Смаргонскія абразкі

 

Асаблівасці нацыянальнага мыслення

 

Ехаў чалавек праз Смаргонь. Быў ён тут упершыню па службовых справах. Вырашыўшы ўсе пытанні і маючы ў запасе некалькі вольных гадзін, захацеў зазірнуць у Міхневічы на госці да армейскага сябра, з якім разам гадоў дваццаць таму служыў у войску яшчэ “пры Саюзе”.

Першыя гады пасля службы сябры падтрымлівалі перапіску, запрашалі адзін аднаго ў госці. Ды так і не выбраліся. Потым пажаніліся, абвешаліся сямейнымі клопатамі, дзецьмі – не да гасцяванняў. Тым часам Перабудова і ўсе яе наступствы падзялілі сяброў дзяржаўнымі межамі: адзін апынуўся ў вольнай Латвіі, а другі – у незалежнай Беларусі.

І як было цяпер не выкарыстаць падарунак лёсу, тым больш, што “латыш” ведаў: Міхневічы дзесьці побач са Смаргонню.

Адразу трэба зазначыць, што латышскі госць па наыыянальнасці быў рускім. Праўда, за той час, што жыў ён і яго продкі ў Прыбалтыцы, славянскі менталітэт не мог не зліцца з латышскім светаўяўленнем, што ў сваю чаргу адбілася на своеасаблівасці мыслення…

Амаль за гарадской мяжой чалавек прыпыніў сваё аўто, каб высветліць у пажылой кабеты, ці ў тым напрамку ён едзн ў Міхневічы.

- Так-так, - запэўніла жанчына. – Туды і едзь: будзе спачатку вёска першая, затым вёска другая, а там і указальнік на Міхневічы ўбачыш.

Паехаў небарака са спакойнай душой далей. Углядаўся ў прыдарожныя знакі, чакаючы ўбачыць пачутыя назвы. Уяўлення яго малявала радасную карцінусустрэчы двух даўніх сяброў застолле, лазню з венікамі (менавіта лазняй ганарыўся больш за ўсё яго беларускі прыяцель). “А дорога серою лентою вьётся…» - спяваў ён разам з прыёмнікам, на хвалях якога гучала радыёперадача “У рабочы поўдзень”. Аднак дарога ўсё вілася, перадача заканчвалася, спідометр наматаў пад 40 км, а патрэбнага ўказальніка так і не сустрэлася на дарозе.

Прытармазіўшы каля чарговага аўтобуснага прыпынку, чалавек прама запытаў у пажылога мужчыны, дзе тут вёска Першая. Той са здзіўленнем паглядзеў на шафёра і адказаў: “А мой ты, мілок, дык хто ж яго ведае, якая тут вёска першая, а якая другая? Вунь там вёска і там сяло, і там, за гаем, яшчэ адно. Ты назву скажы, што ты шукаеш?”

Пачуўшы пра Міхневічы, дзядок зацягнуў:

- Ого-го, сынок! Табе назад трэба вяртацца кіламетраў 20, - і махнуў у той бок, адкуль наш знаёмы прыехаў…

Уже седзячы за сталом, сябры доўга смяяліся з таго, як “латыш” ехаў на Міхневічы, углядаючыся на ўказальнікі населенных пунктаў і шукаючы надпісы “Першая вёска”, “Другая вёска”. Што да Міхневіч, то гэта назва часова адышла на задні план свядомасці, не трывожачы розум свайго гаспадара, які ўсю ўвагу засяродзіў на пошуках неіснуючых населеных пунктаў.

Ала КЛЕМЯНОК.