Мемуары на развітанне
Шведскі стол для
шведаў
- Шыкоўнае вяселле ў наш час – гэта прыкмета безгустоўнасці.
Так характарызаваў адзін мой знаёмы, былы партыйны работнік, імкненне некаторых
павыкаблучвацца, ладзячы шыкоўны баль на вяселлі дзяцей. Сам ён, жэнячы сыноў,
абыходзіўся фуршэтам і шведскім сталом. Дарэчы, гэты тэрмін - “шведскі стол”,
ад яго я і пачуў упершыню. Ах, як жа выратавала мяне аднойчы веданне гэтай
формы арганізацыі харчавання!
“Сёння здарыўся канфуз, які мог каштаваць нашаму заводу дзелавой рэпутацыі.
Чарговая дэлегацыя патэнцыйных інвестараў завітала да нас са Швецыі. Пасля
афіцыйнага прыёму ў генеральнага і перамоў з падпісаннем пратаколу намераў мы, як
звычайна, вазілі гасцей на экскурсію. Маршрут быў добра адпрацаваны за апошнія
два-тры гады, у якія да нас зачасцілі замежныя прадпрымальнікі і бізнесмены.
Пасля паездкі па сталіцы, аўтобус вёз гасцей на курган Славы, затым у
мемарыяльны комплекс Хатынь. Адтуль кіраваліся на абед у рэстаран “Партызанскі
бор”, што ў пары кіламетраў ад мемарыялу.
Пакуль эскурсавод вадзіў шведаў па калісці спаленай вёсцы і распавядаў аб
стратах нашай рэспублікі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, пакуль перакладчык
перакладаў і тлумачыў сімволіку мемарыяла, я на службовай “Волзе”паехаў замаўляць
абед. Але рэстаран у панядзелак не працаваў. Як я забыўся, што сёння
панядзелак!? Гасцям ужо абвясцілі, што іх пакормяць абедам у лясным кафэ. Трэ
было выкручвацца.
Я рвануў у Лагойск. У гэты час там працавала толькі адна сталоўка
грамадскага харчавання пад немудрагелістай назвай “Бярозка”. Сцены абедзеннай
залы былі скрозь размаляваныя беластволымі дрэвамі. За крайнім столікам сядзелі
абарыгены, па тварах якіх было відаць, што да працы яны не дайшлі па прычыне добра
праведзеных выхадных і перабора са спіртным. Перад кожным стаяў келіх піва.
- Хутка выпілі і вон адсюль! – зароў я на небаракаў і сам спужаўся свайго
голасу. З бакавых дзвярэй выскачыла ні то буфетчыца, ні то загадчыца і
спалохана залыпала вачыма. Звяртаючыся да яе, я ўрачыста, наколькі дзваляў мне
артыстычны талент, абвясціў:
- Да вас едзе шведская дэлегацыя. Праз паўгадзіны яны будуць тут. Гэта ваш
шанец зрабіць рэпутацыю для вашай забягалаўкі. Тэрмінова дайце мне меню! Трэба
добра пакарміць гасцей.
- Сёння наша кухня не працуе, толькі вось буфет. Там бутэрброды з кілбасой
і сырам, вараныя яйкі, салёныя гуркі, печыва, - няўпэўненым сіпатым галасам
загаварыла жанчына.
Адчуваючы як не першай свежасці падлога сталоўкі выслізгвае з-пад ног, а
намаляваныя на сценах бярозы гудуць нібы лінія высакавольтнай перадачы, я, вытрымаўшы
паўзу, спытаў:
- Ну а гарэлка ў вас ёсць?
- Няма, але мы зараз у магазін насупраць зганяем. Ды не хвалюйцеся вы так,
прымем вашых шведаў па вышэйшаму класу.
- Рабіце шведскі стол! – загадаў я.
Напэўна, выгляд я меў сапраўды вар’яцкі, бо наведвальнікі з півам зніклі ў
імгненне вока. За пяць хвілін са столікаў утварылі адзін доўгі, пакрылі яго
белым абрусам. Ні то буфетчыца, ні то загадчыца аддавала распараджэнні дзьвюм
маладжавым кабетам, якія праз пару хвілін сэрвіравалі стол талеркамі са свежай
агароднінай, бутэрбродамі, яйкамі пад маянэзам, піражкамі фаршырованымі
капустай і бульбай. Па кутах стала важна стаялі трохлітровыя слоікі з бярозавым
сокам.
Пакуль маладухі бегалі ў магазін за гарэлкай, я прадумваў свой эффектны
спітч. Толькі ён мог уратаваць сітуацыю.
У маёй галаве, перабіваючы адзін аднаго, загаварылі прамоўцы ўсіх святочных
партыйных сходаў. Напружваючы памяць, я імкнуўся выхапіць з кантэксту самыя
душэўныя словы. Іх не было. Згадаў сваіх дзядулю з бабуляй, перажыўшых ваенную
навалу. Напруга спала, бярозы на сценах больш не раздражнялі сваёй
дэкаратыўнасцю.
Да шведскіх гасцей, якія заходзячы з непадробным інтарэсам разглядалі
каларытны дызайн “рэстарана”, я звярнуўся з кароткім словам:
- Шаноўнае панства. Сёння ў вас быў цяжкі дзень. Ён цяжкі ў маральным
плане. Вы наведалі месца, дзе сканцэнтраваныя боль, крыўды і пакуты беларускага
народа. Народа, які аддаў кожнага чацвёртага свайго грамадзяніна ў жэрла ненасытнага
дракона пад назвай “вайна”. Мемарыяльны комплекс Хатынь – помнік ахвярам
апошняй вайны. Па славянскай традыцыі прынята памянуць пакутнікаў хвілінай
маўчання і кілішкам гарэлкі. Мяркую, што ў знак жалобы мы абмяжуемся зараз
сціплымі стравамі з гэтага стала. А ў Мінску вас чакае шыкоўная вячэра.
Расчуленыя шведы з павагай глядзелі на мяне, пакуль перакладчык даводзіў
сэнс нашай славянскай традыцыі, і моўчкі ў знак згоды ківалі галовамі. Кіраўнік
дэлегацыі нават папляскаў мяне па плячы і выказаў сваё захапленне такім
нечаканым эмацыянальным завяршэннем экскурсіі.
У адрозненні ад скандынаўскага госця наш генеральны дырэктар не ацаніў маіх
намаганняў. Ён ужо ведаў, што пратаколы намераў так і застануцца намерамі. Што
працягу нашы кантакты са шведскай фірмай не атрымаюць. Выслухаўшы маю
справаздачую, ён раўнадушна паглядзеў у мой бок і рэзюміраваў:
- Ну падумаеш, засталіся б гэтыя вікінгі без абеда. Вечарам усё роўна
банкет будзем для іх ладзіць. Хай бы папасціліся...”
Дачная эпапея
- А ведаеш, радасць мая, так шчыра як у нас, нідзе ў свеце больш узбочыны
не абкашваюць. І наогул, там гэта справа гаспадароў, чые дамы ці прадпрыемствы
размешчаны ўздоўж дарогі ці шашы. А ў нас, мяркую, такая традыцыя засталася
яшчэ з тых часоў, калі прыватнікі трымалі хатнюю жывёлу і для нарыхтоўкі ёй
кармоў выкарыстоўвалі кожны кавалачак зямлі. Нават дачнікі імкнуліся назапасіць
на зіму не толькі садавіны з агароднінай, але і мясных прадуктаў. Таму многія
трымалі на сваіх лецішчах хто курэй, хто індыкоў, хто трусоў, а некаторыя нават
парасят. Вядома ж, 4 ці нават 6 сотак участка было мала для жывёлагадоўлі. Вось
і даводзілася шукаць дадатковыя кавалкі зямлі.
Быў у мяне такі сусед па лецішчы. Праз яго хамства і нахабства мы вымушаны
былі прадаць свой домік і купіць у іншым дачным кааператыве. Вось што я пісаў
тады ў свой дзённік.
“Алік з тых людзей, якія лічаць сябе сапраўднымі гаспадарамі. Як па мне,
дык хапуга хапугам! Дый не я адзін так лічу. Паміж нашымі ўчасткамі доўга не
было ніякага плота. Арыентаваліся па кустах парэчак, што раслі амаль на мяжы.
Кусты былі пасаджаны мной, але аднойчы яны зніклі: Алік заявіў, што так блізка
да мяжы садзіць нельга і не паляніўся іх выкарчаваць. Вольга заўважыла, што наш
участак паменьшаў на паўсоткі, а калі праз год нахабны сусед паставіў плот, у
нас засталося не шэсць, а пяць сотак. Толькі Вольга не ўмела сварыцца з
суседзямі, таму прамаўчала. Да таго ж і не вельмі патрэбныя былі ёй, хворай,
гэтыя лішнія метры.
Усе нашыя бліжэйшыя суседзі страцілі жаданне вітацца з Алікам пасля таго,
як ён пабудаваў на палянцы перад нашымі агародамі сабе лазню і хатнюю кухню,
перакрыўшы пад’езд да агародаў. Удава Наталля яшчэ імкнулася сварыцца і
адваёўваць тыя метры, на якія мы звычайна вясной прывозілі навоз. Але старшыня
кааператыву засведчыў, што ўсё па законе, што Алік выкупіў да сваіх шасці яшчэ
чатыры соткі і спраўна плаціць падаткі. З той вясны кожны гаспадар выкідваў
навоз проста на дарогу. А была яна вузкая - дзьвюм легкавушкам не размінуцца,
то некаторыя не маглі даехаць да сваіх домікаў. Антон, які якраз пачаў печку
класці, скінуў цагліны за 50 метраў ад свайго лецішча і вазіў іх тачкай
дапазна.
Пабудаваўшы лазню, аматар парылкі не паклапаціўся, дзе ён будзе браць ваду
зімой, калі вадаправод у кааператыве адключаны. А парыцца ён любіць круглы год.
Таму, не спытаўшы дазволу, усталяваў помпу з рухавічком у нашу студню,
перакінуў праз плот шлангі і качае ваду ўсю зіму і вясну да мая. Папутна топча
зямлю, дзе Вольга разбіла кветнік, здратаваў і закідаў яго акуркамі. Ці не
такія курцы, смалячы з балкона, выкідваюць бычкі пад вокны шматпавярховак?
Сёння прыйшоў канец нашаму трыванню. Напярэдадні Каляд, сцюдзёным марозным
ранкам, мы прыехалі на дачу, каб набраць чыстай пітной вады са студні. Але вады
ў студні не было. Рухавік захліпаючыся высмоктваў апошнія літры са дна.
Нягледзячы на працуючы агрэгат, Аліка дома не было. Шланг сарваўся і вада
вылівалася проста на суседскі агарод, які нагадваў хакейную пляцоўку.
Хваля абурэння захлынула мяне. А Вольга стаяла і неяк дзіўна ўсміхалася.
Пакуль я шукаў, дзе адключыць рухавік, мая жонка схадзіла ў хлеў, узяла сякеру
ды пасекла і шланг, і электрычныя правады. Затым, з ранейшым спакоем на твары,
на вялікім аркушы паперы напісала фламастарам запрашэнне пакатацца на каньках і
адрас лядовага палаца, у якім яна працуе. У P.S. дадала: “Студня з пітной вадой не разлічана на паліў градак і заліў
хакейнай каробкі”.
- І ты думаеш, радасць мая, гэты хам супакоіўся пасля ўсяго? Не такі ён
чалавек. Праз нейкі час нас чакала позва ў міліцыю, куды сусед пажаліўся на
нанесеную яму матэрыяльную шкоду і патрабаваў маральнай і грашовай кампенсацыі.
Столькі гадоў прайшло, я ўжо і не памятую, чым усё скончылася. Але жыць побач з
такім вырадкам больш не хацелася. Як і дыхаць смуродам з его прыбіральні, якую
ён знарок пакідаў адчыненай. А яго жонка не зачыняла дзверы нават, калі хадзіла
туды “пафіласофстваваць”. Усім сваім выглядам яны сцвярджалі: “Ведайце,
інтэлігенты, хто тут гаспадар!”
Аднойчы я сустрэў у горадзе чалавека, які купіў нашу дачу. Спытаў яго ці не
дужа назаляе Алік. Тое, што пачуў мяне больш чым здзівіла: “Алік? Цуд, а не чалавек!
У нас дзелавыя стасункі. Я ў яго лазні іншы раз паруся, усяго за паўлітра
самагону. А ён мне штотыдзень за карыстанне студняй прастаўляе літровік.
Нармальны мужык.”