Рачны дябал

 

Поўня разбудзіла Вальдуся. Яшчэ цалкам не выплыла з-за суседскіх хат, заблытаўшыся ў галінах вішнёвых ды яблыневых садоў Вілейскай вуліцы, а святлом заліла ўсё наваколле. У пакоі стала светла, як днём, а днём Вальдусь спаць не прывык. Падняўшыся з ложка, ён падаўся на панадворак. Дайшоўшы да варот, наваліўся на частаколіны, углядаючыся ў твар вялікай поўні, якая зараз вісела над самай вуліцай.

Раптам да слыху Вальдуся даляцеў нейкі цікавы гук. Спачатку падалося, быццам недзе за Вяллёй завыла сірэна пажарнай машыны. Гук нарастаў, набліжаўся, на нейкі час сціхаў, а затым з новай сілай і на больш вышэйшай ноце ажываў і ляцеў над самай дарогай, быццам гэта крычала сама поўня, разявіўшыся на поўную шыр.

Вальдусева хата стаяла напрыканцы вуліцы, за якой цягнуліся маладыя пасадкі лесу аж да самай Вяллі. Таму яго сабака першым пачуў нядобрае і не вельмі хочучы прачынацца, рэдка і ляніва забрахаў.

Гук тым часам зусім наблізіўся, праўда, і зусім асіп. Усё выразней чуўся грукат падбітых жалезам ботаў, а на дарозе пры месячным святле лёгка можна было пазнаць постаць чалавека, які бег так хутка, быццам за ім гналася зграя ваўкоў. Але нікога за ўцекачом не было і Вальдусь смела рушыў за вароты і падаўся насустрач чалавеку, у якім ён пазнаў па грукаце ботаў свайго суседа Сымона Батуру.

Сымона ўсе ведалі, як вялікага майстра на ўсялякія выдумкі і прыколы. Як кожны сапраўдны рыбак, ён быў і сапраўды выдумляльшчык, але так пераканаўча апавядаў пра ўсе свае здарэнні, што цяжэй было не паверыць. Хоць і веры дужа ніхто не даваў. Таму і Вальдусь верыў і не верыў Сымонавым словам пра д’ябла, якога той нібыта толькі што бачыў на Вяллі. З аднаго боку, як не паверыць спалоханаму не на жарт чалавеку, што сваім ровам пабудзіў усё наваколле. А з другога: ну якія д’яблы ў наш рэактыўны век? Ці ж не лухта гэтыя казкі пра чорта з пякельным агнём у вачах, што раскінуўшы магутныя чорныя крылы на ўсю шыр Вяллі, ні то плыве, ні то ляціць над самай вадой, якая закіпае і шыпіць пад крыламі нячыстай сілы.

Колькі дзён запар распавядаў Сымон усім суседзям пра жудаснае відовішча. Толькі ніхто не верыў, аж пакуль іншыя аматары парыбачыць ноччу з дапамогай сеткі-лучка не былі перапалоханы жудасным відовішчам “нячыстай сілы”.

А крыж на гэтай гісторыі паставіў ужо вядомы нам Вальдусь. Праўда, падрабязнасцямі рыбалкі ён не дзяліўся, бо, па ўсяму відаць, без браканьерскіх прылад тут не абышлося. Казаў толькі, як у чарговую поўню, калі яму не спалася, вырашыў парыбачыць. Разам са сваім старэйшым сынам яны падаліся да ракі, дзе ўбачылі “нячыстую сілу”. Якім чынам яе вылавілі і выцягнулі, рыбакі не апавядалі. Але на беразе гэта істота аказалася вялікім здзеравянелым пугачом, чые кіпцюры глыбока ўвайшлі ў спіну старога двухпудовага сома. Магчыма, птушка была дужа галодная, калі кінулася паляваць на рыбіну. Ды з прагнасці не разлічыла свае сілы і скончыла жыццё на дне ракі, куды паранены кіпцюрамі сом ірвануў ці то ад болю, ці то ад спалоху.

Так і плавалі яны разам колькі часу. А па начах, калі сом паднімаўся бліжэй да паверхні, акамянелы пугач аказываўся над самай вадой, наводзячы жах і спалох на смаргонскіх аматараў начной рыбалкі.