Куцця
Даўно ў Гэльчынай хаце не было столькі весялосці, шуму, дзіцячага гвалту. І хоць за апошнія гады адзіноцтва, асабліва пасля таго, як
аўдавела, яна прызвычаілася да цішыні і спакою, усё адно была вельмі рада, што
менавіта на куццю з’ехаліся ўсе яе сыны з сем’ямі. У ранейшыя часы куцця пад
дахам роднай хаты была амаль абавязкам для яе дзяцей. Дзе б ні былі, але на
вячэру 24 снежня абавязкова павінны былі патрапіць дамоў.
Гэлька
здагадвалася, што сабраў братоў хутчэй за ўсё яе сярэдні Юзя, які нядаўна
нарэшце ажаніўся. Відаць, хацеў такім чынам пазнаёміць сваю маладуху з сям’ёй
ды і яе паказаць. Старэйшы Васіль унукаў ужо дачакаўся. У меншага, Сяргея,
дачка ў дзеўкі ўбіраецца. Толькі Юзіку не шчасціла з жанчынамі, пакуль нарэшце
спаткаў сваю Таццяну.
Дзяўчына,
паўсяму відаць, нядрэнная, вось толькі маладзейшая амаль на дваццаць гадоў за
Юзю. Гэта і непакоіла старую маці, якая паглядала на ўсе падзеі з вышыні свайго
жыццёвага вопыту.
Пакуль жанчыны
рыхтавалі на кухні куццю, Васіль з Сяргеем правялі агляд матчынай гаспадаркі,
тое-сёе падрамантавалі, падвялі святло ў сенцы і прымайстравалі лямпачку над
ганкам, каб старая спакойна выходзіла з хаты ў прыцемках. Маладых не было.
Пайшлі паглядзець горад, ды відаць, на госці да нейкіх Юзікавых сяброў
завіталі. Ужо расклалі стол, паклалі пад белы абрус па старой традыцыі сена,
расставілі посныя стравы, пераважна з грыбоў ці з гародніны. Дзеці першымі
паселі за сталом і іх вочы адразу ўпіліся ў абаранкі, разапрэлыя з сіропе з
цёртым макам і цукрам. Гаспадыня збіралася адцэжваць бульбу, як у хату нерашуча
пастукалі. Праз імгненне з сенцаў данесліся рыпучыя крокі, і ў хату ўсунулася
калтунаватая галава з няголеным тварам і пунцовым носам.
- Глядзіце –
Дзед Мароз прыйшоў! – завішчаў чатырохгадовы Васілёк. Старэйшая Гэльчына
нявестка першая кінулася да дзвярэй, каб выправіць вон з хаты нечаканага “Дзеда
Мароза”. Аднак Гэлька перапыніла яе:
- Чакайце,
чакайце, я такая радая, такая радая, што ён прыйшоў, - а потым, звяртаючыся да
валацугі-жабрака, запрасіла яго на кухню. Там паклала яму ў торбачку ўсялякіх
прысмакаў, калдуноў з грыбамі, аладак з капустай, - усяго, што трапіла пад
руку.
А калі
незнаёмец пайшоў, яна яшчэ доўга паўтарала: “Як жа добра, што ён прыйшоў сёння
да нас, ой, як жа гэта добра!”
А праз пару
хвілін у хату амаль уляцелі закаханыя Юзя з Таццянай, напоўніўшы пакой
маразяным пахам з прымешкам нейкіх незнаёмых прыемных духоў. Таццяна,
размахваючы стодаляравай купюрай, гучна пыталася:
- І хто гэта ў
нас такі багаценькі Бураціна, што раскідваецца такімі грашыма?
Усе здзіўлена
маўчалі. Бо грошы ніхто не губляў, тым больш даляры. А першай убачыла ў куточку
ганка і падняла “паперку” Таццяна, калі ўзяла адтуль венік, каб стрэсці з
боцікаў мяккі калядны сняжок.