4. ПЕРШЫ ГОД І ГАДЫ ПАСЛЯ

 

Родны горад за гэты час прыкметна пацішэў. Зніклі з яго вуліц бэтээры, хоць вайскоўцаў і людзей у міліцэйскай форме па-ранейшаму заставалася многа. Але галоўнае – паспакайнелі людзі. Напэўна, уступілі ў дзеянне ахоўныя сілы чалавечага арганізма – немагчыма ж увесь час знаходзіцца ў пастаяннай трывозе. Ды і супакойвалі нас увесь гэты час вельмі ўмела, пачынаючы з мясцовых чыноўнікаў і заканчваючы медыцынскімі свяціламі з сусветнымі імёнамі. Немалы эфект мела і тое, што дзяцей пасля трох месяцаў санаторна-лагернага жыцця вярнулі дамоў. Дзеці на вуліцах – гэта было як гарант таго, што ў горадзе можна жыць, што ў яго ёсць будучыня.

Як жылі мы тады? Нельга сказаць, што пасля вяртання з эвакуацыі наш лад жыцця карэнным чынам змяніўся. Так, былі ў ім нейкія новыя моманты – напрыклад, забаранялася ўжываць у ежу малако і малочныя прадукты ад уласных кароў без папярэдняй праверкі, а таксама грыбы, ягады, гародніну, садавіну. Праверка тая праводзілася ў мясцовай санстанцыі і ў ветэрынарнай лабараторыі. Але яна мела хутчэй псіхалагічнае значэнне, чым сапраўды магла даць адказ на пытанне, наколькі чыстыя прадукты мы ўжываем. Па-першае, таму, што больш года на забруджаных тэрыторыях дзейнічалі так званыя “часова дапушчальныя ўзроўні забруджання”, якія шматразова перавышалі існаваўшыя да аварыі нарматывы. Па-другое, кожны ўдой малака і кожную бульбіну занесці на праверку было проста немагчыма, а колькі і чаго насыпана і пад якім кустом, ніхто не ведаў. Па-трэцяе, існуючыя недасканалыя прыборы правяралі толькі наяўнасць радыёактыўнага цэзію, усе астатнія элементы быццам і не ляжалі ў нашай зямлі. Пагэтаму, адмовіўшыся ад ужывання прадуктаў, якія мелі ўласцівасць найбольш забруджвацца – малака, рачной рыбы, лясных ягад і грыбоў, усё астатняе мы ўжывалі сваё ўласнае, зрабіўшы дзеля заспакаення адну-дзве праверкі ( а сёння мясцовыя жыхары і тых ужо не робяць, і рыбу ловяць, і грыбы збіраюць). Большасць жыхароў раёна, як і раней, садзілі свае агародзікі, трымалі парсюкоў, курэй. Хоць страх хаўсёды прысутнічаў недзе ў падсвядомасці. Не-не, ды і падумаеш: а што, цікава, я падчапіў на відэлец з гэтым апетытным кавалачкам мяса?

Але нават большым за страх было жаданне паспытаць тое, што ўжываць забаранялася – мне здавалася, што нічога смачней смажаных сыраежак у свеце не існуе. Памятаю, неяк муж, заўзяты грыбнік, прывёз, крыху разгублены,  дахаты кош баравікоў: рабі, кажа, з імі, што хочаш, але я ўтрымацца не змог... Я таксама не змагла: перабрала грыбы, адварыла і падсмажыла. А затым мы ўпотайкі ад дзяцей, каб яны таксама не сталі прасіць, як злодзеі, з неапісальнай асалодай елі тыя грыбы, махнуўшы рукой на магчымую небяспеку...

З цягам часу і дзяцей перасталі ўвесь час трымаць “пад замком”. Ну сапраўды, колькі можна не выпускаць іх на вуліцу? Дзень, тыдзень, месяц? Але ж не гады... Мы супакойвалі сябе тым, што невядома, што можа прынесці ім большую шкоду. І таму дзеткі ў пясочку, дзеткі на травічцы – гэты малюнак ужо нікога не шакіраваў, акрамя, можа, камандзіраваных у горад урачоў і іншых спецыялістаў – тады іх прыязджала да нас шмат, сённяшніх уладальнікаў пасведчанняў “ліквідатараў аварыі” – кожны са сваімі прадуктамі і нават вадой  у тэрмасах, якія глядзелі на нас, хайнічан, як на жывыя трупы.

Раён між тым жыў сваім звыклым жыццём. За выключэннем тых шасці гаспадарак, якія былі ліквідаваны ў першы ж год у сувязі з эвакуацыяй жыхароў, у астатніх усё гэтак жа сеялі, убіралі, даглядалі жывёлу. Пры зручным выпадку прыхоплівалі нешта і з тых, пакінутых калгасаў і саўгасаў. Я ўжо не кажу пра тэхніку, метэрыяльныя каштоўнасці – усе яны былі вывезены амаль адразу. Але было і тое, што за калючы дрот ездзілі нарыхтоўваць кармы. Было ў раёне ўрочышча Майдан, якое апынулася ў зоне адсялення. Шматгектарную плошчу яго займалі сеяныя травы. У 1987 годзе вымахалі яны ў пояс. І Майдан падзялілі на ўчасткі паміж калгасамі і нарыхтоўвалі там сена. Пра мэтазгоднасць такога мерапрыемства ніхто не гаварыў, ва ўсякім выпадку, услых. Наадварот, прадстаўлялі гэта геройствам. Затым туды ж, на Майдан, вазілі ўдзельнікаў таго “зялёнага жніва” – ушаноўваць перадавікоў. Я была добра знаёма з адным з тых герояў – гэта мой былы аднавясковец Пятро Лагвіненка. На жаль, ужо нябожчык – яму толькі паспела пераваліць за 60, як за лічаныя дні чалавека “з’еў” рак лёгкіх. Ды і ўвогуле, маіх аднавяскоўцаў ужо больш на тым, чым на гэтым свеце... Прычым адыходзяць, як правіла, тыя, каму б яшчэ жыць ды жыць – старэйшыя, як ні дзіўна, трымаюцца лепш. І ні ў кога заўчасная смерць не звязвалася з наступствамі аварыі...

Многа ў тыя гады будавалі – і ў саміх Хойніках, і па раёну. Жыллё ўзводзілі будаўнікі з усёй рэспублікі. Па маіх недакладных падліках больш як 300 дамоў вырасла ў тыя паслячарнобыльскія гады ў вёсках раёна. Практычна на кожнай цэнтральнай сядзібе гаспадаркі з’явіліся новыя пасёлкі з адна- двухкватэрных домікаў, часта ў тых самых вёсках, якія затым давялося адсяляць...

Час ад часу прыязджалі да нас брыгады мінскіх ці гомельскіх урачоў, якія праводзілі абследаванне пераважна дзяцей. Але складвалася ўражанне, што медыкаў больш турбуе збор інфармацыі, чым стан  здароўя, бо ніякіх рэкамендацый мы ад іх не чулі. Дзеці ж хварэлі – быццам і не вельмі сур’ёзна, але доўга і цяжка. Здаралася, што звычайную прастуду немагчыма было вылечыць месяцамі, нішто яе не брала – ні медыкаменты, ні сродкі народнай медыцыны. Дый лячыць не было каму: урачы, як найбольш дасведчыныя людзі, паспяшаліся з’ехаць адсюль яшчэ ў першыя дні пасля аварыі, а да нас прыязджалі камандзіраваныя лекары, якіх турбавала толькі адно: хутчэй бы адсюль вырвацца. Здаралася, што пабываўшы за тыдзень тры разы на прыёме, кожны раз трапляў да новага ўрача. Якое ўжо тут лячэнне!

Нечакана чарнобыльская аварыя нарадзіла яшчэ адну праблему, быццам бы не першачарговую, але на самой справе вельмі важную: выхавання. Памятаю роспачнае пісьмо ў рэдакцыю аднаго з бацькоў, які прасіў парадіць, як яму ў гэтых умовах выхоўваць дзяцей. “Раней,-- пісаў ён,-- я ведаў, што аснова любога выхавання – гэта праца, і дзеці былі разам са мной і ў полі, і ў лесе, і ў лузе. Цяпер на ўсім гэтым ляжыць забарона. І я не ведаю, як іх выхоўваць, як растлумачыць, што кветка, дрэва, вада ў ручаіне, уся прырода для нас цяпер – вораг”. Сапраўды, на нашых дзяцей, вымушаных большую частку дня знаходзіцца ў памяшканні, хваравіта-бледных, балюча было глядзець. Яны нагадвалі кветачкі, якія сталі вянуць, не паспеўшы распусціцца.

У пачатку 1989 года, амаль праз тры гады пасля аварыі, хваля галоснасці дабралася і да красавіка 1986-га. І тая лухта, пад якой, нібы пад ледзяным панцырам, хаваліся  звесткі пра маштабы аварыі і яе ўплыў на людзей, затрашчала, як счарнелы веснавы лёд на быстрай рацэ. Многае тады было ўпершыню. Упершыню абнародавалі карты забруджанасці тэрыторый, і аказалася, што яны куды большыя, чым меркавалася і гаварылася. Упершыню надрукавалі статыстыку захворванняў, і высветлілася, што яна ў некалькі разоў большая, чым дааварыйная, гэтак жа, як і прыроджаная паталогія. Упершыню нашых дзяцей павезлі на абследаванне ў рэспубліканскі навукова-даследчы інстытут радыяцыйнай медыцыны, і адтуль амаль ніхто, за рэдкім выключэннем, не вяртаўся з радаснай усмешкай: “Здаровы!” Думка аб пераездзе ў чыстую зону, як вірус, захапіла ўсіх: толькі і размоў было, што хто куды выехаў ці збіраецца.

 На гэтай агульнай хвалі пераезднай ліхаманкі пакінулі Хойнікі і мы, змянілі месца жыхарства на Астравец Гродзенскай вобласці. Неўзабаве сюды ж пераехалі, паматаўшыся па свеце, і бацькі.

 Тут мы ўжо амаль дваццаць гадоў. Выраслі дзеці – для іх Астравец ужо стаў радзімай. З’явіліся і ў нас новыя сябры і суседзі, многія, дарэчы, таксама хайнічане – нас прыехала сюды больш за сто сямей. Ёсць любімая работа, якая прыносіць маральнае задавальненне і павагу людзей. Ёсць дах над галавой. І галоўнае – тое, чаго мы былі пазбаўлены ў паслячарнобыльскіх  Хойніках – еднасць з прыродай, магчымасць пайсці ў лес, набраць грыбоў, пахадзіць басанож па траве без страху. Якое гэта вялікае шчасце, можна зразумець толькі, страціўшы ўсё гэта.

І ўсё ж шчыміць балючай стрэмкай у сэрцы успамін аб бацькаўшчыне, аб роднай зямлі. І нельга пазбавіцца думкі: за што, за чые і якія грахі нясуць пакаранне тысячы ні ў чым непавінных людзей, выгнаннікаў са сваёй радзімы?