойвала сябе тым, што гэта
часова, што вось яшчэ крышку яны падымуцца – і тады… Зрэшты, людзі, накладваючы
на бутэрброд каўбасу, не бачаць, у якіх умовах яна робіцца – ядуць і
нахвальваюць. Якая модніцам розніца, у якім памяшканні і на якіх машынах пашытая
сукенка, калі яна ім падабаецца? Але пры гэтым разумела, што адгаворкі гэтыя –
дзеля супакаення ўласнага сумлення, гэта апраўданне сённяшняй сітуацыі і, так
бы мовіць, асаблівасцей унутранага рынку. Да еўрапейскага ўзроўню ім, вядома,
яшчэ далёка. Памяшканне, у якім абсталяваны швейны цэх – прыстасаванае. Умовы
працы людзей – далёка не самыя лепшыя. Ды і абсталяванне… Што там казаць –
мінулае стагоддзе. Канешне, марыць пра міжнародныя заказы з іх вытворчай базай
было чыстай вады авантурай. Але ж так хацелася адным махам вырашыць некалькі
праблем: атрымаць доўгатэрміновы выгадны заказ, зарабіць неблагую капейку – а
там можна і пра мадэрнізацыю думаць, і пра расшырэнне вытворчасці. Хаця, калі
гэтыя палякі бачылі іх умовы, то кантракт наўрад ці падпішуць. Яна б на іх
месцы, напэўна, не рызыкнула б…
Але Валодзя, назіраючы, як
яна скісла пасля паведамлення пра візіт на прадпрыемства замежных гасцей, тым
не менш усміхаўся загадкава. Нарэшце вырашыў не выпрабоўваць далей яе цярпенне:
--Ты не паверыш – усё
закончылася лепш, чым мы маглі разлічваць у самых смелых марах! Спачатку яны,
вядома, круцілі носам, калі зайшлі ў наш швейны цэх – не паверылі, што ў такіх
умовах, на нашым абсталяванні можна пашыць тое, што яны збіраюцца ў нас заказваць.
А потым папрасілі нашых дзяўчат у іх на вачах раскроіць і сшыць адну з самых
складаных мадэляў – ну тую, памятаеш, што зачапіла іх на выставе. Дзяўчаты
малайцы, з задачай справіліся выдатна. Палякі доўга цокалі языком, усё
нахвальвалі: “Добжэ!”, “Гжэчна”. А ў выніку не толькі пацвердзілі свой намер
падпісаць кантракт, але прапанавалі паставіць нам новыя швейныя машыны нямецкай
вытворчасці, самыя сучасныя!
--На якіх умовах? –
насцярожылася Таццяна. – Ты ж разумееш, што ў нас цяпер няма свабодных сродкаў
для замены абсталявання. І ў чарговы крэдыт ўвязвацца не можам – папярэдні яшчэ
не выплацілі. Мы збіраліся правесці мадэрнізацыю вытворчасці толькі ў выпадку
ўдалай здзелкі з гэтымі палякамі.
--У тым уся і справа, што
ўмовы вельмі выгадныя! – ледзь не падскочыў Валодзя, паведамляючы галоўную
навіну ўчарашняга дня – столькі часу трымаў інтрыгу. – Адтэрміноўка плацяжу,
разлік прадукцыяй, дваццаць працэнтаў кожнай партыі будзе ісці ў лік пастаўкі
абсталявання! Так што ўсё проста цудоўна!
Тацяна вушам сваім не
паверыла – няўжо? Такія ўмовы -- гэта ж проста неверагодная ўдача!
--Валодзя, ты малайчына! Я
табой ганаруся! З гэтымі палякамі мы выйдзем на якасна новы узровень!
--Не радуйся так моцна, --
астудзіў яе запал сябар. – На жаль, ёсць у гэтым кантракце і адно вузкае месца
– тэрміны.
--А што тэрміны? – не
зразумела Таццяна.
--Палякі хочуць закласці ў
кантракт патрабаванне аб тям, што першая партыя прадукцыі павінна быць
адгружана не пазней чым праз месяц пасля пастаўкі абсталявання, і кожная
наступная – раз у месяц з 20-га па 25-чысло.
--А што цябе ў гэтым
непакоіць?
--Машыны новыя, імпартныя –
невядома, як мы тут з імі разбярэмся, як хутка асвоім. А тэрміны даволі
жорсткія… Але на гэтым пункце палякі, колькі я ні спрабаваў аслабіць яго,
настойваюць прынцыпова – кажуць, што для іх гэта вельмі важна, у іх там ужо
свае дамоўленасці з гандлем…
--Ну, па-першае, абсталяванне
павінен прывезці нейкі наладчык -- ён і дапаможа нашаму тэхнолагу і швачкам ва
ўсім разабрацца, -- стала прадумваць варыянты выйсця з магчымай сітуацыі
Таццяна. -- А калі нават узнікне форс-мажор, то, магчыма, мы зможам адшыць
першую партыю ці нават некалькі на сваім абсталяванні, раз ужо ім так
спадабалася, як працуюць нашы дзяўчаты? Зрэшты, не так проста разабрацца, на
якой машыне гэтая мадэль шылася, калі зроблена якасна. Няўжо гэта так сур’ёзна?
--Дык у тым і справа, што
вельмі сур’ёзна! І твой варыянт не пройдзе: яны прадставілі каталог мадэляў,
заказ на якія збіраюцца ў нас размясціць – у кожнай ёсць нейкая штучка, якую ў
нашых сённяшніх умовах не зробіш, патрэбна спецыяльнае абсталяванне. Гэта не
прынцыповыя асаблівасці, так, дробныя дэталі, для айчынных кліентаў мы б лёгка
іх замянілі – і атрымалася б не горш. Але з палякамі не пройдзе. Вы, кажуць,
працаваць умееце, мы ў шчырым захапленні ад кваліфікацыі вашых закройшчыц і
швачак, але нам патрэбна еўрапейская якасць, якую вы на сваім абсталяванні
забяспечыць не зможаце. Таму альбо адшываеце наш заказ на тых машынах, якія мы
паставім і ў заяўленыя намі тэрміны, альбо мы будзем шукаць іншых партнёраў.
Крыху падумаўшы, Таццяна
развяла рукамі:
--Ну што ж, будзем асвойваць
новыя машыны ў рэкордна кароткія тэрміны. Іншага выйсця ў нас няма – гэты
кантракт мы не можам упусціць.
Глава 8
Новыя машыны ім прывезлі праз
месяц.
За гэты час яны правялі
немалую падрыхтоўчую работу: вызвалілі месца ў швейным цэху, падрыхтавалі яго
для ўстаноўкі імпартнага абсталявання, траіх швачак з ліку самых талковых і
ініцыятыўных папярэдзілі, што ім давядзецца асвойваць новыя машыны.
Увесь гэты час Таццяна з Юрыем
амаль што не бачылася. Іх ранейшыя вадзіцелі, Коля і Павел, якія да таго ўдваіх
ледзь паспявалі закрываць усе транспартныя пытанні і працавалі амаль без
выхадных і з ненарміраваным рабочым днём, цяпер так узрадаваліся з’яўленню
памочніка, што пры найменшай магчымасці перакладвалі на новенькага ўсе дальнія
рэйсы. Ён не пратэставаў – наадварот, здаецца, быў гэтаму нават рады. Машыны
трымаў у парадку, усе даручэнні – іх вадзіцелі былі адначасова і забеспячэнцамі,
і экспедытарамі, і механікамі, і грузчыкамі -- выконваў акуратна і своечасова,
з хлопцамі ладзіў – неяк адразу, з першага дня стаў у іх асяродку сваім. Ніякіх
пытанняў да яго не ўзнікала, і нават Валодзя перастаў бурчэць, што Таццяна
ўзяла на работу бамжа – хоць і паглядваў на новенькага крыху недаверліва,
нібыта ўсё не мог вызначыцца: на самой справе гэты Кашавараў нармальны мужык ці
толькі прыкідваецца такім да пары -- да часу? Пра інцыдэнт з міліцыяй і
крадзяжом “Таёты” цяпер усе ўспаміналі, як пра жывы анекдот – вельмі хутка
гэтае здарэнне ўвайшло ў разрад карпаратыўнага фальклору.
Падчас невялікіх паездак па
горадзе Таццяна садзілася за руль сама – напрацоўвала вадзіцельскі вопыт, хоць
і без асаблівага энтузіязму. Толькі аднойчы, калі Андрэйку трэба было забіраць
з бальніцы, яна зноў папрасіла Юрыя адвезці яе ў Мінск. Але паездка гэтая мала
нагадвала папярэднюю. Амаль усю дарогу яны маўчалі, нібы і не было ў той першы
дзень паміж імі моманту шчырасці, нібы і не злучыла іх пакалечаныя душы кволая,
тоненькая, як павуцінка, нітачка даверу, узаемнай сімпатыі, разумення, нібы і
не было таго ранішняга ўзыходу сонца і водару па-хуліганску сарваных на
гарадской клумбе касачоў, які яшчэ доўга кружыў ёй галаву…
Адзінае, што яна спытала,
калі яны ад’ехалі ад горада:
--Ну як вам, Юрый, ваша новая
работа, калектыў?
Ён у адказ толькі ўсміхнуўся:
--Напэўна, гэта я павінен
спытаць – як вам ваш новы вадзіцель? У маёй сітуацыі выбіраць не даводзіцца, я
рады любой рабоце і за кожную ўдзячны. А вось вам, напэўна, не ўсё роўна, хто ў
вас будзе працаваць… Я стараюся, як і абяцаў, апраўдваць ваш давер.
Такі асцярожны адказ крыху
пакрыўдзіў Таццяну – яна хацела пачуць што-небудзь прыемнае пра іх фірму,
калектыў, зрэшты, пра сябе -- а ён, падобна, сам напрошваецца на кампліменты.
Пераб’ецца…
А мо справа была ў тым, што
ўсе яе думкі ў апошнія дні былі заняты палякамі, новым абсталяваннем, якое з
дня на дзень ім павінны былі паставіць – гэта адкрывала заманлівыя перспектывы
ў развіцці іх фірмы, і яе не пакідала змешанае пачуццё трывогі і радаснага
прадчування перамен. Абмяркоўваць з вадзіцелем гэтую тэму было неяк недарэчы, а
гаварыць аб нечым іншым не хацелася. А Юрый, магчыма, адчуўшы яе стан, таксама
не кідаўся ў размовы.
Андрэйку ўжо знялі швы, і яна
забрала яго дахаты. І ў той жа дзень адвезла да бабулі ў вёску. У вучылішчы пачаліся канікулы,
сядзець хлапчуку ў гарадской кватэры было б сумна, ды яшчэ пасля аперацыі, калі
па вуліцы не пабегаеш, з сябрамі не павалтузішся. І ўвогуле – дзіцяці пасля
аперацыі патрэбен догляд. А Таццяна, дакараючы сябе, што яна – недаравальна
дрэнная маці, не дадае дзецям сябе – мацярынскай увагі, клопату, шчырых размоў
і проста штодзённых стасункаў, разам з тым разумела, што зноў не зможа ўдзяліць
сыну патрэбнай увагі – цяпер, напэўна, менш, калі-небудзь: і бягучых спраў
хапае, а тут яшчэ незапланаваная мадэрнізацыя, якая невядома як пройдзе і
колькі часу адбярэ… А ў бабулі, яна ведала, Андрэй будзе дагледжаны. Можа, не
так весела хлапчуку будзе ў вёсцы -- але затое яна можа не хвалявацца хоць бы
аб тым, каб сын быў накормлены і не гойсаў з ранку да вечара дзе папала.
Абсталяванне з Польшчы ім
даставіў вельмі несімпатычны – прынамсі, на яе погляд -- малады чалавек. Яна не
магла нават сказаць дакладна, чым ён яе раздражняў. Акуратна апрануты – толькі
неяк вельмі па-жаночы: у яркай квяцістай прыталенай кашулі з чырвонай хусцінкай
на шыі, у джынсах у абліпачку. Быў падкрэслена-ветлівы ў размове -- аж да
прытарнасці. І нават рускую мову ведаў нядрэнна, так што паразумецца ім
удалося. І ўсё ж яе не пакідала неадольнае жаданне, каб ён пакінуў кабінет як
мага хутчэй…
Абсталяванне выгрузілі,
устанавілі ў цэху, распакавалі. Усе швачкі пакідалі работу, сабраліся і
глядзелі на новы бліскучыя машыны, як на дзіва – а як жа гэты цуд тэхнікі
працуе?
Прыкладна тое ж пытанне яна
задала жанчынападобнаму маладому чалавеку: хто і калі будзе займацца
пуска-наладачнымі работамі новага абсталявання? На што той какетліва
ўсміхнуўся:
--Ну, гэта не па маёй частцы.
Я – не наладчык, я – экспедытар. Груз даставіў, атрымайце і распішыцеся.
--Пачакайце, -- не зразумела Таццяна,
– Вы што, не дапаможаце нам запусціць гэтыя машыны ў работу?
--Канешне, не! – яго ўсмешка
чэшырскага ката запоўніла, здаецца, усю прастору. – Гэта не ўваходзіць у мае
абавязкі.
І, убачыўшы, як акругліліся
вочы ў дырэктара, паспяшаўся супакоіць:
--Ды вы не хвалюйцеся!
Наколькі я ведаю, там нічога асабліва складанага няма, вашы майстры самі з усім
разбяруцца. Вы ж не ў каменных пячорах выраслі, -- міла “падчапіў” ён
партнёраў. -- Там ёсць падрабязная інструкцыя для кожнай машыны, ну проста па
кроках усё распісана. Ну а калі нешта ўсё ж не зразумееце, то выклікайце
наладчыка з фірмы-вытворцы. Мы свае абавязкі выканалі ў адпаведнасці з умовамі
кантракту. Астатняе – ваш клопат, -- працягваў усміхацца вяртлявы экспедытар,
пакуль яна раздумвала, падпісваць накладныя ці не. Урэшце вырашыла, што ён мае
рацыю – неяк яны з Валодзем прашляпілі, пра наладку абсталявання ў кантракце і
сапраўды нічога не сказана. Нікуды не дзенешся…
Малады чалавек, схапіўшы падпісаныя
паперы, тут жа рэціраваўся, пакінуўшы ў кабінеце прытарна-салодкі водар хутчэй
жаночага, чым мужчынскага парфуму і непрыемны асадак на душы, нейкае трывожнае
хваляванне.
Што трывога была недарэмная,
яна зразумела, як толькі на парозе ўзнік Валодзя. Твар у яго быў разгублены:
--Таня, ты ведаеш
нямецкую?—пацікавіўся ён, не паспеўшы зачыніць за сабой дзверы.
--Ага, у межах школьнай
праграмы. Ды і тое са слоўнікам. А што табе раптам нямецкая спатрэбілася?
--Ну вось… А я і так не
ведаю, у школе іспанскую нібыта вучыў… А тут усё – на нямецкай мове, --
працягнуў ён пашпарты на новыя машыны і інструкцыі па наладцы. -- Я зразумеў
толькі, што гэта эксперыментальнае абсталяванне з Германіі. Слухай, гэта не
машыны, а нейкі кот у мяшку…
--Та-а-ак… -- Таццяна
задуменна пагартала пашпарты з незразумелым тэкстам. -- А чыста знешне можна
вызначыць, што ў гэтых машынах да чаго? Так бы мовіць, традыцыйным метадам
навуковага тыку?
--Можа, і можна, але калі мы
не туды “тыкнем”, зламаем – тады што? Хто плаціць будзе? І чым? Дзяўчаты ў цэху
галосяць – ніхто не рашаецца нават падысці да гэтага звера без тлумачэнняў. А
хто ім растлумачыць, што і як рабіць?
--Выходзіць, нашы шчодрыя
інвестары падсунулі нам нават не ката ў мяшку, а сапраўднага траянскага каня,
-- пасля доўгай паўзы задуменна прамовіла Таццяна.
--У сэнсе? – не зразумеў
Валодзя.
--У прамым. Ну вось глядзі,
якая карцінка вымалёўваецца. Запусціць машыны самі мы не можам, так? Не
асвоіўшы іх, заказ выканаць таксама не зможам. А за кожны дзень пратэрміноўкі ў
адпаведнасці з умовамі кантракту бярэцца няўстойка. Пару месяцаў пастаім –
аддадзім ў кошт доўгу не толькі гэтыя машыны, але і свае ўласныя… А самі на
цвінтар пад царкву пойдзем з шапкай…
--Ну, напэўна, на самой
справе ўсё не так страшна? – ці то спытаў, ці запэўніў Валодзя. – Павінна ж
быць нейкае выйсце…
--Можа, і не так. А можа,
яшчэ страшней… У тым выпадку, калі мы ў самы бліжэйшы час не знойдзем тое самае
выйсце, не запусцім машыны і не пачнём адшываць заказ.
--А калі папрацуем з
ранейшымі партнёрамі, пакуль прыедзе наладчык? Усё ж нейкія грошы
--Якія партнёры, Валодзя? У
чаканні гэтага заказу згорнуты практычна ўсе ранейшыя сувязі – ці ты забыўся? Мы
проста фізічна не змаглі б адшываць штомесяц такія партыі палякам і працаваць
на ўнутраны рынак. Даходаў ад таго, што дашываецца па ранейшых пагадненнях, не
хопіць нават на выплату няўстойкі, не кажучы ні пра што іншае.
--Што ж рабіць, Таня? --
разгублена прамовіў Валодзя.
Як гэта ні дзіўна, але ў
складаных сітуацыях сябар, заўсёды такі ўпэўнены, разумны, дальнабачны,
губляўся, як дзіця. І ўсю адказнасць перакладваў на яе, Таццяну, непадзельна
давяраючы яе цвярозаму розуму і інтуіцыі. Гэтым галоўным чынам і тлумачылася,
што з іх, дваіх паўнапраўных кампаньёнаў, якія ўлажылі ў справу роўныя долі,
разам арганізоўвалі справу ад самага пачатку і, нягледзячы на штодзённыя спрэчкі,
часам вельмі вострыя, тым не менш ўмудрыліся не пасварыцца, юрыдычным, ды і
фактычным дырэктарам з’яўлялася яна, жанчына, а Валодзя быў яе намеснікам.
Таццяну спачатку гэта напружвала – яна была выхавана ў атмасферы вясковага
дамастрою, калі слова мужчыны было першым і апошнім, а жанчына павінна была
бясспрэчна падпарадкоўвацца па той адзінай прычыне, што яна -- жанчына. Але
менавіта Валодзя, адчуваючы яе ўнутраную, не на паказ, сілу, настояў на такім
падзеле службовых абавязкаў. І ні разу за гады сумеснай працы не выказаў ні
слова крыўды, ні нават намёку на яе з-за
сваёй нібыта не мужчынскай “ролі другога плану”. Праўда, і Таццяна ніколі не
дала яму адчуць, што яна тут -- галоўная. Заўсёды і ва ўсім яны раіліся і
важныя рашэнні прымалі разам. Выпадак з
Юрыем быў першым падобным – таму, напэўна, Валодзя і ўзлаваўся, што яна
імпульсіўна прыняла на работу новага чалавека, не параіўшыся з кампаньёнам.
Яна маўчала і малявала на
чыстым аркушы кружочкі і квадрацікі, зігзагі маланак і кучаравыя аблокі, кветачкі
і розныя лічбы -- гэта дапамагала ёй думаць. Валодзя ведаў, што ў такія хвіліны
“мазгавога штурму” Таццяну лепш не чапаць – тады яна абавязкова нешта прыдумае.
Ці ва ўсякім выпадку, паспрабуе…
--Рабіць нешта, вядома, трэба
-- не сядзець жа, склаўшы рукі…-- нарэшце загаварыла Таццяна. -- Давай
раздзелімся і пачнём з малога – можа, і сапраўды ўсё можна вырашыць без
асаблівых страт, а мы тут распанікаваліся? Ты, Валодзя, паспрабуй звязацца з
палякамі і высветліць, знарок яны прыслалі абсталяванне без наладчыка ці гэта
проста непаразуменне? Было б цудоўна, калі б яны сказалі: “Ах, выбачайце,
заўтра наш прадстаўнік выязджае.” Хоць чуе маё сэрца, што нас элементарна
хочуць “кінуць” з гэтымі нечакана шчодрымі інвестыцыямі і ніякай дапамогі ад
палякаў чакаць не варта, хутчэй наадварот… У такім выпадку трэба тэлефанаваць у
Германію, на фірму-вытворцу гэтых цуда-машын, чорт бы іх пабраў, і дамаўляцца, каб
немцы прыслалі наладчыка і тэхнолага. Але для такіх перамоў патрэбен чалавек,
які хоць бы крыху валодае нямецкай, так што іх пакуль давядзецца адкласці... Ну
і каштаваць гэта, трэба думаць, будзе нямала – машыны ж не мы куплялі…
--Ёсць яшчэ адзін шлях, --
працягвала думаць услых Таццяна. – Неабходна пацікавіцца -- можа, на якім з
айчынных прадпрыемстваў ужо ёсць такое абсталяванне, і мы зможам папрасіць
дапамогі ў калег? І абавязкова трэба знайсці талковага лінгвіста з тэхнічным
ухілам, які б здолеў перакласці інструкцыю… І ўсё -- тэрмінова.
Нарэшце ў голасе Тані
загучалі звыклыя рашучыя ноткі, якія так супакойвалі падначаленых, і Валодзю –
не ў апошнюю чаргу: значыць, яна ўжо ведае, што рабіць:
– Значыць, так. Ты зараз
садзішся на тэлефон і здабываеш інфармацыю. А я паеду ў наш універсітэт шукаць
перакладчыка. Трэба толькі захапіць інструкцыю, каб зразумелі, аб чым ідзе
гаворка… Хто ў нас сёння з вадзіцеляў на месцы? Я ў такім стане, што сесці за
руль не рызыкну…
--Ды ўсе, -- паціснуў плячыма
Валодзя. -- Хоць не, Коля адпрасіўся – маці з вёскі прыязджае, трэба сустрэць.
А Павел, здаецца, ўчора дзень нараджэння жонкі адзначаў – лепш не рызыкаваць. А
твой пратэжэ, як заўсёды, у форме і ў поўнай баявой гатоўнасці.
--Ну вось і паеду са сваім
пратэжэ…-- падхапіла Таццяна сумку, выходзячы з кабінета.
На яе рэзкае “Паехалі!” Юрый
без лішніх слоў выгнаў “Таёту” з гаража. І толькі калі яна села ў машыну,
лаканічна спытаў :
--Куды?
--Ва ўніверсітэт…
…У галоўнай навучальнай
установе горада яе чакала расчараванне. Не тое, каб за пераклад ніхто з
выкладчыкаў не браўся – ахвотнікі падзарабіць знаходзіліся. Але… Ідзе сесія,
затым пачынаюцца падрыхтоўчыя курсы, уступныя экзамены… А тэкст складаны,
тэхнічны, шмат спецыяльных тэрмінаў… Хутка не атрымаецца, у лепшым выпадку – праз
месяц.
--Інтэрнэт? – паглядзеў на яе
са здзіўленнем загадчык кафедры замежнай мовы, да якога яна звярнулася са сваёй
просьбай. -- Ну, гэта вы і самі можаце паспрабаваць, навошта вам тады
спецыяліст? Калі не баіцеся запароць машыну. Вы паспрабуйце дзеля цікавасці
прапанаваць гэтаму “разумнаму жалезнаму дзядзьку” перакласці на рускую мову
што-небудзь з Караткевіча. Ці, калі вы больш па тэхнічнай частцы, то хоць бы
інструкцыю па выкарыстанню праса – і пабачыце, што атрымаецца.
Тацяна выйшла з універсітэта
і плюхнулася на сядзенне машыны ў поўнай роспачы.
--Што ж рабіць? – спыталася напаўголаса
ў самой сябе.
--Нешта здарылася?-- Юрый не
спяшаўся кранацца з месца.
--Ды ўжо ж, здарылася… -- яна
заплюшчыла вочы і адкінулася на сядзенні. -- Як там у класіка? Бойцеся
данайцаў, што прыносяць падарункі? Так прыкладна атрымалася ў нас. Думалі –
ухапілі жар-птушку за хвост, а нас развялі, як дзяцей малых. І скардзіцца няма
каму і няма на што: самі такі кантракт падпісалі. А ў выніку маем тое, што
маем…
--І што маем?
--Ды тое, што, падобна,
нядоўга вам, Юрый, давядзецца ў нас працаваць. На гарызонце ў нашай фірмы
маячыць грунтоўнае абмежаванне расходаў, а значыць -- скарачэнне шатаў. І гэта
ў лепшым выпадку. Такія вось невясёлыя справы…
--Што ўжо ж тады ў горшым? –
прамармытаў сабе пад нос вадзіцель. І нечакана прамовіў:
--Таццяна Аляксееўна,
прабачце, калі лезу не ў сваю справу. Але, мне здаецца, вам неабходна зрабіць
паўзу. Калі вы не супраць, мы можам зайсці ў кавярню, пасядзець, тут ёсць непадалёк даволі ўтульная.
Калі захочаце, можаце расказаць, што здарылася. Магчыма, я змагу чым-небудзь
дапамагчы – хоць бы парадай. А калі не, то хоць выгаварыцеся – часам і гэта
дапамагае паглядзець на сітуацыю па-іншаму.
--А вы яшчэ і псіхатэрапеўтам
падпрацоўваеце? – хмыкнула Таня. А потым узняла галаву:– Хоць, бадай што, вы
маеце рацыю. Як любіць гаварыць мая мама, калі шмат работы – дык сядзь ды
пасядзі. Тым больш, што допінг у выглядзе кубка моцнай кавы мне зараз проста неабходны.
--Толькі я вас хачу
папярэдзіць,-- сказаў, адкрываючы перад ёю дзверы ў кавярню, Юрый, -- Сёння я
ўжо не ў камандзіроўцы і ў стане заплаціць за сябе. А калі вы не супраць, то і
вас пачаставаць.
--Супраць, прычым
катэгарычна! -- рэзка адказала Таццяна. – Не самы падыходзячы час для
рамантычных ланчаў. Давайце адкладзем гэта да больш спрыяльнай пары. Зараз –
чыста дзелавы перапынак, а ў такіх выпадках я заўсёды плачу за сябе сама.
--Ну, як скажаце, -- ўздыхнуў
Юрый – спрачацца з дырэктарам было цяжка, да
таго ж ён адчуваў, што мае на гэта права.
Кава была добрая -- моцная,
водарная, з пенкай – асалода! І словы паліліся самі па сабе. Яна забылася, што
перад ёй – усяго толькі вадзіцель, якога яна месяц назад сустрэла ля нейкіх
варот, і расказвала яму – а на самой справе нібыта самой сабе -- пра тое, як
стваралася іх фірма, як марудна і пакутліва яны станавіліся на ногі. Якія
надзеі ўскладвалі на гэты кантракт. Як радаваліся, калі палякі прапанавалі
паставіць ім новае сучаснае абсталяванне на вельмі выгадных умовах. А выходзіць, што іх замежныя партнёры
захацелі іх, кажучы крымінальным слэнгам, кінуць: абумовілі жорсткія тэрміны
пастаўкі гатовай прадукцыі, паставілі машыны, якія нідзе яшчэ не эксплуатуюцца,
не забяспечыўшы іх пуска-наладку. Вядома, яны самі вінаваты, не прапрацавалі
кантракт як след: ранейшы юрыст пайшла ў дэкрэтны, новая яшчэ не мае вопыту.
Яна за Андрэйку тады перапалохалася, ні пра што думаць не магла, Валодзю
даверылася. А ён паспадзяваўся, што дырэктар, як заўсёды, усё трымае пад
кантролем… Усё ў рэшце рэшт можна вырашыць – і наладчыка выклікаць, і
інструкцыі перакласці, але ж час… Ён іграе супраць іх – на гэтым, падобна, і
будавалі свае разлікі замежныя партнёры. За кожны дзень пратэрміноўкі пастаўкі адшытай
прадукцыі трэба плаціць няўстойку, і сума значная. Калі яны пастаяць два-тры
месяцы, то ўвесь чаканы прыбытак ад гэтай здзелкі растане, як сакавіцкі снег –
і гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым, калі наладка і пуск новага абсталявання
зацягнецца, яны проста абанкруцяцца.
--Сапраўды, сітуацыя. – Юрый
пакручваў у руках пусты кубак. – З перакладам, як я зразумеў, у вас атрымаўся
аблом?
--Ды не тое, каб зусім, але ў
патрэбныя нам тэрміны ніхто гэта зрабіць не абяцае.
--І наладчыка з-за мяжы
заўтра ці паслязаўтра таксама чакаць не даводзіцца…
--Дакладна не ведаю, Валодзя
там вядзе перамовы, але думаю, што так.
--Значыць, сітуацыя
безвыходная?
--Кажуць, што такіх не бывае.
Але падобна, што аптымісты памыляюцца…
Яны заказалі яшчэ па кубку
кавы і пілі яе моўчкі, думаючы аб адным і тым жа.
--Таццяна Аляксееўна, -- нарэшце
парушыў маўчанне Юрый, – а як вы
ставіцеся да рызыкі?
--Разумна, -- насцярожылася Таццяна.
– Галавы стараюся не губляць. А вы гэта да чаго?
--Ну, сітуацыя ў нас
форс-мажорная. Можа, вы дазволіце мне паглядзець гэтыя машыны? Усё ж я –
інжынер з вышэйшай адукацыяй, хоць і былы. Праўда, швейнае абсталяванне – не
мой профіль, тым больш сучаснае… Але ж некалі маміну швейную машынку, трафейны
“Зінгер”, разбіраў па вінціках. І назад збіраў, і машына пасля гэтага нават
працавала, – паспрабаваў пажартаваць Юрый. – Нямецкую мову, дарэчы, таксама
крыху ведаю, прычым справу меў менавіта з тэхнічнымі тэкстамі – неяк на заводзе
мы таксама атрымлівалі нямецкае абсталяванне, і давялося горы літаратуры
пералапаціць, слоўнікамі абклаўшыся, каб давесці яго да розуму… Не падумайце,
што хвалюся, але калі ўжо зайшла такая размова, то хачу сказаць, што тэхніку я
ўвогуле люблю – усялякую. І разбіраюся ў ёй нядрэнна. Працаваць даводзілася з
многім, часам такі металалом ажыўляў, што і сам пасля не верыў, што гэта я
зрабіў. Абяцаць нічога не магу, але ж паспрабаваць можна…
Яна глядзела на яго са
страхам і надзеяй. Калі б у яго атрымалася, каб жа толькі атрымалася – гэта
было б выратаванне. Але…
Здаецца, ён адчуў яе
сумненні:
–Майце на ўвазе: гэтыя
машыны, у адрозненне ад мамінай, я раскручваць па вінціках не збіраюся.
Пагляджу: калі разбяруся, што да чаго, куды ніткі запраўляюцца і адкуль строчка
выходзіць – значыць, добра. Не – не буду і брацца.
--Юра, ваша прапанова вельмі
заманлівая, але я не магу падобнае рашэнне прымаць сама, -- нарэшце прамовіла
Таццяна. -- Мне неабходна параіцца з
Уладзімірам Сямёнавічам. Ён у нас адказвае за ўсе тэхнічныя пытанні.
--Канешне, -- усміхнуўся
Юрый. – Паехалі?
Глава 9
Таццяна баялася, што Валодзя
прапанову Юрыя ўспрыме ў штыкі.
Але яна не паспела нічога
сказаць пра ініцыятыву іх новага вадзіцеля -- кампаньён яе апярэдзіў. Валодзя
сядзеў за сталом змрочны, як хмара, і з парога сустрэў паведамленнем, якога яна
ўжо чакала і да якога была гатова яшчэ пасля размовы з вяртлявым экспедытарам.
--Таня, я пагаварыў з
палякамі. Ты мела рацыю: гэтая сітуацыя з машынамі -- не выпадковасць, як я
спадзяваўся. Гэта старанна спланаваная акцыя па банкруцтву нашай фірмы. Яны ўсё
пралічылі і ўсё ўнеслі ў кантракт. А мы даверыліся, вушы развесілі: ах,
інвестыцыі, тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыя вытворчасці, новыя заманлівыя
перспектывы, бла-бла-бла… Перспектывы ў нас будуць – але, падобна, не вельмі
вясёлыя... Канешне, гэта я ў першую чаргу вінаваты – не пралічыў усё, не
пераправерыў… А сёння гэтыя кампньёны нават гаварыць не хочуць, ветліва
спасылаюцца на кантракт -- і ўсё, да пабачэння, праз месяц чакаем прадукцыю…
Наладчыка абсталявання параілі запрасіць з Германіі, з фірмы-вытворцы. Яны
нават не хочуць выступіць пасрэднікам у гэтай справе, хоць і закуплялі
абсталяванне! Наладчыкі, можа і прыедуць – усё ж фірма салідная, але калі?
Баюся, што да таго часу яны нам ужо не спатрэбяцца… А ты знайшла перакладчыка?
--З перакладчыкам сітуацыя
прыкладна такая ж, як і з наладчыкам, -- уздыхнула Таццяна. -- Усё магчыма, але
не заўтра і не паслязаўтра – на працягу месяца, і гэта мінімальны тэрмін…
--А ты не паспеў высветліць,
ці працуе хто-небудзь у рэспубліцы на такіх машынах? – нагадала яна яшчэ пра
адно выйсце з сітуацыі, якое яны збіраліся прапрацаваць.
--Наколькі я паспеў
даведацца, толькі адно сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства ў Мінску, ды
яшчэ невялікая фірма з незразумелым заснавальнікам ў Віцебску. Але, па праўдзе
кажучы, я сумняваюся, што нам там пакажуць сакрэты новага абсталявання –
навошта ім падтрымліваць канкурэнтаў? Трэба, канешне, з’ездзіць туды, але я не
ўпэўнены, што нас пусцяць нават на парог офіса, не кажучы ўжо пра швейны цэх.
Валодзя нервова барабаніў
пальцамі па сталу. На яго было шкода глядзець… Магчыма, яна выглядала не лепш,
калі выходзіла з універсітэта – нездарма ж Юрый прапанаваў зрабіць паўзу. Але
цяпер у Таццяны ўжо ёсць хоць і невялікая, але ж надзея – і грэх не падзяліцца
ёй з сябрам…
--Валодзя, наш новы
вадзіцель, гэты, як ты кажаш, мой пратэжэ, прапануе сваю дапамогу, -- асцярожна
пачала Таццяна, баючыся, што сябар зноў успыхне -- як звычайна, калі размова
заходзіла пра Юрыя.
--Дапамогу? Якую? --
насцярожыўся Валодзя. – І адкуль ён ведае пра нашу праблему?
--А што тут за сакрэт? Думаю,
што ўсе нашы, ад бухгалтара да швачкі, ужо ведаюць, што не мы не можам
запусціць новыя машыны. А пра кантракт і тэрміны пастаўкі ведалі яшчэ раней.
Два і тры скласці – не праблема. Да раніцы, з улікам родных, сяброў і знаёмых
нашых супрацоўнікаў, пра гэта будзе ведаць палова горада.
--Ну добра, пераканала – а
што ён прапаноўвае, гэты твой пратэжэ?
--Увогуле па адукацыі ён
інжынер, -- стала пераказваць Таццяна тое, што даведалася ад Юрыя. – І з
нямецкімі машынамі ў свой час справу меў -- праўда, не са швейным
абсталяваннем. Кажа, што можна паглядзець гэтую цуда-тэхніку -- магчыма, яна не
такая складаная, як здаецца на першы погляд. Просіць дазволу паспрабаваць
разабрацца з машынамі. Атрымаецца -- добра, не зразумее, што да чаго – у вантробы не палезе…
Валодзя задумаўся. А потым
паціснуў плячыма:
--Ну то хай паглядзіць, калі
мае такое жаданне і нейкія інжынерныя веды. Можа, і здолее разабрацца --
урэшце, гэтыя машыны таксама ж інжынеры рабілі… Зрэшты, што мы губляем? – стаў
разважаць ён уголас. – Нават пры самым горшым раскладзе, калі ў яго нічога не
атрымаецца ці нават калі ён сапсуе машыну, давядзецца выклікаць прадстаўнікоў фірмы
з Германіі, рамантаваць і плаціць грошы – дык іх нам і так трэба выклікаць і
гэтаксама плаціць. Але ў лепшым выпадку мы выйграем час, які для нас сёння
нават больш чым грошы… Можа, гэта якраз наш шанс, га, Таня? Дзе гэты твой
Кашавараў? Пакліч яго і пойдзем ў швейны цэх…
Такім чынам, Юрыю быў
прадстаўлены своеасаблівы карт-бланш: рабі, што хочаш, прасі дапамогі, якая
патрэбна – але паспрабуй ажывіць гэты цуд заходнееўрапейскай тэхнікі. З гаража
ён фактычна перабраўся ў швейны цэх, у якім амаль што жыў: прыходзіў
раным-раненька, а калі ішоў дахаты, увогуле мала хто бачыў – затрымліваўся да
позняй ночы, казаў, што вечарам, у цішыні, яму лепш думаецца.
Ды і днём каля яго ўсе
хадзілі ледзь не на дыбачках, дыхаць баяліся, калі знаходзіліся побач: уся іх
фірма ў літаральным сэнсе малілася на новага вадзіцеля: каб толькі ў яго
атрымалася, каб жа ён разабраўся з гэтымі машынамі і запусціў іх у работу! Чым
пагражае калектыву іншае развіццё падзей, кіраўніцтва не хавала – а падкія да
сенсацый жаночыя языкі раздулі сапраўднага слана -- хай сабе і не з мухі, а з
падкладзенага ім “траянскага каня”. Шукаць новае месца працы пасля адносна
стабільнай работы ў “Элеганце” нікому не хацелася, нават тым, хто раней часам
пабуркваў на тое, што заробкі маглі б быць і большымі, а перапрацовак – менш.
Але ж нездарма кажуць: што маем – не цэнім. Перспектыва страціць работу,
надзейны, і, што б там ні казалі, не самы горшы заробак, нікога не ўзрадавала,
і ўсе, прыходзячы ранкам па працу, з надзеяй паглядвалі на Юрыя: што там у яго?
Таццяна не была выключэннем:
ёй таксама хацелася кожныя паўгадзіны бегчы ў цэх, каб спытаць у Юрыя: ну як? А
яшчэ лепш – стаяць побач і назіраць, што і як ён робіць, старацца прачытаць яго
думкі. Яна стрымлівала сябе амаль што сілай: ведала, як цяжка працаваць у такіх
умовах, калі на табе ляжыць неймаверны груз адказнасці, калі на цябе
спадзяюцца, як на бога – а ты зусім не ўпэўнены, ці зможаш гэтыя спадзяванні
апраўдаць. Таму старалася не назаляць лішнімі пытаннямі, разумела – будзе нейкі
вынік – Юрый сам скажа.
І ўсё ж пры найменшай нагодзе
старалася зайсці ў швейны цэх, каб хоць здалёк паглядзець, што ён там робіць,
які ў яго выраз твару, паспрабаваць здагадацца, ці атрымліваецца ў яго
што-небудзь, калі-нікалі мімаходзь спытацца, ці не трэба чаго? Яна ўжо
навучылася разбірацца: калі Юрый нервова пакусвае вусны – гэта азначае, што
нешта ў яго не атрымліваецца, калі злёгку ўсміхаецца і нешта мурлыкае сабе пад
нос – значыць, злавіў нітачку, калі хмурыць бровы – напружана думае.
…Таццяна і сама не заўважыла,
калі і як Юрый завалодаў усімі яе думкамі. Але аднойчы, прачнуўшыся ранкам,
злавіла сябе на тым, што, пацягнуўшыся ў ложку,
перш за ўсё падумала не пра Андрэйку – як ён там, у бабулі; не пра маці
– ці спраўляецца з малым падшыванцам; не пра Васю – ці ладзяцца справы ў яго на
будоўлі… А пра яго, пра Юрыя: калі ён учора пайшоў з цэха, ці прачнуўся ўжо, ці
атрымліваецца ў яго адпачыць на вузкай канапе – ён папрасіў, каб дазволілі
гэтыя дні начаваць у тым самым злашчасным вадзіцельскім пакоі адпачынку, бо
шкода губляць час на няблізкую дарогу. Напэўна, зараз ужо зноў варожыць каля
машын…
Падумаўшы пра гэта, Таццяна ўскочыла з ложка,
як апараная – што гэта з ёю? І са здзіўленнем і раздражненнем мусіла прызнацца
сабе, што апошнім часам не можа думаць
ні аб чым іншым – пра што б ні заходзіла гаворка, куды б ні сягалі яе думкі,
яны неадольна скіроўваліся да яго… Яна паспрабавала апраўдацца перад сабою тым,
што справа зусім не ў гэтым вадзіцелі, а ў іх новых машынах і тых праблемах,
што з’явіліся разам з імі, урэшце -- у будучыні
іх фірмы, якая зараз залежыць ад таго, ці справіцца Юрый з пастаўленай
самому сабе нялёгкай задачай.
Хоць у глыбіні душы разумела, што гэта не так
– дакладней, не зусім так, што яе турбуюць не толькі машыны, не толькі новы
заказ, але і сам Юрый. Як ён харчуецца, чым снедае, дзе абедае, ці павячэраў
сёння – яна неаднойчы лавіла сябе на гэтых думках, калі запарвала ранкам каву,
разагравала днём боршч, ляпіла вечарам катлеты… Таня літаральна трымала сябе за
руку, каб не аднесці тыя катлеты ці хоць бы бутэрброды яму ў цэх. І без таго
швачкі, заўважыла, пераглядваюцца, як толькі яна заходзіць да іх і пільна
ловяць кожны яе рух і погляд. А ёй жа здаецца, што яна бывае там не так і
часта, усяго разы тры-чатыры за дзень, у крайнім выпадку – пяць, і ў яго бок
амаль не глядзіць, і падыходзіць да яго ў апошнюю чаргу… Тое, што раней яна
ўвогуле магла не заходзіць сюды дзень ці два – вытворчы працэс быў прэрагатывай
Валодзі, лічыла, мае пад сабой лагічнае тлумачэнне: цяпер – асаблівыя
абставіны… Але работніцы, мусіць, лічылі такое тлумачэнне не ўпаўне лагічным --
і ўвесь час перашэптваліся і пераміргваліся за яе спіной. Гэта яе злавала: ото
ж бабская натура: варта даць хоць найменшую нагоду -- адразу ж панясуць на
языках! Канешне, яна магла прыструніць жанчын, паставіць іх на месца, але
разумела, што пасля гэтага размоў стане яшчэ больш. І махнула рукой: ат, хай
гавораць, іх не пераробіш…
Галоўнае -- не чужыя размовы,
галоўнае – што робіцца з ёю? Чаму гэты Юрый не ідзе ў яе з галавы? Няўжо яна,
дурніца на пятым дзясятку, зноў закахалася? Госпадзі, толькі гэтага не хапала…
Яна ж давала сабе зарок: ніколі, нізавошта, нікога, нават казачнага прынца,
больш не пакахае! Яна выпрацавала для сябе жалезнае правіла: не хочаш болю – не
пускай у сэрца каханне. І яно быццам бы
працавала ўсе гэтыя гады. І так усё добра было: яна, дзеці, работа… Свабода!
Галава цвярозая, нічым незатлумленая. Сабой распараджаешся, як хочаш. А цяпер у
галаве адно: Юрый, Юрый, Юрый… І калі ж гэтае нахабнае каханне так незаўважна ў
душу прашчамілася, што яна нават не заўважыла? Тады, на мосце, разам з
касачамі? Ці калі ён сядзеў у міліцыі на аблупленай драўлянай лаўцы, і ёй да
сардэчнага болю стала шкада яго? Ці калі падчас іх першай сумеснай паездкі ён
расказваў сваю сумную гісторыю? Ці з самага пачатку, у тую першую сустрэчу,
калі яна звярнула ўвагу на яго адначасова калючыя і добрыя вочы? А галоўнае --
як яна магла дазволіць яму прабрацца ў сваё сэрца, завалодаць яе думкамі? І што
цяпер рабіць з гэтым няпрошаным і нежаданым госцем? Хоць бы ён аб гэтым яе
няшчасці не здагадаўся, хоць бы тыя перашэптванні ды пераглядванні швачак да
яго не дайшлі -- тады, бог дасць, з цягам часу і ад яе гэтае насланнё
адступіць. А калі не – што тады рабіць, як з гэтым змагацца? Ды яшчэ працуючы
разам, сустракаючыся кожны дзень…
У той дзень яна стрымала сябе
– зайшла ў швейны цэх толькі раз. Лоб у Юрыя быў нахмураны, ён, здаецца, нікога
і нічога не заўважаў, акрамя машыны: раз-пораз паглядваў то ў інструкцыю, то на
панель з незразумелымі кнопкамі і рычажкамі, гартаў слоўнікі, зноў узіраўся на
панель, нешта параўноўваў, бязгучна варушыў губамі, усміхаўся – і зноў
хмурыўся… Яна нават не стала падыходзіць да яго, толькі пацікавілася ў
майстара, як справы –Тая ў адказ моўчкі развяла рукамі, красамоўна паглядзела ў
бок Кашаварава – маўляў, чакаем, спадзяемся... Зрэшты, і без яе адказу было
бачна, што пакуль усё без перамен.
Таццяна, засмучаная адсутнасцю хоць
якіх-небудзь станоўчых зрухаў у наладцы абсталявання -- а мінуў ужо амаль
тыдзень, як яго прывезлі, а яшчэ больш –
ранішнім адкрыццём, што гэты Юрый Кашавараў так глыбока запаў ёй у душу,
пайшла да сябе. Работа не клеілася. Яны зноў пацапаліся з Валодзем, нават самі не зразумелі, з-за чаго – напэўна,
толькі таму, што абое былі на нервах. Сябар убачыў, што ад яе прыкурваць можна
– настолькі іскрыла, спаслаўся, што трэба дамаўляцца з пастаўшчыкамі фурнітуры,
для новага заказу яна спатрэбіцца адмысловая, спецыяльная -- і паехаў у Мінск.
Гэта яе крыху астудзіла і суцешыла: значыць, Валодзя не губляе надзеі… І ёй не
варта! І, каб нечым сябе заняць, стала гартаць апошні каталог з узорамі
тканіны, хоць і на гэтым засяродзіцца не магла.
Дзень, які звычайна, калі
клопатаў было безліч і работы – процьма, пралятаў як адно імгненне, цяпер
цягнуўся, як год. Дахаты яна пайшла раней звычайнага – падумала, што дома
напэўна ж знойдзе сабе занятак, калі ж хатняя работа бывае пераробленай? Але і
там не магла сябе нічым заняць. Хацела памыць акно, ды, пацягнуўшы за штору,
незнарок абарвала карніз, які трымаўся на адным сумленні -- расстроілася яшчэ
больш. Вырашыла, што трэба перацерці посуд у горцы – разбіла дарагі фужэр, а
прыбіраючы шкло, парэзала палец. Раззлавалася сама на сябе, плюнула на ўсё і,
заварыўшы моцны чай, уключыла тэлевізар і ўлеглася на канапу. Без мэты шчоўкала
пультам з канала на канал, не разумеючы, пра што там гавораць, не заўважаючы,
што паказваюць. З галавы не ішло адно: як там Юра? Можа, усё ж варта было б
падысці да яго, пагаварыць, можа, яму якраз гэтага не хапае – увагі, разумення,
што ў гэтую хвіліну яна – разам з ім? А мо яна ўсё гэта сабе напрыдумвала, як
кожная закаханая дурнічка, а на самой справе гэтаму Кашавараву сто гадоў
непатрэбная, яна для яго – толькі начальніца…
Калі ўжо сабралася класціся
спаць – усё роўна дзень змарнаваны, прайшоў да крыўднага бескарысна, то, можа,
хоць выспацца удасца? – зазваніў тэлефон. Чамусьці яна не захвалявалася, як
звычайна, калі чула позні званок – можа, што здарылася з дзецьмі ці з мамай?
Яшчэ не зняўшы трубку, Таццяна ведала, што тэлефануе Юрый.
Яна не памылілася -- гэта і
сапраўды быў ён. Голас гучаў ўсхвалявана і радасна:
--Таццяна Аляксееўна,
прабачце, што так позна. Спадзяюся, я вас не разбудзіў?
--Не паспелі, -- Таня
старалася стрымацца, каб ён не заўважыў унутранага трымцення яе голасу. – А што
здарылася?
--Здаецца, я ва ўсім
разабраўся. Хацеў бы праверыць, ці так гэта на самой справе. Але запускаць
машыну аднаму страшнавата – раптам што не так? Ды і радавацца самому неяк
няёмка. А да заўтра трываць – ну проста моцы няма…
--Я ўсё зразумела! –
выгукнула Таццяна, ужо не хаваючы свайго хвалявання і радасці: няўжо ён змог,
няўжо ў яго атрымалася? -- Я буду праз пяць хвілін, чакайце!
Але сабрацца за пяць хвілін
не атрымалася. Нягледзячы на тое, што ад нервовага узбуджэння трэсліся рукі,
яна падфарбавала вочы, вусны, прыпудрыла цёмныя кругі пад вачыма, выбрала ў
шафе любімыя штаны і прыгожую блузку, пакруцілася перад люстэркам – як
выглядае?
Юрый чакаў яе ля ўваходу ў
цэх – стаяў на ганку і нервова смаліў цыгарэту. Заўважыўшы яе, затушыў
недакурак:
--Што ж вы так доўга? Я ўжо
хацеў ісці насустрач – цярпення няма чакаць…
І не чакаючы яе адказу, стаў
тлумачыць, пакуль яны падымаліся па лесвіцы:
--Здаецца, я зразумеў, у чым
там галоўная фішка! З асноўнымі аперацыямі праблем не было, з гэтым я
разабраўся адразу…
--Як адразу? – аж прыпынілася
ад нечаканасці Таня. –Вы ж казалі, што няма ніякіх вынікаў!
--Ну падумаеш адкрыццё – як
строчку гнаць! Да гэтага я дайшоў яшчэ ў першы дзень. Але ж для нас, як я
разумею, гэта не самае галоўнае, гэта можна і на старых машынах зрабіць, ды
так, што тыя палякі і не разбяруцца… Галоўнае ж аддзелка, я правільна разумею?
А вось з гэтымі аперацыямі былі пэўныя праблемы… Пакуль дапетрыў, што да чаго…
--Але ж, Юра, вы і сакрэтчык,
-- пакруціла галавой Таня – Мы ўсе ад невядомасці вар’яцеем -- а вы хоць бы
слова сказалі, што ўжо многае асвоілі.
--Многае – гэта не ўсё, -- ён
хітравата ўсміхнуўся. – Да таго ж -- не галоўнае. Але вось зараз… Вы пабачыце…
Можа, я памыляюся, я ж не ведаю гэтую тэхналогію так дасканала, як вы. Але вось
вы паспрабуйце, Таццяна Аляксееўна, я вам зараз раскажу, што і як – ці атрымаецца?
Яна захапіла на раскроечным
участку кавалак тканіны і яны пайшлі тэсціраваць машыну. Як толькі Юрый ўключыў
яе, замежны монстр, які яшчэ днём здаваўся крыважэрным цмокам, што з’явіўся
тут, каб пагубіць іх усіх, завурчэў
мяккім прыемным голасам, нібы хатні кот-мурлыка.
…Юрый уключаў адну за другой
розныя аперацыі – машына працавала бездакорна. А якасць! Цяпер Таццяна
зразумела, як кардынальна адрознівалася тое, што яны рабілі да гэтага часу на
старых машынах, ад магчымасцей новай. І чаму палякі так настойвалі, каб іх
заказ адшывалі менавіта на гэтым абсталяванні. Нават пры самым высокім
прафесіяналізме іх работнікаў, пры самай найлепшай іх стараннасці і адказнасці
такога б выніку на сваіх машынах яны, хоць расперазаліся б, даць не змаглі б.
Таццяна шыла, абкідвала, прабівала петлі, праходзіла аддзелачную строчку – і не
магла нарадавацца. Душа спявала, ёй не хацелася выключаць машыну. Калі ж
нарэшце нацешылася і Юра выключыў тумблер, падняла на яго захоплены позірк:
--Юра, вы – геній! Я вас
люблю!
Яна сама не зразумела, як
вырваліся гэтыя словы – і зачырванелася, як дзяўчынка, якую злавілі за нечым
недазволеным.
Ён стаяў і шчасліва
ўсміхаўся. А яна не ведала, куды дзець вочы:
--Я… Я хацела сказаць, што ў
захапленні і ад гэтай машыны, і ад вашай працы, -- пастаралася яна растлумачыць
свае словы. Але Юрый, здаецца, не звярнуў на
увагі на іх двухсэнсоўнасць. Ці зрабіў выгляд, што не звярнуў…
--Ну што вы, Таццяна
Аляксееўна! – махнуў рукой. -- Нічога тут геніяльнага няма, звычайная работа.
Ну, можа крыху больш складаная -- з-за таго, што незнаёмая, і інструкцыі на
замежнай мове. Але, зрэшты, не богі ж гаршчкі абпальваюць. Калі знайшоўся
чалавек, які ўсё гэта прыдумаў, то таго, хто б зразумеў, як гэта працуе,
знайсці прасцей. Я рады, што ўсё атрымалася, што я змог стрымаць сваё слова і
дапамагчы нашай фірме пазбегнуць сур’ёзных праблем. Цяпер, спадзяюся,
скарачэнне штатаў нам не пагражае? -- весела ўсміхнуўся ён.
--Ну, вам -- дык дакладна, --
засмяялася Таццяна.
--Увогуле такі ашаламляльны
поспех нашай безнадзейнай справы варта было б адзначыць?– нечакана для самой
сябе ці то спытала, ці то прапанавала Таццяна. -- Недзе ў мяне ў кабінеце ёсць
бутэлька шампанскага…
Яшчэ большай і да таго ж
крыўднай нечаканасцю стаў адказ Юрыя:
--Напэўна, не пашкодзіла б…
Але можа, не сёння, тым больш – не зараз? – у голасе яго гучалі прабачальныя
ноткі. -- Час непадыходзячы… Ды і абстаноўка… Усё ж момант, мне здаецца,
заслугоўвае большай урачыстасці, чым адкаркаваная у цэху бутэлька шампанскага.
Тым больш, што вы мне неяк абяцалі рамантычны вечар, помніце? -- нагадаў ён пра
яе адказ на яго тыднёвай даўнасці запрашэнне ў кафэ – а яна думала, што ён
даўно забыўся пра тую мімалётную размову. – Да таго ж я не прывык частавацца за
чужы кошт…
Яна нахмурылася – вось яшчэ
прыдумаў! Але Юрый не даў ёй запярэчыць:
--А галоўная прычына -- стаміўся я моцна, -- закончыў ён зусім
будзённа. – Толькі зараз, калі ўсё закончылася, зразумеў, наколькі… Проста з
ног валюся, здаецца, нават да канапы не дабрыду, прама тут, ля машыны, зараз і
ўпаду. Вы прабачце, Таццяна Аляксееўна, я нават дахаты вас не змагу правесці –
баюся, што засну па дарозе… Я ўсе гэтыя дні гадзіны па дзве-тры ў суткі спаў.
Таццяне стала сорамна, і яна
прамармытала:
--Канешне, ідзіце,
адпачывайце. Я закрыю цэх, не турбуйцеся. Пра ўсё астатняе пагаворым заўтра…
Глава 10
Але назаўтра ні гаварыць аб
чым-небудзь, ні тым больш святкаваць перамогу часу не было. Эйфарыя прайшла
вельмі хутка: машыны яны запусцілі, але ж трэба яшчэ навучыць людзей працаваць
на іх. І галоўнае – у час адшыць заказ. А гадзіннік цікае -- тыдзень ужо мінуў…
Таццяна і Юрый амаль не
выходзілі са швейнага цэха. Ён цярпліва тлумачыў кожнай швачцы, як на новай
машыне выконваць тую ці іншую аперацыю. Яна ж сачыла, каб бездакорна
забяспечваліся ўсе тэхналагічныя асаблівасці кожнай мадэлі – за адхіленне
строчкі хоць на міліметр ад вызначанага параметру заказчыкі маглі б прычапіцца
і забракаваць не толькі гэты выраб, але і ўвесь мадэльны рад. Калі нехта нечага
не разумеў – дырэктар сама садзілася за машыну і паказвала, як трэба рабіць –
нездарма ж папярэдне кожную мадэль адшыла сама, ад першага да апошняга шва.
Але, працуючы поплеч дзень
пры дні, яны з Юрыем амаль не размаўлялі, толькі калі ўзнікалі нейкія
тэхналагічныя пытанні. Ды ім і не патрэбны былі словы, яны і без таго разумелі
адзін аднаго -- з паўслова, з мімалётнага погляду, усмешкі, з ускінутых у
здзіўленні броваў… Ёй здавалася, што яны не месяц, а ўжо цэлае жыццё вось так,
побач -- працуюць, жывуць, па адным толькі позірку разумеюць, што яна хоча
сказаць ці ён зрабіць, спяшаюцца адзін аднаму на дапамогу, раяцца, разам
вырашаюць праблемы, калі тыя ўзнікаюць – адзін прапануе, другі дапоўніць, а
часам і забракуе -- і раскажа пра сваё разуменне выйсця, і потым разам
абмяркоўваюць, што лепш, і спрабуюць, правяраюць, і радуюцца, калі ўсё
атрымліваецца.
Кожны дзень у іх цяпер была
нейкая прыемная падзея: то закончылі адшываць нейкую мадэль, то Надзя нарэшце
асвоіла аперацыю, якая раней у яе не атрымлівалася, то прывезлі новую прыгожую
фурнітуру… Вечарам не хацелася пакідаць цэх, і хоць стамлялася неймаверна, для
адпачынку хапала якіх пяці гадзін сну ды кубка моцнай кавы -- ранкам яна зноў
ляцела ў цэх, як на крылах: там напружаная, цікавая, творчая праца, у якой яна
– галоўны рухавік. І там – ён, Юрый… Са стоенай радасцю Таццяна заўважала, што
і ён не надта спяшаецца дахаты… А мо ёй гэта толькі здавалася?..
Работу швачак арганізавалі ў
дзве змены, каб навярстаць упушчаны час. І з амаль што паспелі вызначаны заказ
у вызначаны час – з адгрузкай першай партыі спазніліся толькі на адзін дзень,
але такі “люфт” кантрактам дазваляўся.
І ў той жа дзень, калі
адшытыя мадэлі ўжо пакаваліся, патэлефанавалі іх замежныя заказчыкі.
--Алё, вітаем вас, пані
Таццяна! -- гучаў у трубцы мілы і ветлівы голас Анджэя, шэф-дырэктара іх партнёрскай
фірмы з Польшчы.-- Як вашы справы?
--Дзякуй, пан Анджэй, --
гэтак жа ветліва адказала Таццяна. – Справы ў нас, як і звычайна, ідуць
цудоўна.
Агульныя аптымістычныя словы
суразмоўцу, падобна, не задаволілі – яму хацелася канкрэтыкі. І таму, палічыўшы,
пэўна, што правілы прыстойнасці выкананы, ён перайшоў да галоўнага пытання:
--Хацелася б даведацца, як
хутка вы адгрузіце наш заказ? Спадзяюся, што заказаныя намі мадэлі вы адшылі на
новым абсталяванні яшчэ лепш, чым тыя, што мы бачылі ў вас падчас свайго
візіту, –– Таццяна, здаецца, бачыла, як яхідна Анджэй зараз пасміхаецца ў
прадчуванні, як яна зараз пачне прасіць адтэрміноўкі, стане тлумачыць, што
ўзніклі праблемы…
--Не турбуйцеся, пан Анджэй,
першую партыю вашага заказу, як і прадугледжваюць умовы кантракту, мы адгружаем
заўтра.
Завісла паўза – здаецца,
партнёр не паверыў сваім вушам. І нават не стрымаўся, спытаў здзіўлена:
--Вы так хутка асвоілі новае абсталяванне?! І
ніякіх цяжкасцей не ўзнікла?
--Ну што вы, пан Анджэй! Як
слушна заўважыў ваш экспедытар, які даставіў нам машыны, мы ж не ў пячорах
выраслі. Разабраліся, што да чаго. І ад імя ўсяго нашага калектыву я хачу
падзякаваць вам за машыны -- яны вельмі тэхналагічныя і прадукцыйныя. З такім цудоўным абсталяваннем, ды з улікам
прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў, у якім вы маглі асабіста ўпэўніцца, мы, я
спадзяюся, і наступныя партыі заказанай вамі прадукцыі адшыем своечасова і з
патрабуемым вамі ўзроўнем якасці. Спадзяюся, што затрымкі з аплатай заказу не
будзе? Вы ж, як салідныя кампаньёны, працуеце ў адпаведнасці з умовамі
дагавору? Увогуле хачу сказаць, што мы вельмі рады, што ў нас з вамі наладзілася
такое плённае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, -- рассыпалася Таццяна ў
двухсэнсоўных кампліментах.
--Мы – таксама, -- прамямліў
пан Анджэй.
--Дарэчы, трэба варта б
сустрэцца і ўдакладніць дэталі наступнага заказу. Падчас абмеркавання кантракту
мы з вамі больш абгаворвалі ўмовы першай пастаўкі. А зараз неабходна
вызначыцца: для наступнага заказу вам адшываць тыя ж мадэлі і ў той жа колькасці
ці ў вас будуць на гэты раз нейкія асаблівыя пажаданні?
Анджэй памаўчаў пэўны час, асэнсоўваючы
яе словы -- відаць, партнёры не асабліва разлічвалі, што трэба будзе рабіць заказ
яшчэ і другой партыі, а тым больш – наступных. Пасля працяглай паўзы без
асаблівага энтузіязму адказаў:
--Давайце дачакаемся, пакуль
да нас паступіць прадукцыя, пабачым, наколькі якасна выкананы заказ -- і тады
будзем вызначацца з другой партыяй…
--О, пан Анджэй, не
сумнявайцеся, якасць вам спадабаецца – мы стараліся. Ды і абсталяванне вы нам
паставілі проста цудоўнае, на такіх машынах, калі дасканала асвоіш іх, мне
здаецца, проста немагчыма сапсаваць мадэль. А прафесіяналізм нашых супрацоўніц
вы ж, наколькі я ведаю, асабіста тэсціравалі. Але ў любым выпадку, ацаніць
якасць – гэта ваша права. Хачу толькі нагадаць, што кантракт мы з вамі
падпісалі доўгатэрміновы, і ў выпадку чаго за наш вымушаны прастой вам
давядзецца плаціць няўстойку, – цяпер ужо Таццяна біла палякаў іх жа зброяй.
Анджэй, падобна, справіўся з эмоцыямі ад
нечаканага для яго павароту падзей і вызначыў для сябе далейшы напрамак
дзейнасці. Ён зразумеў, што партнёры раскрылі загадку іх “траянскага каня” і
нават больш таго – самастойна справіліся з праблемай, да таго ж своечасова…
Відаць, недаацанілі яны тую самую хвалёную кемлівасць рускіх, пра якую
расказваюць хто легенды, хто анекдоты… А цяпер ужо партнёры валодаюць мячом,
прычым на іх палавіне поля – і цудоўна разумеюць гэта… Ну што ж, малайцы,
найменшага, чаго яны заслугоўваюць – гэта павагі. Зрэшты, па вялікаму рахунку,
гэта не самы горшы варыянт… Тым больш, што гульня яшчэ не скончылася…
Размову ён закончыў размову
вельмі міла і карэктна -- амаль гэтак жа, як і пачаў:
--Ну што вы, пані Таццяна,
які прастой, якая няўстойка? Як толькі да нас паступіць прадукцыя, то, як і мы
і дамаўляліся, вы на працягу трох дзён атрымаеце поўны разлік за гэтую партыю і
падрабязную раскладку па новаму заказу. Я спадзяюся, што наша супрацоўніцтва і
надалей застанецца такім жа плённым, і мы, як і зараз, будзем разумець адзін
аднаго з паўслова…
--Я таксама на гэта спадзяюся,
-- усміхнулася Тацяна.
Усё ж дыпламатыя – вялікае
мастацтва: яны з гэтым Анджэем цудоўна зразумелі адзін аднаго…
Калі яна пераказала размову з
панам Анджэем Валодзю, той доўга смяяўся. І шчыра захапляўся яе майстэрствам весці
перамовы:
--Танюша, ты малайчына: гэтак
умыла гэтага паляка – і прычапіцца няма да чаго! За машыны падзякавала, пра
няўстойку нагадала, своечасовы разлік запатрабавала… Гэта ж шчасце, што ён на
цябе патрапіў! Калі б мне давялося з ім гаварыць, я б, напэўна, не
стрымаўся, выдаў бы яму ўсё, што думаю
пра іх паводзіны і пра наша партнёрства. Дабрадзеі гэткія!
--Валодзя, ну што ты
заводзішся? – пастаралася Таццяна патушыць агонь, пакуль ён не паспеў
разгарэцца. –Усё ж цудоўна закончылася! Гэта яшчэ раз пацвярджае старую, як
свет, ісціну: не капай іншаму яму. Яны захацелі “кінуць” нас – а ў выніку мы
атрымалі на вельмі выгадных умовах новыя машыны, асвоілі абсталяванне, якое
мала ў каго ёсць, і зараз наша канкурэнтаздольнасць на рынку істотна
павысілася. Сёння, калі нават палякі адмовяцца ад супрацоўніцтва, думаю, мы без
праблем знойдзем іншых заказчыкаў – не шмат ёсць фірм, якія могуць на такім
узроўні, які сёння ёсць у нас, адшыць самыя складаныя мадэлі. Да таго ж
кантракт цяпер працуе на нас, і зараз ужо палякі павінны клапаціцца, каб мы як мінімум гэты
год працавалі без прастояў. Ды і ўмовы аплаты закладзены вельмі прыстойныя –
відаць, яны не разлічвалі, што мы вырашым гэтую задачку з запускам машын, і
спадзяваліся сарваць добры куш на няўстойцы. А аказалася, што спрацавалі
супраць саміх сябе. Так што, па вялікаму рахунку, мы павінны быць ім удзячны.
--Ну, наконт удзячнасці
палякам – гэта пытанне спрэчнае, -- пакруціў Валодзя галавою. -- А што гэтаму
Кашавараву трэба рукі цалаваць – то дакладна. Каб не яго інжынерны геній, не
ведаю, дзе мы былі б зараз… Так што свае колішнія папрокі ў твой адрас з-за
таго, што ты падабрала невядома дзе і невядома каго, узяла на працу
неправеранага чалавека, забіраю назад. І захапляюся тваёй жыццёвай інтуіцыяй. Я
дык доўга яму не давяраў, усё мне здавалася, што ёсць у ім нейкае падвойнае
дно.
Таццяна міжволі напружылася,
слухаючы Валодзевы дыфірамбы ў адрас Юрыя, і спрабавала зразумець: з якой
нагоды сябар завёў гэтую размову? Што не проста так, то дакладна – занадта
добра яна яго ведае. Нешта ён мае сказаць яшчэ…
--Я вось аб чым, Таня,
разважаў у апошнім часам, пакуль вы з гэтым Кашаваравым у цэху днявалі і
начавалі, -- пацвярджаючы яе думку, працягваў Валодзя. – Напэўна, грэх чалавека
з такім інжынерным розумам трымаць на пасадзе вадзіцеля, як ты лічыш? Усё ж
добрага шафёра знайсці прасцей, чым талковага інжынера. А ён на справе даказаў,
што цудоўна разбіраецца ў тэхніцы, наша абсталяванне за лічаныя дні вывучыў, як
свае пяць пальцаў… Як ты глядзіш на тое, каб прызначыць яго галоўным інжынерам?
Валодзя патрапіў у “яблычак”:
Таццяна і сама неаднойчы пра гэта думала, ды баялася заводзіць размову на гэтую
тэму. А ўсё гэтая яе дурная закаханасць, якая так перашкаджала працаваць – не
пра справу думаеш, а пра тое, хто што скажа ці як паглядзіць…
--Ну, мне здаецца, што гэта
быў бы не самы горшы варыянт, -- памаўчаўшы крыху для прыліку, нібы
паразважаўшы над прапановай Валодзі, падтрымала яна сябра. -- Але ж тэхнічныя
пытанні ў нашай фірме заўсёды заставаліся за табой, -- яна ўсё ж асцярожнічала,
разважаючы, дайшлі ўжо да Валодзі бабскія перашэптванні-пераглядванні ці гэтая
размова не мае да іх ніякага дачынення.
--Таня, я ведаю, што ў мяне
шмат недахопаў, але ж не варта лічыць мяне самаўлюбёным дурнем! Я цалкам
самакрытычна прызнаю, што ў тэхніцы мне да Юрыя – як да Кітая паўзком. Зрэшты,
што нам дзяліць -- работы хопіць усім, трэба яе толькі пераразмеркаваць
разумна. Давай я вазьму на сябе частку тваіх сённяшніх абавязкаў -- да
прыкладу, работу з пастаўшчыкамі. А то ты ўжо зусім заматалася... А на табе
застануцца перамовы, юрыдычныя пытанні, стратэгія развіцця – гэта ў цябе найлепш
атрымліваецца. Можа, пасля гэтага ў цябе з’явіцца больш вольнага часу. А то, я
гляджу, ты хутка зусім забудзешся аб тым, што ты -- жанчына…
--Гэта ты аб чым? –
насцярожылася Таццяна. -- Я што, так дрэнна выглядаю?
--Ды выглядаеш ты проста
цудоўна! – шырока ўсміхнуўся Валодзя. –Настолькі, што нават незразумела: чаму
такая прыгожая жанчына ўвесь час адна? Хоць, зрэшты, гэта якраз зразумела: калі
ж табе, працагалічцы невылечнай, пра сябе думаць? З ранку да позняга вечара на
фірме, дзе ж знайсці час, каб асабістае жыццё ўладкоўваць? Сумленне мяне, па
праўдзе кажучы, загрызла, што ты столькі ўзваліла на сябе…
--За клопат, вядома, дзякуй,
-- саркастычна ўсміхнулася Таццяна. -- Але, Валодзя, пра сваё асабістае жыццё
ўсё ж дазволь паклапаціцца мне самой.
Ды, памаўчаўшы хвіліну, крыху
змякчыла тон.
--Хоць увогуле
пераразмеркаванне службовых абавязкаў, як мне здаецца, ты прапаноўваеш слушнае.
Давай паспрабуем, паглядзім, што атрымаецца. Зрэшты, калі што не так, заўсёды ж
можна падстрахаваць адзін аднаго, праўда? І Кашавараў да нас якраз дарэчы
прыбіўся -- нібы з неба зваліўся. Ён вельмі добрая падтрымка для справы,
асабліва з улікам гэтага польскага заказу. Інжынер ну проста геніяльны, я такіх
не сустракала: любую ідэю з лёту схоплівае -- не паспееш дагаварыць, а ён ужо
ведае, што трэба і як гэта зрабіць. На пасадзе галоўнага інжынера яму -- самае
месца.
--Ну а я пра што?—узрадаваўся
Валодзя. – Вось за што люблю з табой працаваць – любое пытанне за тры хвіліны
можна вырашыць!
--Толькі я цябе папрашу –
скажы ты Кашавараву сам пра яго новае прызначэнне, -- крыху памаўчаўшы, перасеўшым
раптам голасам папрасіла Таццяна. – Мне трэба яшчэ раз з юрыстам пераглядзець
гэты кантракт з палякамі, каб яны зноў не ўчапіліся за якое слова ці коску, ад
іх усяго можна чакаць. Тым больш, што табе трэба перадаць новаму чалавеку ўсю
тэхнічную частку, растлумачыць, што да чаго, паказаць гаспадарку…
--Пачакай, Таня… Ты што,
пазбягаеш Кашаварава? – нахмурыў бровы Валодзя, нібы спрабуючы нешта зразумець.
--То ў кожную паездку – толькі з ім, а то сказаць яму пра новае прызначэнне
часу не маеш… Слухай, дзяўчынка, ты часам не закахалася?
--Не вярзі глупства! –
пачырванеўшы, выгукнула Таццяна і, гучна ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з
кабінета.
Тым самым яшчэ больш
упэўніўшы кампаньёна, што ён недалёкі ад ісціны…
Глава 11
Дахаты Таццяна вярталася
пазнавата. На рабоце зараз, да паступлення заказу на новую партыю прадукцыі для
палякаў, знікла тое напружанне, якое панавала яшчэ тыдзень назад – яны нават
адпусцілі швачак, да іх вялікай радасці, у кароткатэрміновы адпачынак. Але і
дамоў спяшацца не было асаблівай патрэбы: Вася ўсё яшчэ працаваў у будатрадзе,
Андрэйка “ганяў балду” у бабулі.
“На выхадных трэба будзе
з’ездзіць у вёску, -- падумала пра сябе. --Засумавала ўжо і па Андрэю, і па
маме – больш месяца іх не бачыла. Ды і з агародам трэба дапамагчы. Чарніцы
пайшлі – у лес добра было б выбрацца хоць на паўдня. Андрэйка, мусіць, зноў
стане прасіцца дамоў… Напэўна, трэба яго забраць – калі і сапраўды Валодзя
вызваліць яе ад абавязкаў забеспячэнца, то гэта ж колькі часу вызваліцца! Можна
будзе з сынам з’ездзіць куды-небудзь на выхадныя – вось будзе радасці.”
Пасля спякотнага дня
разамлелы горад шукаў жаданай прахалоды і паратунку ў доўгіх ценях
шматпавярховак, пад засенню ужо прыбітай летнім пылам, шызаватай зеляніны
сквераў, у свежым рачным подыху на набярэжнай. Таццяна пайшла даўжэйшай
дарогай, каб прагуляцца ля вады. Пасядзела на лавачцы, назіраючы за тым, як
цёмныя рачныя хвалі нясмела, бы баючыся, не верачы, што маюць на гэта права,
цалуюць стромкі бераг. Пакарміла качак, што таўкліся пад мостам у чаканні
хлебных крошак, якія кідалі ім зверху засумаваўшыя па прыродзе гараджане, што
вымушаны былі ў гэтыя сасмяглыя летнія дні сядзець у душных гарадскіх кватэрах
і офісах, а не ляжаць дзе-небудзь ля вады ці на ўскрайку лесу. Паблукала па
выбітых нагамі такіх, як сама, неаматараў заасфальтаваных алей сцяжынках у
парку, дзе ёсць верагоднасць хоць на нейкі час застацца сам-насам са сваімі
думкамі…
…У свой двор яна зайшла, калі
сонца ўжо зачапілася за шпіль тэлевышкі і паціху спускалася ўніз, заканчваючы
свой дзённы эратычны танец на гэтым карункавым шасце, раздрабляючыся на мноства
яркіх палымяных язычкоў, мяняючы афарбоўку і
прыцягваючы позіркі тых, хто яшчэ не развучыўся час ад часу глядзець у
неба. І з першага погляду згледзела, што
на лавачцы ля іх пад’езду сядзіць святочна апрануты мужчына з кветкамі. “Ты
глядзі, якія джэнтльмены ў нас завяліся! -- падумала са здзіўленнем. – Да каго
ж, цікава, такі госць? Вераніка яшчэ малаватая для такіх кавалераў, да яе ўсё
больш у скураных куртках з металічнымі ланцугамі ходзяць. Пятроўна, наадварот,
стараватая… У Людмілы муж раўнівы… Можа, чалавек адрас пераблытаў? У нас,
здаецца, няма каму такіх гасцей вечарамі прымаць.”
--Спазняецеся, Таццяна
Аляксееўна, -- падняўся з лавачкі мужчына з шыкоўных букетам руж – і Таццяна са
здзіўленнем пазнала ў ім Юрыя. – Працоўнае заканадаўства парушаеце. Там, між
іншым, запісана права не толькі на працу, але і на адпачынак…
--Юрый, я вас не пазнала, --
яна не магла схаваць свайго здзіўлення. – Куды вы гэта сабраліся – такі
прыбраны, з кветкамі?
--Кветкі, дарэчы, вам..
--Мне? Дзякуй… --- яна ўзяла
чайныя, вытанчана-прыгожыя ружы… Напаўраскрытыя бутоны іх выпраменьвалі ні з
чым непараўнальны водар, якога ніколі не
бывае ў тых, што куплены ў кветкавых магазінах – гэтыя, відаць толькі нядаўна
зрэзалі.
-- Спадзяюся, на гэта раз не
з гарадской клумбы?
--Ну што вы! Гэта з маёй
дачы… Мама і сястра ў мяне цудоўныя кветкаводы. Ну і я ім калі-нікалі
дапамагаю, мне гэты занятак таксама падабаецца…
--А з якой нагоды такі
цудоўны падарунак? – пацікавілася Таня.
--У знак удзячнасці. За ўсё,
што вы для мяне зрабілі… Напэўна, вы нават не ўяўляеце, што менавіта…
--Ну, па-першае, вы яўна
перабольшваеце. Але нават тое, што, як вы лічыце, я для вас зрабіла – гэта я
рабіла найперш для самой сябе. Так што яшчэ пытанне, хто каго павінен
дзякаваць, – Таццяна раптам змоўкла, не стала тлумачыць, што яна мае на ўвазе –
спыніла сама сябе, каб зноў не ўбіцца ў шчырыя размовы па душах.
І каб перавесці размову ў
іншае, як ёй падалося, больш бяспечнае рэчышча, спытала:
--А прыбраліся так з якой
нагоды? – яна крытычным позіркам агледзела яго бездакорна адпрасаваныя штаны і
сарочку, падабраны ў тон гальштук, вычышчаныя да бляску туфлі. -- Я вас такім
ніколі не бачыла…
--Што, зноў не апавядаю? –
засмяяўся Юрый. – Вы мяне яшчэ шмат якім не бачылі, Таццяна Аляксееўна. Як,
зрэшты, і я вас. Я спадзяюся, што гэты працэс узаемнага даведвання будзе
працягвацца. Уласна кажучы, дзеля гэтага я і прыйшоў. Дазвольце запрасіць вас у
рэстаран. Спадзяюся, вечар у вас свабодны? А то я неяк вельмі саманадзейна не
пацікавіўся гэтым зараней…
--Мяне? У рэстаран? – яна на
яго глядзела, як на дзівака, і не магла стрымаць усмешкі.
--Я што-небудзь не так
сказаў?—насцярожыўся Юрый. – Вас па нейкай прычыне нельга запрасіць у рэстаран?
--Ды не, -- ужо адкрыта
засмяялася Таццяна. – Можна, вядома! Толькі чамусьці не запрашаюць. Я проста
спрабую ўспомніць, калі была там у апошні раз. Не на дзелавых перамовах ці
карпаратыўных вечарынках, а проста так, каб павячэраць. Ды яшчэ каб мяне туды
запрасілі. І не магу ўспомніць… Можа, некалі гэта і было – даўным-даўно, у
мінулым жыцці. Але ўжо я не памятаю…
--Ну значыць, трэба вярнуцца
ў мінулае жыццё, -- развёў рукамі Юрый. – Толькі вазьму на сябе смеласць
нагадаць, што гэта ўжо не дзелавы ланч, а рамантычная вячэра, якую вы мне
некалі паабяцалі. Так што папярэджваю загадзя: ніякія “Я заўсёды плачу за сябе
сама” не прымаюцца. Тым больш, што ў мяне з сённяшняга дня, як вы, напэўна,
ведаеце, новая пасада. І, адпаведна, новая зарплата. Такі імклівы кар’ерны рост
– за нейкіх два месяцы ад дзяжурнага на варотах да галоўнага інжынера саліднай
фірмы -- пагадзіцеся, ёсць што адзначыць! І за што падзякаваць…
--Ну, дзякаваць вам трэба
найперш сябе. Хачу вам сказаць без усялякага падхалімажу, што гэта цалкам
заслужаная вамі пасада. -- А ўвогуле я вельмі радуюся за вас, Юра, -- сказала
яна неяк асабліва цёпла. -- Радуюся, што вы знайшлі сябе. А мы – вас.
Спадзяюся, што для нашага агульнага задавальнення і доўгага і плённага
супрацоўніцтва.
--Я таксама на гэта моцна
спадзяюся. А яшчэ -- на тое, што яно будзе нават больш доўгім, чым ваш адказ на
маё запрашэнне. Скажыце ж нарэшце: вы згодны правесці сёння са мной вечар?
--А што, я яшчэ не сказала
сваё катэгарычнае “так”? – гулліва ўзняла бровы Таня. -- Вось жа дзявочая
памяць! Хоць вы самі вінаваты – забалбаталі мяне… Канешне, я згодная! Вы толькі
пачакайце пару хвілін, пакуль я збяруся…
--І што, вы хочаце сказаць,
што паспееце за пару хвілін? -- красамоўна паглядзеў на гадзіннік Юрый. –Калі
гэта адбудзецца, то вы паб’еце ўсе магчымыя рэкорды, і вас занясуць у кнігу
рэкордаў Гінеса… Я канешне, згодны пачакаць, колькі трэба, але хацелася б крыху
дакладней ведаць, колькі ў вашай метрычнай сістэме азначае “пара хвілін”?
Таццяна залівіста засмяялася.
І злавіла сябе на тым, што ўжо колькі часу стаіць тут з кветкамі ў руках,
какетнічае з незнаёмым прыгожым мужчынам – суседзі, мусіць, шыі павыварочвалі,
выглядваючы ў вокны… А калі яшчэ ён застанецца тут сядзець на лавачцы… О, тады
каля іх пад’езда пачнецца сапраўдны броўнаўскі рух – кожнаму ж захочацца
выглядзець, хто такі гэты невядомы мужчына, выпытаць, да каго і навошта ён
прыйшоў. А заўтра… Пра тое, якую атаку цікаўных суседак ёй давядзецца вытрымаць
заўтра, лепш не думаць -- усё, што б ні прыдумала, будзе праўдай.
Хвіліну павагаўшыся, яна
прапанавала:
--А ўвогуле, калі хочаце,
можаце падняцца са мной і пачакаць, пакуль я збяруся, ў кватэры…
--Што, баіцеся
скампраментаваць сваю рэпутацыю? – Юрый у чарговы раз прадэманстраваў, што ўмее
чытаць яе думкі.
--Як казала гераіня аднаго
фільма, у мяне такая бездакорная рэпутацыя, што яе даўно варта
скампраментаваць, -- махнула рукой Таня. -- Але, калі па праўдзе, то лішніх
размоў не хочацца.
--Ну тады давайце лічыць, што
я вас запрасіў у рэстаран, а вы мяне – на каву. Кава ў вас, спадзяюся, ёсць?
--А як жа! У мяне, здараецца,
бывае пусты халадзільнік, але кава ёсць абавязкова, прычым добрая -- без гэтага
допінгу я жыць не магу…
--Вы толькі не палохайцеся, у
мяне ў хаце парадак далёкі ад ідэальнага,-- ужо на лесвіцы спахапілася Таццяна,
успомніўшы карніз, які ўсё яшчэ вісеў на адным цвіку, посуд у ракавіне, які
ранкам пакінула нямытым… І акно не дабралася пачысціць, і дыван пыласосіла
тыдзень назад… “І тузануў мяне нячысцік запрасіць гэтага Юрыя ў кватэру! –
зазлавалася сама на сябе. -- Маглі б праз якую гадзіну сустрэцца ля рэстарана…
Ды і ўвогуле – ці варта было пагаджацца на яго прапанову? Навошта гэта? Толькі
падкормліваць таго няпрошанага лазутчыка, што невядома калі незаўважна
прабраўся ў душу – а ён потым будзе днямі і начамі грызці, кусаць яе і без таго
збалелае сэрца…”
Здаецца, ён заўважыў
раптоўную змену ў яе настроі.
--Што-небудзь не так, Тацяна
Аляксееўна? Я ў вас нікому не стану перашкаджаць? Калі што, то я магу і на
вуліцы пачакаць…
Гэта яе рассмяшыла –
аказваецца, пакуль яна змагаецца са сваімі страхамі, у Юрыя ў галаве гуляюць
свае “тараканы”. Ён таксама баіцца пераступіць парог яе жытла – толькі зусім па
іншай прычыне.
--Не хвалюйцеся, дома нікога
няма, -- супакоіла яна госця. -- Андрэйка усё яшчэ ў бабулі. А Вася, старэйшы
сын, паехаў у будаўнічы атрад, самастойнасці яму захацелася. Так што я пакуль
што адна… Толькі майце на ўвазе, што гасцей я не чакала і парадак не наводзіла…
І зазлавалася на сябе – чаго
гэта яна перад ім апраўдваецца? Яе кватэра – як хоча, так і жыве!
Дома яна перш за ўсё
паставіла ў ваду ружы, затым -- чайнік на пліту, дастала з шафкі каву, цукар,
кубак, уключыла тэлевізар.
--Юра, вы пакуль тут самі
сябе пачастуйце і займіце, добра? Не саромейцеся, адчувайце сябе, як дома. Калі
што спатрэбіцца, то ў шафках ці ў халадзільніку знойдзеце неабходнае – пры
ўмове, вядома, што яно ўвогуле ёсць у гэтай хаце. А я пакуль з вашага дазволу
душ прыму – дзень сёння такі спякотны…
Але замест таго, каб уключыць
душ, яна стала набіраць ванну. Хацелася не проста спаласнуць з сябе дзённы пыл
і клопаты, але крыху даўжэй пабыць адной, за зачыненымі дзвярыма – каб сабрацца
з думкамі, вырашыць, як далей паводзіць
сябе з гэтым Юрыем. І навошта толькі яна прыняла гэтае яго запрашэнне ў
рэстаран? Не трэба даваць сабе волі, не варта расслабляцца, выпускаць з клеткі
гэтую вар’яцкую закаханасць…. І ўвогуле, трэба ўцякаць ад гэтага Юрыя – як мага
далей. Пакуль не позна… Ці ўжо позна? Ох, і што ж рабіць? Лепш за ўсё -- выйсці
зараз з ванны, ветліва падзякаваць за запрашэнне і адмовіцца ад паходу ў
рэстаран. Прыдумаць што-небудзь, нейкую ўважлівую прычыну… Хоць, напэўна, гэта
ўсё ж няёмка, да таго ж непраўдападобна – спачатку згадзілася, а пакуль прымала
душ, невядома адкуль з’явілася ўважлівая прычына… Праз вентыляцыйны люк
тэрміновае паведамленне атрымала… Не, прыдумляць нешта і хлусіць не варта – Юра
бачыць яе наскрозь, адразу ўсё зразумее. Канешне ж, пакрыўдзіцца… А ён гэтага
не заслужыў. Не, раз ўжо прыняла запрашэнне, трэба ісці. А потым усё яму шчыра
сказаць. Ну не зусім шчыра, вядома, пра сапраўдную прычыну, аб сваіх пачуццях
яна толькі сабе, і то ў думках, можа прызнацца. Але можна, напрыклад, сказаць,
што ў яе ёсць мужчына – ад такога паведамлення яго як ветрам здуе… Ага, вось
толькі б яшчэ прыдумаць, дзе ён падзеўся? Ну, тады прызнацца незнарок, што яна
да гэтага часу кахае бацьку Васі. Ці
Андрэйкі… Не, пра Андрэйку не атрымаецца – тады, як ехалі з Мінска, яна у
парыве шчырасці нешта там гаварыла яму пра гены… А калі да гэтага часу кахае
Васевага бацьку, то адкуль узяўся Андрэйка? Таксама не складваецца…
Ото ж дасталася ад маці заганная спадчына --
маніць не ўмее аніяк! У людзей гэта атрымліваецца лёгка, грацыёзна, нават
таленавіта. А яна нават калі паспрабуе, то кожны, хто яе хоць крышачку ведае,
адразу заўважыць. А пасля ўсё абавязкова наверх выйдзе… І праўду ж яму не
скажаш: так, маўляў і так, Юра, я вас кахаю і баюся свайго кахання, таму
давайце ў далейшым нашы адносіны абмяжуем чыста дзелавымі… А можа, сказаць між
іншым, што сыны нікога ў яе жыццё блізка не дапускаюць? Андрэй, праўда, калі
забіралі яго з бальніцы, усю дарогу з ім шчабятаў, пра ўсе свае курсанцкія
справы паспеў расказаць, а на Васю можна паспрабаваць спіхнуць... А ў далейшым
усе стасункі звесці да мінімуму – ніякіх кветак, рэстаранаў, ніякіх размоў па
душах. Адносіны -- чыста дзелавыя. І паціху, па кропельцы, выціскаць з сябе
гэтае пачуццё. Трэба шукаць у ім нейкія недахопы. Вось хоць бы тое, што смаліць
ён замнога… І ўвогуле…
Што ўвогуле, яна прыдумаць не
паспела – успомніла, што ляжыць у пеннай
ванне і займаецца самабічаваннем недаравальна доўга, і гэта ўжо перасягае ўсе
межы прыстойнасці – запрасіць чалавека дахаты і пакінуць аднаго, а самой
схавацца… Яна хуценька вымыла валасы, заматала галаву ручніком і, накінуўшы на
плечы махровы халат, выйшла ў калідор.
…Юру яна зноў не пазнала –
яго святочныя штаны і сарочка віселі на спінцы крэсла, а сам ён у старых
Васевых джынсах і расцягнутай майцы стаяў на каленях і прыкручваў ножкі ў
табурэтках, якія даўно расшаталіся, ды сын усё не знаходзіў то часу, то жадання
давесці іх да ладу. Карніз ужо вісеў на абодвух цвіках, памыты посуд стаяў у
сушылцы…
Напэўна, выгляд у яе быў больш чым здзіўлены –
яна не магла вымавіць ні слова.
--Ну вы ж самі сказалі –
адчувай сябе, як дома… Ну вось я і адчуў,—разгублена развёў рукамі Юра,
убачыўшы яе нямое здзіўленне. – Інструменты знайшоў на балконе, рабочае адзенне
– таксама, -- працягваў ён апраўдвацца.
--Юра, я цябе зноў не пазнаю,
– яна сама не заўважыла, што нечакана
для сябе перайшла на “ты”…
Ён таксама глядзеў на яе ва
ўсе вочы, і яна не магла зразумець, чаго ў тым позірку больш – здзіўлення,
захаплення, жадання… Потым паклаў адвёртку і падышоў да яе ўшчыльную.
--Ведаеш, я цябе – таксама…
Ручнік разматаўся і ўпаў на
падлогу, валасы рассыпаліся па плячах. Таня стаяла, здранцвелая, і не магла
варухнуцца, прыкаваная да месца гіпнатызуючым позіркам яго карых вачэй – яны
зацягвалі ў бяздонны вір... Яна яшчэ паспела падумаць, як недарэчна, напэўна,
зараз выглядае – з мокрымі ускудлачанымі валасамі, без макіяжу, усе маршчынкі –
напаказ…
Але Юра ўткнуўся носам у яе
макушку, моцна абняў і прыціснуў да сябе:
--Божа, якая ж ты цудоўная…
Ты такая… Сапраўдная… Светлая… Жаданая… Каханая… Адзіная… Мая… Цяпер – мая… І
толькі мая… Каб ты толькі ведала, як я марыў аб гэтым… Як доўга я цябе шукаў…
Як я чакаў гэтай сустрэчы… Танечка, родная, любая, як жа я цябе кахаю, каб ты
гэта ведала, каб ты толькі магла здагадацца, паверыць, адчуць, што робіцца ў
маёй душы кожны раз, як я цябе бачу… Якое шчасце, што ты ёсць у гэтым свеце! Бо
інакш -- навошта было б жыць, які сэнс?
Яна не мела ні сілы, ні
жадання нешта гаварыць -- мочкі каўтаючы слёзы, якія раптам хлынулі з вачэй,
прыціснулася да яго усім целам… Упершыню пасля столькіх гадоў неабходнасці быць
моцнай, правільнай, разумнай, прадбачлівай, адказваць за ўсё і за ўсіх, яна
адчула сябе звычайнай слабай жанчынай. І нават больш таго -- маленькай
безабароннай дзяўчынкай, якая зараз схавалася пад аховай яго дужых пяшчотных
рук, якія гладзілі яе па галаве, ахутваючы коканам недатыкальнасці, ад усіх
бедаў, што ёсць у свеце – ад зайздрасці, інтрыг, ад злых людзей і нават ад
дрэннага надвор’я. І ведала, адчувала, разумела, што няма ў свеце больш надзейнай
абароны, мацнейшай сцяны, салодкага палону, чым гэтыя моцныя, такія родныя
рукі… Усе, пра што яна думала, пакуль прымала ванну, усе яе страхі, планы,
прыдумкі ў адзін момант некуды зніклі, і сэрца да краёў запоўніла адно-адзінае
адчуванне -- пачуццё бязмежнага, бязважкага, усеабдымнага шчасця.
Ён моўчкі, прагна і
адначасова пяшчотна, цалаваў яе мокрыя валасы, лоб, слёзы, што салёнымі
ручаінкамі цяклі па шчоках, яе вусны, плечы, што выслізнулі з халата…
--А як жа рэстаран? –
прашаптала яна, калі ён падхапіў яе на рукі.
--Ды будзе ў нас яшчэ тых
рэстаранаў! – прашаптаў ён і зноў закрыў ёй вусны пацалункам. -- У нас з табой
яшчэ ўсё жыццё наперадзе…
Ніна Рыбік