Я НАРАДЗІЛАСЯ Ў КАЗЦЫ…
Я нарадзілася ў казцы. Яе насельнікі прыклалі шмат намаганняў, каб
задаволіць маю дзіцячую смагу дзівосаў, каб загартаваць маю свядомасць ад
наступстваў рэзкіх перападаў тэмпературы энтузіязму ў грамадстве, каб
прышчапіць вакцынай народнага гумару мой густ, прывіўшы імунітэту трываласць
супраць усяго нізкаякаснага, шкоднага для душы і псіхікі.
Казка існавала не на нейкай
пэўнай тэрыторыі, а ў вымярэннях часу. Таму і мая малая радзіма – не
гістарычная Віленшчына, працятая вірлівай Вяллёй, а паралельны свет, што
існаваў па-над гэтымі тэрыторыямі з іх этнічнымі лучнасцямі, хутарамі,
дзяржавамі. Цудоўны свет, нават Сусвет, маёй казачнай Бацькаўшчыны быў
знітаваны сотнямі ручаёў, рачулак, рэк, што імкнуліся да сваёй сталіцы, -
Вяллі, якая насамрэч выконвала ролю культурнага, эканамічнага, навуковага,
гандлёвага цэнтра. Таму не было ў той краіне перыферый і правінцый, усе яе
жыхары жылі ў сталіцы. Яны не мелі комплексаў непаўнацэннасці праз няправільнае
вымаўленне, местачковае мысленне, абмежаванасць у сродках існавання. Яны ўсе
былі самадастатковымі, багатымі, разумнымі. Пагадзіцеся, нідзе ў свеце вы не
напаткаеце такога, каб сталіцай дзяржавы была рака. Толькі ў маёй казцы.
Жылі-былі мае прашчуры
вілейчукі, вяллянчукі, віленчукі (назву можна абіраць у залежнасці ад прыпынку
ў часе, на працягу якога яны ўпрыгожвалі казку вынікамі сваёй працы) асабліва
не задумваліся над тым, наколькі правільна яны жывуць. Ёсць багаты ўраджай –
правільна жылі, няма прыбытку – штось не даглядзелі. Хоць і верылі ў розных
багоў ды бажкоў, містычных істот, але моцна на іх не разлічвалі. Спадзяваліся
толькі на сваю руплівасць і дбайнасць. І кожны з іх быў сам чараўніком,
лекарам, варажбітом.
Маёй зыбкай былі начоўкі з
асінавага цурбана, аб які чорт зламаў свае рогі, калі каціўся з Лысай гары. Так
казала бабуля Алена, татава маці, і яшчэ прыгаворвала: “Дзіця пястуй як яечка,
пасі, як авечку, тады выйдзе чалавечка”. І частавала мяне перапечкамі з
рамонкавай гарбатай. Іншы раз запарвала валошкі, чабор ці нейкія дужа духмяныя
зёлкі, што сушыліся на гарышчы, куды лазіць дзецям забаранялася, бо там у
цёмным куце жыў Дамавік, які “цікаўнай Нюшы адарваў вушы”. А пад вялікімі
валунамі і кладкамі на рацэ хавалася Жалезная баба, яна люта ненавідзела
дзяцей, таму тапіла тых, хто асмельваўся без мама-таты набліжацца да ракі. У
лесе хаваліся на верхавінах дрэў гаёўкі –непаслухмяныя дзяўчаты, якіх
павыганялі з хат у чым маці нарадзіла зняслаўленыя бацькі. Іх ахоўнікам стаў
Лесавік. Калі я пыталася ў бабулі, як жа яны голыя зімовыя маразы перажываюць,
то чула ў адказ чарговую байку пра пераўтварэнні гаёвак у пухляценькіх істот,
якія скрозь ад пят да макаўкі пакрываліся зімой белым пухам. А зімняй раніцай,
зірнуўшы за акно і ўбачыўшы апрануты ў белае футра лес, я, здаецца, бачыла
сотні гаёвак.
За Вяллёй у дубовым лесе быў
глыбокі яр. У ім хаваліся людзі з навакольных вёсак падчас ліхалеццяў. Мы з
дзядулем Антосем там збіралі баравікі, і ён расказваў пра свет, што існуе за
межамі нашай казкі. У тым свеце падчас мікалаеўскай вайны згубіліся браты і
бацька бабулі Алены, а сам Антось быў моцна паранены і атручаны газамі, але
выжыў і нават атрымаў георгіеўскія металічныя крыжы, якая бабуля грэбліва
называла бразготкамі. Тата іншы раз браў мяне з сабой на рыбалку. Я ціха-ціха
сядзела ў лодцы, каб мяне не чула Жалезная баба, якая сваёй жорсткай металічнай
рукой магла схапіць мяне і зацягнуць у глыбокі вір. Хто ж мог тады ведаць, што
праз пару гадоў жалезныя машыны прыйдуць на гэтыя берагі, каб распачаць будоўлю
веку – Вілейска-Мінскую водную сістэму, зруйнуюць вёскі, затопяць наваколле вадасховішчам,
бязлітасна разбураючы маю старажытную казку.
Два іншых персанажы маёй
дзіцячай казкі жылі непадалёку. Бабуля Макрына і дзядуля Фядось маглі б
паслужыць прататыпамі героеў меладрамы. Яна - дачка мясцовага каваля, ён –
амаль паніч, атожылак збяднелай шляхты, ганарысты і амбіцыйны. Абвянчаліся
насуперак волі бацькоў і пранеслі сваё каханне праз усё жыццё. Па сённяшніх
мерках – казачная гісторыя. У іх маладзечанскай хаце я жыла з бацькамі першыя
пяць гадоў свайго жыцця. Ці не таму на працягу наступнага дарослага жыцця
часцяком вярталася думкамі ў той час і занатоўвала на чыстым аркушы чарговы
ўспамін. Вось напрыклад такі пад назвай “Як я вясну гукала”.
“Дакладней
было б назваць гэту публікацыю “Як я зіму праганяла”. Столькі дзесяцігоддзяў
праляцела з той пары, а гэты момант майго ранняга дзяцінства яскрава ўрэзаўся ў
памяць. Варта толькі пачуць ці прачытаць слова “грамніцы”, і ўспамінаецца
заснежаны яблыневы сад, паркан у шапцы-наледзі набок, дзядулева хата,
невялічкае акенца, настолькі невялічкае, што я і сёння не магу ўявіць, як у яго
межах умясціліся твары ўсіх тагачасных жыхароў дома: дзядулі, бабулі, мамы,
таты, дзядзькі Сяргея, дзядзькі Сашы, маіх стрыечных братоў і сёстраў? Гэты
калектыўны партрэт, занатаваны недзе ў мазжачку, для мяне як найкаштоўны
рарытэт, ці не самае першае ўсведамленне сябе на гэтым свеце. А яшчэ самае
першае самасцвярджэнне сябе, як асобы артыстычнай, здольнай выклікаць хвалю
станоўчых эмоцый. Гэта мянушка – Артыстка, надоўга замацавалася за мной, кожны
раз нагадваючы пра той грамнічны эксперымент: прабежку басанож па снежным
покрыве лютаўскай марознай раніцай.
А пачалося ўсё з дзядулевых жартаў. Трэба аддаць
належнае творчаму патэнцыялу маіх продкаў, якія не проста ведалі шмат прыказак,
прымавак, прыслоўяў, казак і міфаў, але і даволі слушна іх выкарыстоўвалі ў
штодзённым жыцці. Вось і тым ранкам дзядуля Фядось грымнуў сваім моцным
голасам: “Прыйшлі грамніцы – скідай рукавіцы!” Бабуля Макрына запярэчыла, што
не нап’ецца сёлета певень з лужыны вадзіцы, значыць і на Юр’е не наесца вол
травіцы. Нехта з дзядзькоў падхапіў гутарку, маўляў, і добра, што няма адлігі,
а то ўраджаю была б хвіга. Далей пачалі прыгадваць іншыя прыкметы, аздабляючы
іх жартамі пра тое, што на грамніцы зіма з летам сустракаецца. Нехта
пажартаваў, што, каб прагнаць са двара зіму, трэба выпусціць на снег
распранутае і разутае дзіця. Пакуль старэйшыя ўнукі спрачаліся, каму бегчы на
вуліцу, я падалася за дзверы. Вельмі ж хацелася пабачыць сустрэчу зімы з летам.
Схапіўшы пугу, што валялася ў сенцах, пабегла праз сад да плота і пачала
сцёбаць па гурбе, якая снежнай коткай выцягнулася на пярэнчынах паркана.
Пачуўшы мамін голас, я азірнулася, але мамы не ўбачыла, бо клікала яна мяне
праз адчыненую фортку, а праз шыбу глядзелі і смяяліся ўсе насельнікі дзедавай
хаты.”
Зімовыя карціны – мае першыя
ўспаміны. Але ж былі і вясновыя, і летнія, і восеньскія. Жнівень з дзіцячых гадоў
застаўся ў памяці як самы багаты летні месяц. Хоць і пазначаны ён Успенскім
постам, але не абмяжоўваў ніякімі рамкамі ўжыванне ягад, садавіны, агародніны,
мёду, арэхаў. А якія смачныя піражкі з трускалкамі, пончыкі з грыбамі, варэнне,
вішнёвую бабку гатавалі напрыканцы лета нашы мамы і бабулі! Ізноў ўзнікае ў
памяці дзядулеў голас, ажывае казка.
“А
Макрына - у каралях чырвоных, у туфлях атласных, у сукенцы сіняй - ідзе да
ракі. У правай руцэ ў яе вузельчык з жытнімі ды пшанічнымі каласкамі. Вось яна
ля вады спыняецца. Развязвае вузел, кідае ў раку каласкі. Уваходзіць у ваду
рачную Макрына. "Расступіся і сыдзіся вада, адступі, сухая бяда, ад поля,
ад зямелькі ўзаранай, ад падворка, ад хлебнага кораня".
Бабуля
Макрына слухае дзядуляў аповед, схіліўшы на бок галаву, усміхаючыся кончыкамі
вуснаў і прыжмурыўшы свае блакітныя непадуладныя старасці вочы. Дзядуля Фядось
для нас, унукаў, – сапраўдны Бай, ён столькі ўсяго ведае, а чаго ня ведае, тое
дапрыдумвае. Бабуля не ўмее казкі расказваць, затое яна – геніяльны слухач. Не
тое, што ўнукі, якія ўвесь час перабіваюць Бая, закідваючы пытаннямі, як на
допыце. Перабіваюць адзін аднаго, не даючы дарасказаць, чаму бабулю назвалі
Макрынай, хоць нарадзілася яна не 1 жніўня, пазначанага ў праваслаўным
календары гэтым імем, а 28 жніўня, на Прачыстую, або па-іншаму Унебаўзяцце Маці
Божай. Ізноў распачынае дзядуля тлумачыць:
-
Хрысціяне святкуюць тры Спасы: Мядовы, Яблычны, Хлебны або Палатняны. З першага
Мядовага, які яшчэ называюць Спасам на вадзе, пачынаецца Успенскі пост. І
доўжыца ён ажно да Прачыстай, калі і нарадзілася ваша бабуля Макрына. У вялікае
свята нарадзілася, па-нашаму на Спажу. Да Спажы заканчваецца жніво, дажынкі
святкуюцца з новым ураджайным караваем. Людзі кажуць, што чалавек, народжаны на
Прачыстую, усё жыццё пад аховай самой Дзевы Марыі знаходзіцца, аніякія беды яму
нястрашныя.
Гэтым
часам бабуля сумна ўздыхае і пераводзіць погляд за акно, дзе пад яблыняй поўна
ападу ляжыць. Дзеці даўно ад’еліся свежых яблыкаў, а бабуля чакае яблычнага
Спасу, прытрымліваючыся традыцыі: жанчыне, у якой дзеці паміралі, забаронена
каштаваць яблыкі да Спасу.
- Дык
вось чаму ты, дзядуля, Марыляй бабулю клічаш, а не Макрынай, - узрадавана
заяўляе старэйшая ўнучка. – А чаму Мядовы Спас яшчэ вадзяным называюць? Таму
што Макрына ў рэчцы купаецца?
- Таму
што з гэтага дня Вялікі князь Уладзімір, прыняўшы хрысціянства, пачаў хрысціць
жыхароў свайго княства Кіеўскага ў рацэ Днепр, усяляк распаўсюджваў новую веру.
У Кіеве ён пабудаваў на месцы смерці першапакутнікаў Феадора і Іаана дзесяцінную
царкву, асвечаную ў гонар Небаўзяцця Божай Маці.
-
Дзядуля, - не суцішаецца з пытаннямі ўнучка, - а цябе назвалі ў гонар таго
самага першапакутніка Феадора? А ў царквы як і ў бабулі адзін дзень
нараджэння?….
Ах,
колькі ж часу праляцела з той пары! Шмат чаго з памяці сцёрлася, шмат што
набыло іншы сэнс пад прэсам савецкай прапаганды. Але ні настаўнікам гісторыі ў
школе, ні выкладчыкам універсітэта не ўдалося пахіснуць маіх перакананняў,
выспеўшых на галінках хрысціянскай веры, гісторыі і маралі.
Новае
разуменне паняцця “Спас” неяк даў мой сын Жэнька, які нарадзіўся ў адзін дзень
з бабуляй Макрынай, толькі амаль праз сто гадоў. Калі Жэня пачаў вывучаць
англійскую мову, то скептычна ўспрыняў маё тлумачанне назвы свята ад слова
«спаситель», гучна і пераканаўча прамовіўшы: “А мне здаецца, што “спас” ад
англійскага “space” (“космас”). І ў сувязі з гэтым вельмі лагічная назва
хрысціянскага свята “Шлях Марыі дадому”, якое вядома яшчэ з VI стагоддзя.
Можна
было спрачацца, адстойваючы сваё, мясцовае, традыцыйнае. Але нельга процістаяць
сусветнаму працэсу і не заўважаць, што свет змяніўся, нашы дзеці іншыя.
Галоўнае, каб яны захавалі ў сабе чысціню душы і ўдзячнасць продкам, што
збераглі веру і веды, нягледзячы на ўсе д’ябальскія правакацыі.
Сярод тых гераічных людзей, што
з упартасцю абаранялі маю і не толькі маю казку ў пераходны перыяд майго жыцця,
найперш настаўнік мовы і мой першы літаратурны крытык Іван Антонавіч Кучынскі.
Ён пазнаёміў мяне з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім – рупліўцам
старасветчыны, доктарам гістарычных навук, краязнаўцам. З яго лёгкай рукі мае
першыя вершы, што час ад часу з’яўляліся на літаратурных старонках
маладзечанскай “раёнкі” былі надрукаваны ў часопісе “Маладосць”. Менавіта
Генадзь Аляксандравіч паспрыяў таму, каб мой пераход ад казачнага дзяцінства ў
дарослы свет з чужой мовай і незнаёмым мне менталітэтам не моцна раніў душу
абразлівымі словамі наконт майго няправільнага вымаўлення і наогул разумення
палітыкі партыі…
Чарговай зімовай казкай стаў
семінар маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Галоўная выснова: нас вельмі
шмат! Шмат тых, хто захоўвае роднае слова, родную мову. Днём майстар-класы
праводзілі слынныя пісьменнікі, рэдактары часопісаў і газет. А вечарамі ў
пакоўчыку, куды пасялілі нас з Людмілай Паўлікавай, збіраліся маладыя
пачаткоўцы. Менавіта падчас гэтых імправізаваных сустрэч раскрывалі свае
творчыя планы Віктар Шніп, Уладзімір Арлоў, Ала Канапелька, Вадзім Спрынчан,
Алесь Наварыч, Сяргей Украінка, Сяргей Вераціла і іншыя.
Свежае паветра на поўныя грудзі
я ўдыхала ў такія складаныя васьмідзесятыя. Яны давалі надзею. Толькі зрэдзь
часу натхненне дарыла вершы. Днявала і начавала на пасадзе рэдактара новай
незалежнай газеты “Наш дзень”. Але па нейкіх не зразумелых мне законах усё менш
заставалася аднадумцаў, паціху кожны з іх казаў “прабач, у мяне сям’я” і
знікаў. З галавой акунулася ў рэаліі часу і мая казка адпомсціла, перарабіўшыся
ў пачварны фільм жахаў. Цнатлівыя гаёўкі, пакінуўшы наседжаныя лясы і вульгарна
размаляваўшы твары, запаланілі “стомятроўкі”. Цмокі і пярэвяратні навыперадкі
імкнуліся да ўлады. Тады я зразумела, што гісторыя распяцця Хрыста –
абагульнены сімвал кожнага чалавечага жыцця, бо ў кожнага з нас свой крыж, свае
апосталы, свой Іўда і свой Понцій Пілат. Ах, як дрыжэлі рукі майго Пілата, калі
я з гордым выглядам пакідала яго кабінет, высказаўшы ўсё, што думаю пра іх
гульні, да якіх мне раілі далучыцца. Я не хацела гуляцца, я проста жыла па тых
правілах, якія засвоены былі з дзяцінства.
Чаго
варты ўсе нашы дасягненні, калі няма да каго прытуліцца, няма з кім падзяліцца
сваімі радасцямі і нягодамі, а ў шэрагу будняў акрамя працоўных і творчых
перамог няма таго, што называюць сямейным дабрабытам. Пад дабрабытам я маю на
ўвазе не столькі дастатак у матэрыяльным плане, як душэўны камфорт у акружэнні
родных людзей.
Мая
сям’я і ёсць тыя людзі, якія мяне натхняюць і якія, па-сутнасці, з’яўляюцца для
мяне галоўнай жыццёвай матывацыяй. Пасля першага няўдалага шлюбу я засталася з
двума сынамі на руках. Без работы, без кватэры, без надзеі і любові. Было
толькі пачуццё глыбокага расчаравання, якое агіднай дрыгвой засмактвала ў
бездань глыбокай дэпрэсіі. Некаторыя жанчыны ў такім стане ратуюцца
рукадзеллем. Мне гэта не дапамагала, хоць увесь час даводзілася нешта вязаць,
шыць і перашываць для дзетак, каб не выглядалі грош за іншых. Ратавалі вершы.
Дакладней, – паэзія. Неяк пазней у адказ на маю ўдзячнасць, якую я выказала
наступным тэкстам: “Вы мяне ўратавалі”, Ніл Сымонавіч Гілевіч з добразычлівай
усмешкай адказаў: “Цябе паэзія і творчасць уратавалі. Ніколі не забывай пра
гэта.”
Я і не
забывала. Нараджаліся вершы, укладаліся ў кнігі. Першую “Яны не ведалі мяне”
выдаў маладзечанскі руплівы ахоўнік і папулярызатар літаратурнай і культурнай
спадчыны нашага краю Міхась Казлоўскі. З ім мы пазнаёміліся напачатку 80-х на
пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Купалінка” пры маладзечанскай раённай
газеце. Дарэчы, гэта суполка творчых людзей дала пуцёўку ў літаратуру такім
вядомым сёння пісьменнікам як Таццяна Сапач, Кастусь Цыбульскі, Тамара Бунта,
Марат Баскін. Другая кніжка вершаў “Бывай, Альба Рутэнія” выйшла, дзякуючы
апецы маёй мілай Дануты Бічэль-Загнетавай. Яна першая пераканала мяне, што я
паэт, і гэта вялікая адказнасць і цяжкі крыж, а не падарунак лёсу. Выхаду
трэцяй кнігі “Рэфлексіі” паспрыяла хвароба: пісала і ўкладала яе цягам чатырох
месяцаў, калі была на бальнічным. А выданню “Рэфлексій” пасадзейнічала Людміла
Кебіч – старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. За гэту
кнігу я атрымала званне лаўрэата рэспубліканскага літаратурганага конкурсу. Людміла
Антонаўна параіла мне падаваць рукапіс выбраных вершаў на абласны конкурс імя
Цёткі і неўзабаве мой рукапіс перамог і атрымаў фінансы на апублікаванне
чацьвёртай кнігі “Не пускайце ў сэрца адзіноту”.
А цяпер
крыху асабістага. Са сваім другім мужам мы ўжо размянялі трэці дзясятак гадоў
сумеснага жыцця. У гэтым шлюбе ў мяне нарадзіліся яшчэ два сыны. Ці лёгка
гадаваць чацвярых дзяцей, працуючы журналістам у “раёнцы”, ведае толькі той,
хто на гэтай пасадзе працаваў. Для астатніх скажу адно: вышываць крыжыкам і
маляваць акварэлі часу не хапала. Затое шыць, рыхтаваць ежу, рабіць уколы, быць
аніматарам сямейных святаў, разумна распараджацца сямейным бюджэтам – усё гэта
павінна ўмець мнагадзетная мама. А мне яшчэ хапала часу на вершы, якія ўвабралі
ў сябе ўсе станоўчыя і адмоўныя эмоцыі, перажыванні, надзеі на ўдзячнасць ці
расчараванні ад страчаных ілюзій. Яшчэ хапала і хапае часу на дачныя клопаты.
Спачатку агарод і сад былі нашай падмогай, а калі старэйшыя сыны пайшлі на свой
хлеб, лецішча - наш чароўны Эдэм, дзе душа адпачывае, розум натхёна фантазіруе
над чарговай дызайнерскай кампазіцыяй, а рукі маюць прыемны занятак.
Як мы
выхоўвалі з мужам нашых дзяцей? Уласным прыкладам і працай на дачы. Усе сыны
вучыліся добра, наведвалі і музычную школу. Любімы інструмент, як і ў мяне, –
гітара. Старэйшы Антон працуе журналістам. Ягор – магістр гісторыі. Яўген –
рэферэнт-перакладчык. Малодшы Арсень – закончыў тэхнічны ліцэй. У сям’і Ягора і
Таццяны гадуецца мая першая ўнучачка Алеська.
На мой
выбар прафесіі некалі найбольш падзейнічала жаданне вандраваць. У маладосці з
заплечнікам за спінай падарожнічала па Беларусі, Літве, Украіне, па гарах
Крыма, Карпат, Каўказа, Цянь-Шаня. Цяпер паступова ператвараюся ў “матрасніка”
– так прыхільнікі актыўнага турызму называюць курортнікаў. І тым не менш,
пакуль ногі паслухмяныя, накіроўваю іх час ад часу па сцежках не самых
камфортных, на якіх можна напаткаць дзівосы і прыгажосць, а значыць, і повад для
натхнення, для новых твораў, для новых казак.