Смаргонскія гісторыі
Як Барсучыха агуркі прадавала
У народзе
кажуць: “Сей агуркі на Пахом – будзеш цягаць мяхом!”
Барсучыха
разам са сваёй суседкай Мінчучыхай якраз на Пахома высадзілі расаду агуркоў пад
плёнку. Добра расада прыжылася, хутка ў рост пайшла, заквітнела, а потым і
агурочкі з’явіліся. Ці то вясна добрая была, ці сапраўды святы Пахом дапамог,
толькі ўраджаю такога багатага жанчыны колькі жывуць не мелі. Усіх агуркамі
забяспечылі: і сыноў, і дачок, і сабе насалілі ды намарынавалі. А гуркам канца
няма, усё растуць ды растуць.
Вырашылі
жанчыны адвезці на базар мех-другі ды й падзарабіць: глядзіш на цукар лішні
рубель будзе, бо ўжо хутка варэнні варыць.
Надвячоркам у
пятніцу абабралі кабеты агуркі – якраз у кожнай па два мяхі набралася. Вось
толькі як зацягнуць гэтулькі на базар? Абмяркавалі два варыянты: адвязе на
машыне сын Мінчучыхі, а калі ў таго не атрымаецца – будуць прасіць кватаранта
Барсучыхі, каб дацягнуў тачку з агуркамі да смаргонскага базарчыка, што побач з
музычнай школай. На тым і разышліся.
Цэлы вечар
тэлефанавала Мінчучыха сыну, а таго ўсё не было дома. Калі ўжо добра сцямнела,
пазваніла нявестка і паведаміла, што машына зламалася і муж заначуе ў
Маладзечне. Расчараваная жанчына пайшла да суседкі, каб папярэдзіць яе і
кватаранта аб правале першага варыянта.
Барсучыха ўжо
спала. Кватаранта дома не было – вядома ж, хлопец малады, недзе на танцы ці ў
кіно падаўся. Пабразгаўшы ў шыбіну і пабудзіўшы сваю напарніцу, Мінчучыха
паведаміла, што машына зламалася, таму няхай кватарант дапаможа. Паведаміла і
падалася дадому спаць. А Барсучыха?..
Не
разабраўшыся спрасоння, якая часіна на дварэ, жанчына хуценька пачала збірацца
на базар. Зазірнула ў пакойчык да кватаранта, пабурчэла, што зусім хлопец
разбэсціўся – і начаваць дамоў не прыходзіць, а ёй цяпер самой грузі ды цягні
мяшкі на базар. Пачакала крыху каля хлеўчыка: можа суседка падыдзе, усё ж разам
лягчэй грузіць. Той не было.
“Напэўна,
папёрлася наперад, хаця ж каб першай быць,” – пазлавалася жанчына на Мінчучыху.
Ды рабіць няма чаго: усцягнула мех, а затым другі на тачку і шпарка падалася на
базар.
Не спаткаўшы
на сваім шляху ніводнай жывой душы, Барсучыха крыху збянтэжылася, убачыўшы ў
цэнтры горада людскі натоўп. Але яна не здагадалася, што людзі ідуць пасля
апошняга сеансу ў кінатэатры. Вельмі ж карцела захапіць выгаднае месца для
гандлю і быць першай пакуль яшчэ не развіднела.
На базарчыку
было пуста і цёмна, ні табе Мінчучыхі, ні табе іншых канкурэнтаў. Пасядзеўшы і
супакоіўшы дыханне, Барсучыха нарэшце здагадалася глянуць на гадзіннік. Пры
святле адзінокага вулічнага ліхтара яна з цяжкасцю разгледзела, што стрэлкі
паказваюць поўнач…
Ала КЛЕМЯНОК.