Займальнае краязнаўства
Княгіня Паўліна Агінская, народжаная Шэмбек
(Да 280-годдзя маці М. К. Агінскага – Паўліны Агінскай)
Каб даведацца як мага больш пра асобу Паўліны Шэмбек, мне
давялося першапачаткова звярнуцца да геналогіі яе роду і даследавання польскага
гісторыка К. Карольскага “Szembekуw gaі№џ podolska”(“Падольская галіна Шэмбекаў”), а таксама да тых
дакументаў, якія прыводзіць Пётр Станяк у сваёй кніжцы. Такім чынам, маці
Міхала Клеафаса, Паўліна з Шэмбекаў (1737-1798), з’яўлялася дачкой графа Марка
Шэмбека, Бжэсцка-Куяўскага старасты, пазней каралеўскага генерал-ад’ютанта, і
яго жонкі Ядзвігі з Рудніцкіх, дачкі старасты Балімаўскага.
Вельмі
старадаўні род Шэмбекаў паходзіў ад старой нямецкай шляхты з горада Стандэл у
Брандэнбургіі, адна з галін якога на чале з яе заснавальнікам Барталамеем у XVI
ст. асела ў Кракаве і вяла гандаль сукном. Першапачаткова Шэмбекі належалі да
мяшчанскага саслоўя, хаця Барталамей ужо быў аўтарытэтным грамадзянінам і
ўваходзіў у склад Кракаўскай гарадской Рады. Толькі пры нашчадку Барталамея,
Станіславе, род Шэмбекаў атрымаў правы на шляхецтва. Шэмбекі заўсёды дадавалі
да свайго прозвішча “са Слупава” (гэтак жа, як Агінскія – “з Казельска”, што
ўказвала на месцазнаходжанне гнязда роду) і карысталіся ўласным гербам
“Шэмбек”, што сведчыла пра асаблівую гісторыю роду.
Паўліне было 7
год, калі памёр яе бацька і маці ў хуткім часе выйшла замуж за Казіміра
Лубенскага, дэпутата сейму 1746 г. ад Кракаўскага ваяводства, старасту
Лялёўскага, і жыла з ім і дзецьмі ў маёнтку Шэмбекаў Мінога каля Олькуша,
таксама Кракаўскага ваяводства. Маёнтак Мінога размешчаны ў надзвычай
маляўнічай мясцовасці ў нэпасрэдным суседстве з Айцоўскім нацыянальным паркам,
у мяккіх кліматычных ўмовах. Ён пазней стаў пасагам Паўліны і перайшоў у рукі яе
трэцяга мужа Анджэя Агінскага.
Першы
шлюб Паўліны Шэмбек
Першым мужам
Паўліны стаў граф Цэлестын Лубенскі (1729-1759) гербу “Памян”, каралеўскі
шамбелан, прыдворны падкаморый караля Аўгуста ІІІ (шамбелан – прыдворны тытул.
Так звалі ў больш старажытныя часы каралеўскага ахоўніка, які суправаджаў
гасцей у каралеўскія пакоі. Прыдворны падкаморый – тытул, якім узнагароджвалі
таго з прыдворных, які адказваў за бяспеку каралеўскага жылля. У канцы ж XVIII
ст. гэтыя прыдворныя тытулы азначалі тое самае, што і дзяржаўныя ордэны, а
таксама тое, што іх уладальнік мае доступ да каралеўскагаг двара).
Род Лубенскіх
гербу Памян быў адным з самых уплывовых у Польшчы. Ён, як і род Шэмбекаў, даў
краіне некалькі буйных дзяржаўных саноўнікаў-ваяводаў і каралеўскіх сакратароў.
У шлюбе з Цэлестынам Лубенскім 22.11.1758 г. у Мінозе нарадзіўся сын Фелікс
Валезій Уладзіслаў Лубенскі, які пасля смерці бацькі гадаваўся ў бабулі Шэмбек
у той жа Мінозе, а пазней, з 6-гадовага ўзросту, у родзіча Ўладзіслава Лубенскага,
ксяндза-прымаса Польшчы. Пасля заканчэння Варшаўскага іезуіцкага канвікту Фелікс
Лубенскі вывучаў права ў Сіенне і Рыме. Вярнуўшыся на Радзіму, ён распачаў сваю
палітычную і кар’еру з працы ў канцылярыі князя Аўгуста Міхала Чартарыйскага,
вялікага літоўскага канцлера. Ён быў выбраны дэпутатам сейму ад Калішскага
ваяводства і за старанную працу атрымаў ордэн св. Станіслава, вызначыўшыся як
палітычны прыхільнік рэформаў караля С. А. Панятоўскага. Фелікс Лубенскі з’яўляўся
членам Таварыства сяброў Канстытуцыі 3 мая, дэпутатам 4-гадавога сейму, які
прыняў гэтую Канстытуцыю, і працаваў у гэты час у дэпутацыі замежных спраў.
Падчас
нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Фелікс
Лубенскі вызначыўся як актыўны паўстанец, адзін з тых, хто задумаў і
падрыхтаваў само паўстанне. Яшчэ пазней, пасля ўтварэння Напалеонам герцагства
Варшаўскага, ён стаў у ім міністрам юстыцыі і веравызнанняў, уводзіў у жыццё
Польшчы грамадскі Кодэкс Напалеона, а таксама адшукаў і аднавіў так званую
Каронную метрыку (збор старадаўніх актаў каралеўскай канцылярыі).
Пасля
паражэння Напалеона Фелікс Лубенскі з жонкай Тэкляй Бялінскай і дзецьмі пасяліўся
ў апусцелым падваршаўскім Гузаве (у сям’і Фелікса і Тэклі з Бялінскіх было ў
той час 10 дзяцей). Сучаснікі так ацэньвалі асобу Тэклі Бялінскай:
“Была гэта,
несумненна, жанчына вялікага характару: паэтка, драматург, перакладчыца з
французскай, анлійскай і італьянскай моў. Адна з яе драм, “Ванда і Рытыгер”,
атрымала прызнанне не толькі крытыкаў, але і капрызнай варшаўскай публікі”.
Пасля смерці
Цэлестына Лубенскага Паўліна Шэмбек у хуткім часе выйшла замуж за Яна Праспера
Патоцкага гербу "Залатая Пілява", якому яго бацька, Міхал Антоні
Патоцкі, адступіў у сувязі з гэтым уласнае Гузаўскае стараства. Паселішча Гузаў
ляжыць ля важных транспартных і гандлёвых шляхоў, у 7 км ад міжнароднай трасы
Берлін-Варшава.
Малалетні сын
Яна Праспера Патоцкага i Паўліны Шэмбек, Антоні Пратазій (2.09.1761-23.01.1801) -
усе звалі яго "Прот" - пасля смерці бацькі гадаваўся у доме свайго
дзеда, ваяводы Антонія Міхала Патоцкага (згодна з традыцыямі таго часу, асірацелае
дзіця мужчынскага полу павінна было гадавацца у родных па лініі бацькі).
Трэці шлюб. Трэцім і самым удалым шлюбам Паўліны Шэмбек быў
шлюб са старастам Ашмянскага павету, мечнікам літоўскім, дэпутатам сейму,
князем Анджэем Агінскім (1740-1787). Шлюб адбыўся ў суседнім з Гузавам
Медневіцкім касцёле 21 ліпеня 1763 года. У архіве парафіі св. Станіслава ў
вёсцы Віскіткі (таксама непадалёк ад Гузава) у кнізе шлюбаў захаваўся акт пад
нумарам 197 за 1763 год, у якім паведамляецца: “Гузаў. Панскі дом. Дня 21
ліпеня. Я, Адам Маркевіч, прэпазіт віскіцкага парафіяльнага касцёла, у
Медневіцкім касцёле Айцоў Рэфарматаў змацаваў шлюбны кантракт паміж Найяснейшым
Панам графам Анджэем з Казельска Агінскім, найвышэйшым мечнікам Вялікага Княства
Літоўскага, старастам Ашмянскага павету, палкоўнікам Яго Каралеўскай Мосці і
Рэчы Паспалітай, і Яснавяльможнай Пані графіняй Паўлай з дому Шэмбек, у І шлюбе
Лубенскай, у ІІ шлюбе – Патоцкай, старасцінай Гузаўскай".
Пасля таго, як у Ашмянскім парафіяльным касцёле ў нядзельныя і святочныя
дні былі зроблены тры абвяшчэнні аб шлюбе з боку Яснавяльможнага Анджэя
Агінскага (паводле прадпісанняў правінцыйных сабороў і сінодаў), а з боку
Найяснейшай Паўлы Патоцкай – у Віскіцкім парафіяльным касцёле, кананічных
перашкод не было выяўлена.
Таццяна КЛЯШЧОНАК,
навуковы супрацоўнік
музея-сядзібы М. К. Агінскага.