Смаргонскія гісторыі
Магія слова
Калі
па-праўдзе казаць, то смаргонцы не больш і не менш прымхлівыя, чым жыхары іншых
мясцін нашай Бацькаўшчыны. Аднак у большасці з іх, асабліва ў людзей сталага
ўзросту, захаваліся паважлівыя адносіны да прамоўленага слова. Ці не з
паганскіх часоў перадаецца праз пакаленні святая вера ў тое, што сказанае слова
можа магічным чынам матэрыялізавацца. Таму нават у вялікай злосці асцерагаюцца
мае землякі не тое што клясці чалавека, але нават і жывёліне ліха зычыць.
Дзядзька
Антось з Новай Рудні, злуючыся на сваю непаслухмяную кабылу “кляне” яе такімі
словамі: “А каб цябе ваўкі не паелі!” А яго суседка цётка Ванда, выганяючы з
хлява ўпартую цялушку, лаецца на яе “А каб ты ялаўкай не засталася!”
Аднаго разу
давялося мне пачуць, як размаўляла святлянская цётка Надзя з нейкім мужчынам,
чалавекам, па ўсяму відаць, нетутэйшым, бо ўжо занадта часта паўтараў ён
мацерныя, нецэнзурныя выказванні. Мужчына, што быў на добрым падпітку, рэзка
размахваў рукамі, падскокваў, нібы яго блохі кусалі, выцягваў шыю, высока
задзіраючы падбародак, быццам хацеў праз каўнер выскачыць са сваёй бруднай
вопраткі. Цётка Надзя не вельмі ўважліва слухала небараку, але кожны раз, як ён
памінаў вядомую маці, яна, прышчурыўшы вочы і схіліўшы на бок галаву,
настойліва перапытвала:
- Чыю маць? Тваю?
А калі
чалавек, відаць, выгаварыўшыся, падаўся сваёй дарогай, кабета спачувальна
прамовіла яму ў след: “Даруй Божа табе і тваёй маці”, а затым, павярнуўшыся да
мяне дадала:
- Гэта ж
трэба, столькі часу страціла, слухаючы гэтага п’яніцу, каб яму добра было!”
Ала КЛЕМЯНОК.