Дзе вітаецца з Нёманам Вісла
Гэта падарожжа на Сувальшчыну стала магчымым дзякуючы беларуска-польскаму трансгранічнаму праекту “Камунікацыі без межаў”, на мэце якога стварэнне турыстычна-інфармацыйнай сеткі для аматараў актыўнага адпачынку. Праект
фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Па разнастайных
праграмах навучаюцца групы, у якія ўваходзяць прадстаўнікі
ўлады, спецыялісты турыстычных агенцтваў і цэнтраў, журналісты і, наогул, усе,
хто нейкім чынам працуе на развіццё турыстычнага бізнесу.
У нашу суполку былі запрошаны намеснікі старшынь райвыканкамаў
і журналісты з тых рэгіёнаў Гродзеншчыны, дзе мяркуецца адкрыццё
інфармацыйна-турыстычных цэнтраў накшталт Гродзенскага абласнога. Забягаючы
наперад, хачу адразу зазначыць, што падобныя цэнтры на Сувальшчыне існуюць у
кожнай гміне, або па-нашаму – у кожным сельсавеце. Смаргонь увайшла ў спіс
перспектыўных гарадоў для развіцця турызму. Але адкрыццё цэнтра не будзе мець
сэнсу, калі яго не падтрымаюць мясцовыя ўлады і не будзе падрыхтаваных
спецыялістаў, каб там працаваць. Таму ў межах праекта
і былі запланаваны азнаямляльныя паездкі і спецыяльныя навучальныя семінары.
Два
суседнія рэгіёны Беларусі і Польшчы, Гродзеншчына і Сувальшчына, шмат у чым падобныя прыродна-кліматычнмі ўмовамі, і асабліва
тым, што тычыцца блізкага і далёкага мінулага. На гэтых тэрыторыях у
старажытныя часы жылі нашы агульныя продкі – яцвягі, мы мелі агульных князёў літоўскіх, а таксама каралёў Рэчы Паспалітай. Асабліва
блізка злучае абодва рэгіёны выдатны помнік нашай агульнай гісторыі – адноўлены
і эксплуатуемы сёння Аўгустоўскі канал. Гэтым
незвычайным шляхам наша група і накіравалася ў суседнюю краіну.
Па нейтральнай воднай паласе
Такі штамп у пашпарце побач з візай мала хто мае з нашых землякоў, бо за межы Беларусі пераважная большасць кіруецца
аўтатранспартам ці самалётам. У
першых на штампіку намаляваны аўто, у другіх – самалёцік. А нашы пашпарты
ўпрыгожылі караблікі. Гэта першая адметнасць падарожжа па Аўгустоўскаму
каналу, хоць і не на караблі ішлі па воднай артэрыі, а на байдарках. Байдарка
па-польску – каяка, але асобныя мае калегі, якія
ўпершыню селі за вёслы, жартам называлі лодку “каюк”. Я не
перабольшвала небяспеку, таму што мела калісьці добрую практыку водных паходаў,
заставалася толькі ўспомніць маладосць. Дапамагалі і падстрахоўвалі нас
на вадзе інструктары-воднікі, сябры рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза.
Старшыня
Гродзенскага аддзялення гэтай грамадскай арганізацыі, майстар спорту Сяргей Ціхановіч правёў інструктаж, папярэдзіў, каб трымаліся
правага (беларускага) берага. Менавіта ад вёскі Лясной мяжа з Польшчай
праходзіць непасрэдна па каналу. Берагі з абодвух бакоў абсталяваны
спецыяльнымі камерамі назірання, таму любы левы ўхіл
можа тлумачыцца як спроба несанкцыяніраванага перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Прыгадалася, што будаваўся калісьці канал, каб злучаць, а не каб раздзяляць.
Без малога дзвесце
гадоў таму расійскі цар Аляксандр I прыняў рашэнне аб рэалізацыі праекта па
будаўніцтве акружнога воднага шляху ў абход Прусіі, бо берлінскі ўрад увёў
высокія мытныя падаткі, што перашкаджала дастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі
ў балтыйскія парты. Такім чынам, ідэя стварэння Аўгустоўскага
канала звязана з эканамічнымі праблемамі Каралеўства Польскага, якое ўваходіла
ў склад Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што гэты “націск” меў станоўчыя
наступствы і ўжо ў 1825 годзе прускія мытныя зборы насілі толькі сімвалічнае
значэнне, водны шлях быў створаны і адпавядаў дасягненням еўрапейскай
цывілізацыі. Прайшоў ён праз прыток Віслы Нетту, які
ўпадае ў Бебжу, а затым, дзякуючы штучным каналам з сістэмай шлюзаў, праз азёры
Аўгустоўскай пушчы выйшаў да ракі Чорная Ганьча, якая і злучыла яго з Нёманам.
Моцна пашкоджаны
канал быў падчас Першай і Другой сусветных войнаў. З
2004 года па ўказу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пачалася рэканструкцыя
беларускай часткі канала. Яго аднаўленне стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця
міжнароднага турызму і арганізацыі зон адпачынку. Мэтай нашай дэлегацыі і было
якраз вывучыць вопыт польскага боку па арганізацыі турыстычнай інфраструктуры
на Сувальшчыне.
Хачу адзначыць,
што пераход дзяржаўнай мяжы такім чынам намнога
прасцейшы і хутчэйшы. Хоць кіраўнік праекта з беларускага боку Сяргей Каляда
ўвесь час хваляваўся, бо кожны раз падчас сплаву выяўляюцца нейкія новыя
непаразуменні, прычым пераважна з польскага боку, тым не менш, праверка
дакументаў заняла значна менш часу, чым гэта бывае на
аўтамабільных пагранпераходах.
Наш маршрут
уключаў два шлюзы, два разы мы заходзілі на байдарках у спецыяльныя адсекі, дзе
чакалі, пакуль узровень вады падымецца і праз расчыненыя вароты мы зможам
працягваць свой шлях. Дзіўнае ўражанне, калі шлюз напаўняецца вадой і твая
байдарка ўзнімаецца ўсё вышэй і вышэй, а пена ад вадаспада акружае з усіх
бакоў, паўзе на корпус лодкі. Каля шлюза Кужынец нас
сустракала каардынатар праекта з польскага боку Рэната Закрэўска. Прайшоўшы
пагранкантроль з польскага боку, мы развіталіся з нашымі інструктарамі і
накіраваліся да аўтобуса, які павёз нас праз Аўгустоўскую
пушчу ў Сервы. У гасцініцы “Альбатрос” мы правялі першую
ноч на польскай зямлі.
Дарэчы, гасцініца
пабудавана часткова на сродкі Еўрасаюза. Побач добраўпарадкаваная тэрыторыя, абсталяваныя пляцоўкі для
гульні ў валейбол, баскетбол, прыгожы прычал, на якім раніцой займаюць свае
месцы аматары рыбнай лоўлі.
Бітва
на Чорнай Ганьчы
Менавіта так назваў свой фотатрылер пра наш сплаў ад возера Вігры
па
Чорнай
Ганьчы
Сяргей
Плыткевіч, галоўны рэдактар часопіса “Дзікая прырода”. Мая
калега з Навагрудскай газеты Святлана Грэкава, з якой мы плылі
ў пары і давалі шмат падстаў для “падколак” з боку іншых падарожнікаў,
праз пару дзён пасля вяртання на радзіму прыслала мне назву сайта, дзе
размешчаны наш “зорны” паход. Бітву справакавалі не
мы, а мясцовыя лебедзі, якія нахабна ўзнікалі на нашым шляху, з-за чаго
неаднаразова наша байдарка збівалася з курсу, трапляючы ў зараснікі прыбярэжных
кустоў і трыснягу. Пазней мы зразумелі, што птушкі проста
“папрашайнічалі”, бо частыя падарожнікі падкармлівалі іх булачкамі. Далёка
хадзіць за булачкамі не трэба, бо тут жа на беразе імі гандлявалі мясцовыя
кабеты.
Свой маленькі
бізнес робяць паўсюдна многія вясковыя жыхары, і не абавязкова ў сферы
грамадскага харчавання. Напрыклад, адзін местачковец з Віграў напісаў
міні-праект і атрымаў ад Еўрасаюза пэўную суму на
стварэнне ў былым гаражы турінфацэнтра. Другі за грошы гранда набыў кацер са
шкляным дном. Цяпер возіць на прагулкі па возеру турыстаў. Прычым, на працягу
сямі гадоў не мае права прадаць або перадаць камусьці іншаму гэты кацер. А ў тым
месцы, дзе сыходзяцца межы трох дзяржаў - Польшчы, Літвы і Расіі, устаноўлены
памятны слуп. Вось толькі дайсці да яго можна, заплаціўшы грошы пану гаспадару
зямлі, па якой вядзе сцежка да помніка. Мясцовыя ўлады ўсяляк падтрымліваюць
такія прыватныя ініцыятывы, каб толькі народ не з’ехаў, як у суседняй Літве, на
заробкі ў Еўропу. Таму і сустракаюцца на кожным кроку
інфармацыйныя кіёскі, пляцоўкі для агляду і назірання
за флорай і фаўнай, палатачныя паляны, аграсядзібы. Затое і берагі азёр, рэчак і каналаў дагледжаныя, добраўпарадкаваныя. Добра
і турыстам, і мясцовым жыхарам.
Так,
за грошы Еўрасаюза ў вёсцы Пласка пабудаваны буйны турыстычна-інфармацыйны
цэнтр, а побач з ім - шыкоўны школьны стадыён з вялікай трыбунай, якая служыць
адначасова дахам для раздзявалак, душавых і нават саўны. А
вось аквапарк у Сувалках, куды нас, усхваляваных і крыху стомленых,
прывезлі пасля рачнога пахода па Чорнай Ганьчы, мае ажно дзве саўны: турэцкую і
фінскую. Яшчэ там процьма разнастайных басейнчыкаў з падводным масажам, водных горак і атракцыёнаў на любы густ. Кошт
білетаў заніжаны ў два разы, таму прыбытку ад гэтага аб’екта няма. Але
на гэты крок мясцовыя ўлады ішлі свядома, бо галоўнае – прыцягнуць сюды людзей
з невысокім даходам. Ёсць нават спецыяльныя дні, калі
ўваход бясплатны для інвалідаў і моладзі.
Ад Віграў да Шэльментаў
Невялікая вёска Вігры стала знакамітай, дзякуючы манастыру, які знаходзіцца
на паўвостраве возера з аднайменнай назвай. Манастырскі ансамбль – найвялікшы
комплекс Сувальшчыны. У 1667 годзе кароль Ян Казімір заснаваў на востраве
манастыр камядулаў. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай манахі вымушаны былі пакінуць Вігры. Толькі пасля Другой
сусветнай вайны яго аднавілі і рэканструявалі. Зараз гэта вызначальны
турыстычны аб’ект Сувальшчыны. У 1999 годзе сюды наведваўся Папа Ян Павел ІІ, і
цяпер сціплыя пакойчыкі, дзе знайшоў прытулак Папа Рымскі, ператвораны ў музей.
Для прыцягнення
турыстаў развіццё інфраструктуры працягваецца і пашыраецца. У кожным ваяводстве існуюць свае інвестыцыйныя аддзелы, якія
рыхтуюць разнастайныя праекты. Той, хто выйграе конкурс, атрымлівае значную
фінансавую падтрымку. Конкурсы адкрытыя, іх правядзенне строга
кантралюецца.
Чэшка па
нацыянальнасці, пані Іванна, мела невялічкую дачу на беразе ракі. Разам з мужам
яны добраўпарадкавалі месца, вырылі штучны вадаём, упрыгожылі пляцоўку рознымі
элементамі паркавага дызайну. А затым падрыхтавалі праект па развіцці
інфраструктуры турызму. У выніку, з-за таго, што ва ўсёй гэтай вёсцы не было
месца, каб размясціць, напрыклад, турыстаў цэлага
аўтобуса, Еўрасаюз выдзеліў ажно 90 адсоткаў ад неабходнай для будаўніцтва
домікаў сумы. У пані Іванны нас кармілі смачным абедам з нацыянальных польскіх страў. Быў нават дэсерт. Пасмакавалі нацынальных страў і на іншых аграсядзібах. Ветлівыя гаспадары гасцінна
запрашалі яшчэ раз наведацца да іх, а папутна расказвалі пра тыя цікавыя
аб’екты, якія можна паглядзець у ваколіцах. І паглядзець, і атрымаць “печонтку”
ў спецыяльны пашпарт падарожніка. Каб стымуляваць вандроўнікаў і зацікавіць іх
наведваннем найбольшай колькасці культурна-гістарычных і прыродных аб’ектаў,
супрацоўнікі інфацэнтраў прыдумалі гэты ход – пашпарт,
дзе пазначаецца штэмпелем мясціна, куды падарожнікі завіталі. Таму, хто
назбірае ўсе магчымыя “печонткі” (штэмпелі), уручаецца спецыяльны прыз –
каштоўны падарунак. Ёсць для ўладальнікаў такіх пашпартоў і свае льготы. Пра тое, што гэта ідэя мела падставу існаваць, сведчыць факт
нашага захаплення. Нават салідныя прадстаўнікі райвыканкамаў паддаліся спакусе
набраць больш “печонтак” і трымалі пашпарт падарожніка разам з беларускім.
Начавалі мы ў
цэнтры спорту і адпачынку “Шэльмент”. Гэта штосьці накшталт нашых беларускіх Сілічаў пад Лагойскам. Найбольшая колькасць адпачываючых
аматараў лыжнага спорту тут бывае зімой. Але і летам у
гасцінічным комплексе свабодных месцаў не стае. На адпачынак сюды прыязджаюць
аматары водных і веласіпедных паходаў. Адначасова з
намі жылі юныя спартсмены-карацісты, у якіх тут было штосьці накшталт летніка.
Дарэчы, цікавы факт: гэтак званы лыжны курорт “Шэльмент” часткова знаходзіцца
на датацыі. З бюджэту выдзяляецца роўна 50 адсоткаў
таго, што зарабілі за папярэдні год. Такім чынам, чым
большы прыбытак, тым большая будзе датацыя. Хіба не лагічна?
Што яшчэ
навучыліся рабіць палякі – гэта ўменне рэкламаваць не толькі культурныя
аб’екты, але і натуральныя ландшафты, мясціны некранутай прыроды, унікальныя
прыродныя заказнікі. Адначасова з далучэннем Польшчы да Еўрасаюза
ў 2004 годзе пачалося вызначэнне межаў тэрыторый, якія належаць да Еўрапейскай
сеткі “Натура-2000” – тэрыторыі з самымі каштоўнымі прыроднымі ўласцівасцямі ў
маштабе ўсёй Еўропы. Амаль уся Сувальшчына была ўзята пад ахову. Турысты маюць
магчымасць наведаць нацыянальныя паркі, заказнікі,
даліну камянёў, Аўгустоўскую пушчу. Дарэчы, па пушчы можна падарожнічаць і
спецыяльным цягніком па вузкакалейцы.
Галоўная мэта
нашай паездкі – садзейнічанне развіццю трансгранічнага турызму шляхам стварэння
на тэрыторыі прыгранічных раёнаў сеткі пунктаў турыстычнай інфармацыі.
Адначасова спецыялісты, што працуюць у сектары турызму, набіраліся
вопыту па ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі і ўсімі зацікаўленымі ў
супрацоўніцтве па развіцці турбізнесу. Застаецца спадзявацца, што
інфармацыйна-турыстычны цэнтр на Смаргоншчыне не толькі з’явіцца, але і стане
насамрэч каардынацыйным пунктам для прыцягнення замежных турыстаў і
задавальнення ў актыўных відах адпачынку мясцовых жыхароў.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота
аўтара.