Мемуары на развітанне

Нявеста з поўдня

 

- Сёння дзень нараджэння маёй Вольгі. Мы заўжды адзначалі яго шампанскім “Брут”. Яна не любіла алкаголю, але ад гэтага аскомістага віна адмовіцца не магла. Таму, калі ласка, купі мне брут.

Зіначка звычайна разумела па вуснах, што кажа Язэп Фядосавіч, але на гэты раз паклала перад ім аркуш і аловак. Дзед паглядзеў на яе неяк вельмі разгублена і напісаў назву шампанскага, засумняваўшыся, ці ёсць такое цяпер наогул.

Праз 15 хвілін жанчына прынесла заказ і ад сябе паклала плітку горкага шакаладу. На аркушы з такой дзіўнай назвай “брут”, напісаўшы “З днём анёла Вашу Вольгу і Вас”.

Фядосавіч жэстам паказаў Зіначцы куды сядаць і раскрыў свой чарговы дзённік.

“Другі тыдзень, як мы з Вольгай у Беларусі. Прывёз яе на агледзены да сваіх бабулі і дзядулі. Ад Ташкента дабіраліся марудна, амаль тыдзень, спачатку цягнікамі, потым аўтобусам, крыху папуткамі, а пяць апошніх кіламетраў да дзедавай вёскі – пешшу. Гэтыя апошнія пяць кіламетраў сталі для маёй маладой жонкі самымі уразлівымі. Здавалася, у яе адкрылася другое дыханне. Стомленасці ад шматдзённай дарогі як і не было. Толькі перайшлі гаць праз забалочаную нізіну і ступілі на добра ўтрамбаваную лясную дарогу, Вольга занялася збіральніцтвам. Спачатку я думаў, што яна збірае шышкі ў якасці сувеніраў. Але не было меры яе імпэту: калі кішэні сукенкі і піджачка былі напоўненыя гэтымі “сувенірамі”, яна пачала набіваць імі дамскую сумачку, потым заплечнік. Папутна падбірала галлё. Вочы ліхаманкава свяціліся, а вусны шапталі:

- Божа, колькі паліва, колькі паліва!

І тут я зразумеў. Для мяне, чыё дзяцінства праходзіла ў гэтых барах і лясах, звычайнай справай былі ўсеяныя сасновымі і яловымі шышкамі сцежкі і дарогі. Ніхто на іх увагі не звяртаў. Бацька-лес, як называлі яго мае землякі, быў багаты на лепшыя падарункі: грыбы, ягады, дзічыну. Вольга нарадзілася і вырасла ў Ташкенце. Ташкент – горад хлебны! Гэта фразеалагізм. А на самой справе мяккі клімат спрыяе росту вялікай колькасці садавіны і гародніны, гарэхаў і бахчавых. А вось з палівам там напруга, бо лясоў няма. Дровы ці брыкет на вес золата, асабліва ў ваенны час. Таму, каб абагрэцца зімой ці прыгатаваць традыцыйны плоў, у вогнішча ішло ўсё, што гарыць. Зайшоўшы ў лес і ўбачыўшы столькі дармавога паліва, мая жонка рэфлексійна пачала назапашваць “паліва” на зіму. Я не спыняў яе, няхай дзіця парадуецца такому шчасцю.

На падыходзе да вёскі каля рэчкі Пераплюйкі, мы памыліся і пераапрануліся ў чыстую вопратку. Вольга апранула белую вясельную сукенку, а я - белы баваўняны касцюм узбекскай вытворчасці. Ступіўшы на парог дзедавай хаты, пачулі праз расчыненыя вокны, што там ужо ідзе бяседа. Як высветлілася пазней, не дачакаўшыся маладых, дзед распачаў вяселле, а к нашаму прыезду госці ўжо апахмяляліся. Сустрэлі нас добра, віталі, зычылі шчасця, нават нейкія падарункі былі. А на раніцу я не знайшоў свайго белага касцюма. Замест яго бабуля паклала мне святочныя дзедавы нагавіцы і шэрую кашулю. На маё пытанне бабуля адказала:

- Ну нягожа ў споднім хадзіць! Людзі засмяюць. Я ў гліне яго пафарбую, каб стаў шэрым, прыгожым.

У нашых мясцінах сапраўды з мужчынскай вопраткі белымі былі толькі кальсоны ды ніжняя кашуля, усё астатняе фарбавалі ў разведзенай блакінай ці шэрай гліне.

Яшчэ горшы лёс чакаў шышак, назбіраных Вольгай. Не зразумеўшы навошта яна прыцягнула ў хату гэта смецце, бабуля бязлітасна спаліла ўсё ў вогнішчы на выгане. Яшчэ і пасмяялася, якое ж гэта паліва, ці ж нам дроў не хапае?”

Ала КЛЕМЯНОК.