Род і народ

Купалле

 

У маім родным Маладзечне і яго ваколіцах, колькі я памятаю, заўжды святкавалі Купалле. Нарыхтоўкай “паліва” для вогнішчаў займаліся пераважна падлеткі і дзеці. Хаця і дарослыя цягнулі розны хлам, непатрэбныя рэчы. Надвячоркам паступова ў розных канцах горада ўздымаліся дымы, а з наступленнем ночы высокія языкі полымя шугалі ажно да неба. Назаўтра горад патанаў у смогу, ад якога ажно пяршыла ў горле. А народ абмяркоўваў, чыё вогнішча было найбольшым і гарэла найдаўжэй.

У нашых мясцінах гэта свята заўжды называлі падвоена – Яна Купалы. Магчыма таму, што на перыяд летняга сонцазвароту прыпадае такі важны для хрысціян дзень нараджэння Іаана (Яна) Хрысціцеля.

 

Маю дзіцячую цікаўнасць адносна сэнсу і паходжання свята мае родныя тлумачылі па-рознаму. Мама казала, што кастры раскладаюць у гонар Яна Гуса, якога спалілі за сапраўдную веру здраднікі хрысціянства. Ахоплены полымем прапаведнік смяяўся ў твар сваім катам, якія так і не зразумелі, што гэтым учынкам дэманструюць сваё адступства і сатанінскую сутнасць. Бабуліна версія была казачна-магічнай. Купалка – гэта дзяўчына, якая “сядзіць на плоце, яе галоўка ў злоце”, кліча Янку на вуліцу гуляць, бо хутка паверне сонца да зімы, дзень будзе памяншацца. Тата быў упэўнены, што такім чынам ушаноўваюць беларусы дзень нараджэння свайго слыннага паэта Янкі Купалы. Толькі дзядуля Фядось, яхідна ўсміхаючыся, даваў магчымасць выказацца ўсім, каб затым урачыста і грунтоўна падаць ісціну. А яна, па словах дзядулі, у тым, што ў ноч сонцазвароту нарадзіўся Іаан Хрысціцель, якога просты мясцовы народ назваў на свой лад Янам, а “прозвішча” Купала дадаў, каб адрозніваць яго ад другога біблейскага Іаана (Яна) Багаслова.

Такую ж версію адносна паходжання слова Купала значна пазней прачытала я ў даследчыцы народнай культуры Марыі Жабінскай. Вось яе тлумачанні: “Некалі старыя людзі вельмі адчувалі і цанілі сэнс слова. Так, калі нам даводзілася казаць “будзем мыць дачушку”, то маці заўсёды папраўляла – “будзем купаць”. А на запыт, ці ня ўсё роўна мыць або купаць, быў адказ: “Мыюць нябожчыкаў, жывых людзей купаюць”. Значыць, згодна з народнай філасофіяй, у слове “купаць” ёсць дзея, якая мае рух, усплеск (рух цела ў рэчцы, плёсканне дзіцяці ў начоўках). Таму можна сцвярджаць, што праз мянушку Купала адлюстравалася пашана народа да чалавека, які хрысціў Хрыста ў Іардане.” Між іншым, мовазнаўцы засведчуць, што большасць беларусащ раней ніколі не казалі “я мыўся ў рацэ”. Калі мыўся, то ў лазні, а ў рацэ – купаўся.

Фалькларыст, доктар філалагічных навук Ірына Казакова лічыць, што беларусы, як ніхто са славянаў, захавалі ў абрадзе купальскай урачыстасці і ў песнях, якія яе суправаджаюць, адгалоскі самай сівой старажытнасці. Наш зямляк Арсень Ліс выказаў гіпотэзу, што свята першапачаткова было прымеркавана да летняга сонцастаяння – салярны культ у ім дамінантны. Імітацыяй руху сонца лічыцца і ваджэнне карагодаў каля вогнішча. Менавіта да сонца і звяртаецца купальская песня:

Сягодня Купала, заўтра Ян,

Да зайграй сонейка, зайграй нам,

Каб зялёныя лугі шумелі,

Каб сырая зямля стагнала

Да й ад дзявоцкага гуляння,

Да й ад жаноцкага спявання.

Што да самога вогнішча, то на думку Марыі Жабінскай ніякага магічнага значэння яно не мела, а чыста ўтылітарнае і функцыянальнае: людзям прадстаўлялася магчымасць пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў. Праз падрыхтоўку да Купалля раскрываліся дбайныя адносіны беларусаў да чысціні вёскі, падворкаў, мястэчкаў. І наогул, цяжка сабе ўявіць, што моладзь магла весяліцца да раніцы без вогнішча, якое і асвятляла, і сагравала.

З пункту гледжання хрысціянскай народнай філасофіі, час перад днём памяці Іаана Папярэдніка (Хрысціцеля) увасабляў цемрашальства язычніцтва. Звезенае ламачча палілі як доказ адмаўлення ад фізічнага бруду. Ніякія малітвы не магли гучаць, бо сам дзень памяці Святога наступаў з узыходам сонца. Але песенная культура ля вогнішчаў не парушала царкоўных канонаў.

Славуты паэт Адам Міцкевіч у свой час прысутнічаў на Купаллі на Радагошчынскай гары, што на Навагрудчыне. Хрысціянская аснова свята праяўлялася ўжо на пачатку дзеі, калі несці агонь дазвалялася толькі самай набожнай і паважанай жанчыне. У вызначаны час (пасля таго, як прыгоняць і падояць кароў) яна насыпала гарачае вуголле са сваёй печы ў гліняны гаршчок, кідала туды жменьку засушаных зёлак, асвечаных напярэдадні Яна, абвязвала ручніком, каб не было горача трымаць гарачы гаршчок, а для надання святочнасці зверху ўскладала вянок з кветак. Жанчына ідзе паўз вёскі, а гаспадыня хаты, да якой яна падыходзіць, павінна выйсці насустрач і кінуць у гаршчок сваіх зёлкаў. Усе ідуць з песнямі да таго месца, дзе моладзь падрыхтавала вогнішча. Жанчына абыходзіць яго тройчы наўкола з малітвай “Ойча наш” і высыпае гарачае вуголле, распальваючы полымя. Асвечаныя зёлкі - прыкмета таго, што агню перадавалася святая сіла, каб адагнаць нячыстую сілу і такім чынам “застрахавацца” ад якой-небудзь бяды. Ніякага паганскага рытуалу ў гэтым няма. Ахоўна-ачышчальным лічыўся і абрад пераскоквання моладзі праз агонь.

З купальскай ночкай звязана шмат паданняў і песень. Папулярнымі былі жартаўлівыя, якімі абменьваліся дзяўчаты і хлопцы. Грунтоўны аналіз паэтычнай сістэмы купальскіх песен зрабіў у сваіх працах Арсень Ліс. Каму цікава, звяртайцеся да яго работ “Купальскія песні” і “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў”.

Ала КЛЕМЯНОК.