Ала СТРАШЫНСКАЯ

Калядныя гісторыі

 

Пяльмені з-пад снегу

 

Мастацкая стужка “Іронія лёсу, або З лёгкай парай!” калісьці натхніла Міхаіла Пятровіча на пераднавагодні паход у лазню. З таго часу да яго далучыліся старэйшы сын Андрэй і сусед па пляцоўцы Косця. Па традыцыі кожны год 31 снежня мужчыны выпраўляліся ў аздараўленчы комплекс, дзе парыліся, мыліся, адпачывалі душой і целам. Праўда, у адрозненне ад герояў кіно, не ўжывалі нават піва, не кажучы пра больш моцныя напоі.

Аднойчы мужчыны, як заўжды выправіліся ў лазню, пакуль жонкі завіхаліся на кухні, рыхтуючы святочную вячэру. Адпачыўшы ўдосталь, прыцемкамі вярталіся дадому. Машыну пакінулі на стаянцы, бо ведалі, што ў двары ля пад’езда не прыпаркуешся такім часам, ды і небяспечна: які-небудзь небарка петардай яшчэ пашкодзіць аўтамабіль ці, як гэта аднойчы ўжо здарылася, чалавек на добрым падпітку выламаў бакавое люстэрка.

Разамлелыя мужчыны ішлі моўчкі, толькі снег парыпваў на марозе пад іх чаравікамі. Зайшоўшы ў свой двор, машынальна глянулі на вокны кватэр свайго першага паверха. У паўзмроку заўважылі, што нехта поўзае менавіта пад вокнамі ў Міхаіла Пятровіча. Пераглянуўшыся, сцішылі хаду і пачалі набліжацца да нечаканага “госця”.

- І што мы тут шукаем – ці не падснежнікі? Злая мачаха выправіла бедную сірату? – грымнуў сваім гучным голасам Косця, калі яны падыйшлі. З-пад чорнага капюшона на мужчын глянулі заплаканыя вочы суседкі з верхняга паверха Лізы.

- Бяда ў мяне, - скрозь слёзы прагаварыла жанчына. – Нарыхтавала вось пяльмешак з баравічкамі сушанымі, як мой Вася любіць, хацела яму падарунак зрабіць на Новы год. Але ж такая дурніца: у маразільніку месца мала, дык вынесла падмарозіць на балкон, яшчэ і вокны балконныя адчыніла, на пярыльцы паклала паднос са смакатой. А псіна наша дурная - Шарык, выскачыў ды панюхаць пэўна захацеў і скінуў усё на двор. Вось шукаю ў снезе цяпер свае пяльмешкі.

Пашкадаваўшы Лізу і яе зябкія рукі, мужчыны прапанавалі дапамагчы.

- Давай сюды тваю міску і бяжы дахаты, а то зусім захварэеш. Мы самі ўсё знойдзем і прынясём табе, бяжы небарака ў цяпло!

Было б яно ўсё добра, каб на той час не вярталася з магазіна дачка Пятровіча, якую маці паслала па маянэз – не хапіла крыху для салаты. Мужчыны так захапіліся пошукамі пяльмешак, што нікога і нічога не заўважалі. Дзяўчынка, пазнаўшы сваіх, хутка прашмыгнула ў пад’езд, а ўскочыўшы ў кватэру залямантавала:

- Мама, а тата з Андрэем і суседам такія п’яныя, што пад пад’ездам поўзаюць і ў хату зайсці не маюць сілы!

- Ох, ведала ж я, што гэтым калі-небудзь скончацца іхнія паходы ў лазню! Ну я ім паддам зараз! – нервавалася Пятровічава жонка, хапаючы качалку і хутка выбягаючы з кватэры…

 

Дзед Мароз і прафсаюз

 

Больш чым тыдзень маленькая Алёнка жыла чаканнем свята: татка абяцаў звадзіць яе на навагодні ранішнік з сапраўднымі Дзедам Марозам і Снягуркай. Матуля пашыла ёй сапраўдную белую сукенку Сняжынкі. Старэйшая сястра змайстравала карону з празрыстым вэлюмам, які плыў, нібы лёгкая аблачынка, за плечыкамі ў дзяўчынкі, калі яна павольна і важна шпацыравала з кута ў кут па невялічкаму пакойчыку гасцёўні, паглядаючы на сябе ў вялікае насценнае люстэрка.

І вось у прызначаны дзень татка павёў яе на свята ў арганізацыю, дзе пачаў нядаўна працаваць.

Нават пачуцці Наташы Растовай на яе першым балі здаліся б мізэрнымі ўспышкамі радасці ў параўнанні з тым шквалам эмоцый, што бліскавіцамі непадробнага шчасця зіхацеў у Алёнчыных вачах, калі яня зайшла ў шыкоўную залу, пасярэдзіне якой стаяла высокая ўпрыгожаная бліскучымі цацкамі хвоя, абсыпаная сотнямі вясёленькіх рознакаляровых агеньчыкаў.

Разам з дзецьмі Алёнка вадзіла карагоды вакол ёлкі, голасна клікала Дзеда Мароза, танчыла разам са Снягуркай, спявала навагоднія песенькі, шчыра смяялася, весялілася, скакала ўзбуджаная і зачараваная агульнай весялосцю.

Калі, напрыканцы свята надышоў самы чаканы момант уручэння падарункаў, дзеці выстраіліся ў доўгую чаргу і, падыходзячы да Дзеда Мароза, гучна называлі сваё прозвішча, а той падаваў у працягнутыя ручкі стракаты кардонавы куфэрачак з цукеркамі, мандарынамі і рознымі іншымі ласункамі.

Дачакаўшы сваёй чаргі, Алёнка гучна выкрыкнула прозвішча. Але Дзед Мароз чамусьці не спяшаўся ўручаць малой падарунак. Ён пашаптаўся пра нешта са Снягуркай, а затым, балюча сціснуўшы дзяўчынцы плечыка сваёй вялікай , як шуфаль, далонню, амаль адцягнуў яе ў бок ад чаргі і гучным злым голасам абвясціў:

- А табе няма падарунка, ідзі адсюль! Твой бацька не з’яўляецца членам прафсаюза!

Крыўда, сорам, адчай і непадробнае дзіцячае гора разрывалі сэрца маленькага чалавечка, калі Алёнка ўцякала са свята. Дзяўчынка так і пабегла на вуліцу ў сандаліках, распранутая, нават не паспрабаваўшы пашукаць тату. Ёй хацелася як мага хутчэй уцячы з гэтага ранішніка, ад гэтага злога і скупога Дзеда Мароза, які не даў ёй цукерак ды яшчэ так балюча сціснуў плячо. Шмат разоў дзяўчо, паслізнуўшыся, падала. Рэдкія прахожыя са здзіўленнем спыняліся і азіраліся ўслед распранутаму дзіцяці, што абліваючыся слязамі, бегла некуды ў гэты зімні, даволі марозны дзень.

Уляцеўшы ў хату і ўжоне плачучы, а толькі захліпаючыся, малая прыціснулася да маці, трасучыся ўсім скамянелым на сцюжы цельцам:

- Мама, мамачка, наш татка – не член, - толькі і здолела прамовіць Алёнка аслупянелай ад нечаканасці маці.

Цэлы вечар Аліна расцірала і разагравала дачушку, паіла адварамі траў, мёдам, малінавым чаем. Хоць горшага не адбылося, усё ж тыдзень Алёнка прахварэла ангінай. Але больш чым хвароба, дзяўчынку скасіла крыўда і расчараванне. Добры Дзядуля Мароз у яе ўяўленні ператварыўся ў агідную злую пачвару.

Каб неяк выправіць становішча, бацька сам прынёс падарункі дзяўчынцы і нават купіў белакурую вялікую ляльку з блакітнымі вачыма, сказаўшы, што Дзед Мароз перадае гэтыя падарункі і просіць прабачэння. Толькі Алёнка не паверыла і не даравала. Яна даравала свайму таткуза тое, што той не член (член чаго – дзяўчо ніколі не помніла).

Добрае дзіцячае сэрца не можа доўга крыўдаваць. Але дзіцячая памяць не ўмее забываць крыўды. Відаць таму, Алёнка больш ніколі ў сваім дзяцінстве, у тым ліку і школьным, не хадзіла на навагоднія святы.

 

Малочны Дзед Мароз

 

Калі Марыя злавалася, то называла свайго мужа выключна па прозвішчу – Марозаў. Павел прызвычаіўся, што раз па прозвішчу, то гэта азначае – нешта не так зрабіў або проста ў жонкі дрэнны настрой. Праўда, жылі яны на зайздрасць суседзям вельмі дружна, таму і дзве іх дачкі больш прывыклі чуць як мама і тата ласкава называюць адно аднаго Марылькай ці Паўлікам.

Неяк пад Новы год не пашчасціла Паўлу. Майстар змены папярэдзіў, што прыйшла яго чарга дзяжурыць менавіта ў навагоднюю ноч. Павячэраўшы з сям’ёй, мужчына пажадаў усім выдатна сустрэць свята, а сам выправіўся на работу. Жонка склала яму тое-сёе перакусіць, а каб не было спакусы чарку кульнуць, дала на дарогу пачак малака.

Трэба сказаць, што зіма той год была вельмі лютая. Маразы пачаліся яшчэ напачатку снежня, а пад Новы год ртутны слупок “завіс” на мінус 25 і ніяк не хацеў падымацца вышэй. Чакаючы на прыпынку аўтобус, Павел увесь сцяўся ад марозу і крыўды. На прыпынку ён быў адзін, рэдкія прахожыя спяшаліся дахаты, туды, дзе іх чакалі цяпло, смачныя стравы і ўпрыгожаныя ялінкі. Шафёр аўтобуса, відаць, таксама спяшаўся і не адразу заўважыў нерухомую постаць, бо прытармазіў і спыніўся ажно за прыпынкам. Павел рушыў і ледзь не паваліўся – правая нага не гнулася ў калене. Схапіўся рукой і адчуў праз рукавіцу штосьці цвёрдае як камень. Не на жарты спалохаўшыся, бедалага скінуў рукавіцу і яшчэ раз пачаў абмацваць нагу. У святле, якое праменілася з салона аўтобуса, ён убачыў, што правая калашына стала белай і ледзяной.

“Малако!” – мільганула думка. Скінуўшы з пляча сумку з жончынымі пакункамі, знайшоў толькі пачак ад малака. Стала зразумела, што малако выцекла і замерзла, ператварыўшы палову штаноў у льдзіну. Не ехаць жа ў такім выглядзе на работу. Неяк дакульгаўшы да дому, дзе жонка, паклаўшы спаць дзяцей, мірна сядзела перад тэлевізарам, Павел загадаў хутчэй даць яму сухую вопратку.

- Ну ты, Марозаў даеш! Ты ж абмарозіцца мог, хіба не адчуваў, што замярзаеш?! – злавалася жанчына.

Пераапрануўшыя прама ў прыхожай, мужчына хуценька пабег на апошні аўтобус, а Марыя панесла адмываць ад малака штаны. Праз нейкі момант у прыадчыненыя дзверы з дзіцячага пакоя прасунуліся дзве бялявыя галоўкі дзяўчынак.

- Гэта, напэўна, Дзед Мароз прыходзіў? Я чула, як мама яго называла Марозам.

- Ён нам падарункі пад елачку паклаў, хадзем паглядзім!

- А чаму ён так хуценька збег?

- Баяўся растаць, бачыш белыя плямы на падлозе – гэта ён пачаў раставаць.

- Дык ён малочны! Як марожанае! Можа, яшчэ і салодкі?

Раніцай, калі Павел вярнуўся з дзяжурства, дочкі наперабой расказвалі яму, што Дзед Мароз прыносіў ім ноччу падарункі і ледзь не растаў.