Купанне Настачкі
Першае купанне
нованароджанага немаўляці – не проста працэдура. У беларусаў – гэта амаль што
абрадавая падзея, накшталт першага прычасця. У даўнейшыя часы на першае купанне
запрашалі найбольш дасведчаную і вопытную кабету, абавязкова добрую, чулую,
незайздросную, каб, не прывядзі Божа, не сурочыла дзіцятка! За гэтую паслугу
абавязкова належыла заплаціць, хоць невялікія грошы купальшчыцы, якую з гэтага часу
называлі “бабкай”, нягледзячы на яе ўзрост.
Сёння гэтая
традыцыя амаль што знікла. Маладыя мамачкі самі купаюць сваіх немаўлятак, бо
вучацца гэтаму яшчэ да радзін у кансультацыях і паліклініках.
Настачка
нарадзілася сямімесячнай. Хоць і пратрымалі яе ў бальніцы значны тэрмін, але
ўсё роўна, яна больш нагадвала нейкага галавасціка, чым дзіця: вялікая галоўка,
сплюшчаны, нібы печаны яблык, тварык, худзенькія і сінюшныя ручкі і ножкі.
Маладыя бацькі не тое што купаць, спавіваць яе баяліся. Калі патранажная сястра
амаль загадала тэрмінова пакупаць дзіця, бацькі толькі цяжка ўздыхнулі.
Уздыхнулі і вырашылі звярнуцца па дапамогу да суседкі па пляцоўцы – бабы Валі.
Ніхто не ведаў, ці былі ў бабы Валі свае дзеці, бо ніколі не бачылі іх, аднак
усе суседзі ведалі, што Валянціна Пятроўна – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ды
й што казаць, жанчына яна была энергічная, дзелавітая, напорыстая. Увесь дом
звяртаўся да яе за парадамі, за дапамогай, і не было выпадку, каб яна
каму-небудзь адмовіла. Толькі скажа: “Нічога – на фронце і не такое было!”
Не адмовіла
баба Валя і нашым небаракам, адразу загадала: “Рыхтуйце начоўкі, - і дадала, -
прарвёмся: на фронце і не такое было”.
Тата Вова
наліў вады ажно па самыя берагі. Па загаду бабы Валі зафарбавалі ваду
марганцоўкай, сыпануўшы каліва крышталікаў прама ў ванначку. Апусціўшы локаць у
ваду, мама Вера праверыла ці не загарачая яна, а Ваялнціна Пятроўна, распавіўшы
дзяўчынку, апусціла яе ў ваду амаль вертыкальна, падтрымліваючы пад падмышкі.
Галоўка
немаўляці, якая спачатку хісталася ўправа-улева, то наперад, то назад, раптам
зафіксавалася на паверхні вады, як паплавок; ножкі, якія да гэтага былі
падціснуты пад жывоцік, раптам напрудзіліся і нібы пачалі шукаць дно, каб у што
ўперціся. Настачка, відаць, упершыню за сваё кароткае жыццё шырока расплюшчыла
вялікія шэрыя, нібы мышкі-палёўкі, вочкі і ўпершыню ўсміхнулася.
Па загаду
Пятроўны Верачка пачала мыліць дачушцы галоўку і змываць мыльную пену,
паліваючы цёплай вадой з імбрыка. Тым часам баба Валя памяняла дыспазіцыю,
паклаўшы немаўля гарызантальна і падтрымліваючы абедзьвюма рукамі пад попачку і
галоўку. А маладая мама ізноў пачала мыліць дачушцы жывоцік, грудачкі і ножкі.
Калі працэдура
была завершана і дзяўчынку дасталі з цёплай вады, высветлілася, што бацькі не
падрыхтавалі рушнік. “Каб не застудзіць” немаўля, баба Валя, нядоўга думаючы,
пабегла з Настачкай з ваннага пакойчыка ў спальню, дзе на ложку ляжаў забыты
рушнік…
Карацей, усё
абышлося, дзіця не захварэла. Толькі Верачкіна свякроў, прыехаўшы пазней і
слухаючы пра першае купанне, чамусьці войкала ды айкала і рабіла вялікія вочы.
А маладым
мамам раім не выкарыстоўваць гэты вопыт пры купанні дзіцяці, бо Валянціна
Пятроўна хоць і была на фронце, але не ў якасці медсястры, як лічылі ўсе
суседзі, а ў якасці снайпера.
Ала КЛЕМЯНОК.