Гродзенскае абласное аддзяленне пісьменнікаў папоўнілася
новым сябрам: 28 мая прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Антон
Янкоўскі. Малады паэт піша на беларускай мове вершы і прозу. Ён аўтар дзвюх
кніг паэзіі “Анёл з васільковымі вачыма” і “Белыя рамонкі”. Яго апавяданні
друкаваліся ў “ЛіМе” і часопісе “Маладосць”, газетах “Гродзенская праўда” і
“Воранаўская газета”.
Антон Юр’евіч працуе выкладчыкам рэжысуры ў Гродзенскім
дзяржаўным каледжы мастацтваў, захапляецца гісторыяй роднага краю, стварыў відэафільм
пра родную вёску Нача, мае свой блог, сваё бачанне свету, дакладна ўсведамляе
сваю ролю і прызначэнне ў жыцці, гарачы патрыёт сваёй радзімы. Такім мы бачым
цяпер ужо нашага калегу і жадаем яму новых творчых дасягненняў і ў літаратуры,
і ў рэжысуры, і ў выкладчыцкай дзейнасці. Здароўя, асабістага шчасця, моцных
крылаў!