Род і народ
Звеставанне
У нашых мясцінах вядомы чатыры гадавыя святы, падчас якіх катэгарычна
забаранялася рабіць якую-небудзь справу. Гэтыя дні прысвячалі Богу, людзі
маліліся ў храмах, а дома святкавалі і адпачывалі. На Каляды, Дабравешчанне
(Звеставанне), Вялікдзень і Сёмуху не падмяталі і не мылі падлогу ў хаце, не
палілі ў печы, не гатавалі есці ні сабе, ні жывёле. Яду рыхтавалі загадзя,
загадзя прыбіралі і вычышчалі ў пакоях. Засцерагальным сродкам ад бруду, што з
чаравікамі ўсё ж прыносіўся ў дом, было насціланне на падлогу яловых лапак на
Каляды, а на Сёмуху лістоў явара.
Але сёння гаворка пра Дабравешчанне. Фактычна ў гэтым свяце
закладзены карані хрысціянства. Назва тлумачыцца як “добрая вестка”, як
папярэджанне аб нараджэнні Сына Божага на зямлі. Беларусы ў гэты дзень
адзначалі памяць прылёту Анёла да Дзевы Марыі, а не прылёт з выраю птушак, як
гэта сцвярджаюць асобныя фалькларысты. Праваслаўнае Дабравешчанне заўсёды бывае
7 красавіка, напачатку другога месяца вясны. Таму смешным здаецца факт яго
прымеркавання да гукання вясны па народным календары. Якое гуканне, калі вясна
ўжо тут?
Такім чынам, вобраз птушкі атаясамліваецца хрысціянскім народам са Святым
Духам, а Звеставанне – свята ўшанавання Святога Духа.
Сімвалам Анёла, істоты з крыламі, сталі мучныя вырабы, булачкі ці пернікі ў
выглядзе птушачак. Выпякаліся яны напярэдадні свята. А частавалі імі дзяцей. З
гэтым звычаем перагукваецца традыцыя, па якой у адведкі да парадзіхі неслі не
пірагі, а менавіта булачкі ці пернікі. Вось і перад Звеставаннем пяклі прысмакі
менавіта для дзяцей, таму што дарослыя захоўвалі пост.
Калі паглыбіцца ў сэнс народнай культуры, то можна адкрыць для сябе шмат
цікавых і карысных момантаў. Хоць бы ўзяўшы за прыклад пекарскую справу.
Прыцягваючы да сумеснай справы дачок, гаспадыні не проста перадавалі свае ўменні,
але і прывівалі дзяўчаткам жаданне да самастойнай творчасці. Такія ненавязлівыя
ўводзіны ў свет мастацтва, няхай і прымітыўнага, спрыялі фарміраванню густу,
творчых задаткаў, развіццю пластыкі рук і вокамера. Непрыкметна жанчына яшчэ
далучала дзіця да гісторыі рэлігіі, бо расказвала пра анёла, пра Ісуса Хрыста,
пра ўсё, што сама чула ад святароў, ад маці і сваіх настаўнікаў.
Па ўзроўню мастацкай творчасці народа прынята меркаваць пра культуру
краіны, ступень яе эстэтычнага развіцця, таленавітасці насельнікаў. У розных
кутках Беларусі захаваліся яркія прыклады адоранасці, таленавітасці,
унікальнасці мыслення народных умельцаў. Даследчыца народнай культуры Марыя
Жабінская ў сваіх кнігах прыводзіць шмат пацверджанняў таму. Напрыклад, згадвае,
што на Смаленшчыне і Беласточчыне выпякалі булачкі з назвай “жаваронак”.
Майстравалі іх так. Адрывалі кавалак цеста і раскатвалі ў круглы пасак пэўнай
даўжыні, ад чаго залежыў памер “жаваронка”. Потым левы канец прыпадымалі правай
рукой і неслі ўправа, рабілі пятлю, засоўвалі канец праз яе наверх, а на канцы
ляпілі галоўку з дзюбкай, замест вочак умацоўвалі сушаныя суніцы ці чарніцы.
Другі кончык паска разразалі – атрымліваўся хвосцік.
А вось у некаторых раёнах Жыткавіцкага раёна кабеты выпякалі булачку
“ластаўка”. У Пружанскім раёне да Звеставання рыхтавалі пернікі пад назвай
“перапёлачка”. У вёсцы Моталь Іванаўскага раёна і сёння рыхтуюць святочнае
печыва, якое называецца “лапкі буські” або “лапкі бусла”. Яго рыхтуюць так:
адрываюць невялікія кавалкі цеста, крыху скатваюць у далонях, кідаюць так, каб
прыплюснутай аказалася аснова; з аднаго боку цеста наразаюць нажом тры разы, крыху
адцягваючы, каб атрымалася нібы лапка з пальчыкамі.
Аднойчы на маё пытанне, чаму мае булачкі і печыва не такія смачныя і
апетытныя, хоць зробленыя па аднаму рэцэпту, мая бабуля адказала: “Бо ты без
малітвы ўсё робіш, без шчырых зычанняў таму, хто есці іх будзе”. І прыгадалася
мне, што сапраўды, завіхаючыся каля пірагоў, бабуля ўвесь час нешта мармытала
сабе пад нос. Што да мамы, то яна заўжды спявала на кухні, і пірагі маміны былі
саладзейшыя. Мусіць ад песень – вырашыла я. Ва ўсялякім разе так лічыла, што ад
песень саладзеюць, а не таму, што бабуля цукру не дадавала ў цеста. І тут
устойлівае выказванне “соладка спявае” знаходзіла сваё рэальнае ўвасабленне.
А калі сур’ёзна гаварыць, то чым, як не прыгожымі спевамі можна душу
пасаладзіць і ўлагодзіць. У нашым краі песні вясновага цыклу называюцца вяснянкамі.
І большасць з іх пачынаюцца зваротамі да Госпада, што яшчэ раз сведчыць пра
набожнасць тутэйшага люду:
Благаславі, Божа,
Вясну красну пеці
На ціхае лета,
На буйное жыта,
Каб наша жыта
У трубы павілося,
Набок схілілося…
Ала КЛЕМЯНОК.