Напрыканцы вясны пабачыла свет новая кніга члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганны Скаржынскай-Савіцкай “Прыгоды хамячка Тошкі”. Выйшла яна ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” ў Мінску накладам у 2 тысячы экзэмпляраў. Прыгожая, каляровая, са шматлікімі малюнкамі кніга адразу прыцягнула ўвагу маленькіх чытачоў і ўжо амаль знікла з кнігарняў. Так што выдаўцы задумваюцца над тым, каб паўтарыць тыраж. Вядома ж, што не знешні выгляд кнігі, хаця і гэта вельмі важны фактар, захапляюць дзяцей. Цікавыя прыгоды хатняга хамячка, які доўгі час жыў у клетцы і які аднойчы выпадкова трапіў на волю, зваліўшыся з балкона, не могуць пакінуць абыякавымі чытачоў. І яны разам з адважным звярком заглыбляюцца ў цікавы свет раслін і жыцця жывёл, вандруюць па розных мясцінах, трапляюць у непрадказальныя сітуацыі, з імі здараюцца вясёлыя прыгоды. Кніга напісана з вялікім замілаваннем да дзяцей, роднага краю, шмат чаму вучыць, нагадвае, над чым задумацца.

Мы шчыра рады за сваю калегу, нашу гродзенскую дзіцячую пісьменніцу, і жадаем ёй далейшых поспехаў і цікавых новых кніг!