ПАВОДЛЕ…

ВЕРШЫ.

***

Місія мая на гэтым свеце –

звязам быць у ланцужку жыцця,

і служу я не высокай мэце,

я - вышыняў сціплае дзіця.

Я – зямное пераўвасабленне

мар, памылак і надзей Тварца,

ёсць інтрыга ў маім з’яўленні,

у маіх пакутах без канца,

у настойлівым супрацьстаянні

сквапнасці і хцівасці зямной.

Божа, дай мне сіл на пакаянне,

задаволь любовію Сваёй.

 

 

1. БЫВАЙ, АЛЬБА РУТЭНІЯ

Сябру

Пагавары са мной на роднай мове.

Не лайся, не цурайся, не журыся,

а цёплай прастатой у кожным слове

пяшчотна мне да сэрца дакраніся.

 

Дай водар мне адчуць бароў і пушчаў,

духмянае паветра сенажаці,

дзе сонечныя промні колас лушчаць,

дзе клікае дадому голас маці.

 

Пагавары са мной на мове роднай,

такой квяцістай, срэбна-галасістай,

няхай не папулярнай і ня моднай,

але затое годнаю і чыстай.

 

Пагавары са мною, мілы дружа,

алеем родных слоў лячы мне раны…

Няхай навокал вар’яцее сцюжа –

нас ахінае дзіўная нірвана.

 

На Дзяды

Запалю надвячоркам грамнічную свечку,

кожны кут у кватэры ёй перажагнаю.

Сёння варта падумаць, успомніць аб вечным,

сёння прыйдуць жаданыя госці – я знаю.

 

За сталом сабяруцца мае ўсе ўспаміны,

памяць продкаў і памяць жывая аб продках,

сёння самыя важныя ў свеце навіны

нам заменяць з куфэрка бабулі знаходкі.

 

Саматканы абрус са стала звесіць крылы,

перапечкі на ім ды кілішачкі з квасам.

Хай закруціць віхор нас прыемны і мілы,

сёння з вечнасцю мы размаўляем сам-насам.

 

А за шыбамі першага снегу пушынкі

з чорнай бездані неба ляцяць, як анёлы,

ды па свечцы грамнічнай збягаюць слязінкі

мо, па нас – па жывых,

мо, па іх – па памерлых.

 

Мой Бог

Мой Бог – Ён, як адзінае каханне,

схаванае ад поглядаў чужых;

маё натхненне і маё адхланне,

мой першы смех і мой апошні ўздых.

 

Ён мне даруе, Ён мне выбачае

маю няўдзячнасць і мае грахі,

праз дні і ночы, поўныя адчаю,

яго святло пракладвае шляхі.

 

Ахвяраванняў Ён не патрабуе,

не пагражае пеклам, зыча рай,

днём не ўшчувае, ноччу не турбуе,

аберагае ад звярыных зграй.

 

Яго прысутнасць сэрцам адчуваю,

яго пяшчотай поўніцца Сусвет;

у прыцемках я без Яго блукаю,

з Ім не баюся прымхаў і прыкмет.

 

Лісты да Язэпа.

1.

Каб не запэцкала палы,

каб чаравікі не мачыла,

пад ногі мне падкінуў мілы

кажух ці плашч, ці два крылы.

 

Другі на рукі падхапіў

і перанёс цераз балота,

а мне зайздросцілі употай

усе, каго ён раньш насіў.

 

І толькі той, хто век чакаў,

хто ў палёты мае верыў,

у неба адчыніў мне дзверы

і прыступкаю сціпла стаў.

 

 

 

2.

Ты без слёз мяне плакаць вучыў –

як цымбалаў празрыстыя гулі,

ды музыка няўрымслівы быў,

і сяброўкі мяне не пачулі.

 

Ты вучыў мяне плакаць без слёз,

як у траўні квяцістым зязюлі,

ды вятрыска мой голас панёс –

мае дзеткі мяне не пачулі.

 

Навучыў цераз слёзы спяваць,

я скрозь слёзы смяяцца ўмею.

Просіш ты мае слёзы хаваць.

Я магла б. Толькі сэрцам счарсцвею.

 

3.

Над нашым лёсам чорны Ахеронт,

Ён паглынае памяці скарбонкі,

у небыццё вязе стары Харон

стагоддзяў летапісныя старонкі.

Вадой атрутнай з Леты пояць нас

пярэваратні, прагныя да ўлады,

і разбурае неадольны час

імёны і сядзібы, і прысады.

 

А над зямлёй Гісторыя гудзе,

звышрэактыўным лайнерам імчыцца,

нам не спыніць, не павярнуць яе,

што ж застаецца – лёсу пакарыцца?

А застаецца – зберагчы душу,

каб не баяцца плыць па Ахеронту.

Я памяць продкаў у сабе нашу

ды берагу імёнаў пазалоту.

 

Калі надыдзе час і мне ступіць

у лодку раўнадушнага Харона,

усё сынам пакіну, так і быць,

мне – толькі голас памінальны звона;

мне наўздагон, як промень - успамін,

пра тых, хто не пускаў мяне да Леты.

Няхай мяне даруе кожны сын –

я не аддам ім гэты сум свой светлы.

 

4.

“О, колькі іх на палях!

Але кожная квітнее па-свойму –

У гэтым вялікі подзвіг кветкі!”

Мацуо Басё.

На родных лугах, на палетках

збіраю ў букет словы-кветкі.

Мо ёсць прыгажэйшыя словы,

а я сваёй роднай мовы

валошкі, пралескі, рамонкі

і чырвань рабінавай гронкі

нібыта ў вянок уплятаю

у верш. Я мілейшых не знаю

ні песень, ні мовы, ні кветак,

мне іх даглядаць, нібы дзетак.

І, можа, магутны Божа,

грахі дараваўшы, паможа

і ў свецкай, і ў простай размове

па-свойму квітнець маёй мове.

 

5.

Згубіцца б з табой нам у сінім бары,

сарваць з цябе святасці світку,

у росах купацца да самай зары,

прапахнуць, прамокнуць да ніткі.

 

Граху не баюся я побач з табой,

бо грэх без цябе заставацца,

мой прывід ляціць за тваёю душой,

табе ад яго не схавацца.

Укленчы, прасіся, замольвай свой грэх,

Бог міласцівы, ён даруе,

а я не на жарты, а я не на смех

нанова цябе зачарую.

А я не дарую, калі адштурхнеш,

тваім насланнём вечным стану.

Дай кроплю пяшчоты –

                      не больш і не менш,

а потым

             я збочу,

                         растану…

 

6.

Як я жыву?

Спытай лепш, як іграю

на скрыпцы лёсу

стомленым смычком,

якія п’есы я перабіраю,

заціснуўшы ў горле

горкі ком.

 

Як я жыву?

Спытай лепш, як іграю

на сцэне дома

з назваю Жыццё,

чужы бяздарны вопыт паўтараю

у п’есе, дзе бездапаможна ўсё.

 

Як я жыву?

Як бачыш – не мудрэю,

і, як не сумна,

не хачу мудрэць.

Над новымі памылкамі гарбею,

і выправіць мае гарбіны смерць.

 

7.

Капалі з гадзінніка хвіліны,

ападалі ў бездань небыцця,

снег ляцеў пялёсткамі язміну,

выспявала шчодрая Куцця.

Я шаптала пацеры няўмела,

дзякавала лёсу за быццё,

мне матуля слала белы-белы

ручнічок на доўгае жыццё.

Раілі суседкі ўпрыгожыць

вышыўкаю беленькі ручнік,

па краях карункамі аздобіць –

і на кут, туды, дзе Божы лік.

Я не шыць, не вышываць ня ўмела,

не хацела чысціню псаваць,

заставаўся ручнічок мой белым

пад нагамі ў сыноў ляжаць.

Хай ім будуць чыстымі дарогі,

што да храма вечнага вядуць,

у душы і ў сэрцы імя Бога

хай дарогай светлаю нясуць.

 

Сынам

Паводле Габрыэлі Містраль

 

Я ішла па дарогах

і маліла дарогі,

каб яны не збівалі

сынам маім ногі.

Брук каменны стаў гладкім,

шлях праменькі ляжаў,

ветрык сеяў зярняткі,

і квітнела мяжа.

 

Я глядзела ў нябёсы

і маліла я неба,

каб сыноў гром-пагроза

не пужаў без патрэбы.

Разлілася сінеча,

пачысцеў небакрай,

сонца яркая свечка

асвяціла мой край.

 

Я купальскаю ночкай

маліла святога,

захінуў каб сыночкаў

ад нячыстага злога.

Ясным німбам над лесам

заблішчэла зара

і панішчыла бесаў

вера ў Бога-цара.

 

К+М+В

Тры каралі ахоўваюць мой дом

ад злога духу і ад вока злога,

не падпускаюць блізка да парога

хваробу, зайздрасць, злосці буралом.

 

Калі трывожна ў небе й на зямлі,

і вусны шэпчуць пацеры заўзята,

спакой аберагаюць маёй хаты

тры мудрых, тры бяссмертных каралі.

 

У свет няблізкі правяду сыноў,

перажагнаю ўслед і памалюся.

Дзе б ні былі, да роднай Беларусі

іх прывядзе дарога каралёў.

 

Так, я – не чалавек

“Курыца – не птушка,

Баба – не чалавек”.

(з народнага)

 

Так, я – не чалавек.

Я для мужчыны – Бог.

Пад сэрцам у мяне

жыццё ён пачынае,

і самы першы гук,

і самы першы крок,

і самы першы боль

яго са мной яднае.

Нібы сапраўдны бог,

па вобразу свайму,

ствараю і ляплю

яго душу і цела.

Калі мужчына зух –

мой дар памог яму,

калі наадварот –

чагось не даглядзела.

Так уладару я

над лёсам у яго,

што пазайздросцяць мне

усе багі Парнаса,

бо толькі на маё

нязгаснае святло

мужчына мой ляціць,

прышпорвае Пягаса.

Адкрыю для яго

вароты ў райскі сад,

і пеклам апяку,

калі таго заслужыць.

Стаць мудрым памагу,

перавяду пагляд,

усё перамагу,

што здолею адужаць.

Ды, можа быць, і не,

і раптам ён не мой,

і я зусім не бог,

а слабая кабета?

Тады “шэршэ ля фам”

за спінай у яго,

яна таксама бог –

я ведаю пра гэта.

 

Чатыры лясы

У сасновым лесе – маліцца,

у бярозавым – любіцца,

у дубовым – волю каваць,

у яловым – душу чорту прадаваць.

(Прымаўка)

 

А іх чатыры у маёй Планіды:

дубовы лес дзяцінства залатога,

над гнуткаю Вяллёю краявіды,

як волаты, дубы над спелым логам.

 

Бабуля жалуды там сабірала.

Пад ложкам у мяне іх рассыпала,

каб я да ранку ціха, мірна спала,

каб дужай і здаровай падрастала.

 

Другі мой лес святлом бяроз іскрыцца,

юначыя нагадвае забавы:

як можна там было не палюбіцца,

забыўшыся пра гонар і пра справы?

 

Мы там збіралі пацалункі-кветкі,

пісалі вершы хлопчыкі-падлеткі,

мой чысты гай – таго маўклівы сведка.

А сёння там гуляюць нашы дзеткі.

 

Я праз яловы лес ішла аднойчы,

там здрада цемрай засцілала вочы,

там спакушаў мяне нячысцік тройчы,

там дні былі чарнейшыя за ночы…

 

Чацвёрты лес – доўгачаканы вырай:

сасновы бор з духмянаю жывіцай,

тут сэрца і душу адкрыю шырай,

тут буду за дзяцей сваіх маліцца.

Лясы чатыры ёсць у кожнай долі,

лясы бязмежнай радасці і болю.

Мы ў іх гартуем дух,

хто менш, хто болей, -

каб не згібець,

не згінуць у няволі.

 

Трыялет

Мне б навучыцца за прыгожым сказам

І думкі, і душу сваю хаваць,

Над тым, што адыйшло, не гараваць

Мне б навучыцца за прыгожым сказам.

 

Сяброўкі мне даюць парады разам

Пачуццям дужа волі не даваць,

Мне навучыцца за прыгожым сказам

І думкі, і душу сваю хаваць.

 

Трыялет любаму

Вольны ў свеце адзін толькі вецер

 

Мужчына самы лепшы ў свеце —

Маім не будзе ён ніколі,

Мне падарыў аднойчы волю

Мужчына самы лепшы ў свеце.

 

Была я вольнаю, як вецер,

Але абрыдла тая воля.

Мужчына ж самы лепшы ў свеце

Маім не будзе аніколі.

 

Трыялет развітання

Стракатыя аблокі-матылі

На захадзе развітваюцца з сонцам,

Плывуць-плывуць над пожнямі бясконца

Стракатыя аблокі-матылі.

 

Шчаслівымі з табой мы быць маглі,

А сёння позна, бо жыццё на донцы...

Стракатыя аблокі-матылі

На захадзе развітваюцца з сонцам.

 

Трыялет чакання

У ланцужку майго чакання

Парваўся раптам нейкі звяз,

Парваўся на паўслове сказ

У ланцужку майго чакання.

 

Пра глыбіню свайго кахання

Ты гаварыў мне, і не раз.

Ды ў ланцужку майго чакання

Парваўся раптам нейкі звяз.

 

БЕЛГАРАД-ДНЯСТРОЎСКІ.

СТАРАЖЫТНАЯ КРЭПАСЦЬ АКЕРМАН.

Як помнік над брацкай магілай

суровы паўстаў Акерман,

драконам ляжыць бяскрылым,

наводзіць то страх, то падман.

Турэцкім прышчурам байніца

глядзіць у днястроўскую даль,

з плачам святая крыніца

бяжыць да лімана хваль.

Славянскай крывёй паліта

тут кожная пядзя зямлі,

нядобрай славай спавіты

гмаха вежы-кулі.

Стаіць вартаўнік каменны,

нягеглы, халодны, пусты.

Сучасныя перамены

сціпла яму адвялі

ролю задняга плана

і там дэкарацыяй быць.

Ад немачы і заганы

цяпер ён штоноч дрыжыць,

і стогне над кручай лімана,

яшчэ пагражае з вышынь,

але ў стагоддзях туманных

струхнелі яго палашы.

 

Бывай, Альба Рутэнія

Бывай, Альба Рутэнія, бывай!

Не варты мы тваёй высокай славы.

Мяняючы ля кожнай пераправы

і коней, і сцягоў узнёслы грай,

мы прадавалі свой радзімы край.

 

Радзімка на плячы зямнога шара,

чужынцамі раструшчаная мара

у мітусні драпежных воўчых зграй.

Бывай, Альба Рутэнія, бывай!

 

Над дамавінай згвалчанай дзяржавы

не загалосіць п’яная арава,

ніхто не ўкленчыць горкае “Уставай!”

Садомы дочкі і сыны Гадары

пад маскамі хаваюць свае твары,

забрудзіўшы хлуснёю небакрай.

Бывай, Альба Рутэнія, бывай!

 

Бывай, Альба Рутэнія, бывай!

Маёй вясны чароўная краіна,

юначых сноў духмяная адрына,

крылатага натхнення дзіўны край,

Бывай, Альба Рутэнія, бывай!..

 

Рэфлексіі

Няма дабра і зла,

вышэйшая ёсць сутнасць,

ёсць ісціна

або яе адсутнасць.

Яшчэ ёсць я і ты –

дзве паралелі свету,

я ведаю: ты тут,

мне не здаецца гэта.

А ісціна ж у тым,

што Млечны шлях бясконцы,

на ім мільярды зор

і міліёны сонцаў.

Але няма адной,

маленькай нашай зоркі,

для кожнага свая

скацілася з пагорка.

Што мне дабро ці зло!

Вышэйшая ёсць сутнасць –

твой паралельны свет

і ў ім мая адсутнасць.

Маленькі прынц

Маленькі прынц наведваецца ў сны

да тых, хто ў сэрцы захаваў маленства,

хто памятае водары вясны

і восені цудоўнае майстэрства.

Маленькі прынц – вяртанне дабрыні,

у шэры дзень – празрыстая вясёлка,

шэпт зорак у нябеснай вышыні,

калядны падарунак каля ёлкі.

Не адштурхні яго, а прытулі,

няхай наіўны ён, затое шчыры…

Мігцяць над намі зоркі-матылі,

а душы птушкамі ляцяць у вырай.

 

Апошняе каханне

Апошняе каханне не баліць,

няпраўда, што яно не мае сэнсу,

і што за ім адна смуга ляціць.

Яно – не выпадковы спадкаемца.

Яно – узнагарода ад нябёс

За тое, што праз недарэчны лёс

пранеслі нерастрачанай пяшчоту

і шчодрасці сардэчнай пазалоту.

 

Рэха

Паводле аповесці Элізы Ажэшкі

Выпускаю слова

нібы птаха ўдалеч;

але ж наша рэха,

як неандэрталец:

усяго баіцца,

нікому ня верыць,

жахамі руйнуе

добрыя намеры.

Хто цябе так спудзіў,

перайначыў памяць?

За любоў адказ мне

паняверкаў замець.

Прамаўляю словы

ветліва, лагодна,

а ў адказ шле рэха

недавер халодны.

Штось не так у свеце

дзеецца, панове,

рэха мо не знае

слоў на маёй мове?

Ці даўно ня чула гучных нашых песень?

Ці забіла вушы рэху

злосці плесень?

Першабытным жахам

сцята наваколле.

Там, дзе страх пануе –

не пабачыць волі…

 

Прысвячэнне Збігневу ЖАКЕВІЧУ.

Чужынцы на роднай зямлі,

чужынцы на гэтай планеце,

нібы пазашлюбныя дзеці,

мы спадчыны не набылі.

Ліцьвінская моцная кроў

і постацей гмах-самавітасць,

вянкі старажытных замоў -

наш скарб, наша з космасам злітасць.

На генным узроўні душы

захоўваем тое, што маем.

Боль выплеснуць два гладышы

адтуль, дзе з-пад броў выглядае

адбітак сардэчных пакут.

І будзе з сабою змаганне

за права любіць гэты кут,

дзе нас абраклі на выгнанне.

Клікунствам наш плач назавуць,

а помстаю - дараванне,

асінавы кол уваб'юць

у сэрца, у памяць, у званне.

Душу адпусці, мой паэт,

няхай паляціць з Беларусі,

туды, дзе бясконцы Сусвет

...А я за цябе памалюся…

 

 

ІІ. ПРАСВЯТЛЕННЕ

Паводле…

(Паводле апавядання Ніны РЫБІК “Той, хто ведае”)

Усё ў жыцці паводле, усё ў жыцці адносна.

Свядомасць адхіляе, а падсвядомасць мроіць

і ўсе перакананні аднойчы перакроіць;

акажацца - належыў ты сам сабе ускосна.

Усё паводле лёсу, паходжання і долі,

хоць аб сцяну лбом біся, хоць выверніся вонкі,

як цэнтар Пампіду. Аднойчы вечар звонкі

заслону прыадчыне ва ўрочышчы спатолі,

дзе ўсё паводле песні, дзе ўсё задум паводле,

таго, хто аўтар плённы інтрыг твайго жыцця…

Пакуль яшчэ гатуецца багатая Куцця,

глядзі на шлях свой зводдаль.

 

***

Жыццё маё – не п’еса аднаактная,

мой лёс – аматар велькі да прыгод,

мяне ён кліча на лугі стракатыя,

вандроўкай спакушае круглы год,

то ў пілігрымку да святыняў велічных,

то ў падарожжа за трох мораў плынь,

заігрывае, снег пад ногі сцелячы.

То ён салодкі, то нібы палын

мой лёс,

              якому я заўжды ўдзячная

за ўсе імправізацыі яго,

і за каханне, што так неабачліва

назвала вечным. Толькі і ўсяго…

 

ПОЗНАЦВЕТ

Нібы ў адвечнай мерзлаце

сном летаргічным спала кветка,

вясной не верыла слаце,

не ззяла летам на палетках.

Калі вясёлы першацвет

успыхваў ярка на палянах,

яна не рвалася на свет,

бо адчувала, што зарана.

У каранях яе жывых

агнём і кроўю Праметэя

занатаваныя былі

знахарстваў тайны для Медэі.

Калі спякота на зямлі

высушвала траву і краскі,

прыпарам дыхалі палі

пасля дажджу вільготнай ласкі,

з прагрэтай глебы на святло

яна цягнулася адчайна

і зацвітала ўсім на зло

апошняй фарбай развітальнай.

Так, перажыўшы беды ўсе,

каханнем сонечным сагрэты,

з душы маёй бутон расце

і шчодра дорыць радасць свету.

 

ДЭЖАВЮ

Такое ўжо было.

Не рві душу, паэце,

бо да святых ікон

не прыліпае смецце.

У невукаў адна

стратэгія – абгадзіць,

патрэбна ім вайна,

каб дабрабыт свой ладзіць.

Ды прымітыўны мозг

жыве адным імгненнем,

хлусні і здрады воз

прыпыніць іх памкненні,

і зваліцца наноў

на іх галовы смеццем…

Такое ўжо было.

Іх раскажыце дзецям.

 

***

Шукайце Ісціну, а не яе праекцыю,

адлюстраваную праз недакладны зрок,

зашмальцаваную лухтой пустой патэцікі.

Шукайце Ісціну – яна жыцця выток!

У шлях няходжаны хай паспрыяе выйсці вам,

каб на адлегласці пабачыць грані ўсе,

бо праўда нечая – яна яшчэ не Ісціна,

і крыўда нечая – яна не ўсіх гняце.

Ды ёсць агульнае, што ўсім нам Богам дадзена:

жыццё шматграннае, любоў і прага быць.

Шукайце Ісціну, яна ў душы закладзена,

не дайце ворагу святло душы тушыць.

 

Бог адзіны - сумленне

Бог адзіны – Сумленне.

                  Ты іншых багоў не шукай

ні ў царкве, ні ў музеі, ні ў храме прыроды,

сваё цела ў Ярдань хоць сто раз акунай,

бруд з душы не адмыюць ніякія воды.

Бог адзіны – Сумленне!

                  Пра гэта казаў нам Хрыстос.

Мы не чуем Яго, толькі слухаем здрадцу Іуду.

Індульгенцый царкоўных расце важкі стос,

а душа памірае заўчасна ад бруду.

Бог адзіны – Сумленне.

                  Калі служыш іншым багам,

то нянавісць і зайздрасць - сябры твае і спадкаемцы,

ну а там, дзе жыў бог, нараджаецца здзеклівы хам,

у якога кавалак ільда замест шчырага сэрца.

Бог адзіны – Сумленне.

                   Ніякай ахвярай яго

не падкупіш, калі запаганіў душы сваёй цноту.

Спапяляе сумленне за грэх, як пякельны агонь.

Знеслаўляе нашчадкаў наступстваў балота.

 

Да Язэпа (Драздовіча)

Зоры не на небе, зоры ў сэрцы.

Сонца не ў Сусвеце, а ў душы!

Што ж ты не знаходзіш сабе месца?

Хопіць валатоўкі варушыць!

Ты вандроўнік з іншых вымярэнняў?

Ці згубіўся ў часе на Зямлі?

Адзіноты сумныя імгненні

на палотнах кветкамі ўзыйшлі.

Намалюй мне дыванок адметны

без звяр’я, без птушак, без раслін,

зоркі невядомай, непрыкметнай

далягляд, як вечнасці ўспамін.

Падары мне мару-абяцанку

аб шчаслівай долі дзесьці там,

дзе чакае хтось мяне на ганку,

хоць яму не слала тэлеграм.

Хтось не зразумеў. Я зразумею

ўсе твае фантазіі і сны.

Бо сама даўно лятаць умею

на планеты вечнае вясны.

Толькі размінаюся бясконца

я з табой, а можа і з сабой…

У тваёй душы палае сонца,

кліча, кліча ў вечнасць за сабой.

 

Артуру Цяжкаму.

На цвінтары касцёла Божай Маці

гармонія, якую ты шукаў,

над дрэвамі, нібыта поўсць ягняці

плывуць аблокі ў небе,

што як стаў;

ставок маленькі з цёплаю вадою,

дзе так прыемна ногі памачыць

і піць тумана водар сырадойны,

і сэрца набалелае лячыць.

 

Але нябесны стаў такі халодны,

як шыбы мутных гарадскіх вітрын.

Што адчуваецца душы свободнай,

тваёй душы,

ты ж – хутаранскі сын?

Ідылію лугоў, бароў, разораў,

гаворкі простай ў хаце за сталом,

на даматканых посцілках узоры –

пад новым небам ці знайшоў свой дом?

 

Перакуліўся свет, перамяніўся,

дзічэюць вёскі, вымірае люд.

ты не прарок,

але прароцтвам збыўся

аповедаў тваіх сухі прысуд.

А што нам засталося? Водар мяты,

блакіт дажджоў, ды прыдарожны крыж,

і томік твой зачытаны, памяты,

і памяць, што заўжды прыходзіць звыш.

 

Не ўпікай мяне

Не ўпікай мяне тым, што не маю я мудрасці,

што жыву нелагічна звышадкрытай душой.

Можа, я сапраўды натварыла шмат дурасці,

часцяком маім сэрцам валодаў не той,

не таму закаханая я пісала санеты,

не таго абдымала я ля апошняй мяжы,

не за тым бегла босая напрасткі на край свету.

А чаму ты не побач быў? Дзе ты быў адкажы?

Мо шукаў дзесьці там меркантыльную, мудрую,

беззаганную, верную, што чакае цябе?

Адшукаў? Атрымаў? Адчуваю я скураю,

што дарма траціў час, раз прыйшоў да мяне.

На парозе не стой з галавою паніклаю.

Хочаш кавы, гарбаты, а мо - каньяку?

Быць з табой без цябе за стагоддзе прывыкла я.

Хочаш, дранікаў з мясам для цябе напяку?

Пачастую цябе бульбяной перапечкаю,

раскажу, як жыла без цябе гэты час.

А мо лепш памаўчу. Хай цвыркун нам за печкаю

заіграе на скрыпачцы Маладзечанскі вальс.

 

***

Мае зязюлі адкувалі

квітнее бэз не для мяне,

і любы позірк у Купалле

без жарсці лёгка абміне.

На дне душы ўтаймаванай

даспелі мудрасць і спакой.

Іду дарогаю абранай,

махнуўшы на бяду рукой.

Далёкі небасхіл пакліча,

ці загрукочуць цягнікі,

мяняе свет сваё аблічча,

сыходзіць нехта нацянькі.

Іду, спыніцца немагчыма,

цалую крокамі зямлю,

і калыхаюць над Айчынай

сузор’і Млечную Раллю.

Песня

Як жа хочаш ты быць

не такім, як усе.

Як ты марыш лятаць

чым вышэй і прыгожа.

Толькі зверху глядзіць,

Той, хто ўсіх найвышэй,

і ўсміхаецца сумна

ласкавы наш Божа.

 

Ах, як хочацца нам

у любімых вачах

прачытаць і задумы

і тайныя мроі.

Толькі ў сэрцы чужым

ёсць і смеласць, і страх,

але вера адна

наймацнейшая зброя.

 

А чужая душа –

дык пацёмкі зусім,

не знайсці да яе

без любові дарогу.

Калі ж Бог у душы

верхаводзіць усім,

сэрца верай жыве,

і ляцім мы да Бога.

 

К. Людвіцы

Свядомы і дасведчаны,

ты быў са мной павенчаны

якойсці светлай мараю

па-над высокай хмараю.

Ты быў са мною злучаны

дзікунствамі заручынаў,

замовай перуноваю,

рэлігіяй не новаю,

а той, што сок бярозавы

ўзнімае, плача лозамі...

Дасведчаны, свядомы мой,

табе цяпер важней спакой.

А я не сумяшчальная

з тваёю поўпадвальнаю

і дэпрэсіўнай сутнасцю.

Я цешуся прысутнасцю

сваёй душы ўстрывожанай,

пакутамі стрыножанай,

у свеце, з ласкі Божае,

адкрыўшым мне прыгожае.

 

 

 

Веры ВАЙЦЮЛЬ

 

Не спяшайся, дворнік, вычышчаць

пацалункі восені з асфальта,

дыванком няхай гараць страката,

развітальнай пекнатой крычаць.

Хай таму, хто нас не дакахаў,

бо шукаў сабе прасцейшай долі,

стане неўрадлівым тое поле,

на якім дарэмна ён пахаў.

А для нас і шэранькі асфальт

расквітнее золатам лістоты,

тратуараў шэрая самота,

магістралей бэжавы базальт

зазіхцяць шматколернай ракой,

млечным шляхам у свячэнні зорным.

Не спяшайся, дворнік. Дай пакорным

маляўнічы восеньскі спакой.

 

***

Не дазваляю багне будняў

сябе я ў прорву засмактаць,

і хоць умею сумаваць,

душы сваёй не бруджу студню:

вучуся шчыра дараваць,

другому жыць не замінаць

і не даваць надзею трутню,

каторы ёсць у кожным з нас,

дакуль яго тугой харчуем.

Ад трутняў ачышчаю вулей,

каб плённым быў мой кожны час.

 

 

Смаргонь ранішняя

Глядзіцца храм у люстра става –

якая дзіўная выява!

Ён побач – паралельны свет,

як вечны Божы запавет.

Шапочуць ясені і клёны.

Звініць птушыны хор натхнённа,

зірнуў Францішак задуменна

на ўсход, дзе ззяе пераменай,

дзе праз карункавыя хмаркі

квітнее велічна заранка.

Пад булькат рэчкі хуткаплыннай

сплывае ўдалеч час няспынна.

Па берагах, як вартавыя,

паўсталі валуны сівыя,

тут рарытэт падзей далёкіх

і дар уважліваму зроку

з зямлі прарос, як святаяннік,

вайны ўспамін, бы пакаянне.

Па сцішанай алеі парка

спяшаецца хтось вельмі шпарка:

то з акадэміі мядзведжай

вядуць артыста два заезжых

вясёлых, шустрых скамарохі,

ды раптам скамянелі трохі.

Тым часам сонца шарык меней,

хоць шчодра сыпле промні жменяй.

На Оксне ярка хвалькі ззяюць,

дзень новы радасна вітаюць.

 

У сядзібе князя Агінскага

Прабачце, князь, нахабны мой візіт,

Бо я без запрашэння Вашамосці,

але ёсць незвычайнае тут штосьці,

як Войніча таемны манускрыпт.

Прысадай ліпавай іду я ў ваш палац,

а сэрца просіць выбачэння і спагады.

Майму візіту, можа, вы не рады,

але паверце: не вар’ят я, не паяц.

Мне б толькі адшукаць тут для душы

крыху спакою, музыкі і ласкі,

а там, дзе стаў пазялянеў ад раскі,

хачу пабачыць кветкі-гладышы.

 

Двух лебедзяў над сіняю вадой,

як двух аблокаў у асенніх даляглядах,

выхопліваюць пільныя пагляды

у парку, дзе туман, як сырадой

паўзе ад возера да млына праз масток,

аб мураванку сцен цярэцца спінай,

і можна толькі музыкай адзінай

пачуццяў перадаць маіх паток.

 

Фантомы паланэзаў паміж дрэў

блукаюць тут, і будзяць хор птушыны,

сюды не далятае гул машынны,

цывілізацыі не дасягае рэў.

Закалыхай мяне, англійскі парк,

хоць згадкамі былых імпрэз музычных.

Аднойчы загучыць аркестр сталічны,

і выйдзе эра новая на старт.

 

Баль у “Паўночных Афінах”

На баль, на баль!

Як у грудзях маіх

затрапятала сэрца Папялушкі!

І адчувае далікатны слых,

як вокліч вальсаў цішыню загушкаў.

Узнёсласцю сілкуецца душа,

з плячэй будзённасць шэрую страсае,

то пакрысе, то меццо, то збальша

крыло, як белы ветразь, прарастае.

Малюе мне ўяўленне перазвон

калядных бомаў, шолахі спадніцы,

пакладзены на залаты пагон

празрысты веер колеру карыцы.

Плыве за паланэзам лёгкі вальс,

нібы кахання вечнага мажлівасць.

Тры жырандолі – трох сусветаў бляск,

на цёмных шыбах свечак мітуслівасць,

а па шпалерах ценяў хуткі бег,

ці то гаспадароў былых фантомы?

Над паркам навагодні чысты снег,

карэт, вазкоў і брычак спевы-бомы.

У вір мазурак, поглядаў, забаў

зацягвае вясёлая імпрэза,

усіх, хто ад штодзённых нудных спраў

збег, даўшы волю радасці гарэзы.

«Niech їyje bal!» - у звоне хрусталя

танцмайстара ўзнёслая прамова.

І паміж зор вальсіруе Зямля,

праменіцца і кружыцца нанова.

 

Верш Амеліі

Падарунак ад яснай панны

Даражэй мне за ўсе марцыпаны,

Бо шкатулка чароўная гэта

Успамінам сардэчным сагрэта.

Тут дзівосаў шмат прыхавана,

Дыяменты мар, сноў нірвана.

Мой куфэрачак незвычайны

Прэзентую музею з пашанай

І з надзеяй, што гэта сядзіба

Верне славу Паўночных Афінаў.

Гукі слаўнага палазэзу

Хай заўжды гучаць на імпрэзах!

 

Трыялеты “Паўночных Афінаў”

 

Вясновы парк

Парк англійскі ў вясновым блакіце

першых кветак, туманаў, паветра.

Кожнай почкай вяртае ў рэтра

парк англійскі ў вясновым блакіце.

 

Першы чмель задрамаў на ракіце,

што як зыбка люляецца ветрам.

Парк англійскі ў вясновым блакіце

першых кветак, туману, паветра.

 

У ліпавай прысадзе

Як грэнадзёры каля Букенгема

у крэатыўных з футра грызлі шапках,

на варце у прысадах ліпы-шаты,

як грэнадзёры каля Букенгема.

 

Не Лондан тут і не Парыж, не Вена,

ды вельмі годная ў прысадзе варта,

як грэнадзёры каля Букенгема

у крэатыўных з футра грызлі шапках.

 

Паланэз

Праз адчыненыя вокны

далятае паланэз.

Ловіць гукі белы бэз

праз адчыненыя вокны.

 

Гутарка сялянак змоўкне

і знямеюць сад і лес…

Праз адчыненыя вокны

далятае паланэз.

 

У старыннай зале

У каміннай высокай зале

старажытны раяль спачывае,

ён расстроены, ён не грае

у каміннай высокай зале.

 

А бывалі раней тут балі,

грала музыка тут жывая…

У каміннай высокай зале

старажытны раяль спачывае.

 

На руінах Крэўскага замка

1

Над замкавай вежай танюткі плыве маладзік,

ссякае лязом вострым прывідаў цені,

за шэрай сцяною кажан чорны знік,

паходні язык аблізаў сутарэнні.

 

Маўчанне стагоддзяў гняце і пануе вакол.

Дзе рыцар той смелы, што словам замову парушыць?

Разваліны замка, як звалены стомаю вол –

не абараніцца не можа, не ворага здужаць.

 

Ды помняць скляпенні вялікасць узнёслых прамоў,

ты толькі прыслухайся, сэрцам прыслухайся, дружа,

душа ажыве ад цяпла шчырых слоў, родных слоў,

пурпурнаю стане самотна-блакітная ружа.

2

Нарадзілася я, пэўна, не ў свой час,

прыпазнілася на некалькі стагоддзяў,

і чужынкай пачуваюся між вас,

сцежкай вузкай крочу між угоддзяў.

Вецер на струменьчыках дажджу,

як на струнах лютні ціха грае,

сумнай дамай замкавай хаджу,

рэшткі велічы былой збіраю.

Дзе вы, мой славалюбівы вой –

рыцар без папроку і дакоры?

Сёння, хто маўчыць, той і герой,

суд на іншадумцаў вельмі скоры.

Дзе вы, мой магутны уладар?

Дзе выратавальная крыніца,

што для нас, як запаветны дар,

каб маглі душою наталіцца?

Сёння на зямлі былой Літвы

астываюць капішчы, тапельцы.

Мой герой, дзе заблукалі вы?

І куды вы знеслі маё сэрца?

 

Смаргонь Першай сусветнай

Гэты горад стаіць на касцях,

чалавечых няспраўджаных марах,

ён ад пылу і газу ўсмяг,

ён гарэў у ваенных пажарах.

Тут на кожным квадраце зямлі

кроў і слёзы ўсмакталіся ў глебу.

У траншэях лясы і палі.

Тут паранена нават неба.

Напамінам ваеннай пары

з глебы ржавы метал прарастае;

спяць пакутнікі і ваяры

у зямлі, што іх сон зберагае.

І як рыба на нераст ідзе

у вярхоўе з крынічнай вадою,

так вярнуўся сюды пакрысе

просты люд з вечнай марай сваёю.

І жахнуўся народ, і упаў

на калені, укленчыўшы горка.

Божа літасцівы сілу даў

на руінах падняць любы горад.

Адрадзіўся, як казачны Сфінкс,

з папялішча паўстаў адмыслова.

Толькі з памяці нашай не знік

прывід горада нежывога.

Я на ўсіх скрыжаваннях дарог

напісала б па беламу чорным,

каб Гасподзь гэты горад бярог

пад блакітам нябесным і зорным.

(2014)

 

Маналог рэстаўратара

Два колеры - блакітны з залатым –

на занядбаным храме зберагліся,

як у зеніце сонечным крутым

праз хмары фарбы неба праліліся.

Так доўга безаблічныя дажджы

настойліва змывалі пазалоту,

вятры шалёна білі ў вітражы,

чарнелі дрэвы, нібы здані-готы.

Чаму з такой гідлівасцю знішчаў

час кінутыя гэтыя сядзібы?

Хтось новыя мясціны асвячаў

пад доўгабуды і другія хібы.

Закінуўшы святое на зямлі,

ляцелі ў космас дзеці новай эры,

перасяляліся “сусвету каралі”

з палацаў у "хрушчоўскія" кватэры.

Заціснутая сёння метражом,

як я магу маштабна горда мысліць?

І саскрабаю куханным нажом

блакіт і золата з чарговай плінфы.

***

Прымроіцца аднойчы,

як белакрылы снежань

мне пабудуе ноччу

да зорак дзіва-вежу.

Па прыступках хрустальных

мне будзе лёгка бегчы,

твой дотык развітальны

на міг сагрэе плечы.

Забудуцца ўсе крыўды,

пылком з планет бліжэйшых

асыплюцца на шыбы

раструшчаныя крэйды,

якімі на асфальце

пісалі мы прызнанні,

сардэчкі малявалі,

як сімвалы кахання.

Калядны пах ігліцы

прыемней за парфуму,

у цішыні святліцы

схаваюся ад шуму

гулянняў, баляў, фэстаў.

Над хмарамі высока

махне шырокім жэстам

мой млечны шлях-дарога.

 

Чарнагорыя

Горы, як хвалі акамянелыя

мне невядомага акіяна.

З пенай лясоў на хрыбце здзічэлым,

з мачтамі-сцежкамі Зурбагана.

Вы ўзняліся вышэй за аблокі,

што вы хацелі пабачыць з вышыняў?

Акамянелі чыімі сурокамі?

Заледзянелі з якое прычыны?

Рыбкай нясмелай душа мая мройная

моўчкі плыве над глыбокай цяснінай.

Перабірае памяць назойліва

гэтых хрыбтоў ганарыстых правіны.

 

***

О, роднасць душ!

Ты назаўжды злучыла

нас віртуальна. Але не ў жыцці…

Мне без яго цяпер ісці, паўзці

і лекаваць параненыя крылы…

Праз невыносны боль

якая сіла

мяне спыніла –

зараз не гадай.

Я не паехала за ім у дальні край.

Мяне мая зямля не адпусціла.

 

Мары пра Парыж

«Есть на свете поважней дела

страстных бурь и подвигов любовных».

Марина Цветаева.

Не хачу быць навязлівай

ні з дабром, ні з любоўю,

не хачу, каб абразліва

паглядаў ты з-падброўя,

і таму права выбару

я табе пакідаю,

слёзы радасцю выпару,

і Парыж прыгадаю…

Над Манмартрам узнёслыя

Сакрэ-Кёр вежы-крылы,

пад начнымі нябёсамі

Сена быццам з акрылу,

вежы Эйфеля ўразлівасць,

ціхіх сквераў ратонды,

і пагляд ненавязлівы,

але пільны Джаконды.

Я маўчанню вучылася

каля сцен “Нашай Дамы”,

мая гордасць скарылася

побач з вобразам Жанны.

Годзе жыць птушкай раненай!

Маю ж цэлыя крылы,

я не буду навязлівай,

і не будзь ты, мой мілы.

 

Жаноча-вясновае

Нам, жанчынам, даруецца многае.

Яшчэ больш з нас заўжды спаганяюць.

Хоць ідзём мы нялёгкай дарогаю,

Нас мужчыны заўжды абмінаюць.

Не даруюць, калі абмінаем іх,

Падганяць іх – псаваць толькі нервы,

Можна крыкнуць “Лыжню!” замінаючым,

Можна лямант узняць або вэрхал.

Толькі, помнячы сутнасць жаночую,

І шануючы годна традыцыі,

Цаліной абмінаем мы моўчкі іх,

Пакідаючы ім іх амбіцыі.

І з жаночай усмешкаю мілаю,

І з малітвай на вуснах і ў сэрцы,

Як галубкі ляцім лёгкакрылыя

Пад чароўную музыку скерца.

Хай жаданні і мары спаўняюцца,

Хай палёт будзе радасным, плённым.

А мужчыны хай не забываюцца

Тых, хто іх абмінуў. Мы ж іх помнім.

А вясны новай крокі вітаючы,

Трэ згадаць дыялектыку Гегеля,

У сапраўдных жанчын, вочы ззяючы,

Выдаюць маладосці энергію.

Хай рэактар душы дае рады

Жыць, кахаць, адчуваць, чуць парады!

 

Пра вечнае

Радзіма здрады не даруе,

яна – не любая жанчына,

яна сабой не ахвяруе

дзеля няўдзячлівага сына.

 

Чужы пірог заўжды спакусны,

ды той, хто ласы да чужога,

адчуе на прадажных вуснах

смак і гаркоцце слова злога.

 

І мова здрады не даруе!

сакральным гукам у гартані

ментальнасць жорстка прасвідруе,

душу аддаўшым на закланне.

 

І спраўдзяцца Прарока словы,

калі крывавыя далоні

працягнем мы па-над галовы

туды, дзе кінутыя гоні.

Не, ты не той

Не, ты не той, хто прыйдзе і ўратуе,

ты, можа, й ратаваў, але другую.

Мне ж даставаліся адны твае турботы,

і зразумела я аднойчы,

                             хто ты.

Не, ты не той, хто за мяне гарою,

не стаў ты не падтрымкай, не сцяною,

дзе я магла б схавацца ад праблем,

ад раздзіраючых душу дылем.

А ты – мая ілюзія, мой сон,

ты, як блакітны неба парасон,

які пры наступе паўночнага цыклону

хаваецца за чорную заслону.

Ізноў стаю пад праліўным дажджом

адна. Няма каму накрыць плашчом.

Залева пра мяне найболей дбае:

з мяне бруд тваіх рук змывае…

 

***

Ён кахаў мяне не прыгожую,

ад хвароб і здрад пастарэлую,

цалаваў маршчыначку кожную,

лекаваў маё сэрца збалелае.

Да яго прыбягала ў роспачы.

Разумеў, суцяшаў, не выдаў.

А як стала я моцнай, апоўначы

збочыў, знік, незаўважна, бяскрыўдна...

 

***

Абмяжоўваю кола стасункаў,

не для ўсіх адчыняю дзверы,

нават фортку ад хцівых ласункаў

зачыню, дзе не маю даверу.

Давяраю пяру і паперы,

не патрэбны другія дарадцы!

Больш не крыўджуся я, і не веру,

бо душа мая ў эміграцыі...

 

***

У прыстойнасць ты толькі гуляўся.

Ненадоўга хапіла цябе,

ты пад націскам хцівасці здаўся,

не пакінуўшы шанс барацьбе.

У цябе цяпер новыя гульні:

то мудрэц ты, то ўрач, то прарок,

верны муж, клапатлівы дзядуля…

Мне ж навукаю стаў твой урок:

тым, хто здрадзіў аднойчы, не веру,

тым, хто здраджвае двойчы – тым больш!

Занатую свой сум на паперы,

вершам выплесну крыўду і боль.

Лёгкі шлях можа быць толькі ў пекла.

Не шукаю я лёгкіх дарог.

Падыграць я табе не сумела,

не вучыў мяне гэтаму Бог.

 

***

Я навучылася развітвацца без слёз,

не назаляць прысутнасцю залішняй,

не папаўняць расчараванняў стос

вузельчыкамі памяці ўвішнай.

Умею абяцанняў не даваць

таму, хто ад мяне іх не чакае,

умею дараваць і забываць,

і адпускаць таго, хто адлятае.

Жыццё даецца кожнаму, каб жыць,

ахвяраваць сабой – то варта жалю.

Чаму ж на вейках у мяне дрыжыць

сляза цяжкая, быццам бы са сталі?..

 

***

Каханне больш не замінае

любіць сваю прысутнасць тут,

ахвяраваўшы мроі маю,

жыццё прымаю без пакут.

Пісала чырванню па белым,

даказваючы: я – паэт!

Перажыла, перахварэла

і набыла імунітэт

ад вірусу вясновай жарсці

і супраць спёкі летніх здрад.

Больш не дазволю абакрасці

свой лёс. І не зірну назад.

Прымаю кожны дзень як свята,

жыццём адноўленым багата.

 

Душа

Цела – толькі кокан для душы,

дзе яна памалу выспявае:

мітусіцца, плача ці спявае,

ахвяруе, моліцца, грашыць.

Не душа – прыгожы твар ці стаць,

не душа – ні грацыя, ні погляд.

Ёй патрэбен вельмі пільны догляд,

каб умела верыць і лятаць.

Не імкніся ў шчылінах вачэй

адшукаць душы няспелай блікі,

хоць у ёй увесь Сусвет вялікі

замаўляў адбітак свой ярчэй,

разнастайней, чым галактык свет.

Але, не паспееш міргнуць вокам,

выспеўшы, душа пакіне кокан,

і раскошу забярэ Сусвет.

 

***

Як геніяльна закруціў сюжэт

жыцця зямнога неўміручы Творца,

дзесяціпунктны даўшы запавет,

у сэрцы кожным запаліўшы сонца!

І кожны сам сабе тут гаспадар,

і нават мае выбар з варыянтаў.

Чаму ж глядзіць з дакорам Уладар

на лёсаў бесталанных фаліянты?

Чаму ж замест сцяжынак ці дарог

мы выбіраем толькі бураломы?

Нам розум даў усемагутны Бог,

а мы знайсці не можам шлях дадому.

 

Імкнемся быць багамі на зямлі,

а ў неба шлях грахамі замялі…

 

Усход сонца ў Алушце

За вяршыню Дзімерджы,

быццам вэлюм, хмарка белая

зачапілася, дрыжыць;

не пускаюць яе, смелую,

у марскую далячынь

гмахі-горы, скалы-ветразі,

быццам кажуць ёй: “Астынь!

Заставайся тут, на беразе”.

А яна імкнецца плыць

у прасторы бірузовыя,

і праз вэлюм два крылы

праразаюцца пунсовыя.

 

Крымскі ўспамін

Пяшчотны лёгкі брыз

ледзь вінаграднік гушкаў,

на схілах Дзімерджы

павісла рэха гукаў.

На беразе марскім,

дзе спачываюць лодкі,

пабачыла я Крым

у іншым асяродку.

Мне іншых песень змест

і музыкі сакральнасць

адкрыў выразны жэст

і рытмаў танцавальнасць.

Сціхаў марскі прыбой,

утаймаваўшы нораў

хваль,

        што наперабой

паўзлі на сонны горад.

Мелодыя плыла,

ты танцаваў на пляжы.

У чайкі з-пад крыла

прамень блішчэў аранжам.

Кіпчак ці печанег,

ці скіф твой прашчур даўні?

Гісторыя навек

закрыла тыя стаўні.

Нашчадак крымчакоў

ці візанційскіх грэкаў,

святло чыіх кастроў

ты захаваў у зрэнках?

Танцуй, танцуй, Ратмір!

Няхай у кожным жэсце

адчуюць смутку вір

чужынцы ў гэтым месцы…

 

Паэту, які піша пра вайну

Няма рамантыкі ў вайне,

няма рамантыкі ў забойствах,

той вінаваты, хто ў мане

злачынства славіць як геройства.

Жанок і дзетак забіваць –

хіба то гонар для мужчыны?

Каб сваю хцівасць апраўдаць,

загад выконвалі злачынны.

Спяваеш гімны для каго?

Чыёй крывёй ты поіш музу?

Пячаткай д’ябла на пагон

кладзецца здрады чортаў тузін.

Той здраднік, хто не бараніў

хоць словам, бо і слова – зброя!

Спыніў ты вершам ці натхніў

свайго сумніўнага героя?

Калі табе даў розум Бог,

шукай шляхі да міру й згоды,

не слаў таго, хто перамог

цаной крываваю народа.

 

Споведь

"Дай мне душу, а іншае вазьмі сабе". Св. Ян Боска

 

Як мне аддаць Табе яе такую

у брудзе неадмоленых грахоў?

Калісьці мела я яе святую,

не шкадавала добрых шчырых слоў.

 

Не ўратавала я душу ад жарсці,

не зачыніла ад ліслівых слоў,

спакуслівае ветранае шчасце

нядоўга казытала ў жылах кроў.

 

Калісьці я Сусвет увесь любіла,

удзячная за кожны новы дзень,

ды чорная зайздрослівая сіла

падкінула ў лёс мой здрады цень.

 

З пакораю прыняць бы гэты выклік

і не зважаць на чортаву гульню,

бо ўсіх інтрыг даўно вядомы вынік:

хто сее зло, той і пажне вайну.

 

Але ж як цяжка вытрымаць навалу

несправядлівасці і крыўды, і маны!

Мяне ж ад іх цяжару утрымалі,

святыя ачышчальныя званы.

 

Наўкол вайна ідзе за нашы душы,

хто п'е іх чысціню, хто ў іх плюе.

Як моцная душа - яе не зрушыш,

са слабай, кажуць, чорт вяроўкі ўе.

 

Аддаць табе душу? Што ж, калі ласка!

Табе я давяраю гэты скарб.

Няхай мне застануцца мае маскі,

душа мая даўно ў Тваіх руках.

***

У свеце, дзе няма любові вечнай,

мне не патрэбна вечнае жыццё.

Які быў сэнс імчацца па сустрэчнай

туды, дзе ўсіх чакае забыццё?

Душэўны боль штурхнуў ці боль фізічны

насустрач асляпляльнаму святлу?

Як выглядала гэта нелагічна!

Вар’яцвам быў мой апраўдальны тлум.

Неадэкватнасць пільна заўважалі

ўсе тыя, хто ніколі не кахаў.

Заплакалі каменныя скрыжалі,

калі абраннік мой мяне прадаў,

не за чырвонцы і не за дукаты,

аддаў за так, як непатрэбны груз.

Умомант пачарнеў мой свет стракаты,

знік у Сусвеце месяца гарбуз,

што так любіў сачыць за намі з неба,

на мора падаць сцежкай люстраной.

Як лёгка памяняў ты сваё крэда!

Усё аддаў за паказны спакой.

Каго любоў стамляе, той не варты

жыцця сярод пачуццяў незямных.

Я ж для цябе не маю нат пагарды:

прымі мой жаль і сумны мой уздых.

 

Балада Эміліі Плятэр

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі…

Хто ж мог знаць што баёў завадатар

Быў… дзяўчынай! Была — сьлёз не трэба, жанкі —

То ліцьвінка Эмілія Плятэр!

Адам МІЦКЕВІЧ.

Не вера, а расчараванне адвагай сэрца гартавала.

Анёл ёй даў штандар ліцьвінскі і загадаў:"Сама нясі!"

Натоўп маўчаў. Па-над галовы сцвярджальна велічна гучала

як лозунг, як малітвы словы:"Не вер! Не бойся! Не прасі!".....

Трон Дракулы, як небарака, хістаўся безнадзейна кволы,

ён, нібы хворы лейкеміяй, усмяг без свежае крыві.

Шаптаў Анёл: “Не адракайся! Не дай крыві праліцца новай!”

Над Гедэмінавай гарою, як хмары, вершнікі плылі.

Ляцела дзікім паляваннем ад Трох Крыжоў ліхая зграя,

пужала выглядам, ды толькі, што прывід можа нам зрабіць?

Стаялі цвёрда, непахісна дазорныя на межах Краю,

і бачыў люд: услед за хеўрай Пагоня грозная ляціць.

Вар’ята стрэл у спіну подла ударыў між рабрынаў вою.

Кроў пралілася… Акрапілі пасокай ворагі свой трон.

Не наталіўшы злую хцівасць, ірвецца саранча да бою;

гады, стагоддзі пралятаюць - ёй аніяк не прыйдзе скон.

Ахвярай сквапнага дракона зрабіўся просты люд навокал,

трымаць штандар і біць чужынца даўно стамілася рука.

Чарговай Арлеанскай Дзевы ўзыходзіць ранішняя зорка,

і знічку ў плынь сваю прымае краіны слынная рака.

Які б тут цар ці імператар не панавалі над народам,

якія б новыя інтрыгі не рвалі на кавалкі Край,

ад Божай Маці Вострабрамскай мы збераглі душы свабоду,

Ляці ж, крылатая Пагоня! Ад здрады памяць вызваляй!

Сячы мячом сваім двувострым хлусні і немачы кайданы,

сячы двурушніцтва навалу, плебеяў хцівасць, рабскі ген!

Няхай прачнуцца ў нашых дзецях званы Сафіі над майданам,

і хай спрыяюць Бог і доля таму, хто хоча перамен!

 

***

Не спрабуйце мяне супакоіць хлуснёй,

вы мяне прыніжаеце гэтым і толькі.

У згрызотах штодзённых ратуецца той,

хто рэальна ўспрымае іх кожную больку.

Анаболікі мне не парыце ў душу,

каб не стала яна неўспрымальнай да болю,

Не смаліце мне ў мозг дурнап’ян, анашу,

бо няма ў забыцці ні святла, ні спатолі.

Не лічу мазахізмам жаданне сваё,

Не лічу за юродства ні шчырасць, ні веру.

Не спрабуйце мяне супакоіць хлуснёй,

каб аднойчы для вас не закрыла я дзверы…

 

Напярэдадні ДН

За тыдзень да днюхі

мы з Дашай хандрым,

як сонныя мухі

у садзе сырым,

як хворыя птушкі

ў чаканні вясны.

На вербах нас гушкаюць

мройныя сны.

Чаго не хапае,

што мэнчыць душу?

Пра гэта я знаю,

але не скажу.

Бо мара і стома

нас роўна гнятуць:

то гоняць нас з дому,

то ў дом прывядуць,

то клічуць на подзвіг,

то страшаць бядой,

спакусліва ходзяць

вакол чарадой.

Ах, мары, вы мары!

Няма вам канца!

Пад гукі гітары

ў руках малайца

няхай знепрытомнее

наша туга,

а хто нас успомне,

уздыме бакал.

***

Раманс мне жорсткі восень праспявала,

пад вадаспада шум у ціхім парку,

лістота задуменна ападала

і памірала істэрычна-ярка.

Кідалася пад ногі лісце клёнаў,

ад суму пачарнелі арабіны,

аблокі, зачапіўшыся за кроны,

сачылі за палётам галубіным.

Кружылі галубкі над сінім ставам,

гублялі пёркі, як сняжынак хмары;

пунсова пагражала і крывава

свідзіна, быццам шрамаў след на твары.

Прыроды твар, прыгнечаны цяжарам

слоў развітальных, музыкі журботнай,

так светла усміхаўся новым марам,

насуперак бядзе, слаце маркотнай.

І верыў парк: зіма ўсё паправіць,

завеі забінтуюць белым раны,

марозы супакояць страсці-жарсці,

адыйдуць у нябыт хлусня, падманы.

 

Я з табой

(маналог маці)

Нават калі

паміж намі адлегласці,

нават калі

паміж намі нязгода,

буду табе я

прытулкам у беднасці,

буду табе я

шчытом ад нягоды.

Буду нябачнай

на фэстах, дзе танчыш ты,

і незаўважнай

у тлуме трыўмфу,

цень мой празрысты

нідзе не пабачыш ты;

не патрывожу

ні словам, ні гукам.

Толькі душой

назаўжды з табой побач я.

Толькі малітвай,

нібы пупавінаю,

злучана, зліта,

на крыж прыкалочана,

кожнай тваёй

і сваёю правінаю.

Нават калі

ад мяне і далёка ты,

помні заўсёды:

ёсць сэрца на свеце,

што ўратуе

любоўю - не зёлкамі,

і захіне ад бяды

і ад смецця.

Хай будзе лёс твой

на шчасце багатым,

хай не стамляе свет феерычны.

Цябе не пакіну,

ні ў славе, ні ў латах,

нават калі,

стану пылам касмічным.

 

ОДА ГАЗЕТЧЫКУ

 

Цудоўнае слова – “газетчык”!

Яно архаізмам не будзе;

патрэбен грамадству разведчык,

патрэбны цікаўныя людзі.

І хоць інтэрнэт сваю сетку

над светам развесіў спакусна,

але на сялянскіх палетках

агентаў зліпаюцца вусны.

У вёсках, мястэчках, райцэнтрах

народ шчыра верыць газеце,

бо побач жыве – ў пяці метрах –

пісьменнік найлепшы на свеце.

Няхай сабе кніжак не мае,

бо творчасць яго ў падшыўках,

але той архіў захавае

удзячная памяць з урыўкаў,

з кароткіх навін, рэпартажаў,

з адкрыццяў, сэнсацый мясцовых

для свету, мажліва, не важных,

для простых людзей – выкшталцоных!

І тчэцца гісторыі пояс

на кроснах газетных старонак,

дзе сціплы газетчыка голас

дзень новы абвесціць спрасонак.

Ён штось у блакнот занатуе

ці на дыктафон свой запіша,

ён верыць, што слова ратуе,

таму сэрцам шчыра і піша.

Таму праз душу прапускае

чужую бяду і трывогу.

А як яго крыўда сціскае,

вядома, хіба , толькі Богу.

 

Дык што ў радках застаецца?

І што між радкоў прыхавана?

Там вера, што ўсё ж адзавецца:

і слова, і сказ, і пашана.

 

Позняя восень

Ізноў фаліянтам узнік архаічным

час восені позняй у дзіўным світанні…

Апошнія фарбы нам дорыць кастрычнік,

апошні мазок - сумны жэст развітальны.

Як вогненна ззяе марозны світанак!

Як ультрамарынава вечар згасае!

Пылком серабрыстым кладзецца на ганак

сняжынак заўчасных бялюткая зграя.

Халодныя промні свідруюць паветра,

заблытаўся вецер у голых галінах.

Насупраць зіме і халоднаму ветру,

як выклік пунсова блішчаць арабіны.

 

***

Перш чым выпіць ваду,

блаславі яе кожны глыточак.

Перш, чым снедаць пачаць,

блаславі хлеб і сала шматочак.

Перш чым слова сказаць,

у сябе папытайся, ці трэба?

Перш чым верш напісаць,

папрасі блаславення ў неба...

У завірусе

За акном шэры ветраны снежань,

і зіма нараджаецца квола.

Быццам флюгер на замкавай вежы,

маладзік зачапіўся за ёлку.

Хмары-бровы насупіла неба

над вачамі рудых небачосаў,

спакваля выспявае патрэба

супыніцца ў віхуры заносаў.

Выспявае патрэба схавацца

з галавой пад утульную коўдру,

з асалодаю сну аддавацца,

покуль сцеле зіма сваю воўну.

Толькі сум і трывога на сэрцы,

быццам нешта зрабіць не паспела,

быццам лёсу нацятыя лейцы

у руках утрымаць не сумела;

і ляціць мой вазок паслухмяна

за гарачай імкліваю тройкай,

за аброць ухапіць нечакана

не адважыцца рыцар найбойкі.

Вецер свішча, завея шалее,

па хрыбту белых коней сцябае,

у палёце душа ледзянее,

з рэчаіснасцю сувязь губляе.

Вось яна – так чаканая мудрасць!

Раўнавага над прорвай эмоцый.

Завіруха мяце, завіруха…

Скрозь яе цень шляхетны мой крочыць.

***

Не бывае душы без сумлення,

бо сумленне харчуе душу,

той, хто падае ніц на калені,

добра знае, пра што я пішу.

Нас сумленне харчуе сумнівам,

часам сорамам, часам нудой,

меркантыльнаму розуму "сліву"

круціць так, што знікае спакой.

Не бывае людзей без сумлення,

ёсць такія, што глушаць яго,

ім лацвей у другім вымярэнні

харчаваць апраўданнямі зло.

Толькі, створаная ласкай Божай

па найлепшых узорах, душа

пакутуе ад ежы нягожай

ад амбіцый ня вартых граша.

Прыгнятаюць ілжывых спрадвеку

то хваробы, то ліха, то рок,

рве сумленне душу чалавека,

круціць лёс яго ў вычурны рог.

 

Прасвятленне

***

Зноў спачатку, кожны дзень спачатку!

Толькі так, магчыма, варта жыць.

І калі ўжо шчыра гаварыць,

Непарадак там, дзе ўсё ў парадку.

(1978)

 

***

Стаў ліст зялёны залатым,

Заганарыўся”

Не ведаў – смерць у золаце,

Зваліўся,

І пад нагамі ў жыцця,

Застыў ахвярай небыцця.

(1978)

 

Ад дзіцячай несвядомасці

да дасведчанасці сталай

мы ідзём скрозь невядомасцей

і язычніцтва навалы.

Усвядомеўшы нарэшце

сваю існасць, свой імпэт,

пакідаем часу рэшту

на малітваў дзіўны свет.

Молімся за тых, хто з намі

і за тых, каго няма,

слёзна ўкленчваем у храме,

часта рвём душу дарма.

Бо без справы вера – марнасць,

без сумлення дух – нішто.

Хай жа сэрцам уладараць

слоў з учынкамі зліццё!

 

Прарок

Паэт на Беларусі – не герой.

Паэт сапраўдны – тут заўжды ізгой.

Хоць слухаюць яго, ды мала чуюць,

а хто пачуты быў, таго лінчуюць.

Спакой аберагаючы народны,

Паэта гоняць з Бацькаўшчыны роднай…

І апранецца ён у строй жалобны,

пакіне свет няветлівы і злобны,

ды на руінах даўніны глыбокай,

дзе толькі вецер па начах галёкаў,

слязьмі зальецца, быццам тая Плачка,

над незваротнай памяццю заплача,

над лёсам дзетак Бацькаўшчыны беднай.

І паглыне яго начная бездань.

Каб там, дзе слёзы на раллі ўтравелі,

блакітныя валошкі заквітнелі…

(2000 год)

 

***

Год пачаўся са страт,

з сарамліва апушчаных вейкаў,

тых, хто скраў мой давер,

вынес веру і радасць з душы.

Ды з’явіўся Анёл

і сказаў: “Не судзі чалавека,

хай яму застануцца

ад спадчыны кволай грашы.

Бог пакрыўджаных не пакідае ніколі.

Будзе лепшы ўраджай на ачышчаным полі.”

 

 

 

 

 

Вясна

Сотні адценняў шэрага колеру

у сакавіцкіх імгненнях абуджаных,

разаграваюцца сонныя бойлеры

паркаў, гаёў, пералескаў прастуджаных.

 

Снежныя гурбы худзеюць і плавяцца,

певень вадзіцы напіўся ўжо з лужыны,

два галубкі ў промнях сонечных бавяцца -

недзе святкуюць у хаце заручыны.

 

Хмаркі павіслі над дрэвамі блізкімі,

сонца згубілася ў лесе за вёскаю.

Дожджык вясновы дробнымі пырскамі

стукае ў шыбу маркотнымі слёзкамі.

 

Ноччу мароз галалёдам вяртаецца,

з дахаў растуць ледзяшы-сталактыды.

Ранкам ізноў небасхіл усміхаецца,

таюць зімовыя карыятыды.

 

***

Імхі пакрыліся блакітам

пралесак першых аксамітных.

Устрапянуўся куст ракіты,

адчуўшы сокаў рух амбітны.

Рака ў празмерным мнагаводдзі

лугі і гоні затапіла,

вясновы матылёк апоўдзень

спрабуе трапяткія крылы.

Вярнуўся шпак у летні дом.

Свет аднаўляецца наноў!

 

***

Пагражала мне Божым судом

не сястра, не сяброўка – ніхто.

Нас калісьці злучыў сумны дом,

у якім мы сустрэлі Раство.

Упікала за тое мяне,

што не стала яе шкадаваць.

Крыўды попел, як леташні снег,

спачувальнікаў сыпала раць.

Пагражалі мне Божым судом,

выпадковыя людзі праз злосць,

ды Анёлак пяшчотным крылом

захінуў ад клікунскіх пагроз.

Божы суд. Ён, напэўна, для тых,

каму Бог – не Любоў, а суддзя.

Сэрцаў хцівых, халодных і злых

не ўратуе Святая Куцця.

Згодна з верай сваёй будзем мець

Толькі тое, з чым сэрца жыве.

Слоў пагрозлівых танная медзь

У нябыт разам з часам сплыве…

 

***

Родная кроў – гэта толькі ілюзія.

Роднасць душы нас злучае штодня.

Той, хто з’ядае цябе, як карозія,

што за радня табе? Што за радня?

Будзе няўтульна табе ў хаце бацькавай,

бо там любові ўжо месца няма,

там па кутах павуціну намотвае

хцівасць і сквапнасць, і здрада сама.

Там спачування не знойдзеш ніколечкі,

там з цябе зробяць насоўку для слёз,

абвінавацяць, пакрыўдзяць і здолеюць

з іменем Бога дайсці да пагроз.

Кажуць, што родныя людзі сустрэнуцца

там, дзе чакае нас вечны спакой.

Нават калі ўвесь свет пераменіцца,

я не жадаю сустрэчы такой.

Дай мне спачын ад таго, хто так грэбліва

родную кроў прамяняў на грашы.

Божа, пашлі ў вымярэннях няведамых

мне толькі тых, хто радня па душы.

 

***

Не спяшайся туды,

дзе цябе не чакаюць,

дзе не рады ні словам тваім, ні вачам,

хай мінаюць гады,

і стагоддзі мінаюць,

давярай свае тайны хіба што ўрачам.

Не чакай ад людзей,

і знаёмых, і родных,

разумення душы и надзеі тваёй.

Плынь бясконцых падзей

цягне ў вір мімалётны,

не пакіне нікога с табой.

Не спяшайся туды,

дзе зайздросцяць і хлусяць,

там сустрэнуць цябе толькі стома і боль.

Адхілі назаўжды,

і ніхто хай не змусіць

галавой цябе біцца без сэнсу ў столь.

Паглядзі – колькі масак!

Пад імі не твары,

гэта - скрыўлены воблік таго, што ў душы.

Бессаромна і ласа

гуляюць пачвары.

Іхняй цацкай не стань. Дзеля іх не грашы.

Нехта зломкам пражыў,

бацькаў мулячы карак,

маці выкінуў з хаты, каб спадчыну мець.

Ён душу залажыў

сатане ў куфэрак,

а цяпер кракадзілавы слёзы ліець.

Ты пачварам не вер.

Там разлік, крывадушнасць.

Вер таму, хто цябе падымае з кален.

Ёсць у кожным з нас звер,

але ёсць яшчэ лучнасць

з чыстым Духам Святым, што ўратуе. Амен!

 

***

Нельга спыніць гістарычны працэс.

Што аджыло, тое знішчана будзе.

Ну а рэгрэс будзе альбо прагрэс –

ведае Бог, ды ня ведаюць людзі.

Кажуць,

            масоны кіруюць Зямлёй,

кажуць,

            палітыкі – служкі масонаў…

Коціцца свет пратаптанай раллёй

ці то да велічы, ці то да скону?

Часам здаецца: сама па сабе

наша планета ляціць паміж зораў,

а на яе натуральным гарбе

кроватачывасць ваенных разораў;

сярод мільёнаў галактык няма

сілы, якая б палёт той спыніла…

А ў біясферы драбніцаю зла

спее, чарнее, расце тая сіла.

ЗДРАДА

Здрада…

Яна заўсёды ззаду,

яна лязом халодным

паміж рабрынаў б’е.

Здрада –

прыём і зброя гадаў,

якія б’юць ад страху,

што нехта іх паб’е.

Здрада –

сярод валог засада,

раптоўна, нечакана

у багну кідане.

Здрада

кінжалам або чадам,

або маўчання ядам

у сэрца страляне.

Здрада –

не без нагляду баба,

што з іншымі балюе,

пакуль на працы муж.

Здраднік

балюе сыта з катам,

што вісельню майструе,

і на забойствы дуж.

Здрады

вакол мяне багата:

на лейцы наступіўшы,

з рук вырывае гуж…

 

Чужыя людзі

Яны праходзяць праз мой лёс,

а як няшчасце - абмінаюць,

мой поспех ці прыбыткаў стос

раней за іншых заўважаюць.

Яны так любяць дагаджаць,

калі планіда мне спрыяе,

ды будуць здрадліва маўчаць,

калі хтось брудам палівае.

Яны ня дрэнныя зусім,

іх меркантыльнасць так кранае!

О, як баюся я такіх,

за пазухаю хто хавае

не камень нават, а тапор

заточаны на той выпадак,

калі перамагае тхор,

і новы ладзіцца парадак.

І той, хто ціха прасядзеў

як мыш пад венікам у куце,

прадэманструе неспадзеў

адданасць зброі і атруце.

Чужыя людзі. Аніхто

з іх блізкім сябрам мне не стане,

і нават кроўнае радство

змяніць хоць нешта тут не ў стане.

Ды раптам, як агорне сум,

пяшчотнай хваляй праз адлегласць,

у рэзанансе блізкіх дум

сваіх людзей узнікне вернасць.

 

***

Развучылася шкадаваць

тых, хто сам сябе не шкадуе.

Развучылася спачуваць,

тым, хто голас сумлення ня чуе.

Тым, хто выціснуць хоча з мяне

хоць маленькую порцыю жалю,

я скажу: жалю варты не ўсе,

як не ўсіх запрашаюць да балю.

 

Пекла не будзе

Пекла не будзе,

бо пекла спрадвек на зямлі,

тут выпраўленне праходзяць

няшчасныя душы.

Розум касмічны гуманны:

не нішчыць ў агні,

шанец дае, ды не чуюць Яго,

хоць усе маюць вушы.

 

Пекла не будзе.

А вернецца грэшнік наноў

з грузам грахоў сваіх

зноў на Зямлю,

дзе душа зарыдае.

Колам замкнёным

зацісне планіды палон.

Водарам ліпы квітнеючай

рай нагадае…

 

У тэмпе мазуркі

А. Я.

Часы вялікіх перамен, часы глабальных “пацяпленняў”

нам абяцаюць кожны раз такую безліч перспектыў!

І вось наўпрост душы парыў

нясе і дорыць азарэнне…

- Не дай вам, бог, - сказалі Вы, - жыць у часы такой адлігі,

і сумны цень знянацку лёг чарговай зморшчынай на лоб.

Бо рана нехта крыкнуў: “Гоп”,

яшчэ не скочыўшы са скрыгі.

І не таму што рызыкант, і не таму, што шмат амбіцый:

нябесны калькулятар вам маршрут чарговы падлічыў.

А нехта здзекліва сачыў

з аддаленых глухіх пазіцый.

О, гэты нехта! Ён заўжды адседзецца ў сваёй пячоры,

ён не палезе на ражон, не возьмецца за гуж,

скакаць не стане паміж луж,

бо на сумленне дужа хворы.

Няхай! Бо кожнаму – сваё. Нам вечна помніць дзень астатні,

калі святло прагоніць змрок, і загучыць наўкола:

“Jeszcze jeden krąg dokoła,

Jeden uścisk bratni…”

 

Раманс

Раскажыце мне пра Вільню,

пра Вяллю і Гедэміна,

пра кенасу, сінагогу,

пра ўзгоркі і муры.

Хай ваяр на Вострай Браме

нагала свой меч уздыме,

хай пакліча нас дарога

у сівыя кляштары.

 

Раскажыце мне пра Вільню,

пра якую сняцца ноччу

сны, што сэрца мне хвалююць

у палоне светлых мар.

Базыльянскімі мурамі,

што стагоддзяў голас чуюць,

правядзіце, супакойце

у душы маёй пажар.

 

Раскажыце мне пра Вільню,

пра якую я пісала,

калі Вы былі далёка,

дый цяпер Вы не бліжэй…

У касцёле Святых Янаў

я, укленчыўшы, стаяла.

Вашы альфа і амега

кожны дзень мне даражэй.

 

***

Ад штучнага святла

губляюць пільнасць зрэнкі.

Глядзі лепш на агонь,

на зоркі ці ваду!

У зеляніне дрэў

знайдзі мільён адценняў,

у квецені лугоў –

вясёлак чараду.

Бясколерны ручай

ці сіняя рачулка

у промнях залатых

іначай заблішчаць,

і пырскаў брыліянт,

як феерверк над вулкай,

пачне Сусвет будзіць

і зрок твой ачышчаць.

Глядзі ў вочы мне,

яны табе не схлусяць,

зялёны колер іх

зусім не да бяды.

Там мора малахіт,

там ізумруд азёраў,

там сакавітасць траў

і сціпласць лебяды.

 

Асабіста-прафесійнае

У перыяд золкі жыцця,

калі печ патрабуе больш паліва,

нібы холад у твар з небыцця:

“Ты мне больш не патрэбна, правалівай!”

Аплявухай мне, ці як плявок.

І стаю скаменелая моўчкі я…

Зацягнула ў вір паплавок,

завыванне за спінаю воўчае…

Скавытанне звярынае зграй

кожны раз чую я так выразліва,

калі ў сэрцы пануе адчай,

калі вір заклікае навязліва.

Ды вяртае мабільніка спеў,

і чужы голас просіць так ласкава:

“Я на свята да вас не паспеў.

Пару фотак прышлі, мая ластаўка.”

 

***

Брокер, трэйдэр, маклер, дылер,

дыстрыб’ютар і рыэлтар…

Ах, якіх толькі прафесій не з’явілася цяпер!

Вось раней было так проста:

спекулянт ці перакупшчык.

Але кожны цвёрда ведаў:

гэтым кадрам ты не вер!

Быць пасрэднікам, напэўна,

не найгоршая з прафесій,

бо ляніваму не шкода за паслугу заплаціць.

Нават у стасунках з Богам

паміж большасці канфесій

дыстрыб’ютар у сутане

грэх наш можа адмаліць.

Менэджэр паслуг інтымных

прадае набор вялікі

плоцкіх радасцей, якія

узбурляюць хваляй кроў.

Кажуць, ёсць дарадца д’ябла,

што душу ў заклад прымае…

Толькі аніхто не зманіць,

каб перапрадаць любоў.

 

***

Ах, як прыемна хлусілі зоркі!

Соладка як жаўрукі днём звінелі!

Гэты ўспамін на мяжы стыне золкай,

дзе ад кахання з табой мы хмялелі.

Вольнаму – воля.

А мне – шлях няблізкі

праз гэта поле Сусвету адкрытае.

Кіну на ўскрайку

здрадаў валізкі,

і пашыбую, табою забытая.

Паражняком,

доўгам не абцяжарана,

крыўды па ветру

начному развеяўшы,

буду ісці праз снягі і праталіны,

новай хлусні напрадвесні паверыўшы,

новым світаннем зачараваная,

сэрца адкрыўшы для новага болю…

Не аклікай мяне расчараваную.

Я да цябе не вярнуся ніколі!

 

Дзяды на цвінтары

Лампадаў святло -

знічкі жыццяў і лёсаў

усіх, хто даніну выпадку аддаў,

шчаслівы выпадак, хто тут скарыстаў,

каго паглынуў чорнай вечнасці стаў,

хто бачыць святло сёння іншых нябёсаў,

па кім плачуць раніцай спелыя росы…

 

Лампадаў святло

на парчы чорнай ночы

іскрынкамі ззяе, як царскі апал.

Даўно адшумеў баляў вогненных шквал,

разбіліся крыўды, нібы сёмы вал

аб скалы. А мора пачуццяў лагодна вуркоча,

і нешта сказаць мне таемнае хоча…

 

Лампадаў святло

дагарыць. І павісне

пакровам над светам імжы амафор.

Да новай адлігі птушыны спіць хор.

Ды ветаха вока, нібы семафор

праз хмары жалобныя здзекліва блісне,

мароз малады ўсё мацнее і цісне…

 

Сціскае мароз і прастору, і час,

каб блізенька побач пабачыла вас,

дзядоў і бабуль маіх родныя твары.

Лампады пагаснуць. Ды вернуцца мары.

 

Мова

Маёй душы магутныя вібрацыі

за краты залатыя з мудрых слоў

загоняць стылістычныя навацыі,

а мова з піджынаў ствараецца наноў…

Не прымітыўная, не простая – тутэйшая,

з русізмаў, з паланізмаў, нібы слэнг

каржакаватая,

а для мяне найлепшая,

нібы з крышталікаў калядны снег.

 

Я вольная

Я вольная толькі на пляцы бялюткім ліста,

тут межаў няма маім думкам, фантазіям, марам,

і хай сабе верш мой не варты рубля ці граша -

багацце без шчасця і волі?

                          Гары яно гарам!

Мой аркуш чысцюткі, ты – поле змагання з сабой,

з наіўнаю верай і хісткасцю перакананняў,

сцвярджэнне надзеі, што кліча паходнай трубой,

і вечнай любові над светам бязмежным гучанне.

Дазвольце застацца маім неразгаданым снам

няпэўнымі вобразамі на часовым прыпынку

абрыўка паперы. Навошта наведываць вам

маіх таямніц і аблудаў рыпучыя скрынкі?

Дазвольце застацца мне вольнай на белым лісце,

які ўсё стрывае і ўсё захавае да скону…

Чарговы радок па паперы як вязень брыдзе,

каб думкі луналі за дротам адчужанай зоны.

 

Гарадзенскія радкі

1.

Трасціначка над Нёманам

вятрамі не зламаная,

нацятая, здранцвелая,

такая апантаная,

такая непахісная

перад пагрозай студзеня,

яна апошняй рыскаю,

такой празрыста-рудзенькай,

дамалявана пендзалем

зімовай стромкай раніцы.

І застанецца вензелем

да лета ў маёй памяці.

 

2.

Над соннаю Гародняю цыклон,

як прывід Фары Вітаўта ўначы.

Ён крылы чорныя па небу распасцёр,

спалохана замоўклі крумкачы.

Па вузкіх вулках кружыцца мяцель,

сама з сабой танцуе падыспань.

Гісторыі рыпучай карусэль

над гэтым горадам ляціць бы здань.

Пад жэрлам бронзавых гарматаў курганкі

каменных ядраў, што спыніць маглі

варожы наступ з сушы і ракі,

і толькі здрады не перамаглі.

 

Туман над Нёманам

А. БЫКАВУ.

Туман злучыў раку і неба,

ахутаў пасмамі дубы.

А я гуляла без патрэбы,

ішла ня ведала куды.

Далёка ад інтрыг і плётак,

ад нагавораў, здрад, маны.

Тут толькі плёскат соннай плоткі,

чый хвост схавалі туманы.

Пужлівых качак піруэты,

лістоты тленне ўздоўж сцяжын,

і голас з Мядзеля паэта,

што, як і я цяпер адзін.

Ён, як і я сумуе творча

і наталіць не можа слых

асенняй цішынёй, што кроча

маўчаннем ля дубоў старых.

 

Мы ўсе разам да зор ляцім

 “…Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

Максім БАГДАНОВІЧ.

Мы ўсе разам да зор ляцім.

Толькі зоры нас не прымаюць.

Нібы рэквіем – верш твой, Максім.

Як сняжынкі, надзеі таюць,

і сплываюць па Нёмане сны

пра сусветныя лад і згоду.

Над Гародняй спяваюць званы,

рвуцца іх галасы на свабоду,

за якую плацілі жыццём

найсумленныя дзеці Айчыны.

Адплацілі ім забыццём,

не шануюць пра іх успаміны.

А мне словам тваім, як мячом,

біць належыць у грудзі прыблудам,

а я словам тваім, як агнём

апякаць злыя сэрцы буду.

Ні Вянком, ні санетам тваім

улагоджваць іх слых не стану.

Тым, хто ў вочы пусціў здрады дым,

хай у пекле спяваюць асанну.

Мы ўсе разам да зор ляцім,

Толькі зоры нас не прымаюць.

Дзе галактык стракаты кілім,

сумна вершы як зорачкі ззяюць.

 

***

Я ствару ў вялікім свеце

свой маленькі свет справядлівы,

там шчаслівымі будуць дзеці

і не будзе месца зласлівым.

Там не будзе месца хваробам,

здрадам, хцівасці, войнам, болі.

Наталю я паветра Богам,

каб адчула душа смак волі.

Свой утульны свет я аздоблю

дыяментамі зорак вясновых,

і раздам натхненне па кроплі

для радкоў вершаваных новых.

Захіну я мой свет любоўю –

наймацнейшым шыхтом ад згубы,

каб пад сонейкам і пад поўняй

гімн жыццю гралі медныя трубы.

 

***

Пад раніцу прыйшоў армагедон

у сон мой. Растрывожыў, пабудзіўшы.

Як у стагоддзях выспеўшы праклён,

узнік раптоўна, але не здзівіўшы.

Не астэроід, ні звышновай бляск –

над соннаю Зямлёй заслона ўзнікла.

І згадкі светлыя пра сотні светлых Пасх

пад чорным ценем лозамі паніклі.

А над заслонай крылы прасціраў

і пашчу разяўляў дух злы і прагны;

ён вар’яцеў, што рады мне не даў,

не зацягнуў душу маю да багны.

 

Заслона веры па жыцці да скону

душу ратуе ад армагедону.

 

**

А хочаш, я табе паваражу,

не па далоні – па законах Торы,

і па тваіх учынках раскажу

пра тое, што цябе чакае скора,

як вернецца і ўдарыць бумеранг,

запушчаны рукой бяздушна сквапнай.

І ні пасада, ні высокі ранг

не абаронять ад расплаты залпаў.

А хочаш я паваражу табе

па вершах, па радках табой забытых.

Ды толькі ты не верыш варажбе,

і, значыць, будзеш бумерангам біты.

 

***

Адзін шукае Атлантыду,

другі – у бруднай поўсці гніду.

Адзін душой да зор імкнецца,

а іншы перад хамам гнецца.

Ствараюць ідалаў клікушы

і вешаюць лапшу на вушы.

Ды не шукае больш нічога

той, каму здрадзіла дарога.

 

***

Вораг – не той, хто цябе не шкадуе,

вораг – не той, каму згоды бракуе,

горкую праўду вораг не скажа,

дзе не пралезе, там ён падмажа.

Вораг гуляе ў брудныя гульні,

ён небяспечны, бы кат у цырульні.

Пераіначыўшы праўды законы,

ён па паняццях жыве разгаўлёна.

Хітры, ліслівы, лянівы да працы

вечна шукае – на кім бы катацца.

А калі сілы ахвяра губляе

вораг у спіну подла страляе.

 

***

“Пакінь ты мяне, нячыстая сіла!

Хадзіў я біцца, другім пара.

Чытаю Евангелле ад Максіма –

Проста кніжніка, не змагара.”

Алесь ЧОБАТ.

 

У гэтай краіне ніколі не будзе багатых,

Таму што не можа багатым быць раб і манкурт,

За трусасць і здраду чакае пакута-расплата,

і безліч няшчасцяў чакаюць гаротны мой кут.

І роспачна нехта да Бога і неба укленчыць,

а нехта сарве сваю злосць на слабейшым,

                                             на тым, хто бліжэй.

Да неба высока, да Бога – бясконцая вечнасць,

а кола гісторыі коціцца там, дзе прасцей, дзе лягчэй.

Было так не раз, калі страх забіваў горш, чым куля,

хоць тых, хто пужаў і не варта баяцца было,

тых, хто аргументаў не мели, таму проста гнулі

ў дугу і ламалі ўсіх ты, хто падняцца хацеў на крыло.

У еднасці сіла, а нас раз’яднаўшы, ламалі,

і будуць ламаць покуль мы не адзіны народ.

Сябе паважай, каб другія цябе паважалі!

Душу барані, не прыватніцкі свой агарод!

 

Варшаўскі ўспамін

Мы прытулак знайшлі

ў музеі Адама,

экспанатамі нас называлі жартоўна.

І штоноч да мяне набліжалася дама,

а пад ранак знікала,

заўсёды раптоўна.

Я прысутнасць яе

адчувала не скурай:

мы ў астрале ментальныя целы злучалі,

і над Віслай начной,

трапяткой і панурай,

нашы вершы і песні натхнёна гучалі.

Ты чыя, мая пані,

у строі шляхетным?

І чаму так раптоўна пад ранак знікаеш?

Як абрывак мелодыі нашай адметнай,

як туман, што Русалку ўначы ахінае.

Я шукала твой след у музейных пакоях,

распазнаць на партрэтах паненак хацела.

Але твар Чанстахоўскае Чорнае Дамы

немагчыма разгледзець на тварыках белых…

***

Шчаслівыя вершаў не пішуць,

Шчаслівыя графаманяць,

А той, хто мне запярэчыць,

Мякка кажучы – зманіць.

У шчасці душа спачывае,

Нібы ў нірване анёлак,

Якога нішто не кранае,

Ні ноч не хвалюе, ні золак.

Прыгожыя стройныя вершы

Кладуцца на аркуш белы …

Сярод графаманаў ты першы,

Калі пішаш роўна і смела.

Але ў радках нязграбных,

Дзе мора сумніву і болю,

Сапраўднай паэзіі водар,

Яго не забудзеш ніколі.

 

***

Не пра цябе я думаю, павер,

калі іду лясной сцяжынай роснай,

дзе мне спяваюць залатыя сосны,

дзе мне сябры і птах лясны, і звер.

Не пра цябе я думаю ў той час,

калі грукочуць страшна навальніцы,

калі набат нясецца ад званніцы,

і лёс мой недарэчны ад параз.

Не ты натхняеш на чарговы твор,

ператварыў у песню вершаванку.

Чаму ж ізноў хачу цябе на ганку

пабачыць, узыходзячы на двор?

 

Смаргоншчына

Азёрная вада настоена на зёлках,

ахутана цяплом бароў, гаёў, лясоў;

бруістасцю крыніц, якіх на дне суполкі,

ачышчана, працэджана па некалькі разоў.

Найлепшы лекар мой – азёрны кут чароўны,

дзе стромкі жываплот ахоўвае спакой.

Пад шатамі ялін імхоў сівая воўна

і ранішні туман над Віліяй-ракой.

Ад журавінаў лес рубінава іскрыцца,

тут чабаровы пах і святаянскі дух,

а неба па начах на дахі хат садзіцца,

кідае знічак прыгаршчы на скрыпеневы пух.

Нальшчанскі мілы край, як старадрук каштоўны,

дзе валатовак вязь, капліцы, валуны,

адноўлены палац – шляхетны і шыкоўны.

Склікаюць да імшы над храмамі званы,

якія так пяюць, што аж душа трапеча…

Куды ж падаўся ты – няўрымслівы хлапеча?

 

Мне чужога не трэба

Мне чужога не трэба,

мне хопіць свайго:

у пялюшкі туману спавітыя ночы,

і высокае неба дзяцінства майго,

дзе гульня без падману,

дзе шчырыя вочы.

Мне лясныя паляны

падораць суніцы,

у грыбным каралеўстве

набуду раскошу:

у імху статкі рыжыкаў, побач лісіцы,

махавік, баравік –

вось і поўненькі кошык!

Мне чужога не трэба.

Падорыць мой сад

спелых яблыкаў водар,

гронкі сліў і парэчак.

А што яблык суседскі смачней –

то наўрад,

мне б свае ўпарадкаваць па-чалавечы.

Мне чужога не трэба:

ні вады, ні зямлі,

я са студні сваёй маю чысту вадзіцу.

І куды б зноўку сцежкі мяне не вялі,

я вярнуся да чыстай

нальшчанскай крыніцы.

 

***

Нам пагражае штучны інтэлект?

Яго наступстваў нам баяцца трэба?

Але ж, панове, ці дазволіць неба

раскрыць з’яўлення нашага сакрэт?

Як перавесці ў лічбы стан душы,

занатаваны ў падсвядомасці пах сена?

Як памяць продкаў, што віруе ў венах,

у матрыцу заціснуць – адкажы?

Запампаваць у носьбіт можна шмат:

там інтэлекту залатыя зліткі,

настрой, эмоцый яркія адбіткі;

а існасць там - гульнёвы аўтамат.

Пакуль у новым свеце новы дом

нас не раструшчыў логікай жалезнай,

да неба буду заклікаць балесна:

- Не дай ім аднавіць Хрыста геном!

 

***

Раней былі эпохі,

а зараз нейкі шал:

шалеюць дылетанты

у дрыжыках амбіцый,

сістэму разбурае

апафеозны шквал,

і хутка ўсіх знясе

з наседжаных пазіцый.

Гібеюць у хлусні

прыстасаванцы скрозь,

і дагаджаюць ім

кабеты і паэты…

А недзе на шашы

ляжыць забіты лось,

і той, хто збіў яго,

не бачыць болей свету.

Гармоніі няма,

дзе сквапнасць і разлік,

і логікі няма

у апраўданнях сытых.

Прагрэс або рэгрэс?

Пралік або залік?

Ці не высокі кошт

за быт наш самавіты?

 

***

Малюся моўчкі,

думкамі малюся

і не таму, што крыўдамі даўлюся,

і не таму, што слёзы засцяць вочы,

малюся, плачу і смяюся моўчкі…

Я супраць

фанатычнага экстазу,

я супраць істэрычнага паказу.

Мяне пачуе той, Хто над усімі,

мяне пабачыць Яго погляд сіні.

Яго далоні да мяне прасцяты,

душа мая Яго святлом працята.

Калядным снегам сыплецца ў сутонні

нябёсаў ласка мудрасцю на скроні.

Ніхто маёй малітвы не пачуе,

апроч таго, Хто лёс мой апякуе.

Няхай крычаць заўзятыя клікушы

Малітвам трэба неба, а не вушы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ІІІ. ПАРОДЫІ

 

 

“Зорных шаляў віхор, не вагай.”

“…Нехта ціха па сцежцы ступаў

Ці не ўчора і мы там хадзілі?

Пад нагамі гарэў лістапад,

Апякаючы грудзі радзіме…”

Міхась СКОБЛА

СВАВОЛЬНІК

Нехта любіць хадзіць па пяску,

Нехта любіць хадзіць па ігліцы,

Іншы ў ранішніх кветак расу

Акунае свае нагавіцы.

А Месія хадзіў па вадзе!

Ёгі пяткамі топчуць вуголле.

Толькі покуль ніхто і нідзе

Не прыдумаў такое сваволле,

Каб хадзіць не звычайная сцязёй,

Не гасцінцам з сяброўкай ў абдыме,

А таптаць разам з музай сваёй

Абгарэлыя грудзі радзімы.

 

 

Чатыры паклоны лесу”

2. У бярозавым любіцца

“Потым, як на прачыстым стале

Бы ў альбом захмялелыя госці,

На бярозавым белым ствале

Мы напішам пісьмо на бяросце…”

Міхась СКОБЛА

 

“ТУТ БЫЎ МІША!”

Найбязмежней за ўсё для мужчын –

Славалюбства і прага быць першым.

Адшукаюць мільёны прычын.

Каб уразіць учынкам ці вершам.

Што той Яндэкс ці Гугля спасыл,

Кніжкі, зборнікі і альманахі?!

Што прыхільнікаў галасы?

Мала! Клічуць іх зорныя Вагі.

Каб пакінуць свой след на зямлі,

Каб застацца вядомым паэтам,

Спаласуеш бярозы ў гаі,

“Тут быў Міша!” – напішаш з імпэтам.

 

Грэчаскі матыў

“Якія сцяжыны за намі

Рыхтуе Сусвету сувой?

Афіны прапахлі багамі,

Як нарацкі човен луской”…

Аляксандр БЫКАЎ.

ПАХІ БАГОЎ

“Не быў я ніколі ў Афінах,

І ў Грэцыі нават не быў,

А бачыў я іх на карцінах,

Таму іхні пах уявіў.”

Прапахла блінамі там Гера,

Азонам – магутны Зевес,

Афіна парфюмай і серай,

Грашыма смярдзіць там Гермес,

Марскою вадой Афрадзіта,

Аід бы з трупэрні прыйшоў,

Не з лепшым душком і Геката,

Ад Вакха пах піва ішоў.

Я, пэўна, з багамі даў маху,

Але не хачу за бугор.

Няма мне мілейшага паху,

Чым вэнджаны тлусты вангор!

 

У адпачынку

“Я раніцай сплю,

ну амаль да гадзіны дзясятай…

Бо я ў адпачынку.

У планавым я адпачынку.”

Аляксандр БЫКАЎ.

ЛАЙДАК

Калі ты ад працы бясконцай сваёй адарвешся –

чакалі і жонка, і дзеці, і нават суседка,

калі ж абяцанае некалі зробіш урэшце:

у столь цвік уб’еш, паліеш градкі, кветкі?

Чакалі унукі, што іх павядзеш у вандроўку,

чакалі сябры – абяцаў ім калісьці рыбалку!

На дачы чакалі матыга, піла і рыдлёўка,

чакала ў Смаргоні цябе аднакурсніца Алка…

І вось ён прыйшоў адпачынак, твой планавы водпуск!

Забудзь пра артыкулы, нарысы, вершы!

А ты, як нясмелы і сонны той крокус,

ніяк не наспішся, ніяк не прачнешся.

 

 

Аб маладосці.

“Дзе адшукаць той мосцік,

у вечнасць што меціць прама?

Гады...Адпускаем хвосцік

і скідваем кілаграмы...”

Аляксандр БЫКАЎ.

АБ СТАРАСЦІ

Спалілі масты без шкадобы.

Не спакушае больш вечнасць.

Растуць кілаграмы ад здобы,

а хвосцік - ён як недарэчнасць.

Здадзены ўсе іспыты,

маеш рахунак у банку.

Пілуюць мужоў сярдзіта

твае былыя каханкі.

 

Саламяны капялюшык

«На ганак выйду,

з капяжу напюся…»

 

“Ліловы вечар, вясновы вечар,

…салодкім сокам мяне паіў ты”.

 

“Налівае восень чарачку віном…

Вып’ем за сустрэчу ды й на развітанне”.

Лідзія ГАРДЫНЕЦ.

 

СМАГА

Сок бярозы я піла запоем.

Лесавік, які ішоў праз бор,

мне казаў не злоўжываць напоем –

там цяжкіх металаў перабор.

Папярэджвалі Грынпіс з Мінздравам,

дык не слухала ж, і не кажы!

Пабалюю вечарам, а ранкам

выбегу напіцца ў капяжы.

Як усмягну дык расы нап’юся,

ліў зялёны месяц мне віна,

я канцэрагенаў не баюся –

у напой дадам я траў спаўна.

Мята, зверабой, палын, рамонак,

жменьку васілёчкаў сыпану.

Я асенняй ночкаю спрасонак

зёлкаў гэтых пацягнуць люблю.

Чарачку мне восень налівала.

А зімой не выпіць – проста грэх!

Медавухай сум свой залівала,

ажно зноў закапала са стрэх

ці мо з дахаў шэрых небачосаў?..

Капяжоў пачуўшы галасы,

многа я не папрашу ў лёсу –

наталліцца б кропелькай расы.

 

ГАРЫКІ НА КОЖНЫ ДЗЕНЬ

(Пераклады на беларускую мову вершаў Ігара ГУБЕРМАНА)

 

***

Дыхаю адным, адно спяваю

І адно святло ў маім акне:

Што сваё жыццё я пражываю,

А не тое, што навязваў нехта мне.

 

***

Стала ціха ў хаце маёй

І амаль апусцела чаша:

Так гады забіраюць сваё,

А ў нас адбіраюць наша.

 

***

Аб гэтым я не раскажу,

На твар усмешачку прышыю.

На пальцы я кальцо нашу,

А адчуваю яго шыяй.

 

***

Шкада мне бабу,

           што шчасце гробячы,

Імкнецца верхаводзіць памылкова.

Мужчыну пад абцас загнаўшы,

                                       робіцца

Сама нібыта сумная карова.

 

***

Жанчынай славіцца ад веку

Усё, чым годная сям’я,

Жанчына – сябар чалавеку,

Нават калі ён і свіння.

 

***

Мужчына – дурань бесталковы,

Жадзёба, хам, яшчэ й тупіца.

Каб гэта стала вам вядома,

Патрэбна проста ажаніцца.

 

***

Хваліце бабы мужыкоў,

Мужык за ўсё адплаце.

Дастане месяц-зоркалоў

І падмяце ў хаце.

 

***

Валодаць жонкай, ведаць сына

І кіраваць сваёй сямейкай

Цяжэй, чым кіраваць краінай:

Зладзействы мерыць іншай меркай.

***

Новы дзень эпоха звоніць,

Койкі на куце стаяць,

Калі баба мяне гоніць,

На эпоху мне пляваць!

 

***

З гадоў надзеямі багатымі

Насустрач ветру і вясне

Мы выплываем на фрэгатах,

Даплываем – на бервяне.

 

***

Ёсць людзі, праваліўшыя экзамен

Жыццёвых пераплётаў і кантузій,

Вісяць у іх пад мутнымі вачамі

Мяхі былых амбіцый і ілюзій.

 

***

Не лезь ні запявалам, ні гарністам,

Ды смела ўзнімай над лодкай ветразі.

Павінен быць мужчына аптымістам

І мець усё найлепшае наперадзе.

 

***

Не ў тым бяда, што сівізну

Знайшоў у барадзе.

А ў тым, што чорт у рабрыну

Не тычыцца нідзе.

 

***

Гэта шчасце –

                   палац будаваць на пяску,

Не баяцца турмы і сумы,

Аддавацца каханню,

                пець гімны яму,

Піраваць пасярод чумы!