ПАМІЖ ДНЁМ І НОЧЧУ

 

Аповесць

 

ДЗЕНЬ

Надзея рыхтавалася да сустрэчы Новага года. Не таму, што хацелася свята, як некалі. Усё гэта даўно мінула, і цяпер адчувалася толькі стома і лёгкі сум: ну вось, і яшчэ адзін год мінуў, і ты яшчэ больш пастарэла…

Але гэтая перадсвяточная мітусня з ёлкамі, святочным сталом, падарункамі зацягвала ў свой вір, і яна, як і ўсе, таксама хадзіла па магазінах, выбірала нейкія сувеніры, купляла прысмакі, прыбірала штучнымі бліскаўкамі штучную, як і гэтае свята, ёлку – ад натуральнай адмовілася, як выраслі дзеці. Ці, мусіць, яшчэ раней -- як не стала каму яе выбіраць, прыносіць у дом разам з марозным водарам свежасці і свята, устанаўліваць ва ўсеагульнай радаснай мітусні, затым, як пачнуць асыпацца іголкі, прыбіраць, выносіць…

Настрою не было ніякага. Гэта ў дзяцінстве верыш у Дзеда Мароза, у маладосці – у цуды, у шчаслівае каханне на ўсё жыццё. А яна свой ліміт цудаў, падобна, выбрала. “Дый ці былі яны калі?” – спытала сябе з горкай усмешкай. І тут жа схамянулася: а як жа, былі! Сустрэча з Віцем – хіба не цуд?

 …Яна да таго часу была развядзёнкай з двума дзецьмі на руках. За плячыма – кароткае замужжа: калі б не штамп у пашпарце ды не жэўжыкі-блізняты, яна і сама, напэўна, засумнявалася б: ці было яно? Ці Паўлік ёй толькі прысніўся?

Пазнаёміліся яны на танцах, калі ён прыехаў пасля тэхнікума працаваць брыгадзірам да іх у вёску. Яна, не дабраўшы аднаго бала пры паступленні ў інстытут, каб не губляць год, уладкавалася ў школу важатай і рыхтавалася штурмаваць свой запаветны наргас.

Каханне ўварвалася ў яе жыццё, як навальніца, калі свету белага не відаць, не чуваць, калі ўсё перастае існаваць, акрамя яркай бліскавіцы – яго, адзінага, каханага…

 Сустракаліся мо з месяц. А потым яна зацяжарыла, а яго ў армію забралі. Божа, якая ганьба – яна ж у школе, з дзецьмі працуе, які прыклад падае сваім піянерам і камсамольцам?! Ён усё зразумеў, прыехаў у кароткатэрміновы водпуск, яны спехам распісаліся ў сельсавеце, бацькі зладзілі сякую-такую вечарыну для самых блізкіх: якое ўжо там вяселле, калі ў маладой пуза на нос лезе, а жаніх назаўтра назад у войска ад’язджае?

 Яна нарадзіла двайнят, двух бялявых хлопчыкаў – віхрастых, сінявокіх,  маленькіх таткавых копій. Пісала Паўліку пяшчотныя лісты, абводзіла алоўкам ручкі малышоў: татка, мы цябе чакаем! Ён таксама пісаў – коратка, суха, расказваў, што цяжка, што стамляецца і не мае часу… І чым менш заставалася да заканчэння службы, тым радзей прыходзілі ад яго весткі. А затым і зусім зніклі. Яна не магла зразумець, у чым справа, хвалявалася: мо з ім што здарылася, ужо ж даўно павінен прыехаць? Пісала на хатні адрас, расказвала пра дзяцей, пытала, чаму ён не едзе, у чым справа? У якасці адказу аднойчы прыйшла позва ў суд: ён падаў на развод.

Яна была ў шоку: чаму? Не хацеў вяртацца да яе з дзецьмі – дык ніхто ж і не прымушаў, на вяроўцы не цягнуў. Але ж вось каб так, як заяц у кусты – не магла зразумець! Калі разлюбіў – ці не любіў увогуле, сустрэў іншую – дык чаму нельга было ўсё сказаць, няўжо яна не заслужыла шчырай размовы ці хоць бы звычайнага ліста, калі ў вочы глядзець сорамна? А дзеці – што ім казаць, як растлумачыць, хто іх татка і дзе ён?

Ад сораму і горычы яна з’ехала з дзецьмі ў горад – дзякуй Богу, тады яшчэ жыла маміна сястра, сардэчная адзінокая цётка Таня, якая дапамагла ёй стаць на ногі: паступіць у інстытут на завочнае і закончыць яго, уладкавацца на працу вядучым эканамістам ў адной перспектыўнай арганізацыі.

Пакуль цётачка жыла, яна была для яе як анёл-ахоўнік: забірала малых з садка, калі ёй трэба было затрымацца на рабоце, варыла ім абед, вадзіла хлопчыкаў у парк і кіно, чытала ім казкі, калі ў мамы была сесія ці тэрміновая камандзіроўка. І нават кватэру сваю пасля смерці завяшчала ім – дзякуючы гэтаму Надзі не давялося з дзецьмі бадзяцца па прыватных. За ўсё гэта Надзя была ёй бязмежна ўдзячна.

Яна звыклася са сваім лёсам, здаецца, нават сябе пераканала, што ў яе ўсё добра: цікавая работа, цудоўныя дзеці, сардэчная цёця Таня…

Паўліка яна амаль зусім забыла. І даравала даўно – толькі вось зразумець яго паводзін не магла. І гэтае неразуменне пераносіла на ўсіх мужчын: ставілася да іх вельмі насцярожана, за што атрымала мянушку “дзікарка”. Не, у звычайным будзённым жыцці яны былі добрымі таварышамі, з імі было лёгка працаваць, яны дапамагалі, калі яна нешта не разумела – і яна адказвала ім тым жа: калі трэба было каго падстрахаваць, зрабіць нейкую руцінную работу, якую мужчыны чамусьці больш за ўсё не любілі, заўсёды брала гэта на сябе. На карпаратыўных вечарынках яна разам з усімі весялілася, танцавала, жартавала.

Але варта было каму-небудзь пачаць аказваць ёй асаблівыя знакі ўвагі, як Надзя адразу рабілася калючай, як вожык, маўклівай, няўклюднай і пры першай магчымасці ці нават без яе збягала дамоў. Ніхто не мог зразумець гэтых метамарфоз у яе паводзінах – а яна і не спрабавала растлумачыць. Ну сапраўды, не расказваць жа, што пры найменшым пробліску зацікаўленасці ў мужчынскім позірку ёй узгадваліся пяшчотныя вочы, рукі Паўліка, пранікнёныя словы аб каханні, якія ён шаптаў ёй тымі вераснёўскімі начамі, мары пра сумеснае жыццё… І ўсё, што было потым.

Гэтак жа ўспрыняла і Віцю. Дакладней, спачатку яна яго ўвогуле ніяк не ўспрымала: ну з’явіўся чарговы малады спецыяліст у аддзеле, і што? Ізноў – сустракай, вучы…

 Вучыла яна старанна, умела. І таму ўсіх новенькіх, як правіла, замацоўвалі за ёй. Яна даходліва тлумачыла тое, што маладым было незразумела, расказвала ім тое, што паспела даведацца сама, падштурхоўвала да творчасці, хваліла за поспехі і далікатна ўказвала на памылкі, адначасова падказваючы, як іх можна было пазбегнуць.

Трэба сказаць, што Віктар аказаўся здольным вучнем – на хаду схопліваў усё, што яна тлумачыла. І вельмі хутка стаў падаваць цікавыя ідэі: яны разам раіліся, часам спрачаліся, як лепш рэалізаваць той ці іншы праект. Пры гэтым літрамі знішчалі каву, да якой ён заўсёды прыносіў што-небудзь смачненькае з суседняй кафэшкі. Часам ён запрашаў яе на абед, вечарам, калі яны затрымліваліся над чарговай справаздачай, падвозіў да дому – жыла яна на ўскраіне, і транспарт туды хадзіў дрэнна, а ў маладога спецыяліста быў у поўным распараджэнні бацькаў патрапаны “Масквічок”.

Яна ўспрымала гэта не больш, чым сяброўскія знакі ўвагі і прымала лёгка, з удзячнасцю і ўсмешкай. Нішто яе ў гэтым не насцярожвала – Віця быў нашмат маладзейшы, яна адносілася да яго, як да сябра, малодшага брата, а ні ў якім разе не як да мужчыны, у якога можна закахацца ці які можа закахацца ў яе.

Пакуль не папаўзлі чуткі. Калі на іх адносіны больш чым празрыста намякнула Вераніка Анатольеўна, першая пляткарка ў аддзеле, яна ўзлавалася і нават нагрубіла жанчыне:

--Вы што ўжо, зусім звар’яцелі? Ён жа -- дзіця горкае, з інстытуцкай лаўкі толькі ўстаў. А ў мяне – нагадаю, калі вы забыліся -- двое сыноў у школу ходзяць. Ці ў вас тэмы для размоў скончыліся, што вы рашылі за мяне ўзяцца?

--Ну, узрост – гэта не перашкода, -- хіхікнула Вераніка. – Цяпер модна, каб муж быў маладзейшы…

Надзея сярдзіта бліснула вачыма і дэманстратыўна раскрыла папку: што тут гаварыць, чым больш будзеш даказваць, што ўсё гэта – глупства і бабскія плёткі, тым менш табе павераць. А ў душы ўсё кіпела. Яна не ведала, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. Апраўдвацца? Навошта, калі яна ні ў чым не вінаватая? Пагаварыць з Віцем? Пра што?  

…Пасля бяссоннай ночы яна вырашыла, што найлепшае выйсце – быць ад Віктара падалей. Ды і не было больш нагоды для цесных стасункаў: “школу маладога байца” ён прайшоў паспяхова, усе яе ўрокі  засвоіў выдатна, ведаў і ўмеў цяпер усё тое ж, што і яна, а мо нават больш. Але да яе стала ўсё адно падыходзіў па некалькі разоў на дзень -- то з адным, то з другім пытаннем. Яна цяпер адказвала суха, дзелавіта, ад прапаноў папіць разам кавы катэарычна адмаўлялася, з работы ішла “па званку”. Словам, паводзіла сябе так, нібы і не было паміж імі той іскрынкі, што праскочыла некалі, калі яны разам, смеючыся, пілі чай з аднаго кубка – у Віктара тады яшчэ не было свайго, сёрбаючы па чарзе і гэтак жа па чарзе адкусваючы прынесеную ім шакаладку.

Але чым больш яна пазбягала сустрэч з Віктарам, тым усё больш настойліва шукаў іх ён: прыдумваў нейкія неіснуючыя праблемы, каб яна дапамагла іх вырашыць, кожны дзень чакаў пасля работы і прапаноўваў падвезці – яна адмаўлялася, а назаўтра ён зноў стаяў на ганку з той жа прапановай.

Урэшце яна вырашыла, што з ім усё ж трэба сур’ёзна пагаварыць – хай не марнуе свой час і не псуе яе рэпутацыю, у яе дзеці, і яна не можа сабе дазволіць, каб пра іх маці распускалі брудныя плёткі. Якія ён, Віктар, правакуе сваімі паводзінамі.

Размовы не атрымалася. Дакладней, яна атрымалася зусім не такой, як яна планавала.

…Калі суботнім вечарам ён напрасіўся да іх у госці, яна вырашыла, што хай прыходзіць – будзе магчымасць спакойна, без чужых вачэй і вушэй, пагаварыць, сказаць яму ўсё, як ёсць. Віктар заявіўся з кветкамі і торцікам – яна прыняла іх гэтак жа суха, як і ўсе яго знакі ўвагі ў апошні  час. Калі яны папілі чай, яна адправіла дзяцей спаць і не хаваючы раздражнення, прама спытала ў яго:

--Віктар, не ведаю, знарок ці не, але ты мяне кампраметуеш. І сябе таксама. Ты ведаеш, якія плёткі пра нас з табой распускаюць?

Здаецца, ён не заўважаў яе настрою, падкрэсленай халоднасці і ўсміхнуўся:

--Канешне – хто ж пра іх не ведае! І мяне ў іх не задавальняе толькі адно: тое, што яны беспадстаўныя. Мне здаецца, гэтую недарэчнасць даўно трэба выправіць.

Яна аслупянела ад такога нахабства. І раззлавалася: для яго гэта, аказваецца, нагода для жартаў!

--Слухай, хлопчык, ты хоць ведаеш, колькі мне гадоў? – завялася яна: трэба ўрэшце паставіць гэтага малакасоса на месца.

--А як жа! Я ўсё ведаю: колькі табе гадоў, колькі мне, колькі ў цябе дзяцей і колькі мы яшчэ народзім.

--Слухай, хто даў табе права “тыкаць” мне?! – здавалася, што ва ўсёй яго тырадзе яна пачула толькі гэтае “ты” – і яно яе найбольш  абурыла. --  Ты проста нахабнік!

--Ну хто ж спрачаецца? – ён рашуча падышоў да яе, прыцягнуў да сябе і моцна абняў. --Хіба ж можна наблізіцца да такой дзікаркі, а тым больш пацалаваць яе, не маючы ні кроплі нахабства?

Ён не даў ёй больш сказаць ні слова: паралізаваў вусны, розум, усю яе істоту доўгім пяшчотным пацалункам. Яна не мела больш ні сіл, ні жадання супраціўляцца, і на рэштках беззваротна пераможанага цвярозага розуму, як белы сцяг капітуляцыі, аднекуль узнікла, нібы прыйшла з іншага Сусвету,  думка: “Я зусім забылася, якая гэта асалода… Ці мо і не ведала?”

…У тую ноч Віктар застаўся ў яе  -- і Надзя са здзіўленнем адчула, што яшчэ не забылася, што гэта такое -- быць жаданай, каханай, растварацца ў мужчынскай пяшчоце: ёй здавалася, што разам з успамінамі пра Паўліка яна выкінула з душы і тыя адчуванні, які ці то былі, ці то прымроіліся ёй ў далёкім сне і растварыліся разам з воблікам прапаўшага без вестак бацькі яе сыноў.

  Ранкам яна хацела яго выправіць зацемна – каб, крый божа, дзеці не ўбачылі, каб не трэба было ім нічога тлумачыць. Віктар, нягледзячы на яе настойлівасць, не пайшоў – усё прыдумваў сабе нейкую работу: то пракладку трэба было ў кране замяніць, то разетку, якая сто год не дзейнічала, парамантаваць І калі заспаныя Сеня з Сярожкам выйшлі на кухню і здзіўлена застылі, убачыўшы дзядзю Віцю, які прымайстроўваў даўно зляцеўшую з хліпкага мацавання палічку, ён весела падміргнуў:

--Прывітанне, байцы! Доўга спіце. Снедаць будзеце?

А калі хлопцы наміналі амлет, гэтак жа дзелавіта, нібы між іншым, спытаў:

-- Вы не супраць, калі я ў вас жыць буду? З вамі і з вашай мамкай? Харошая яна ў вас, мне падабаецца. І вы – таксама.

Надзея счырванелася, гнеўна бліснула вачыма ў бок Віктара і адвярнулася да пліты: ну што ты будзеш рабіць з гэтым нахабнікам! У яе хоць бы дзеля парадку спытаў – згодна яна на гэта ці не?..

Хлапчукі пераглянуліся, паціснулі плячыма і ўнурылі галовы. Відаць было, што гэтая перспектыва іх насцярожыла: ім і з мамкай было добра, а тут нейкі чужы дзядзька ў кватэры з’явіцца… А з іншага боку: ва ўсіх ёсць бацькі, яны з імі нешта майструюць, у паходы ходзяць, на футбол, а ў іх – толькі мама. Яна, канешне, добрая і прыгожая, але ж веласіпед рамантаваць не ўмее і Кольку з суседняга двара, які заўсёды стараецца пакрыўдзіць малечу, ёй не напалохаеш, толькі дражніцца потым будзе: “Мамчыны сынкі”. А гэты дзядзька Віця – ён, здаецца, нічога сабе…

--Ладна, жывіце, -- першым выціснуў з сябе Сеня – за ім, на пяць хвілін старэйшым, заўсёды заставалася права рашаючага голасу.

 Яны сталі жыць разам. Тыдзень ці два на працы актыўна абмяркоўвалі гэтую навіну пад акампанемент іх зацятага маўчання і шчаслівыя позіркі. А затым з’явілася нешта больш актуальнае – пра іх “няроўны шлюб”, на шчасце, забыліся.

У першы ж вечар, калі перанёс да іх свае рэчы, Віця прапанаваў ёй аформіць іх адносіны – распісацца і, калі яна хоча, павянчацца. Яна адмахнулася і пажартавала:

–Пачакай, давай хоць прывыкнем адно да аднаго. Мо цераз месяц будзеш уцякаць адсюль, як шведы з-пад Палтавы.

Ён пасмяяўся:

--Нават не разлічвай, што ад мяне так лёгка пазбавіцца. Я настырны…

Недзе з паўгода ён даў ёй “на прывыканне”. А затым ледзь не штодня нагадваў пра загс. І кожны раз яна знаходзіла нейкую прычыну, каб адлажыць гэтую падзею – на месяц, два, паўгода.

 …Ёй было хораша з Віктарам, яна была шчаслівая, што ён тут, побач, заўсёды, кожны дзень і кожную гадзіну. У доме нарэшце з’явілася мужчынская рука, і ўсё, што трэба, было прыбіта, краны не цяклі, лямпы гарэлі роўным спакойным святлом, чатыры пары начышчаных да бляску чаравікаў і боцікаў стаялі кожную раніцу ў прыхожай. А галоўнае -- яна ўпершыню ў жыцці адчула сябе “за мужам”: было з кім пагаварыць вечарам пра ўсё, параіцца, было каму прыняць рашэнне, узяць на сябе адказнасць. Яна толькі цяпер зразумела, як стамілася ад неабходнасці рабіць усё гэта самой і якая гэта асалода, нязведаная ёй раней – быць проста жанчынай: слабай, часам наіўнай, нават дурненькай… 

Але ў яе душы падспудна жыў страх: гэта ненадоўга. Проста немагчыма быць такой шчаслівай увесь час. Хутка яму ўсё надакучыць – яна, яе непаседлівыя хлапчукі, якія вечна ўлазілі ў нейкую гісторыю, з якой іх трэба было выручаць, бясконцыя хатнія клопаты. І яму захочацца кінуць усё і разам са сваімі  нежанатымі інстытуцкімі сябрамі, якія не хавалі іроніі з яго так званага сямейнага становішча, і даўганогімі дзяўчатамі рвануць куды-небудзь падалей ад усяго гэтага… І ён знікне, як некалі Паўлік… Дык з Паўлікам яны былі аднагодкамі, а тут такая розніца ва ўзросце, і не на яе карысць… А калі так, то навошта пэцкаць пашпарт?

Аднойчы – яны жылі разам ужо тры гады – ён у чарговы раз зрабіў ёй прапанову пабрацца шлюбам -- і ў чарговы раз пачуў адгаворку: давай крыху пачакаем, хоць бы да лета… Дзіўна, але на гэты раз ён не ўздыхнуў пакорліва, як звычайна, а ўзарваўся:

--Ну, даволі! Спачатку – да зімы, потым – да лета, потым – калі мама паправіцца, потым -- калі праверка закончыцца…. Колькі можна? Ад каго ці ад чаго ты хаваешся? Зразумей: я так больш не магу, я хачу быць тваім мужам, а не сужыцелем! Колькі можна табе даказваць, што я – ўсур’ёз і надоўга? Я разумею, у цябе быў негатыўны вопыт, але ж гэта не азначае, што ўсе мужчыны такія, як бацька тваіх дзяцей. Калі ты так і не зразумела, што я люблю цябе і хлапчукоў і хачу пражыць з вамі ўсё жыццё, то я, напэўна, не змагу цябе пераканаць – аргументаў больш не маю! Раз ты не хочаш стаць маёй жонкай, то значыць, ты мяне проста не любіш. А калі так, то няма чаго ваду ў ступе таўчы, трэба разбягацца.

Сказаў – і пайшоў у спальню, шчыльна зачыніўшы за сабой дзверы. А яна, прыгаломшаная, сядзела ў кухні за сталом, цярэбячы напаўраскрытыя бутоны гваздзікоў, якія ён прынёс з нагоды ўрачыстасці моманту. Яна раптам зразумела, што ўжо не ўяўляе свайго жыцця без яго. І самае страшнае, што можа здарыцца – гэта калі ён і сапраўды кіне яе. Яна ўжо аднойчы зведала гэты боль, у другі раз такі не вытрымае. Пайсці зараз да яго і сказаць: “Я цябе кахаю і згодна стаць тваёй жонкай”? Сорамна… А раптам ён падумае, што яна проста спалохалася? Не, лепей заўтра – ранак мудрэйшы, чым вечар…

А на світанні яго забрала “хуткая” – перадінфарктны стан. Яе мучыла пачуццё віны – гэта іх вячэрняя размова справакавала стрэс. І чаму было не сказаць адразу, чаго было яго даводзіць? Ну і што, што яна – старэйшая? Сапраўды, не яны першыя, не яны апошнія… І ў тым, што Паўлік не вярнуўся да яе, не Віцева віна – чаму ён павінен за яе адказаць?

Як толькі яму дазволілі падымацца, яна падчас прагулкі па асенняму бальнічнаму скверу сказала, хаваючы вочы – не вельмі прыемна было  ўспамінаць тую апошнюю размову:

--Помніш, ты нешта ў мяне пытаўся перад тым, як трапіць сюды?

--Ты пры што?-- не зразумеў ён спачатку – ці зрабіў выгляд, што не зразумеў.

--Ты прапаноўваў мне выйсці за цябе замуж....

Ён маўчаў.

Яна прадоўжыла пасля паўзы:

--Дык вось, я згодна.

--Вось як? – усміхнуўся ён. --Пашкадавала, значыць? Не хвалюйся, я яшчэ не паміраю…

--Дурненькі… Не ў шкадаванні справа. Хоць я не бачу нічога дрэннага ў тым, што шкадуеш чалавека, які табе дарагі – і чаму ўсе лічаць, што гэта прыніжае? Мне, напрыклад, вельмі прыемна, калі ты мяне шкадуеш, калі я захварэю… Але гэта іншае… Проста я зразумела, што не магу без цябе. Што, акрамя дзяцей, ты – самы дарагі ў маім жыцці чалавек! Што я цябе люблю. І хачу нарадзіць ад цябе дзіця – хлопчыка ці дзяўчынку…

Ён глядзеў на яе з недаверам: няўжо гэта праўда і яна сказала яму гэтыя словы, якія ён так прагнуў пачуць усе гэтыя гады?

 А затым, шчаслівы, не могучы сказаць ні слова, моўчкі прыхінуў Надзю да сябе.

--Ты толькі не крыўдзі мяне, добра? -- прашаптала яна некуды яму пад паху. -- Я баюся, што больш не змагу вытрываць той боль…

--Добра. Толькі і ты мяне – таксама…                                        

…Божа, які яны тады былі шчаслівыя! Тады, як яна зацяжарыла, калі нарадзілася Танюшка. Надзя нарэшце паверыла, што і яна мае права на шчасце. Яна забылася пра свой узрост – і ад гэтага, ці ад цяжарнасці і родаў, якія робяць маладзейшай і прыгажэйшай кожную жанчыну, і сапраўды расцвіла. Віця кожную вольную хвіліну стараўся быць з імі, хлапчукі насіліся з сястрычкай, як з  лялькай…

…І куды ўсё падзелася? Калі ўзнікла сцяна паміж імі? І хто яе пабудаваў? Яе ўзрост? Так, сапраўды, калі ёй было трыццаць пяць, а яму -- дваццаць пяць, розніца не асабліва заўважалася. Калі ёй сорак, а яму трыццаць – таксама не надта. А цяпер, калі яе ўзрост набліжаецца да пенсійнага, а ён, як кажуць, мужчына у самым росквіце… Як яна ні старалася сачыць за сабой, усё роўна талія пакруглела, паходка пацяжэла, а маршчынкі-здрадніцы гусінымі лапкамі наслядзілі ля вачэй, на руках, шыі… І скура ўжо не тая, і сівыя валасы, як іх ні зафарбоўвай, праглядваюць. Гэта мужчын сівізна ўпрыгожвае, а жанчын… Некалі ён любіў паўтараць, што яе прыгажосць – не талія, не ногі, не валасы, а вочы і душа, а яны не старэюць. Ды вось, пэўна, пастарэлі…

Прыйшоў момант, калі ён перастаў расказваць ёй пра свае справы, пытаць парады. Яна перш распытвала, але ўбачыла, што ён толькі раздражняецца, і перастала. Холад нейкі ў душу прабраўся… Ён стаў затрымлівацца на рабоце -- яна пасля дэкрэтнага перайшла працаваць ў іншую арганізацыю, бліжэй да дома, каб зручней было забіраць Танечку з садка. Усё часцей спасылаўся на стомленасць і засынаў на канапе… Нават з Таняй размаўляў так, між іншым: “Як справы? Нармальна”. Хлопцы, якія цяпер вучыліся ў іншым горадзе і дахаты прыязджалі толькі  на выхадныя, ды і то не на кожныя, яго ўвогуле мала бачылі: яго цяперашняя загружанасць вымагала прысутнасці на рабоце амаль што кожную суботу і нядзелю.

…А потым ёй сказалі, што ў яго ёсць іншая. Працуе з ім у адным аддзеле. Прыгажуня, бландзінка. Агонь-баба, з-пад змяі яйкі выграбе. Свайго нідзе і ні ў чым не ўпусціць.

Недзе ў сонечным спляценні – мо там і знаходзіцца душа? – нешта варухнулася, зашчымела, запякло… Надзя не проста паверыла, што гэта праўда – зразумела, што даўно пра гэта ведае. Толькі верыць баялася. Яна нават ведае, што яе завуць Аня – успомніла, як аднойчы ён расказваў пра тое, што ў іх з’явілася новая супрацоўніца, і якія пры гэтым у яго былі вочы. Аднойчы ён нават знаёміў іх -- яны выпадкова сустрэліся ў магазіне. Шыкоўная бландзінка міла ёй усміхнулася і сказала камплімент:

--Віктар Аляксеевіч, ваша мама цудоўна выглядае…

А потым доўга выбачалася -- а ў вачах пры тым скакалі чарцяняты.

Пасля таго і стала ўзрастаць паміж імі сцяна…

…Яна не хадзіла да саперніцы высвятляць адносін – навошта? Не разыгрывала сцэн рэўнасці і ні пра што не пыталася – старалася паводзіць сябе, як звычайна. Але Віктар, здаецца, зразумеў, што яна ўсё ведае і таму ўсяляк пазбягаў заставацца сам-насам – баяўся, яна разумела, той самай галоўнай размовы

 Але аднойчы, калі ён у чарговы раз вярнуўся дамоў далёка за поўнач, яна сустрэла яго ў прыхожай:

 --Віця, я так больш не магу. Выбірай, з кім ты хочаш жыць. Я разумею, што гэта няпроста. Але ты ўсё ж зрабі выбар.

Ён вінавата глянуў на яе і  пайшоў у спальню.

Прайшло яшчэ колькі часу. Часам ёй здавалася, што ўсё стала, як раней: Віктар вяртаўся дахаты рана, быў вясёлы, пяшчотны, дарыў кветкі, падоўгу распытваў Таню пра яе справы, запрашаў іх у кіно.

А затым зноў сыходзіў…

Калі праз месяц яна спытала, што ён вырашыў, Віктар, хаваючы вочы, сказаў, што нічога. Што не можа кінуць ні іх, ні тую, другую…

--Ну, тады я табе дапамагу. Усё ж я старэйшая, павінна быць мудрэйшай, -- горка ўздыхнула Надзя – і моўчкі стала збіраць яго рэчы.

Яна была ўпэўнена, што зараз ён спыніць яе, суцешыць, пацалуе – і вернецца да іх назаўсёды. А ён, здаецца, узрадаваўся, што нехта дапамог яму зрабіць выбар, прыняў за яго рашэнне… Хоць зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся. Нават паспрабаваў яе абвінавачваць: маўляў, ты мяне ніколі не любіла, таму і замуж ісці не хацела, толькі пра Паўліка свайго і думала ўсё жыццё… Гэтыя яго абвінавачванні былі настолькі бязглуздымі, недарэчнымі, несправядлівымі, што яна толькі горка ўсміхнулася. І заплакала – тады, як за ім зачыніліся дзверы.

Пазней, калі было невыносна балюча, калі ночы доўжыліся, як год, бяссонніца рвала на шматкі душу, яна часам шкадавала пра тую сваю паспешлівасць, думала: мо каб яна паводзіла сябе па-іншаму: скандаліла, высвятляла адносіны з разлучніцай, усё закончылася б інакш? Ці наадварот -- рабіла б і надалей выгляд, што нічога не ведае… Мо ён і перагарэў бы, здаволіўся, нацешыўся б з той маладухай і вярнуўся да іх – усё ж тут сям’я, дачка, якую ён бязмежна любіць. А так, лічы, сама падштурхнула – такая мудрая і справядлівая… “Каму яна трэба, твая мудрасць? – дакарала сябе ў такія хвіліны. -- А цяпер вось зноў адна…”

Хоць  у глыбіні душы яна разумела, што нічога б гэта не змяніла – толькі падоўжыла   б агонію. Можа, ён бы і застаўся з імі – з пачуцця абавязку. Але вочы яго былі б такімі ж чужымі, затраўленымі, як увесь апошні час. І пры кожным зручным выпадку ён бы рваўся да яе -- моцна, відаць, запала яна яму ў душу. Хіба б ад гэтага балела менш?..

…І вось сёння, калі яна вярнулася з рынка, са свайго пакоя выглянула Танюшка, сцягнула плэерную слухаўку з аднаго вуха:

--Мам, ты прыйшла? Калі будзем рыхтаваць святочны стол? Што табе дапамагчы? Паклічаш, як дапамога спатрэбіцца, добра?

І дадала між іншым, як пра нешта будзённае:

--Сёння бацька тэлефанаваў, пытаўся, ці можна яму з намі Новы год сустракаць. Я дазволіла – ты не супраць? – і схавалася назад.

А Надзя ў роспачы прысела на зэдлік: чаму ён вырашыў прыйсці? Увесь гэты год ён размаўляў толькі з Таняй, ёй пры сустрэчы злёгку ківаў галавой у знак прывітання. Дык навошта яму прыходзіць? Цяпер, калі ёй амаль адбалела, калі яна ў чарговы раз  пераканалася, што шчасце – гэта не для яе, што свой ліміт цудаў яна выбрала...

 

НОЧ

Аня загадзя заказала на навагоднюю ноч столік у рэстаране. Стаяць ля пліты яна не любіла і не ўмела, нават у будні – а што ўжо казаць пра такое свята, як Новы год? Ды і не мела часу на ўсялякія там піражкі-катлеткі. Куды лепш у яе атрымлівалася рабіць праводкі і балансы – бухгалтарам яна была класным. І, акрамя асноўнага, афіцыйнага месца работы, якое патрэбна была для стажу, вопыту, саліднасці – такімі фірмамі, куды яе ўладкаваў бацька, не раскідваюцца -- падпрацоўвала яшчэ ў двух драбнейшых. Дзе тым не менш за яе згоду і ўменне весці двайную бухгалтэрыю – ды такую, што ніводная праверка не падкапаецца! -- салідна плацілі. І яна лічыла, што за той час, што яна патраціць на баршчы-кампоты, лепш зарабіць грошы, за якія затым можна купіць шыкоўную сукенку, надзець дарагія ўпрыгожанні і пайсці ў рэстаран, дзе пад добрую музыку і захопленыя позіркі мужчын не толькі смачна паесці, але і прыгожа адпачыць.

…Столік яна заказала на дваіх. Але сядзела за ім пакуль адна. На яе азіраліся, і Аня адчувала сябе ніякавата – усе былі пераважна з кампаніямі, у крайнім выпадку – парамі... І мужчыны, якія звычайна з’ядалі яе позіркамі, цяпер паглядвалі недаўменна.

Аня чакала Віктара. І ўпершыню за апошні год іх сумеснага жыцця не была ўпэўнена, што ён прыйдзе. Учора, калі яна прашаптала яму на вушка, што ў яе для яго сюрпрыз: Новы год яны будуць сустракаць удваіх – толькі ён і яна, ён не ўзрадаваўся, не засвяціўся ад шчасця, а неяк вельмі будзённа адхіліўся і сказаў:

--Ты прабач, але я паабяцаў Тані, што прыйду на Новы год да яе. Яна вельмі прасіла. Сумуе…

 Аня закаціла яму самы грандыёзны скандал, на які была здатная. Сапраўды, пра што ён блюзніць -- ужо заказаны і аплачаны столік у рэстаране. А калі Тані так хочацца пабачыць татку ці ёй спатрэбіліся грошы, то ён можа схадзіць да яе і першага студзеня. І мусіць, не ў Тані справа, а ў Танінай мамачцы – зноў, напэўна, пацягнула  на старызну, на сэканд-хэнд…

…Яна перастаралася – мусіць, таму, што скандал быў не адрэпеціраваны, а сапраўдны. Нагаварыла лішняга – раней сябе старанна кантралявала, не дазваляла такога, дакладна разлічвала, што можна сказаць, а што – не, якія стрункі душы крануць. Пэўна, расслабілася, паверыла, што Віктар – ужо канчаткова яе, і больш нічый. І “пракалолася”. Калі раней яе слёзы дзейнічалі на яго безадмоўна: ён падаў на калені, выпрошваў прабачэння, асыпаў ласкамі і дарагімі падарункамі, кляўся ў каханні, то цяпер нешта не спрацавала. Дакладней, спачатку нібыта падзейнічала: усю ноч ён яе суцяшаў і быў казачна пяшчотным. Яна ўжо было вырашыла, што ўсё ў парадку. А ранкам, адводзячы позірк, Віктар нагадаў, каб сёння яго не чакала – ён пойдзе да дачкі. Ён абяцаў і не можа падмануць дзіцячыя спадзяванні.

Аня тупнула нагой:

--Я чакаю цябе ў рэстаране! Калі ты не прыйдзеш да дванаццаці гадзін, то можаш не з’яўляцца ўвогуле. Дзякаваць богу, я яшчэ не такая старая і брыдкая, каб не знайсці сабе спадарожніка -- на гэтую ноч і на ўсё астатняе жыццё.

“Старой” яна знарок укалола яго – у чарговы раз хацела нагадаць пра ўзрост яго былой жонкі, да якой ён сабраўся ў гэтую навагоднюю ноч – і хто паверыць гэтым казкам пра дачку?

 Перад ёй, яго першай жонкай, а тым больш перад яе дзецьмі, і нават перад Таняй Аня сябе вінаватай не лічыла. Ну сапраўды, у чым яе віна? Яна такая ж, як і ўсе. І марыць пра тое ж, што і ўсе: пра сваё жаночае шчасце. Што яна, вінаватая, што ўсе прыстойныя мужыкі ўжо разабраныя? І кім, божа мілы? Тая ж Віктарава жонка -- была б якая супер-мадэль, а то – старая кашолка,  дзе толькі яго вочы былі, калі на ёй жаніўся?! З такой жа -- ні ў пір, ні ў мір, ні ў добрыя людзі. І навошта ёй, кабеце перадпенсійнага ўзросту, якой ужо час унукаў няньчыць і пра вечнае думаць, такі мужык -- прыгожы, разумны, добры, забяспечаны? За якія такія заслугі? Гэта несправядліва!

 “І гэтую несправядлівасць трэба ліквідаваць! -- пераконвала сабе Аня, калі ад ахвочых да падрабязнасцей чужога жыцця каляжанак даведалася пра асабістае жыццё свайго новага начальніка. -- Праверым, ці сапраўды ён такі прыкладны сем’янін, як пра яго расказваюць. Не можа быць, каб мае чары не спрацавалі, не было яшчэ такога. Тым больш, што жонка яго мне не саперніца. Бачыла я яе тады ў магазіне: бабулька, што “косіць” пад маладуху. Правільна я ёй тады “камплімент” пра мамачку адважыла -- хай ведае, хто яна побач з ім. А я -- не з’ем, дык хоць надкушу. Паспрабаваць жа можна, што я губляю? А там, глядзіш, жонцы хто-небудзь даложыць, ахвочыя знойдуцца. А калі раптам не знойдзецца, то і самой не цяжка тэлефонную трубку зняць, карона не зваліцца. Пераможцаў не судзяць… А калі і судзяць, то не караюць.  А перамога тут вельмі нават можа быць! Вунь як яго вочы загараюцца, калі на яе глядзіць, як усміхаецца. А то! Дарэмна, ці што, тройчы на тыдзень – фітнес, салярый, басейн, касметолаг…”

…Нарадзілася яна зусім не прыгажуняй, але ж пастаўленая мэта, цярпенне і праца над сабой вылепілі з брыдкага качаняці царэўну-лебедзь -- хто б паверыў, што такое магчыма? У дзяцінстве яна заўсёды зайздросціла прыгожым сяброўкам, якіх усе любілі -- ні за што, толькі за тое, што ў іх мілая усмешка і сімпатычны тварык. Ім усё давалася лёгка – з імі хацелі сябраваць, іх запрашалі ў самадзейнасць і нават адзнакі завышалі. А ёй, каб дабіцца ўсяго гэтага, трэба было працаваць і працаваць. І яшчэ тады, у дзяцінстве, яна вырашыла, што абавязкова стане прыгожай. Як? Ну стала ж агульнапрызнанай прыгажуняй прынцэса Дзіяна -- хаця, калі прыгледзецца, нічога ў ёй асабліва прыгожага, а тым больш дасканалага, не было.

Недзе яна вычытала, што непрыгожых жанчын не бывае. І што галоўнае – сачыць за сабой. Вось яна і сачыла – купляла жаночыя часопісы, вучылася рабіць макіяж, займалася спецыяльнай гімнастыкай, старанна падбірала адзенне, знайшла адмысловага цырульніка, які зрабіў з яе колішніх “мышыных хвастоў” сапраўдную карону. Яе не пазнавалі былыя аднакласнікі і суседзі. Гэта цешыла самалюбства, але адчування дасканаласці не давала.

Яго прынесла першая сур’ёзная перамога, калі яна адбіла у сяброўкі жаніха. Ёй той Жэнька сто гадоў быў не патрэбен! А Верачка, былая аднакласніца, лепшая яе сяброўка, ў яго па-сапраўднаму закахалася. Верачку было шкада -- усё ж яна была адзінай, з кім Аня магла пагаварыць пра ўсё, хто яе стараўся зразумець і не нудзеў на вуха “Як ты можаш? Гэтак нельга…” Цяпер ужо ў яе такіх сябровак, верных і адданых, няма… Але ж трэба было праверыць сваю тэорыю і дасягненні практыкі, пераканацца, што яна -- на правільным шляху… І яна ўключыла ўсе свае чары. Спачатку набівалася да Жэні з Верай у кампанію, куды б яны ні ішлі: у кіно, на пікнік ці проста сядзелі і слухалі музыку. Сяброўка не магла ёй адмовіць: Анечка ж такая адзінокая, няшчасная, у яе пакутлівыя пошукі сябе… Потым усё часцей, пакуль Вера займалася кухняй, верная сяброўка -- ах, я нічога ў гэтым не разумею! -- ішла з Жэнькам у магазін ці выгульваць сабаку…

 Жэнечка трымаўся нядоўга -- вельмі хутка і незаўважна для самога сябе апынуўся ў Аніным ложку. І пасля таго, здаецца, страціў розум, пра Веру забыўся, хадзіў за Аняй, як бычок навязаны. Яе гэта нават раздражняла, але выгляду не паказвала. Вера ж уся ўчарнела, нікога не хацела бачыць. А пасля таго, як бацькі вечарам выпадкова знайшлі ў яе тумбачцы дзесятак ўпаковак валідолу, яе ні на хвіліну не пакідалі адну. Аня і сама спалохалася і, каб не падумалі, што лепшую сяброўку яна давяла да думак пра суіцыд дзеля забавы, нават схадзіла замуж за Жэньку. Ненадоўга, на годзік. Потым кінула яго гэтак жа лёгка, як і атрымала. Праўда, і ў яго гэты шал да таго часу, здаецца, прайшоў. Ніякіх сцэн не было. І жыцця -- таксама. Адно толькі ён паўтараў уночы, скрыгочучы зубамі, калі думаў, што Аня спіць: “Дурань, які ж я дурань… І нягоднік. Не, яна мне ніколі не даруе.”

--Даруе, даруе, -- не вытрымала неяк Аня, якой гэтае яго самабічаванне надакучыла, да таго ж чапляла самалюбства. -- Папросіш добра – і даруе.

…З Віталем усё было па-іншаму. На яго яна мела сур’ёзныя планы. У яго была прыстойная работа, добры заробак, кватэра, якая засталася пасля рана памёршых бацькоў. Спакойны, ураўнаважаны, тактоўны, галантны… І галоўнае -- яе любіў без памяці, любы яе капрыз гатовы быў выканаць. Яна? А навошта ёй было любіць? Некалі, яшчэ ў школе Аня, тады няскладная, цыбатая, закахалася ў першага прыгажуна класа Валерку, які толькі пасмейваўся з яе і падражніваў. Тады яна сяк-так, пасля мора пралітых слёз, балючых абраз і смяшкоў прадмета свайго захаплення, яго сябрукоў і больш шчаслівых саперніц, пры падтрымцы вернай сяброўкі Верачкі вызвалілася ад пакутлівай прывязанасці. І вырашыла: кахаць -- гэта занадта балюча. Гэта -- не для яе. Куды больш прыемна адчуваць каханне. І вырашаць, што з ім рабіць: пасмяяцца, адштурхнуць -- ці прыняць. Хай лепш яе любяць! А цвярозая галава, не затуманеная ніякімі там “асясяй” -- куды важней. Аня вырашыла, што любіць цяпер будзе выключна галавой, бо сэрца ў гэтай справе -- дрэнны дарадчык.

Віталь ідэальна падыходзіў на ролю мужа: менавіта такім яна ўяўляла свайго “суджанага-ражанага”. Але сякія-такія яго якасці характару ёй не падабаліся,. І яна актыўна занялася яго перавыхаваннем. Ён быў занадта прыстойны – як у сённяшні час можна быць такім? Залішне шчодрым – калі гэта праяўлялася ў адносінах да яе, то такую шчодрасць можна было толькі вітаць, а калі ён пачынаў адорваць дарагімі падарункамі пляменнікаў ці ўвогуле суседскіх дзяцей, у якіх бацькі -- п’янтосы, то гэта ўжо ні ў якія вароты не лезла. “Мы што, самыя багатыя? Ты не сонца, ўсіх не абагрэеш,” -- даводзіла яна Віталію. А той не згаджаўся: “Але ж хоць каго-небудзь сагрэць можна…”

І з упартасцю, вартай лепшага прымянення, марыў пра дзіця. Якое ў яе планы пакуль  не ўваходзіла…

…Аня самакрытычна прызнавала, што ў перавыхаванні Віталіка яна крыху перагнула палку. Да ідэала заставалася нейкая драбяза: трэба было падкінуць у адпаведныя інстанцыі кампрамат на начальніка -- і заняць яго месца. Тым больш, што і выдумляць нічога не патрабавалася: начальнік любіў кульнуць кілішак яшчэ зрання, а да абеду – і другі-трэці. Ну што гэта за кіраўнік? Хіба Віталь – разумны, таленавіты, малады, перспектыўны -- менш заслугоўвае гэтай пасады, горш будзе весці справу, чым гэты без пяці хвілін алкаголік перадпенсійнага ўзросту? “А тады ўжо, з надзейнымі тыламі, можна і пра дзяцей падумаць…” -- яна спрабавала сыграць на яго марах і спадзяваннях.

Але гэты яе дэталёва распрацаваны план чамусьці Віталіка не захапіў. Ён паглядзеў на яе неяк дзіўна, чужым, незнаёмым позіркам, без захаплення і закаханасці… Нічога не стаў тлумачыць -- і праз нейкі час знік. Слабак!

Пасля яго, праўда, у Ані засталася кватэра – яны паспелі распісацца, і Віталь, як сапраўдны джэнтльмен (“Хутчэй дурань,” – хмыкала пры гэтым пра сябе Аня) пакінуў яе жонцы.

Пазней яна шкадавала, што не нарадзіла ад яго дзіця, калі ён хацеў і прасіў. Вось тады б ужо ён, галубок, нікуды не дзеўся! І зрабіў бы ўсё, што яна казала. Калі не дзеля яе, дык дзеля дзіцяці -- абавязкова! Але што пра тое гаварыць…

Затое, распрацоўваючы план па ахмурэнню Віктара Аляксеевіча, яна адразу ўключыла ў яго цяжарнасць. Па-першае, пара ўжо, некалі ж і сапраўды трэба дзіця нарадзіць – шклянка вады на старасць гадоў і ўсё такое. А па-другое, гэта вельмі надзейная прывязка – вунь як ён дзяцей любіць, пра тое, як яго Танюшка была малая, як шчабятала, як гулялася з ім, гатовы гадзінамі расказваць – заснуць можна…

Але на гэты раз у яе атрымаўся пракол: цяжарнасць не атрымлівалася, як яна ні старалася. Ці то адбіліся ранейшыя аборты, ці то і праўда дзеці, калі іх доўга не хочуць, потым крыўдзяцца і самі не ідуць да пераборлівых бацькоў? Імітаваць цяжарнасць яна пабаялася – а раптам нічога не атрымаецца? І потым і гэты, даведаўшыся праўду, ўцячэ? Тым больш, што яму, здаецца, хапала і без дзіцяці: яе ножак, таліі, загадкавай усмешкі…

Ён быў яе -- беззваротна, адназначна. І вось сёння на табе – пайду туды, да дачкі… Не дапамаглі ні начныя ласкі, ні ранішнія слёзы… Небяспечна… А раптам не вернецца? Можа, яна занадта рэзка паставіла ультыматум: калі не прыйдзе да дванаццаці ў рэстаран, то… Можа, трэба было даць нейкі “люфт”?

Хоць, зрэшты, чаму рэзка? Усё правільна! Нельга ім волі даваць. Вунь яго былая расслабілася – вокам не міргнула, як у Аніным ложку апынуўся. А гэтыя дурнічкі ўсё: каханне, давер… У руках трэба мужыка трымаць, ды яшчэ і яжовыя рукавіцы папярэдне надзець, каб не выслізнуў! І хай толькі паспрабуе сёння не прыйсці да дванаццаці!

 

ПАМІЖ…

Віктар сядзеў на лаўцы ў заснежаным скверы. Час блізіўся да поўначы, але на вуліцы было светла, як днём – ад рознакаляровых гірляндаў, якія гарэлі на кожным кроку – на вуліцы, на дрэвах, у вокнах, па-змоўніцку падміргвалі – маўляў, не гаруй, чалавеча, свята набліжаецца, ідзі, сустракай, дары падарункі, весяліся! Бачыш, апошнія прахожыя спяшаюцца да сваіх родных, каханых, сяброў, заціскаючы ў руках ці пад пахай хто бутэльку шампанскага, хто шыкоўны букет, хто – ладны пакунак з гасцінцамі ці падарункамі.

У Віктара таксама былі падрыхтаваны падарункі: за пазухай ратавалася ад марозу пунсовая ружа, а ва ўнутранай кішэні ляжала пушачка з дарагімі французскімі духамі. Але, хоць міналі апошнія хвіліны старога года, ён ніяк не мог вызначыцца, куды яму ісці, каму падарыць гэтую ружу: у дарагі рэстаран, дзе яго чакае Аня, ці ва ўтульную кватэру за квартал ад гэтага сквера – там, пэўна, Надзя і Танюшка ўжо накрываюць святочны стол.

 Цікава, а яны яго чакаюць? Дачка дык напэўна – ён заўсёды дзівіўся, адкуль у гэтага дзіцяці столькі жыццёвай мудрасці, што яна пасля яго сыходу не стала ні ў чым папракаць бацьку, высвятляць, хто правы, а хто вінаваты, і паводзіла сябе так, нібы ён паехаў у далёкую камандзіроўку і час ад часу праведвае яе. Праўда, у кожны свой прыход ён бачыў, як Тані хочацца, каб ён затрымаўся як мага даўжэй ці ўвогуле застаўся. Напэўна, такія паводзіны дачкі -- найперш Надзіна заслуга, знайшла яна нейкія словы, каб растлумачыць, чаму ён пайшоў жыць да іншай жанчыны і пры гэтым не выказаць сваю крыўду і боль. А можа, Надзя тут ні пры чым, дзеці і без таго сёння прасунутыя, у серыялах і не такія жарсці назіраюць.

А вось сама Надзея, пэўна ж, не чакае. І мае на тое права. Паклаўшы руку на сэрца: калі б з ім так абышліся, ён бы дараваў? Наўрад ці… А ёй жа было яшчэ цяжэй, бо гэтая здрада – не першая ў яе жыцці… Так, ён моцна вінаваты перад ёй, сваёй самай добрай, разумнай, тактоўнай, далікатнай жонкай. Некалі абяцаў не крыўдзіць яе, а пакрыўдзіў, ды яшчэ як…

 Але праўда і тое, што ён даўно не любіць яе. Калі скончылася каханне – ён і сам не ведае. І з-за чаго…

 Ды, зрэшты, ні з-за чаго. Проста аднойчы ён прачнуўся на світанні, паглядзеў на сонную Надзю – і не паверыў, што гэтая распаўнеўшая кабета, у якой скрозь пафарбаваныя валасы прабіваецца сівізна, а глыбокія маршчынкі, не замаскіраваныя касметыкай, выглядаюць зусім па-старэчы, і ёсць тая самая жанчына, якую ён некалі так дамагаўся, якая ўяўлялася яму ўзорам дасканаласці і прыгажосці, а магчымасць валодаць ёю – увасабленнем шчасця…

 Напэўна, можна жыць разам і без кахання – павага там, узаемаразуменне, дзеці зноў жа… Колькі такіх сямейных пар сярод яго знаёмых -- знешне добрапрыстойных, паважаных, у вачах якіх свеціцца непраходная туга, ці яшчэ горш – дрэнна схаваная нянавісць. Пэўна, і ён бы так жыў, і быў бы прыкладным сем’янінам: хадзіў бы з Надзяй вечарамі на прагулкі ў гэты сквер і зрэдзьчасу – на канцэрты заезджых зорак, неўзабаве стаў бы прагульвацца з унукамі, паглядваючы, як язвеннік на шашлык, на юных прыгожых дзяўчат.

Калі б не з’явілася ў яго жыцці Аня. Яна, як ураган, як тарнада – закруціла яго, завіхурыла. Перш здавалася – глупства, гульня, жарт для казытання нерваў. А потым і сам не ўсвядоміў, калі і як гэта засланіла для яго ўсё астатнія падзеі ў жыцці, і хацелася толькі аднаго: зноў апынуцца з ёй у ложку. Менавіта там зразумеў, чаго яму не хапае ў сённяшніх адносінах з Надзяй. Ён зноў адчуў сябе мужчынам – каханым, жаданым, дужым, здольным дастаўляць жанчыне імгненні невыказнага шчасця – і ад таго самому ўзлятаць на неспазнаныя датуль вяршыні асалоды.

 Добраахвотна адмовіцца да гэтага ён не мог. Мо каб Надзя яму дапамагла ў той момант, перацярпела, перачакала, калі гэтае вар’яцтва скончыцца… Хай бы нават скандаліць пачала, папракаць яго – ён бы, напэўна, адчуваючы сваю віну, не рашыўся кінуць іх з Таняй. А то – сам зрабі выбар! А не можаш, то я табе дапамагу! Добранькая якая… Нібы ён мог зрабіць выбар у той момант, калі мазгі затуманены адным жаданнем: як мага хутчэй застацца з Аняй удваіх!

 Ці мо і ў яе каханне мінула? Ды не… Ён жа не сляпы, бачыць, як свецяцца ў яе вочы ў тыя рэдкія моманты, калі яны сустракаюцца, не глухі -- чуе яе голас, калі тэлефануе Тані, а яна бярэ трубку… І не дурны… Хоць і прамаўляе яна пры гэтым дзяжурныя, нічога не вартыя словы, але ж вочы, голас крычаць аб адным: мне так дрэнна без цябе, Віця!

Хоць услых яна гэтага ніколі не скажа, ганарліўка… І яшчэ вялікае пытанне, ці даруе, ці прыме, нават калі сёння ён пераступіць цераз сябе і свой гонар, прыйдзе да іх і папросіцца назад…

Дык што, ісці ў рэстаран, пакуль не позна, пакуль не скончыўся час заяўленага Аняй ультыматуму? І сёння зноў будзе чароўная ноч кахання…

А заўтра? Ён даўно зразумеў, што Аня ўмела маніпулюе яго мужчынскім жаданнем. Што ён патрэбен ёй, пакуль мае сілу, работу, пасаду, прыносіць грошы і адорвае дарагімі падарункамі. А што будзе, калі ўсяго гэтага не стане? Старэе ж не толькі Надзя, але і ён. І тут ужо ўзрост іграе не на яго карысць: Аня маладзейшая за яго роўна на столькі, наколькі старэйшая Надзя. І ён бачыць, якімі позіркамі праводзяць яе мужчыны. І разумее, што ёй тыя позіркі падабаюцца, цешаць яе самалюбства. Як гэта яна сёння сказала? “Я не настолькі старая, каб не знайсці сабе спадарожніка…” Пэўна ж… І каму ён будзе патрэбен, калі падкрадзецца старасць, немачы? Дзякуй Надзі за такую цудоўную дачку, яна – яго радасць і спадзяванне, але ж у яе -- сваё жыццё, і было б наіўна думаць, што дзяўчына стане яго ламаць дзеля некалі пакінуўшага яе бацькі. Ды і не трэба гэта яму.

Дык куды ж ісці?

 З аднаго боку – пастарэўшая, пакрыўджаная ім Надзя, у якой перахоплівае дыханне, калі яна чуе яго голас.

 З другога – маладая, яркая, самаўпэўненая Аня, якой усяго заўсёды мала – кахання, грошай, увагі…

Сонца і Месяц… Дзень і ноч...

 І паміж імі – ён…

…Пачуўся бой курантаў, тут жа ў неба ўзвіліся шматлікія феерверкі, салюты, на пустынную яшчэ пяць хвілін назад вуліцу высыпаў, здаецца, увесь горад. Усе радаваліся, крычалі, віншавалі адзін аднаго, цалаваліся.

…І на фоне гэтага ўсеагульнага свята -- адзінокая постаць мужчыны на лавачцы ў заснежаным скверы…

 

 

 

РАНІЦА

Віктар доўга сядзеў у заснежаным скверы, не могучы вырашыць, куды ж яму ісці. Настолькі доўга, што ісці куды б то ні было стала позна. Навагодняя ноч заканчвалася. Адгулялі, адстралялі феерверкамі і шампанскім, адшумелі на вуліцах падвыпіўшыя кампаніі – і пацягнуліся па дамах. Людзі, накрычаўшыся, насмяяўшыся, наскакаўшыся, напіўшыся, разыходзіліся па цёплых кватэрах.

“Цікава, што там, за гэтымі шторамі? -- падумаў Віктар, назіраючы, як адно за другім сталі тухнуць вокны ў дамах. -- Ці шмат за імі засынае па-сапраўднаму шчаслівых людзей? Нехта з іх, як і я нядаўна, толькі робіць выгляд, што шчаслівы. Нехта топіць сваю тугу ў гарэлцы, ператвараючы ў пекла жыццё тых, хто побач. Нехта шукае ідэал, мяняючы мужчын ці жанчын – гэта таксама крыху пра мяне… Нехта чакае, калі ж з’явіцца гэты ідэал, сумуючы, што гады сыходзяць, а сям’і няма, і навагодняя ноч зноў не прынесла абяцанага цуду… Нехта ў шумнай кампаніі хаваецца ад адзіноты, якая прыйдзе заўтра, разам з пахмеллем… Але ж, пэўна, ёсць і шчаслівыя – хто засынае зараз на плячы каханага, каго заўтра разбудзіць тупат дзіцячых ножак ці пяшчотны пацалунак, каму пададуць у ложак кубак гарбаты ці бакал шампанскага… І чаму гэты шчаслівы – не я? Чаму я ў гэтую ноч адзін, і мне няма куды ісці?”

 Хоць чаму ж няма? Можна пайсці да Ані – яго і зараз цягне да яе, як магнітам… І быць шчаслівым – дзень, тыдзень, год – колькі атрымаецца, наколькі ўдасца аглухнуць і аслепнуць, нічога не чуць і не бачыць. Але Аня -- гэта наркотык, які дае адчуванне шчасця – бязмернага, невыказнага, невыноснага – на некалькі імгненняў. А затым, ён ведаў, ён ужо адчуваў гэта, -- прачнецца розум і пачнецца “ломка”… Ён разумеў, што ад наркотыку трэба адмаўляцца, і чым хутчэй і больш рашуча, тым лепш – дзеля ўласнага ж самазахавання. І ганарыўся, што сёння ноччу змог сябе перасіліць і не пайсці ў рэстаран. Трэба перацярпець – заўтра стане лягчэй…

 Да Надзі ўсю ноч яго гналі вінаватасць і абавязак. Ды яшчэ прывязанасць да дачкі. І тое ж самае пачуццё самазахавання – ён разумеў, хто ніхто і ніколі не стане пра яго так клапаціцца, як былая жонка. Але не пускала сумленне. І элементарнае нежаданне. Ну не хацелася яму туды ісці, хоць плач! Ён прыдумваў сабе апраўданне: разбіты кубак не склеіць, нават калі яна ўсё даруе і прыме. А на самой справе ў яго не было ніякага жадання вяртацца. Не хацелася бачыць добрыя спагадлівыя вочы -- і адчуваць сваю віну за тое, што ўжо ніколі не зможа глядзець на Надзю з каханнем і захапленнем, як тады, у юнацтве. І яго добрая, разумная, далікатная жонка будзе ўсё гэта бачыць, разумець – і моўчкі пакутаваць.

Ён змерз. Ісці трэба было – хоць куды. Віктар падняўся і пайшоў па ярка асветленай, пустыннай ў гэты перадранішні час вуліцы…

Ён не ведаў, куды ідзе і навошта. Проста ішоў – і ўсё…

“Бач ты, не ўсе спяць у цёплых пасцелях  у гэты позні час. Ці наадварот -- ранні… І не ўсе святкуюць Новы год у вясёлых і шумных кампаніях,”-- зазначыў ён пра сябе, заўважыўшы такую ж адзінокую постаць, што паволі брыла насустрач.

Калі постаць наблізілася, Віктар зразумеў, што гэта жанчына: доўгая дублёнка, закручаны шалік…  “Колькі ж у свеце адзінокіх людзей,” -- падумаў са спачуваннем. Яму раптам захацелася зрабіць для гэтай самотнай жанчыны нешта прыемнае -- слова добрае сказаць ці хоць бы ўсміхнуцца... 

І тут Віктар ўспомніў пра ружу, што злёгку паколвала яго пад дублёнкай сваімі шыпамі. “Во, падару чалавеку -- хоць нешта прыемнае ў жанчыны ў гэтую ноч будзе. Пэўна ж, не з вялікай радасці яна ў такую ноч адна па гораду блукае.”

--З Новым годам! -- гукнуў Віктар, калі яны параўняліся – Гэта вам Дзед Мароз прасіў перадаць!— дастаў з-за пазухі крыху прымятую ярка-пунсовую ружу, пялёсткі якой, здаецца, затрымцелі ад холаду.

Жанчына недаўменна спынілася і некалькі імгненняў глядзела на яго спалаканымі вачыма, не разумеючы, хто гэта і чаго ад яе хоча. Віктар ужо пашкадаваў пра свой імпульсіўны парыў зрабіць нешта добрае для адзінокай жанчыны: адкуль ён ведае, хто яна такая  і чаму выйшла ў гэтую ноч на вуліцу? І ці патрэбны ёй яго добрыя словы…

Паступова праз слёзы і заслону непраходнай тугі ў яе вачах стала праглядваць асэнсаванасць — да жанчыны, здаецца, стала даходзіць, што незнаёмы мужчына – цвярозы, прыстойна апрануты -- звяртаецца менавіта да яе: больш на вуліцы нікога не было. І не проста звяртаецца – ён віншуе яе са святам і дорыць кветкі…

--Што, прабачце? Дзед Мароз? Мне? А-а… А вы ў яго, значыць, пасыльным падпрацоўваеце? Ну, перадайце Дзеду Марозу маю ўдзячнасць…

Яна ўзяла ветку, міжволі залюбавалася яе свежасцю і вытанчанасцю. Уздыхнула:

--Толькі ружу шкада – мне яе паставіць няма куды… Мо вы так каму яе падорыце? У каго ёсць дом, а ў доме -- падыходзячая для гэтай прыгажуні ваза. А то шкада – замерзне каралева…

--Ды я б з радасцю… Але Дзед Мароз сказаў, каб вам…-- не здаваўся Віктар.

--Які ён уважлівы, ваш Дзед Мароз… Ну што ж, -- жанчына, як і хвіліну да таго ён, таксама засунула ружу за пазуху. – Спадзяюся, ты, прыгажуня, да вечара не памрэш…

--А вы што, збіраецеся да вечара хадзіць па вуліцах? -- спытаў Віктар недаўменна.

--Так атрымліваецца, -- паціснула плячыма жанчына. -- Мой цягнік адпраўляецца толькі ў пяць гадзін вечара. А дахаты я прыеду ўвогуле пасля поўначы. Так што давядзецца вашаму з Дзедам Марозам падарунку памучыцца. Ну і мне, зразумела, таксама.

Віктару стала цікава:

--І што ж такое пільнае прымусіла вас пакінуць дом у навагоднюю ноч, каб потым правесці яе на вуліцы ў чужым горадзе?

Жанчына страсянула галавой, нібы праганяючы непрыемныя ўспаміны. Памаўчала крышку – нібы вырашала, ці варта пра гэта гаварыць? Зноў уздыхнула:

--Надзея на цуд, -- сумна ўсміхнулася яна. -- Ведаеце, перад Новым годам нават самыя разважлівыя рэалісты часам пачынаюць верыць у тое, чаго ніколі не будзе. А яшчэ -- безвыходнасць…

--Але выхад ёсць заўсёды!

--Сапраўды? І як так думала да сённяшняга дня… Зрэшты, можа ён і сапраўды ёсць, але добра замаскіраваны – я пакуль шукала яго ў больш даступных месцах… Дарэчы, калі вы такі аптыміст, то чаму ж таксама ў гэтую ноч блукаеце ў адзіноце па вуліцах, а не сядзіце дзе-небудзь у рэстаране ці на канапе перад тэлевізарам у абдымку з цёплым хатнім ачагом? – перайшла яна з абароны ў наступленне.

“А яна не дурнічка. І нават не хоча такой уяўляцца… Бач ты, злавіла на зашмальцаваных штампах!” -- падумаў з павагай Віктар. 

А ў адказ на яе пытанне бездапаможна развёў рукамі:

--Ну, я пакуль не знайшоў выйсце са сваёй сітуацыі…

--Вось і я не знайшла. Ва ўсякім выпадку там, дзе шукала… Выходзіць, мы з вамі калегі? Па пошуках выйсця з безвыходных сітуацый, -- прамовіла яна.

--І не толькі! Здаецца, ў гэтым сонным горадзе мы адны ў такі час гуляем па вуліцы, -- чамусьці яму падалося смешным тое, што яшчэ нядаўна выклікала шкадаванне да сябе і гэтай адзінокай жанчыны.

--А давайце пасядзім дзе-небудзь, – нечакана для самога сябе прапанаваў Віктар. -- Усё роўна часу ў вас -- вагон. У мяне таксама дзень выхадны… То прапаную адсвяткаваць Новы год – наколькі я зразумеў, ні ў вас, ні  ў мяне гэта пакуль не атрымалася.

--Барані Бог! Мы з вамі нават незнаёмы, спадар пасыльны Дзеда Мароза…

--Ну, калі гэты стары чараўнік вас ведае, то чаму б і мне не пазнаёміцца? Мяне Віктарам завуць.  А вас?

--Валянцінай. Але я ўсё роўна не ўпэўнена, што гэта добрая ідэя…

--У вас ёсць лепшая?  

--У мяне ўвогуле нічога не засталося – ні ідэй, ні надзей…-- паціснула яна плячыма. -- Дарэчы, грошай таксама – толькі на білет. Так што майце на ўвазе…

--Вы лічыце, што я збіраюся вас напаіць і абрабаваць? – весела рассмяяўся Віктар.

--А хто вас ведае, -- глянула яна падазрона і затым не вытрымала – таксама рассмяялася: Віктар міжволі адзначыў, які звонкі і прыгожы ў яе смех. –Можа, гэта ў вас такі метад работы з адзінокімі жанчынамі – дарыць ружы ад Дзеда Мароза, а потым…

--Ага, а потым я забяру вашы грошы, дублёнку і нават шалік. І высмакчу з вас усю кроў. І…

--Ну хопіць, хопіць, мне ўжо сорамна, -- зноў засмяялася Валянціна.

А праз хвіліну спытала насмешліва:

--А вы не задумваліся, спадар пасыльны, які па сумяшчальніцтву грабежнік і вампір, запрашаючы даму, дзе можна з ёй пасядзець у навагоднюю ноч, якая да таго ж ужо заканчваецца? Хіба што на вакзале – калі лаўкі свабодныя будуць і кава ў буфеце не скончылася.

--На вакзале яшчэ, між іншым, рэстаран ёсць. Хай не асабліва шыкоўны, але ў нашых сённяшніх умовах -- не самае дрэннае месца. Асабліва з улікам таго, што працуе кругласутачна. А яшчэ там цёпла. І шампанскае быць павінна…-- апошняе ён  прамовіў без асаблівай упэўненасці.

--Я б лепш выпіла каньяку – з улікам умоў надвор’я і ўсяго іншага не вельмі цёплага і прыемнага, што сёння адбылося… Калі, вядома, у спадара вампіра грошай хопіць, -- запознена спахапілася Валянціна.

--Крыўдзіце, спадарыня. Едзем. Алё, таксі! – тармазнуў Віктар невядома адкуль вельмі дарэчы узнікшую машыну з зялёным вочкам.

 

У рэстаране Валянціна перш за ўсё папрасіла вазу, каб паставіць ў ваду ружу. Афіцыянтка, маладзенькая дзяўчына, стомленая, расстроеная, што пад раніцу, калі пасля бяссоннай ночы і мноства наведвальнікаў гудуць ногі і расколваецца галава, прыцягнуліся яшчэ гэтыя двое, ды яшчэ з нейкімі недарэчнымі просьбамі, толькі хмыкнула. Але праз некалькі хвілін, мусіць, усё ж пашкадаваўшы кветку, прынесла бляшанку з-пад маслін:

--Вось, толькі гэта.

--Дзякуй і за гэта… Не па пародзе, канешне, экіпіроўка, але, спадзяюся, што ваша каралеўская вялікасць крыху патрывае? Іншага нічога прапанаваць не магу…-- Валянціна размаўляла з ружай, прыстройваючы яе ў бляшанку.

А потым звярнулася да Віктара:

--І каму ж, калі не сакрэт,  прызначалася гэтая пунсовая прыгажуня?

--Я ж ужо гаварыў – вам.

--Ну, мне яе, як вы сказалі Дзед Мароз, загадаў падарыць. А вы каму збіраліся?

Віктар уздыхнуў. Схавацца за жарт не атрымалася – занадта пранізлівыя вочы ў гэтай выпадковай знаёмай. Адмаўчацца? Зрэшты, колькі можна маўчаць? Некалі ж трэба назваць рэчы сваімі імёнамі – услых, не ў думках… А тут – як у цягніку: праз пару гадзін развітаемся – і ніколі ўжо не сустрэнемся. Але ж і расказваць усё – доўга, цяжка… І непатрэбна, найперш -- самой Валянціне. Навошта ёй чужыя праблемы, у яе сваіх, падобна, вышэй галавы…

--У тым уся і справа, што так і не вырашыў, каму, -- нарэшце прамовіў ён. -- Заблудзіўся я ў сваім жыцці… І нават не трох соснах, а ўсяго ў двух.

--І што, так безнадзейна, што выйсця не знайшлі? І такіх выпадках у нас у вёсцы казалі “Чорт зблытаў”. Мо трэба было вочы працерці?

--Наконт чорта – гэта дакладна. А вочы працерці… Спрабаваў – не дапамагае. Туды, куды сэрца цягне, розум не пускае. А куды розум гоніць, туды ногі не ідуць…

--Цяжкі выпадак. Не ведаю, што і сказаць…

--Нічога. Давайце лепш вып’ем. З Новым годам вас, Валянціна!

-- І вас! Каб вы знайшлі тое, што страцілі, і больш ніколі не гублялі.

--Дзякуй! Наўрад ці атрымаецца, але за пажаданне – дзякуй.

Ён залпам перакуліў чарку.

Валянціна таксама адпіла крыху, калупнула салат – больш нічога ў рэстаране не было. Заружавелася – стала адтаваць ад марозу і холаду, што сціскаў душу… Віктар заўважыў гэта.

-- Вы лепш пра сябе раскажыце, раз ужо ў нас такая ноч выдалася. Як апынуліся ў навагоднюю ноч на вуліцы ў чужым горадзе і адна?

--Ну, увогуле сустракаць Новы год на вуліцы і ў адзіноце я не збіралася. У мяне былі іншыя, нашмат больш прыемныя планы: правесці гэтую ноч са сваім каханым чалавекам. Ну і параіцца з ім па вельмі хвалюючаму мяне пытанню. А яшчэ я саманадзейна спадзявалася атрымаць ад яго дапамогу і падтрымку – гэта мне цяпер вельмі патрэбна.

-- І што ж сталася?

--Ды ўвогуле банальна ўсё… Я не падзялілася сваімі планамі з гэтым самым чалавекам – часу не мела і магчымасці, яны ўзніклі ў мяне зусім нечакана, можна сказаць, вымушана. Гэткі форс-мажор мясцовага, я б нават сказала – індывідуальнага маштабу. А ў яго, як аказалася, на гэтую ноч былі зусім іншыя планы. У якія я са сваімі раптоўна ўзнікшымі жыццёвымі праблемамі ніяк не ўпісвалася. Вось і давялося мне сустракаць Новы год на вуліцы. Вось і ўсё, калі коратка…-- яна задуменна круціла ў пальцах кілішак з каньяком.

--А калі больш падрабязна? – Віктару здавалася, што ёй таксама трэба выгаварыцца, выказаць словамі свае нягоды, выпусціць іх з душы, каб не давілі непад’ёмным цяжарам на сэрца.

--А вы ўпэўнены, што хочаце падрабязней? – Валянціна горка ўсміхнулася. -- Не самы прыемны занятак для навагодняй ночы – выслухоўваць чужыя праблемы і выціраць слёзы і соплі выпадковай знаёмай… Запрасілі ў рэстаран – дзякуй, ружу падарылі – вялікі дзякуй, а момант шчырасці – гэта ж душэўнай працы вымагае… Яно вам трэба? Вось пагрэемся крыху – і разыдземся. Вы – шукаць выхад з двух соснаў, а я -- грошы, каб заплаціць сыну за вучобу…

--Ну гаварыць жа пра нешта трэба, пакуль грэемся. Не моўчкі ж піць каньяк, пагадзіцеся. Дарэчы, за вас!—ён зноў перакуліў чарку – і яна ўслед за ім выпіла некалькі глыткоў.

--Неяк у мяне не заладзіўся гэты год – чорная паласа зацягнулася. Хоць кажуць, што ўсё ў жыцці адносна: магчыма, заўтра яна будзе ўяўляцца белай… -- пачала Валянціна ў сваім прывычным іранічным тоне, за які, Віктар гэта ўжо зразумеў, жанчына хавалася, як за шырму. Але паступова, з кожным словам шырма падала -- і з-за яе з‘яўлялася збалелая жаночая душа.

--Усё расказваць не буду – доўга і нудна. Калі коратка, то так атрымалася, што перад самым Новым годам я засталася без работы. Да таго ўсё было добра:  працавала галоўным бухгалтарам у адной прыватнай фірме, вельмі прыстойнай. Работа была цікавая, грошы – вартыя, я нават узяла крэдыт і купіла кватэру. Сын паступіў вучыцца не туды, куды праходзіў са сваімі адзнакамі, а куды марыў -- я са сваёй зарплатай магла плаціць за яго вучобу. Словам, усё было, як сёння кажуць, “ОК”.

 І раптам майму начальніку без дай прычыны ўздумалася палажыць на мяне вока! Да гэтага часу не магу ўцяміць: навошта яму я, калі навокал столькі маладых, прыгожых, на ўсё згодных? Сустракаюцца ж пры ўсім пры тым і з мазгамі, калі такі інтэлектуал… А яму нешта стрэліла, у яго, бачыце, ўзніклі “сур’ёзныя намеры” на мой конт! Мае намеры пры гэтым нікога не цікавілі. Усім здаецца, што ў маім узросце і становішчы я павінна кідацца на шыю любому, хто раскрые абдымкі. А тут раскрывае – і не абы-хто! Са сваім бізнесам, грашыма, ды яшчэ з пачуццём гумару і прывабнай знешнасцю. Мара, а не мужчына! Ну падумаеш, гэтую мару марыць уся незамужняя жаночая частка нашага гарадка, ад шаснаццаці да пяцідзесяці, і ён рэгулярна праводзіць сярод іх кастынгі. Праўда, пакуль што ніводная яго не прайшла, не затрымалася ў яго сяброўках даўжэй, чым на тры месяцы -- але ж затое ва ўсіх астатніх застаецца шанс. Ну падумаеш, не па душы ён мне – а каго мая душа цікавіць? Ну падумаеш, я іншага кахаю – кахай, хто ж забараняе? Палова свету так жыве: любяць адных, замуж выходзяць за другіх, а спяць з трэцімі.

Цэлы год мне неяк удавалася ўвільваць ад яго недвухсэнсоўных намёкаў і прапаноў, усё спадзявалася, што ён пераключыцца на каго іншага. А ён толькі яшчэ больш “заводзіўся”, пераклініла яго, ці што… А на апошняй карпаратыўнай вечарынцы, “зліняць” з якой у мяне пры ўсім старанні не атрымалася, шэф выказаў мне вельмі канкрэтнае запрашэнне неадкладна “прайсці кастынг” у яго на дачы. А я гэтак жа канкрэтна яму адмовіла. І таму ў апошні дзень адыходзячага года даведалася, што фірма ў маіх паслугах больш не мае патрэбы і атрымала канчатковы разлік – за мінусам прэміі і ўсіх надбавак, якія складалі большую частку маёй зарплаты і якіх я рашэннем кіраўніцтва была пазбаўлена. Такім чынам я, ўчарашняя паспяховая “бізнес-вумен”, апынулася на вуліцы, практычна без капейкі, з нявыплачаным крэдытам і сынам-студэнтам, якому праз месяц трэба плаціць за вучобу.

Не доўга думаючы, я ўзяла білет і рванула да свайго каханага чалавека. З ім мы ўжо два гады разам, столькі ўсяго перажылі… Ён таксама ў гэты перыяд страціў работу, не меў грошай, жыў у мяне. Я дапамагла яму перабрацца ў сталіцу, уладкавацца на прэстыжную работу – пасадзейнічала былая аднакурсніца, пазычыла грошай на першы час – тады я магла сабе гэта дазволіць. А зараз палічыла, што цяпер, калі цяжкасці ўзніклі ў мяне, а ў яго ўсё ў парадку, я магу разлічваць на яго падтрымку.

Цягнік прыйшоў позна ўвечары, я на таксі – і да яго: каб паспець стол накрыць, да сустрэчы Новага года падрыхтавацца. А ў яго, аказваецца, ўжо ўсё падрыхтавана: стол накрыты на дваіх, кветкі – амаль такія ж ружы, толькі шмат больш, шампанскае, фрукты, свечкі… Я ледзь не самлела ад шчасця: гэта ж, думаю, мяне так сустракае, адкуль толькі даведаўся, што  прыеду? А мо здагадаўся – сэрца падказала… Мы ж, жанчыны, любім гэткія рамантычныя абгорткі… Я да яго з распрасцёртымі абдымкамі, а ён усё неяк мнецца і на гадзіннік паглядвае раз-пораз. І тут званок у дзверы – тая самая мая аднакурсніца, Галачка, якая па маёй просьбе яго на работу ўзяла, з’яўляецца – уся расфуфыраная, як тэлезорка… Да мяне нарэшце дайшло, для каго падрыхтаваны стол і ўсё астатняе… Ну, я павіншавала іх з Новым годам – і за дзверы… Затое такога рамантычнага Новага года ў мяне ніколі не было: у сталіцы, на цэнтральнай плошчы, пад галоўнай ёлкай… Нехта нават шампанскім пачаставаў. Саланаватым праўда, аказалася, і моцна разбаўленым – але ж добрыя людзі не вінаваты, што я разнюнілася …

--Такая вось ўвогуле банальная гісторыя. Прабачце, што прымусіла вас усё гэта выслухоўваць. І дзякуй за тое, што выслухалі – мне стала лягчэй… Такое ўражанне, што боль, што ціснуў увесь гэты час у грудзях, расплавіўся і расцёкся па ўсім целе. Цяпер баліць усё, затое не так востра…

 Яна моўчкі выпіла каньяк. Заплюшчыла вочы і адкінулася на спінку крэсла.

“Напэўна, гэтак жа балела Надзі, калі яна даведалася пра існаванне Ані, --міжволі падумаў Віктар. -- Тады, як я ішоў да яе начаваць, а ранкам вяртаўся дахаты, хаваючы вочы, маніў ёй пра нейкія справы. Чаму ж мне да глыбіні душы шкада гэтую незнаёмую жанчыну, а Надзіны пакуты выклікалі толькі раздражненне? Толькі таму, што быў вінаваты, і хацелася сябе апраўдаць? А гэтаму мужыку, з-за якога Валянціна сустракала Новы год на вуліцы, хочацца набіць морду… Хоць я, па вялікаму рахунку, нічым ад яго не адрозніваюся. Але мне морду ўжо набіла жыццё. І ён сваё атрымае… А жанчыне гэтай трэба нечым дапамагчы. Работу ёй прапанаваць, ці што? Усё роўна пасля сённяшняй ночы нам з Аняй у адным калектыве не працаваць. Парэкамендую яе Мікалаю, у таго якраз бухгалтарка ў дэкрэтны пайшла, пытаў, ці не ведаю каго талковага. А спецыяліст Аня класны, няма чаго казаць. Вось толькі ці пагодзіцца Валянціна – пераязджаць усё ж давядзецца. Але ў любым выпадку – гэта не сённяшняга дня размова, яна ледзь на нагах трымаецца.”

--Валянціна, вам трэба адпачыць, -- Віктар злёгку крануў яе за руку – і жанчына ўздрыгнула ад гэтага дотыку. -- Гэта перш за ўсё. Нездарма кажуць, што ранак мудрэйшы за вечар – заўтра будзе новы дзень, пачнецца новы год, нешта прыдумаецца, знойдзецца нейкае выйсце.

Жанчына паглядзела на яго затуманенымі вачыма:

--Напэўна, вы маеце рацыю… Я так стамілася… Нібы не ноч прайшла, а ўсё жыццё… А да цягніка яшчэ цэлая вечнасць… Але ў мяне грошай – толькі на білет, у гасцініцу ісці не выпадае. Застаецца толькі бясплатная лаўка ў зале чакання, калі бамжы не ўсе занялі.

--Ёсць іншая прапанова, -- задуменна прамовіў Віктар. – Наша фірма здымае кватэру ў цэнтры – партнёры, здараецца, нечакана прыязджаюць, не хочацца залежаць ад гатэляў. Гэткая карпаратыўная гасцініца. Цяпер яна пустая. У мяне ёсць ключы. Калі вы не супраць, я вас там уладкую— паспіце колькі гадзін.

--А вы куды?—спытала яна і сумелася ад двухсэнсоўнасці свайго пытання.

--Я? – ён таксама сумеўся. – Калі  вы не супраць, я б таксама хацеў крыху адпачыць… І ісці мне, як і вам, няма куды… Вы не хвалюйцеся, кватэра двухпакаёвая, я не буду вам перашкаджаць…

--У вас гэта ў любым выпадку не атрымаецца, -- усміхнулася Валянціна – і зноў пачырванела – нешта яна сёння “прытарможаная”, ад стомы ці каньяку, усё ў яе з нейкім падтэкстам атрымліваецца….

– Ну што ж, выбіраць мне ўсё роўна не даводзіцца, -- хвіліну падумаўшы, махнула яна рукой. -- Тым больш, што я ўжо зразумела: вы – не грабежнік і не вампір. У любым выпадку ў кватэры на канапе будзе зручней, чым на лаўцы ў зале чакання. Паедзем хутчэй! А то, па-першае, у мяне такое адчуванне, што я зараз засну, тут і цяпер. А па-другое, баюся: а раптам вы перадумаеце?

Віктар засмяяўся і стаў набіраць нумар таксі.