Пераводкі
Нарэшце Валька
атрымала тое, пра што так марыла апошнія дні – тата купіў ёй пераводныя
малюнкі. Дзяўчынка даўно ведала, куды яна іх будзе наклейваць. Найперш – на
заплечнік. Каб задавака Зінка лопнула ад зайздрасці, убачыўшы прыгажуню
Папялушку на вальчыным партфелі. Другі малюнак яна прылепіць на абгортку
дзённіка, і Вольга Сяргееўна абавязкова скажыць штосьці прыемнае ў адказ. Трох
парсючкоў неабходна перавесці на футалар баяна, а Ката ў ботах – на сам баян.
Яшчэ дзвюм карцінкам было запланавана месца на шкле кніжнай паліцы і на
люстэрку ў дзіцячым пакойчыку.
Дома, хуценька
пераапрануўшыся, Валька падрыхтавала шклянку цёплай вады і села акуратненька
выразаць карцінкі.
- Без мяне не
пачынай, - папярэдзіў тата. – Налепіш сікась-накась. Тут трэба рука
натрэніраваная.
Дзяўчынка
дачакалася, пакуль тата завершыць свае справы, і ажно падкоквала ад нецярпення,
калі ён нарэшце сеў побач з ёй за стол. На стале ляжала вокладка ад дзённіка,
каля стала стаяў футалар і побач з ім баян, чакаючы абновак на свае выцвілыя
бакі. Тата адсунуў у бок вокладку і паклаў перад сабой жаўтавата-брудны аркуш
паперы, на якіх мама звычайна выпякала печыва ў духоўцы.
- Спачатку
трэба патрэніравацца, - абвясціў урачыста тата.
Апусціў першы
малюнак у шклянку з вадой, патрымаў крыху і, наляпіўшы на паперу, пацягнуў на
сябе. Пераводка, мусіць, слаба намачылася, таму скамечылася, не жадаючы
адліпаць ад асновы.
- Вось бяда –
першы малюнак сапсавалі. Нічога ў нас яшчэ пяць ёсць.
Узяўшы
карцінку з Папялушкай, тата пачаў яе намочваць, на гэты раз доўга трымаючы ў
вадзе. Так доўга, што пераводка адліпла канчаткова і засталася ў шклянцы.
Трэці малюнак
хоць і перавёўся на аркуш, але вельмі крыва, настолькі крыва, што парсючкі
амаль ляжалі адзін на адным. Чацьвёрты аказаўся налепленым дагары нагамі, пяты
чамусьці пачаў прыліпаць да татавых пальцаў, і толькі шосты нарэшце лёг так як
і было патрэбна. Тата, захапіўшыся творчасцю, засім не зважаў на дачку, што
сядзела побач у акамяненні, і толькі вочы, перапоўненыя слязамі, выдавалі тую
трагедыю, што разгаралася ў яе душы…
Стаўшы маці,
Валянціна ніколі не ўмешвалася ў дызайнерскую “творчасць” сваіх дзяцей. Суседкі
іншы раз ахалі ды войкалі, згледзеўшы, як яе сыны заляпілі амаль пад столь
сцены дзіцячага пакойчыка фоткамі ды ілюстрацыямі, выразанымі са старых
часопісаў. На іх заўвагі жанчына адказвала заўжды адно:
- Няхай ў
дзяцінстве нагуляюцца, каб потым не псавалі нервы сваім дзецям.
Ала КЛЕМЯНОК.