Літаратурныя падарожжы

 

Да патрыярха роднай мовы і паэзіі

 

Нас не край далёкі кліча

Вывучаць чужы нам звычай,

Нас чакае ў нашым краі

Родны наш народ.

 

Гэтыя вершаваныя радкі Францішка Багушэвіча змешчаны на адным са стэндаў яго музея-сядзібы ў Кушлянах. Нашчадкі яго ідэй і прадаўжальнікі справы захавання нацыянальнай самасвядомасці з асаблівым душэўным хваляваннем пераступаюць заўжды парог такога святога для кожнага сапраўднага беларуса дома. І кожны раз па-рознаму грае дудка ў руках дырэктара музея, паэта Алеся Жамойціна. Для нядаўніх падарожнікаў яна грала неяк асабліва душэўна.

А наведаліся на госці да Мацея Бурачка пісьменнікі і музейныя работнікі. Так званая творчая брыгада ў складзе беларускіх паэтаў Генадзя Пашкова, Алы Клемянок, барда Анатоля Кудласевіча, літаратурнага крытыка Таццяны Студзенкі на чале з загадчыцай аддзела навуковай асветы дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзіяй Шагойка на мінулым тыдні пабывалі ў Смаргоні, Кушлянах і суседніх Жупранах. Жывыя кветкі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі члены дэлегацыі ўсклалі да помніка Францішку Багушэвічу ў смаргонскім парку і на магілу паэта ў Жупранах.

У Жупранскай сярэдняй школе, якая носіць імя Францішка Багушэвіча, гасцей віталі беларускімі вершамі, спевамі, а выхаванцы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры і кіраўніка школьнага музея Галіны Лукшы правялі цудоўную экскурсію. Сваіх юных экскурсаводаў дапоўніла кіраўніца музея, прывёўшы шмат цікавых фактаў з біяграфіі нашчадкаў Багушэвіча і з гісторыі школы.

А затым сваю праграму прапанавалі госці. Вершы, прысвечаныя роднай мове, чыталі Генадзь Пашкоў і Ала Клемянок, а Анатоль Кудласевіч, дастаўшы гітару, выканаў некалькі песень, у тым ліку і “Хмаркі”, напісаную на верш слыннага паэта-дэмакрата. Яшчэ паэт-бард прэзентаваў сваю новую кніжку прозы “Пераход”. Некалькі сваіх кніжак госці падарылі школьнай бібліятэцы. Таццяна Студзенка - журналіст і літаратурны крытык, выкладчык інстытута журналістыкі і часты аўтар артыкулаў штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” - выказала сваё меркаванне адносна постаці пачынальніка беларскай літаратуры Францішка Багушэвіча.

Вяла імпрэзу Лідзія Шагойка, якая шчодра аздобіла выступленні Багушэвічавымі вершамі і звярнулася да прысутных з заклікам любіць і берагчы родную мову, каб зберагчы сваю адметнасць, свой нацыянальны гонар.

 

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.