Мар’ян
Дукса – вядомы беларускі пісьменнік – першымі красавіцкімі днямі адзначае свой
70-гадовы юбілей.
Мар’ян
Мікалаевіч нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага
раёна. Закончыў завочна філалагічны факультэт БДУ. Жыве ў вёсцы Солы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Усё жыццё працаваў настаўнікам
беларускай і рускай мовы і літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў з 1969 года.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Куляшова.
Першы верш быў апублікаваны ў
мядзельскай раённай газеце “Савецкая вёска” у 1960 годзе. Мар’ян Дукса
рэгулярна выступае з вершамі ў “ЛіМе”, “Полымі”, “Маладосці”, “Нёмане”, “Аve Mariа” і
“Нашай веры”. Усяго выдадзена 17 кніг паэзіі, з іх чатыры для дзяцей, адна ў
перакладзе на рускую мову. Кніга “Заснежаныя ягады” у 1990 годзе была адзначана
Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. Вершы друкаваліся і за межамі
Беларусі ў перакладзе на рускую, украінскую, балгарскую і польскую мовы.
Паэзія Мар’яна Дуксы вызначаецца
высокай духоўнасцю, абвостраным адчуваннем часу. Фармальныя пошукі для паэта
ніколі не з’яўляліся галоўнымі, на першым плане ў яго заўсёды стаіць думка,
ідэя. Лірычны герой паэзіі М. Дуксы – гэта чалавек высокіх маральна-этычных
якасцей, неабыякавы да лёсу сучаснікаў і Радзімы. Спасціжэнне Бога, пошукі
адказаў на складаныя духоўныя пытанні, як, напрыклад. у кнізе “Прыйсці да
алтара”, надаюць яго паэзіі светласці, узрушанасці і ўзнёсласці.
Мар’ян Дукса вядзе актыўную грамадска-культурную
і асветніцкую дзейнасць: выступае перад грамадзянамі розных узроставых
катэгорый вобласці і раёна, з’яўляецца членам Савета Гродзенскай абласной
арганізацыі пісьменнікаў.
Пісьменнікі Гродзенскага абласнога
аддзялення віншуюць Мар’яна Мікалаевіча з гэтай юбілейнай датай і жадаюць яму
моцнага здароўя, радасці, вясновага настрою і надалей шчаслівага ўзыходжання на
літаратурныя вяршыні!
Вось толькі
некалькі ссылак у інтэрнэце, дзе асвячаецца творчасць нашага калегі
http://vershy.ru/category/maryan-duksa
http://www.stihi.ru/2012/01/30/2485
http://traditio-ru.org/wiki/%D0%9C%D0%B0%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BD_%D0%94%D1%83%D0%BA%D1%81%D0%B0
http://media.catholic.by/nv/n16/art13.htm