ПАЭЗІЯ
КРЫТЫЧНАГА РАДКА
Водгук на водгук
У нядаўнім чарговым нумары
штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (23.08.2024) надрукаваны артыкул
літаратуразнаўцы, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліны Сабуць пра кнігу вершаў Мікалая Іваноўскага «Духмяны падарунак» (2023). Гэта цікавая
паэтычная кніга вядомага гродзенскага паэта ўшанавана тым, што была
прадстаўлена ў шэрагу іншых кніг-кандыдытаў (намінацыя «Дзіцячая літаратура»)
на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Таму водгук
на літаратурнае выданне нашага калегі і земляка з’яўляецца, на мой погляд,
актуальным для азнаямлення шырокага кола чытачоў з гэтай цікавай, арыгінальнай
дзіцячай кнігай.
Вядома ж, я знаёмы з папярэднімі крытычнымі
артыкуламі Аліны Сабуць. Безумоўна, яна застаецца тым літаратурным крытыкам,
які ніколі не губляе сваё паэтычнае мысленне, калі бярэцца за грунтоўны,
дасканалы аналіз твораў. Як і раней, чытаю крытыка, а чую паэтку з
адметным мастацкім почыркам. Паэтычныя вобразы, як віньеткі, у пачатку сказаў,
ці арнамент на іх працягу, упрыгожваюць крытычны аповед Аліны Сабуць. Бо хто ж
яшчэ скажа, напрыклад, пра звыклае вясковае жыццё, як «рай вясковага ўлоння»? Іншы крытык
традыцыйна, па канонах напісаў бы, што раздзелы кнігі аб’яднаны нечым агульным,
ды не Аліна Сабуць! Таму што яна імкнецца падаць думку вобразна, асацыятыўна: «чароўнымі пацеркамі знітаваны ўсе пяць
раздзелаў…».
Мікалай Іваноўскі – не проста
дзіцячы паэт, а «чарадзей
дзіцячай творчасці». І гэта ўжо званне творцы, вершы якога ўдала
аб’яднаны суцэльнай творчай ідэяй. Нават сам паэт, заўважым, лясныя ягады
малюе, як салодкія, духмяныя, сакавітыя, а ў сваім крытычным артыкуле славесны
малюнак з журавінамі Аліна Сабуць упрыгожвае словамі «дзівосная каралеўна беларускіх балотных лясоў».
А пчолы? Мы любім іх мёд,
можам з цікавасцю ўглядацца, як яны збіраюць нектар, пералятаючы з кветкі на
кветку, але ж… мы ўсе баімся іх гудзення недзе каля сябе. І тут… якое
гудзенне?! Крытык умее падмеціць непасрэднае аўтарскае бачанне: «прыветлівы пчаліны звон»! Для нас,
бадай што ўсіх чытачоў, званы – гэта голас царквы, гэта сімвал святасці і
духоўнасці. Пчолы ж – сімвал працавітасці. І толькі крытык-паэт можа параўнаць
працавітасць з нечым боскім і сказаць пра іх «як пра самых дарагіх двухкрылых істот, ахвярных і дабраславёных боскай
ласкай».
Далей крытык гаворыць не
проста пра мноства кветак, а пра «сіняе
мора льняных вачаніц», не
проста пра снежны дзень у вершах аўтара, а пра «дыяментавае срэбра зімовага дзянька». Чытача артыкула не так «спакушае пейзажнае хараство” вершаў, пра якія і напісаны артыкул, а
ўражвае, натхняе хараство вобразнасці слоў артыкула. У сваім тэксце Аліна
Сабуць гаворыць пра «рознагалосы
і шматфарбны свет» вершаў паэта Мікалая Іваноўскага. Рознагалосы свет…
Сапраўды, у паэтычных радках які ж рознагалосы бывае свет метафар!
Потым паэтычная крытыка Аліны Сабуць знаёміць нас з
чарговай гранню паэтычнага слова Мікалая Іваноўскага – з яго музычнасцю. Не,
аўтар артыкула не піша непасрэдна пра музыку вершаў, яна падкрэслівае іх
гучанне прыгожымі абагульненнямі: «гучным
акордам пранізаны паэтычныя радкі…», «мажорнай жыватворнай танальнасцю
аздоблены зварот паэта да будучых пакаленняў».
Аўтарка піша, што вершы
Мікалая Іваноўскага могуць «ашчаслівіць
нашых маленькіх чытачоў духмяным райскім водарам». Сапраўды могуць! Бо мы,
дарослыя, чытачы артыкула, ужо маем шчасце чытаць пра гэта. А што ўжо казаць
пра дзяцей з іх непадробна шчырым ранішнім мысленнем!
У сваёй працы «Крытыка здольнасці меркавання» нямецкі філосаф, знакаміты мысляр
эпохі Асветніцтва Імануіл Кант справядліва заўважае: «Ацэнка прыгажосці
не можа быць аб’ектыўна даказана ці вымерана, яна хутчэй залежыць ад
суб’ектыўных унутраных перажыванняў і густу кожнага чалавека». Чытаючы артыкул Аліны Сабуць, разважаю пра яе
«здольнасць меркавання» і прыходжу да высновы, што ўласныя пісьменніцкія
крытэрыі ацэнкі прыгажосці ляжаць недзе ў глыбіні яе прыгожага светапогляду і
тонкага густу крытыка.