ЧАРНОБЫЛЬСКІ СШЫТАК

 

Няма сёння не толькі ў краіне, але і ў свеце чалавека, які б не ведаў ці хоць бы не чуў слова “Чарнобыль”. Але ў розных людзей яно выклікае і розныя асацыяцыі. У адных – непрыхаванае раўнадушша: якая мне справа да ўсяго гэтага, калі і сваіх праблем хапае? У другіх – спачуванне да людзей, якіх захапіла сваім крылом бяда, і разам з тым патаемна-радаснае: дзякуй Богу, што нас абмінула. У трэціх жучком-тачыльшчыкам жыве ў сэрцы трывога за родных і блізкіх людзей, якія хоць нейкі час былі ТАМ.

 Ёсць і чацвёртыя – тысячы, дзесяткі тысяч людзей, для каго Чарнобыль супраць волі і жадання стаў часцінкай лёсу, да якіх, бы нябачнае кляймо, на ўсё жыццё прыпячаталася азначэнне “чарнобылец”. Я – адна з такіх дзесяткаў тысяч. Мой асабісты лёс нічым асаблівым не вызначаецца. Але ў гэтай звыкласці, неадметнасці, падобнасці лёсаў, можа, і хаваецца галоўная трагедыя Чарнобыля?

Шчыра кажучы, я доўга вагалася: ці патрэбна абнародаваць гэты вельмі асабісты “чарнобыльскі сшытак”? Прайшло нямала часу, пра Чарнобыль сталі паціху забываць пад нашэсцем многіх іншых трагедый і катастроф. Пра тую аварыю ў свой час было столькі сказана і напісана, такіх разумных і правільных слоў, і так мала ад усяго гэтага карысці... Але, зрэшты, я не збіраюся ўздымаць праблемы, шукаць герояў і вінаватых, патрабаваць, абвінавачваць і заклікаць. Я проста хачу расказаць пра тое, як гэта было са мной і маёй сям’ёю, які след Чарнобыль пакінуў у лёсе звычайнага “маленькага чалавека”. У некага, магчыма, гэты след больш глыбокі, у некага – не такі прыкметны. А ў нас было так...

 

1.     Першыя дні

 

Жылі мы тады ў Хойніках – невялікім гарадку на паўднёвым усходзе Беларусі, у Гомельскай вобласці. Той палескі куток славіўся сваімі цудоўнымі мясцінамі: грыбнікі-заўзятары, акрамя баравікоў, іншых грыбоў не бралі, лічылі гэта ніжэй уласнай годнасці; аматары ягад чарніцы з лесу цягалі кашалямі; рабакоў і проста адпачаваючых вабіла да сябе сваёй велічнай прыгажосцю каралева-Прыпяць. Цяпер усё гэта нельга ўспамінаць без сардэчнага болю: цудоўная палеская прырода рукой чалавека за адно імгненне з найлепшага сябра была пераўтворана ў злейшага ворага. І апусцела Прыпяць, пазарасталі травой ды хмызняком патаемныя сцежкі грыбнікоў...

Але гэта сталася пазней, калі нябачная і амаль нячутая датуль радыяцыя пасяліла ў душах людзей адвечны страх. А ў красавіку 1986-га прадказаўшага такую будучыню маглі б назваць вар’ятам.

...Вясна ў 1986 годзе была незвычайна цёплая. У невялікім садзе, што пасадзілі мы каля сваёй толькі-толькі пабудаванай хаты, ахінуўся белым вэлюмам  абрыкос, вось-вось гатовы былі выпырснуць на волю першыя кветачкі на маладзенькай яблыньцы. Выпусціў разныя ізумрудныя лісты вінаград, які густа аплятаў вяранду. Сакавіта, як гэта бывае толькі напачатку вясны, зелянела трава. Да таго часу паспелі пасадзіць бульбу, цыбулю, моркву. Засталося толькі закінуць грады на агуркі ды памідоры.

26-27 красавіка былі выхаднымі. Муж паехаў у вёску дапамагчы бацькам. Мы з дзецьмі – сыну тады ішоў трэці гадок, дачцы тры месяцы пераваліла на другі – засталіся дома. Цяплынь стаяла такая, што ўседзець у хаце было немагчыма. Ды і навошта, калі вось яна, доўгачаканая вясна, сонца, радасць?

Малыя поркаліся ў пясочку, я займалася агародам. Калі сонца ўзнялося высока, вырашылі пазагараць: распранула да трусікаў дзяцей, сама надзела купальнік... Хто ж ведаў, што ў той дзень нельга было і носа на вуліцу высоўваць, а калі ўжо выходзіць, то захутаным па самыя вочы?

Падышла да нас суседка: мы з ёй былі зямлячкі – аднавяскоўкі,  і замуж – так ужо сталася – пайшлі ў адну вёску, а калі яшчэ і ў Хойніках лёс звёў на адной вуліцы, амаль па-суседску, то сталі амаль што раднёй. Пагаварылі пра тое- сёе. Ужо адыходзячы, Зіна сказала  між іншым:

--Да бацькоў сёння тэлефанавала. Кажуць, што аварыя нейкая ў Чарнобылі адбылася, на станцыі нешта ўзарвалася. І цяпер гарыць, зарыва віднеецца.

Трэба сказаць, што вёска Уласы, у якой жылі нашы бацькі і дзе прайшло дзяцінства, стаяла ледзь не на самай граніцы – кіламетры праз два за ваколіцай пачыналася ўкраінская тэрыторыя, і да Прыпяці – горада энергетыкаў, дзе была размешчана атамная станцыя, адтуль было рукой падаць – напрасткі кіламетраў пяць. У зорныя летнія дні на поўдні віднеліся зваблівыя агні горада, на якія пацягнуліся ў свой час многія хлопцы і дзяўчаты з нашага сяла.

Не стану маніць: пасля гэтага паведамлення сэрца не ёкнула – мы з дзецьмі працягвалі гэтак жа радасна ўбіраць у сябе шчодрае красавіцкае сонца, верачы, што гэта -- на здароўе. Толькі падумалася, што, магчыма, неяк узаемазвязана аварыя ў Чарнобылі і тое, што цэлы дзень у строгім парадку на паўднёвы ўсход ляцяць верталёты. Дзеці спачатку радаваліся, махалі ручкамі. А затым перасталі звяртаць увагу, заняліся іншым.

...Назаўтра на рабоце мяне сустрэў гул патрывожанага вулля. У кабінетах рэдакцыі, дзе я ў той час пачынала працаваць карэспандэнтам, у цэхах друкарні, якія знаходзіліся з намі ў адным будынку, на калідорах,  на лесвіцах гаварылі толькі пра адно – аварыю ў Чарнобылі. Ведаючыя – а такіх знайшлося нямала, сёй- той меў звычку слухаць “варожыя галасы”, у некага былі сябры, “набліжаныя да ўлады”– сцвярджалі, што аварыя адбылася куды больш небяспечная, чым пра тое маўчаць нашы “бацькі”. Называлі нават узроўні радыяцыйнага фону, казалі, што ў мясцінах ля нашай вёскі ён складае больш за рэнтген, ды і ў Хойніках значна павышаны. Праўда гэта ці не, многа гэта ці мала, а галоўнае, як ад усяго гэтага засцерагчыся, ніхто не ведаў. Ад аднаго да другога перадаваўся толькі адзін цудадзейны сродак: каб не нахапацца радыяцыі, трэба піць гарэлку. Многія недаверліва паціскалі плячыма, некаторыя смяяліся, як з удалага жарту, іншыя ж паспяшаліся “зрабіць прафілактыку”.

Усеагульны вірус трывожнай узбуджанасці заразіў і мяне. Стала вельмі страшна, а ад усведамлення невядомасці, незразумеласці надыходзячай бяды і арэолу патаемнасці, які яе ахутваў,  страх рабіўся проста панічным.  Найбольш спужалася за бацькоў – лічылася, што мы ў Хойніках, за цэлых паўсотні кіламетраў ад станцыі, амаль што ў бяспецы. А вось як яны там?

Патэлефанавала ў вёску суседцы. Голас у цёткі Марусі быў таксама ўстрывожаны. Яна расказала, што над вёскай увесь час лятаюць верталёты, садзяцца ў розных месцах, нейкія людзі ў вайсковай фарме і ў белым адзенні бяруць нешта ў пакецікі і шкляначкі, але людзям нічога не кажуць, толькі супакойваюць. Вясковая фельчарка ўсім перадае словы свайго начальства: трэба кіпяціць ваду з калодзежа і малако, а ў астатнім можна не турбавацца. Маці ж да тэлефона цётка Маруся паклікаць не змагла: яна пайшла на агарод перабіваць свежаўзараную скібу. (Потым гэтыя тры красавіцкія дні, што правяла мама на агародзе з капачкай, вернуцца да яе шматлікімі хваробамі, мноствам аперацый і пакут.)

У той дзень работы, лічы, не было. Усе займаліся тым, што збіралі, перадавалі адзін другому і разам абмяркоўвалі чуткі, якія наталялі інфармацыйны голад за поўнай адсутнасцю нейкіх паведамленняў, парад, рэкамендацый з афіцыйных крыніц. Не буду маніць, бо не ведаю, чым былі заняты ў тыя дні мясцовыя ўлады, але па радыё, як і раней, спявалі, праводзілі веснавую пасяўную, рапартавалі аб працоўных перамогах да Першамая...

Вечарам прыяцелька, якая працавала ў аптэцы, паведаміла яшчэ адзін сродак прафілактыкі: аказваецца, трэба піць ёд. Для чаго і навошта, было незразумела, але тое, што жонка першага сакратара райкома партыі набрала ў аптэцы цэлую сумку ёдзістых прэпаратаў, пацвярджала даставернасць інфармацыі. Прыяцелька і нам прынесла дзве бутэлечкі ёдзістага кальцыю, расказала, як яго ўжываць.

Пра тое, што тыя 50 кіламетраў, што аддзяляюць нас ад Чарнобыля, здольны ўратаваць нас ад бяды, ужо не гаварылася. Бяда была побач: яна вісела ў паветры, пагражала ўпасці нам на галовы з цёплым дажджом, ахутвала, забіралася пад адзежу з кожным подыхам ласкавага ветрыку, лезла ў рот і нос з вулічным пылам, падала з неба прамяністым сонечным цяплом.  Мы не столькі разумелі, колькі падсвядома адчувалі гэта. А дзеці не хацелі ні разумець, ні адчуваць: яны прасіліся на вуліцу, ў пясочак, капрызілі, што іх не пускаюць, не спалі... Пачуццё безвыходнасці і адчаю давіла сэрца. А яшчэ – віны: небяспека адчувалася амаль фізічна, а як яе пазбегнуць, як уратаваць дзяцей, што рабіць – мы, звычайныя жыхары горада, не ведалі. А тыя, хто ведаў, нам не гаварылі...

30 красавіка патэлефанавала маці і папярэдзіла, каб не ўздумалі прыязджаць на свята. Расказала, што іх ра-ранейшаму супакойваюць, быццам няма нічога страшнага, але ўжо забаранілі выганяць кароў на пашу і адправілі людзей з работы. А ў гэты дзень прыехалі забіраць дзяцей-школьнікаў – сказалі, што адправяць у лагер, бо ім у вёсцы знаходзіцца небяспечна. А дарослым сказалі не турбавацца, захоўваць спакой і парадак...

Расквечаны сцягамі горад між тым рыхтаваўся да першамайскай святочнай дэманстрацыі (яна, дарэчы, прайшла, як і звычайна, з паказушнай урачыстасцю, з заклікамі ЦК КПСС і крыкамі “Ура!”, і многія бацькі вялі за ручку, неслі на плячах і нават кацілі ў калясках дзяцей – паглядзець на свята). Але ўжо найбольш дасведчаныя перадавалі адзін другому, што той- сёй з кіраўнікоў раёна вывез сваіх дзяцей з горада – і тым самым было падказана выйсце астатнім. Вечарам на сямейным савеце было вырашана, што трэба і нам некуды ехаць, ратаваць дзяцей. Перабіраючы ў памяці ўсіх родных і блізкіх, вырашылі, што найлепшы варыянт –  Жодзіна, дзе жыў мой старэйшы брат. Меркавалася, што гэта ненадоўга, у крайнім выпадку, на некалькі дзён...

Сабраліся за лічаныя гадзіны. Але турбавала другое: як пакінуць горад? Аўтастанцыя ў тыя дні нагадвала вакзалы часоў грамадзянскай вайны. І літаральна кожны быў з дзецьмі... Залішне гаврыць, што ні на Мінск, ні на Гомель білетаў не было.

Але тут прапаганда зрабіла нам падарунак: напярэдадні па тэлебачанню быў паказаны рэпартаж, як паспяхова на станцыі ліквідуюцца вынікі аварыі, і людзі, якія прывыклі верыць таму, пра што гавораць па тэлевізару, пайшлі здаваць білеты. Нам пашанцавала: першага мая я з дзецьмі пакінула Хойнікі.

Сёння я думаю: можа, тая інфармацыя аб ёдавай прафілактыцы, якую мы амаль падпольна атрымалі на прыватным узроўні ад суседкі–аптэкаршы і тое, што своечасова “паддаліся паніцы”, і дазволіла пазбегнуць больш сур’ёзных вынікаў, чым маглі б быць? Хоць, зрэшты, хто ведае, чаго мы пазбеглі, а што нас яшчэ чакае...