“Музыка і слова – маё жыццё” – пад такім дэвізам адбылася творчая вечарына вядомага на Гродзеншчыне кампазітара, фалькларыста, паэта, народнага ўмельца  Яўгена Петрашэвіча.

У абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага сабраліся сябры- аднадумцы, творчая інтэлігенцыя горада, родныя і блізкія творцы. Меркаваная прэзентацыя кнігі Я. Петрашэвіча “Віншаванкі” перарасла ў шырокую цёплую бяседу. Сама прэзентацыя таксама даволі незвычайная, таму што звычайна прэзентуюцца сур’ёзныя паэтычныя зборнікі, раманы, гістарычныя ці культуралагічныя кнігі, і віншаваннкі-прысвячэнні здаюцца дробяззю. Але гэта не так, таму што ў кожным самым маленькім творы праглядаецца асоба аўтара, яго глыбіня і сутнасць, тое, як ён прыкмячае рысы і рысачкі чалавека, з якім пачуццём ставіцца да таго, каму адрасуе свой верш. І трэба сказаць, тут відавочна вялікае замілаванне і любоў, прыязнасць і тонкі гумар, мяккі  лірызм. Віншаванкі проста працяты народнай мудрасцю, іх можна назваць віншаванкамі-мудрынкамі.

У кнізе некалькі раздзелаў: прысвячэнні радні, музыкам, паэтам, мастакам, артыстам, народным творцам, сябрам і сяброўкам, творчым калектывам, з якімі Яўген Канстанцінавіч шмат гадоў супрацоўнічае. Усе, хто прыйшоў на вечар, атрымалі шчодры падарунак ад аўтара – яго кнігу з віншаванкамі. Прысутныя не засталіся ў даўгу, адказаўшы  аўтару добрымі словамі падзякі, цёплымі ўспамінамі пра супрацоўніцтва і вершамі, прысвечанымі гэтаму таленавітаму самародку, аўтару вялікага набытку: тры кнігі вершаў, вялікая колькасць  зборнікаў песень, харавых твораў, музычных балад. Пра гэта сведчыла выстава, падрыхтаваная аддзелам краязнаўства абласной бібліятэкі, а таксама выкананне твораў Яўгена Петрашэвіча  ансамблямі “Зарачанка” пад кіраўніцтвам Веры Кунцэвіч, “Гармонія” – мастацкія кіраўнікі Наталля і Анатоль Шамлі, Людмілай Кебіч і самім аўтарам.

Шчыра, цёпла, узнёсла… Радасна ад таго, што такі высакародны чалавек жыве і творыць у нашым горадзе, сціпла робіць сваю справу. Не думаючы ні пра якія званні і ўзнагароды. Жыве як сапраўдны чалавек, як беларус.