КАЗКА ДЛЯ ДАРОСЛЫХ

 

КВАК – ФІЛОСАФ

 

Амаль усе мы з дзяцінства памятаем казкі Андэрсена. Хто з нас не чытаў “Дзюймовачку”? Прыгожая, светлая казка заканчваецца аптымістычна і шчасліва. Шчасліва для галоўнай гераіні. А што адбылося далей з іншымі героямі? Напрыклад, з брыдкім сынам Жабы? Я хачу расказаць вам пра яго казку, якую бачыла ў сне.

 

Пасля таго, як Дзюймовачка збегла ад непрыгожага жаніха, сын Жабы (назавём яго Квак) засумаваў. На самай справе ён вельмі закахаўся ў грацыёзную, лёгкую, як пушынка, і пяшчотную дзяўчынку. Закахаўся з першага погляду, таму і не мог пры сустрэчы сказаць нічога акрамя: “Каак-каак-крэкк-к”. Як усе закаханыя, ён паводзіў сябе недарэчна, разгублена і пасля доўга вінаваціў сябе за бязглуздасць. Яму здавалася, што калі б павярнуць час назад, ён бы здолеў знайсці шлях да сэрца прыгажуні, ён бы раскрыў перад ёй свой багаты ўнутраны свет і шчодрую душу. Разгледзеўшы пад страшнай маскай твару духоўную прыгажосць, Дзюймовачка абавязкова б пакахала яго.

Але ўсё страчана, нічога нельга вярнуць. Няшчасны сын Жабы не мог больш бачыць сваіх ранейшых сябровак, такімі брыдкімі былі яны ў параўнанні з яго каханай. Маці доўга шукала для яго нявесту. Ды не абы якую, а каб была не горшая за Дзюймовачку. Аднак усё дарэмна. Другой такой быць проста не магло.

Аднойчы летам, седзячы ў мутнай ціне возера і сілкуючыся камарамі, Жаба ці то з перагрэву, ці то ад абжорства згледзела, што страказа Цаца анічым не горшая за тую прыгажуню-плаксу, што збегла ад яе сына. Такая ж тонкая, стромкая, велікавокая. А як танчыць! Якія піруэты ў паветры вырабляе! Паклікала старая страказу на госці, самым лепшым, што мела, частавала, прыгажосць і зграбнасць яе нахвальвала, а ўрэшце прапанавала пайсці замуж за Квака. Цаца пагадзілася, і Квак здаўся на ўгаворы матулі, разумеючы, што страказа хоць і аддаленая і вельмі сумніўная копія Дзюймовачкі, але ж самая лепшая з усіх нявест наваколля.

Ці трэба казаць, які багаты і шумны баль быў на возеры, калі пабраліся шлюбам Квак і Цаца. Пазбіраліся на вяселле заможныя і ўплывовыя асобы з усёй аколіцы  і нават з суседніх балот і азёр. Ловячы зайздрослівыя погляды сваіх сябрукоў, што, аблізваючыся, пазіралі на яго трапяткую і стыльную нявесту, Квак раптам забыўся на сваё першае каханне і адзначыў пра сябе, што ўсё да лепшага, а яго жонка – прыгажуня, вартая яго кахання.

Нездарма кажуць, што ўсе закаханыя крыху звар’яцелыя, але тыя, хто перажыў жарсць, становяцца мудрымі. Вось і Квак настолькі памудрэў, што нават пачаў пісаць навуковыя трактаты. Ён па-філасофску грунтоўна асэнсоўваў пачуцці і ўчынкі, паводзіны і памкненні, расклаўшы па паліцах папярэдніх даследчыкаў, свой вопыт і свае мудрагелістыя разважанні. Яго трапяткая Цаца пырхала над ім, звінела крыльцамі і хоць нічога не разумела ў навуковых тэрмінах, дужа ганарылася мужам, яго поспехамі ў навуцы.

Так бы яны і пражылі свой век у згодзе і каханні, калі б аднойчы...

Аднойчы іх запрасілі на баль да стрыечнага брата Квака, што жыў з сям’ёй на суседнім возеры. Надвячоркам Квак-філосаф са сваёй прыгажуняй жонкай падаліся на госці. Наблізіўшыся да суседняга возера і ўжо рыхтуючыся даць нырца, каб пераплыць на другі бераг, дзе іх даўно чакалі ў густых чаратах суродзічы і адкуль даносіўся жабчын спеў (па голасе Квак пазнаў жонку свайго брата), ён спыніўся і заслухаўся. Раптам да яго данесліся сцішаныя галасы. На ўзгорку пад стромкай сасной сядзелі спінай да спіны двое. Яны размаўлялі:

- Чуеш, як прыгожа спявае?

- Хто спявае? Птушкі даўно паснулі, салавей яшчэ не прачнуўся.

- Жабка. Ты толькі паслухай...

Дзявочы смех зазвінеў над цішынёй светлага вечара:

- Вось яшчэ прыдумаў – жабы спяваюць! Ха!

- Ну і што. У кожнага, хто закаханы, душа спявае. Закаханыя здольны на цуды, у іх абуджаюцца неверагодныя здольнасці.

- Ага! Скажы яшчэ, што і ты здольны зорку з неба дастаць.

- Не. Я хачу падарыць табе ўсё неба. Вось бачыш – зоркі ляжаць у мяне на далонях, бяры іх!..

Квак не даслухаў гутаркі, бо жонка затрашчала над самым яго вухам, што яны спазняюцца.

У гасцях Цаца, як заўжды зіхацела і засланяла сваёй прыгажосцю прысутных дам, а тыя час ад часу кідалі ў яе бок зайздрослівыя варожыя погляды. Толькі гаспадыня прыязна, ласкава і крыху са шкадаваннем атуляла страказу сваёй увагай, падбадзёрвала яе. Цаца танчыла, мяняючы кавалераў, упівалася сваёй папулярнасцю, і яе крыльцы пачыналі вылучаць яшчэ больш святла.

А Квак увесь вечар сцішана сядзеў у баку ад гасцей, кідаў баязлівыя позіркі ў бок братавай жонкі і не меў сілы адвесці ад яе позірк. Тая, што здавалася яму ўвесь час брыдкай, разлезлай рапухай, раптам адкрылася ў іншай іпастасі. Ад яе зыходзіла такое цяпло, што на душы рабілася лёгка і прыемна. Яе голас ціхі і мяккі пяшчотна мілаваў, а вочы свяціліся такой дабрынёй, што ўсё наваколле станавілася чароўным і прыязным, а зоркі шчодра сыпаліся з неба і падалі светлякамі на зямлю, на азёрную роўнядзь. Шматлікія зялёнапузыя дзеткі-жабяняты ўвесь час лашчыліся каля маці, а яна з такім замілаваннем туліла іх да сябе, што была ў гэты момант непараўнальнай прыгажуняй.

Вярнуўшыся дадому, Квак панішчыў усе свае рукапісы і трактаты, а на ружовым кляновым лісце напісаў: “Virtu vince fortuna”.*

 

* Годнасць перамагае лёс.

 

 

ОРДЭН МАЙСКАГА ЖУКА

Казка для дарослых

 

 

Прачытаўшы маю казку-рэмейк, або працяг па матывах “Дзюймовачкі”, пра Квака,  старэйшы сын спытаў, чаму менавіта земнаводныя сталі аб’ектам маёй увагі. Чаму не майскі жук і не стары крот? І сапраўды – чаму б не напісаць пра іх? І вось што атрымалася. Перш-наперш, казка пра жука.

 

Вы памятаеце, як жук, нібы той заліхвацкі гусар, падхапіў грацыёзную Дзюймовачку і перанёс яе на самую верхавіну высокага дрэва. Але іншыя жукі не ўхвалілі яго выбару. Больш таго, яны здзекліва абражалі нявесту, маўляў, і талія ў яе вельмі тонкая, і ня мае яна ні вусікаў, ні рожкаў. Прыслухаўшыся, наш рыцар не знайшоў нічога лепшага, як апусціць сваю абранніцу на зямлю і, пакінуўшы яе там адзінюткую і безабаронную, хутка збег да сваіх лістагрызаў, што ласаваліся сакавітай зелянінай маладых бярозавых лісточкаў. Між іншым, майскага жука чакаў рытуал пасвячэння ў магістры рыцарскага ордэна, таму і не захацеў ён псаваць напярэдадні свой аўтарытэт сумніўнымі сувязямі. Праз нейкі час ён наогул забыўся пра мімалётнае захапленне маладосці, тым больш, што яму неабходна было паклапаціцца пра ўласны знешні выгляд. Ён ведаў, як шмат значыць для магістраў ордэна стан яго даспехаў, даўжыня вусоў, таму бесперапынна націраў да бляску панцыр, расцягваў і падкручваў вусікі, падфарбоўваў рожкі. Сяброўкі, што цікавалі за ім з суседніх галінак, час ад часу цешылі яго слых кампліментамі, а сябрукі дапякалі напамінамі пра нядаўнюю слабасць да агіднай і брыдкай, на іх погляд, лялькі.

Наогул, жук быў тыповым прадуктам свайго часу і свайго акружэння. Яго так хвалявала любое меркаванне суседзяў, старэйшын, начальства, што ён хваравіта перажываў любое падазрэнне наконт яго нелаяльнасці да існуючых парадкаў. Ён імкнуўся ўсялікім спосабам прадэманстраваць сваю прыхільнасць і не дапускаў ніякага сумніву наконт няправільнасці грамадскай думкі, няхай сабе і выказанай вуснамі якой-небудзь маразматычнай жучыхі з верхніх ярусаў бярозавага гаю. Дзесьці глыбока пад панцырам іншы раз абуджалася нязгода, часам нават закіпаў пратэст, але, зыходзячы са сваіх меркантыльных інтарэсаў, ён гасіў адмоўныя эмоцыі добрай порцыяй хларафілу. На сыты страўнік разважаць пра нечыя глупствы і несправядлівасці жыцця было неахвота.

Пасвячэнне ў магістры прайшло найлепшым чынам. Усе былі ў захапленні ад яго бліскучых строяў і саладжавых гутарак, ад яго прынцыповай згоды і фанатычнай адданасці жучынай справе. Павесіўшы на шыю ордэн магістра, майскі жук адчуў сябе надзвычай важнай персонай, таму і жонку абы-якую не хацеў – толькі шляхетнага роду яму падавай! Адна бяда: у жукоў, як і ў людзей чыстакроўныя шляхцічы дэградавалі. Ці то адсутнасць “свежай крыві” дала такія наступствы, ці то сучасная экалогія адмоўна ўздзейнічала на старажытныя роды? Што не нашчадак – усё з “вытворчым бракам”. Навучаны горкім вопытам, жук вадзіў усіх кандыдатак у нявесты на агледзіны. Але чуў кожны раз толькі “Жуць!” або “Жах!” і толькі адзін раз пачуў: “Жарсць!” Узрадаваўся наш жаніх – нарэшце хоць адна з прынцэс выклікала прыязнасць. Аднак стары жук, які гэта сказаў завяршыў думку: “Жарсць, якая страшная!”

Вось і май мінуў, і лета пралятала дзень за днём. Астатнія жукі пачалі лічынкі адкладваць, толькі наш рыцар мітусіўся ў пошуках вартай абранніцы. Урэшце самым заўзятым аматарам даваць парады абрыдла ацэньваць прэтэндэнтак, усе былі заняты асабістымі справамі, а жук іх толькі раздражняў, адрываючы ад справы. Стары вусень неяк параіў бедалагу:

- Што ты раішся з усімі, парады чужыя слухаеш? Хіба ты сам не ведаеш, чаго табе хочацца, што табе самому падабаецца, да каго сэрца горнецца? Зрабі выбар сам.

Але сам ён ужо не мог, бо жыў у вечным страху аказацца горшым, не такім як усе, баяўся быць абсмяяным за сваю неадпаведнасць статусу, а яшчэ ён вельмі баяўся браць на сябе адказнасць, нават за ўласны лёс.

 

 

КАЗКА ДЛЯ ДАРОСЛАГА СЫНА

 

АПОШНЯЕ КАХАННЕ КРАТА

 

Старога крата лічылі ва ўсёй акрузе самым мудрым і руплівым гаспадаром. Ён годна пражыў жыццё, ніколі і нікаму не даваў падстаў гаварыць пра сябе штосьці дрэннае, усё што меў, зарабіў уласнай працай. Ён быў стрыманым у паводзінах, прадбачлівым ва ўчынках. Захоўваючы вернасць сваёй адзінай жонцы, крот нават пасля яе смерці не глядзеў у бок іншых краціх. Глядзець, праўда ён і не мог па прычыне сваёй слепаты. Затое адбівацца ад шматлікіх назойлівых прэтэндэнтак на яго скарбы даводзілася неаднойчы. Але стары ўдавец прытрымліваўся думкі, што ў яго ўзросце шкодна мяняць жыццё і прыстасоўвацца да новай абранніцы. Толькі адзін раз крот ледзьве на парушыў сваіх прынцыпаў, калі зрабіў прапанову Дзюймовачцы.

Калі шчыра казаць, то гэты яго душэўны парыў быў выкліканы не столькі няўтульнасцю ад уласнай адзіноты, як жаданнем дапамагчы кволай няшчаснай дзяўчынцы, што трапіла ў мышыную нару, хаваючыся ад непагадзі і слаты. Насамрэч, у  крата было добрае і чулае сэрца, вось толькі, пражыўшы век у змроку пад зямлёй, ён не меў уяўлення пра іншае жыццё. Як вядома, Дзюймовачка збегла ад старога жаніха, а дапамагла ёй у гэтым ластаўка. Крот жа з таго часу засумаваў. Толькі страціўшы Дзюймовачку, ён зразумеў, як моцна прывязаўся да яе душой, як пуста і сумна стала без яе пяшчотных песенек, без яе залівістага смеху.

Самы мудры, самы разумны, самы вопытны ва ўсіх адносінах гаспадар і ўладар падземных багаццяў ніяк не мог уцяміць, чаму з яго ўтульных палацаў дзяўчынка вярнулася зноў у такі небяспечны свет. Спакойнае і забяспечанае існаванне яна прамяняла на рызыкоўнае жыццё, дзе кожнае імгненне непрадказальнае. Там, зверху адбываюцца ўвесь час нейкія катаклізмы, бушуюць навальніцы, дуюць разбуральныя вятры, абрушваюцца лавіны і снегапады, нішчаць усё жывое страшныя пажары. Яна паспытала і спякоту, і люты холад. Небяспека загінуць ад вострых звярыных зубоў пагражала ёй. Такая маленькая і крохкая, такая безабаронная і слабая, як адважылася яна вярнуцца туды, дзе аднойчы ледзьве не загінула? Крот успамінаў, што ў гады маладосці, падштурхоўваемы юначай цікаўнасцю, таксама іншы раз “апякаўся”. Але аднаго разу яму хапала, каб не паўтараць памылак. А найбольш ён усё ж вучыўся на памылках сваіх задужа дапытлівых сябрукоў, таму і захаваў лапкі цэлымі, а сваё чорнае футрачка бліскучым і несапсаваным.

Міналі дні. Зіма снежным покрывам атуліла зямлю. Упалі ў летаргічны сон насельнікі падземнага свету. Толькі крату не спалася. Яго перасталі цешыць незлічоныя багацці, каштоўныя камяні і залатыя ўпрыгожанні, назапашаныя ў скляпеннях і падземных пячорах. Не выклікалі задавальнення смачныя стравы, не радавалі спакой і цішыня, ліслівасць слуг і паддобрыванне акружаючых. Ён задумаўся над сэнсам жыцця. І чым больш думаў, тым больш яму хацелася пераканацца ў правільнасці ўласнага выбару. Тым больш што дзёрзскі ўчынак дзяўчынкі пасеяў зерні сумніву, якія пагражалі прарасці дэпрэсіяй.

- Я ведаю, што маю рацыю. І я пераканаюся ў гэтым, - сказаў аднойчы крот сваёй суседцы - шэрай мышы, якая забегла да яго на гарбату. – Я выберуся на паверхню, я памацаю ўласнымі лапамі той свет, удыхну яго пахі, адчую яго небяспеку, каб больш не сумнявацца.

- А навошта? – не зразумела старая мыш. – Хіба ваша жыццё не ёсць сведчанне вашай праваты? Ці варта падвяргаць сябе небяспецы з-за глупства неразумнага дзіцяці? Да таго ж, там зверху цяпер зіма. Халоднае паветра шкоднае для вашамосці.

Аднак крот не слухаў ужо сваю суседку. Ён накіраваўся па вузкім  тунэлі, які вёў наверх, у іншы свет, невядомы і прыцягальны.  Выкараскаўшыся наверх, крот адчуў пад лапкамі апякаючы холад. Адштурхнуўшыся ён паслізнуўся і скаціўся з пагорачка, забурыўшыся носам у мяккі снег.

Хтосьці лагодна пагладзіў яго - гэта быў проста лёгкі павеў ветрыку. Хтосьці апрануў яму на галаву шапку – гэта снежны камячок зваліўся з галінкі на крата. Дзесьці гучала музыка, чуліся галасы. Незнаёмыя, але вельмі прыемныя пахі казыталі нос, марознае паветра бадзёрыла. Раптам побач штосьці зашыпела, засвістала, вухнула і цёплай хваляй адкінула крата ўбок, ён перакуліўся на спіну. Ад нечаканасці наш адважны падарожнік аж расплюшчыў свае шчыльна сціснутыя павекі. І здарыўся цуд: ён стаў відушчым! Ён убачыў іншы свет. Ультрафіялетавы аксаміт начнога неба быў скрозь усеяны мільёнамі бліскучых каштоўных каменьчыкаў, якія падміргвалі і пераліваліся незвычайнымі колерамі.  Па вялізным футры зімняй ночы час ад часу слізгалі вялізныя брыльянты, яны з трэскам рассыпаліся на сотні дробненькіх каменьчыкаў. Людзі сустракалі Новы год, салютавалі феерверкамі, але крот не ведаў пра гэта. Ён быў зачараваны і напужаны незвычайным відовішчам. Яго сэрца шалёна калацілася ад свежага паветра і шумных выбухаў петард, думкі ў галаве блыталіся. Але прыгажосць відовішча не дазваляла юркнуць назад у цёплую, затхлую нару. Ён не адчуваў холаду, не заўважаў небяспекі, забыўся пра свае перакананні. Яму здавалася, што ён ляціць услед за бліскучымі зоркамі ў новы свет, у новае жыццё.

 

 

 

КАЗКА ДЛЯ ДАРОСЛАГА СЫНА

ЛАСТАЎКА

 

Ластаўка любіла музыканта. Яе гняздзечка было прылеплена пад страхой яго дома якраз над акном, адкуль даносіліся цудоўныя мелодыі. З вясны да позняй восені Ластаўка мела асалоду, слухаючы музыку, а потым у выраі жыла ўспамінамі і марамі. Яна вярталася да гэтай хаткі ў сваё гняздзечка, пераадольваючы сотні тысяч кіламетраў, каб толькі бачыць яго, чуць яго голас, слухаць яго мелодыі. Кожны вечар яна засынала пад чароўныя гукі флейты. І кожную раніцу будзіла свайго любага вясёлым шчабятаннем. Ластаўка была ўпэўнена, што ён таксама любіць яе, бо ні на адну са сваіх сябровак ён ніколі не глядзеў з тым захапленнем, з якім сачыў за яе палётамі. Ні з кім са сваіх сябрукоў ён не дзяліўся тымі тайнамі, пра якія апавядаў ёй, седзячы доўгімі летнімі вечарамі на падаконніку.

Аднойчы Ластаўка трапіла ў навальніцу, але так імкнулася хутчэй вярнуцца да свайго музыканта, што не перачакала залеву. Моцны вецер пашкодзіў яе мокрыя крыльцы, і яна знямоглая звалілася на зямлю. Глеба пад ёй раптам абмякла, рассыпалася і птушка правалілася ў падземны ход, пракапаны кратом. Там, дарэчы, і знайшла няшчасную Дзюймовачка. Пра тое, як дзяўчынка ратавала хворую птушку, усе ведаюць з іншай казкі. Наша ж пра тое, што здарылася пазней, пасля таго, як Ластаўка дапамагла Дзюймовачцы дабрацца да казачнай краіны, дзе тая знайшла свайго прынца і выйшла за яго замуж.

Удзячнасць Ластаўкі за выратаванае жыццё была бязмежнай, таму яна доўгі час апякала Дзюймовачку, не пакідала адну ў чужым краі, дапамагала даглядаць малых дзетак, якімі лёс шчодра надарыў маладых. Яна насіла ў дзюбцы гліну, калі сям’я будавала сабе хатку, пільна сачыла за гаспадаркай, давала парады, вечарамі расказвала дзеткам казкі і спявала калыханку, раніцай будзіла іх звонкім шчабятаннем. Яна сумавала без свайго каханага, але шматлікія клопаты не дазвалялі ёй нават думаць пра ўласныя задавальненні. То захварэў меншанькі дзюймовачцын сынок, то прынц выправіўся ў кругасветнае падарожжа, то старэйшая дзяўчынка пашкодзіла крыльцы і Ластаўка мусіла насіць яе ў школку на сабе. Штодзённыя праблемы прывязалі птушку да сям’і, што стала ёй роднай. Яна літаральна растварылася ў ёй, адчуваючы сябе неабходнай і запатрабаванай. Яна ўсё менш лятала, часцей пырхала, таму крыльцы яе слабелі, пёркі страцілі бліскучасць, вочкі зрабіліся цьмянымі.

Неяк параіўшыся, Прынц і Дзюймовачка звярнуліся да сваёй памочніцы з такімі словамі:

- Мілая Ластаўка. Мы табе вельмі ўдзячны. Аднак мы не можам бясконца карыстацца тваёй дабрынёй, пазбаўляючы цябе свабоды і магчымасці жыць сваім жыццём, сваімі інтарэсамі. Мажліва, табе варта падумаць і пра сябе? Ты вельмі сумная апошнім часам. Ці не злётаць табе вясной на радзіму, ты ж столькі гадоў там не была.

Нібы апрытомнеўшы пасля доўгага сну, птушка ўстрапянулася. Сапраўды, так даўно яна не бачыла свайго гняздзечка, свайго любага музыканта! Яна ляціць! Зараз жа! Прынц імкнуўся спыніць яе, маўляў, пакуль рана, бо там, за гарамі, за морамі, яшчэ ў самым разгары зіма.

- Нічога, - супакойвала іх Ластаўка. – Я буду ляцець не спяшаючыся, павольна, бо даўно не трэніравалася і не гатова да такіх складаных пералётаў. Пакуль паціхеньку дапорхаю, глядзіш - да лета і паспею.

Яна спешна развіталася і выправілася ў няблізкі шлях.

Само неба, здаецца, давала ёй сілы, сонца асвятляла прасторы, разганяў хмары спадарожны ветрык. Яна не адчувала стомы, бо жаданне паскорыць сустрэчу было мацнейшым за фізічную зморанасць. На яе шляху сустракаліся маленькія паселішчы і вялікія гарады. Яна многа разоў і раней пралятала тут, але цяпер яна бачыла, як усё змянілася ў свеце. А раптам і там, куды так імкнецца зараз яна, усё перамянілася? Адганяючы прэч сумныя думкі, птушачка зноў ляцела насустрач сваёй мары.

Чым далей на поўнач яна накіроўвалася, тым халаднейшым станавілася паветра, менш зеляніны і квецені было на зямлі, больш хмар у небе. Хмары спачатку палівалі яе непрыемнай імжой, затым сталі сыпаць зверху градам і снегам.  Завіруха злосна рвала яе пёркі, мароз прабіраў да самых касцей, зіма балюча секла вочы градам. Ластаўка, нібы апантаная ляцела скрозь замець і сцюжу, падтрымліваемая толькі гарачым каханнем свайго сэрца. Знямогшыся, яна нарэшце дасягнула мэты. Адразу пазнаўшы хатку, хаця тая была замецена снегам, скіравала да акна, за якім павінен быў быць ён. Скарчанелымі лапкамі ўчапілася ў здранцвелую раму і зазірнула ўнутр. У пакоі было цёмна. Яна пачала з апошніх сіл стукацца дзюбкай у аконнае шкло, нават спрабавала некалькі разоў прашчабятаць любімую мелодыю музыканта. Аднак ніхто не запаліў святло, нішто не зварухнулася, не было ніякіх прыкмет жыцця за заінелым шклом.

Стома ўсіх папярэдніх дней раптам навалілася на птушачку, холад сцяў яе крыльцы, слёзы замерзлі ў вачах. Яна яшчэ раз штосьці адчайна ціўкнула і звалілася на халодны дол. Апошняе, што Ластаўка ўбачыла: пад страхой хаткі не было яе гняздзечка…

- Мая мілая, мая дурненькая птушачка. Што ж ты так рана прыляцела? І дзе ты была так доўга, - гэта былі першыя словы, што пачула Ластаўка апрытомнеўшы. Свядомасць вярталася разам з цёплым дыханнем, якім музыкант імкнуўся адхукаць яе. Ён трымаў птушку ў сваіх цёплых, моцных і такіх пяшчотных далонях, цалаваў яе ў галоўку, гладзіў страпаныя пёркі. Яна адкрыла вочкі, выцягнула шыйку і дакранулася сваёй дзюбкай да яго пругкіх вуснаў. Гарачая хваля пракацілася па ўсяму яе цельцу, закалацілася з новай сілай маленькае сэрцайка. Шкадуючы і нібы перапрашаючы ён прамовіў:

- Прабач, даражэнькая, але пакуль што я цябе не выпушчу на волю, давядзецца табе зімаваць у замкнёнай прасторы. Ты будзеш са мной да вясны.

Калі б яна ўмела гаварыць, яна б прашаптала, прамовіла, пракрычала: “Побач да самай вясны буду, буду, буду…”

 

ГУСАЧКА ШЭРАВОКАЯ

 

Апавяданне

 

Стасік ведаў, што ў таты ёсць пісталет. Бацька расказваў, як сам здабыў яго ў баі, калі партызаніў. Пасля вайны Мікалай Мікалаевіч працаваў фінінспектарам і, як многім савецкім работнікам, яму было дазволена мець зброю - час быў неспакойны, новая ўлада і яе парадкі былі недаспадобы многім жыхарам так званых крэсаў усходніх. Стасіку вельмі карцела паглядзець, як тата страляе, а ў душы хаваў спадзяванне на тое, што раптам і яму будзе дазволена пальнуць раз-другі. Старэйшы брат Вова, што нарадзіўся яшчэ да вайны любіў выхваляцца сваімі “подзвігамі” і поспехамі ў стральбе з мялкашкі і нават з аўтамата.

Пачуўшы спрасонак, што маці збіраецца рыхтаваць на вячэру гусяціну, бо ў госці чакалі нейкага ўплывовага начальніка з вобласці, хлопчык з асалодай глынуў слінку, прадчуваючы, што і ім з братам дастанецца па кавалачку смакаты. А калі зразумеў з гутаркі бацькоў, што тата рашыў застрэліць гуся, імгненна саскочыў з ложка і пачаў хутка апранацца. Прапусціць такое відовішча Стасік не мог. Ці нажа вострага не было ў хаце, ці сякера згубілася, ці проста захацелася былому партызану праверыць сябе на меткасць – не вядома. Узяўшы свой ТТ, Мікалаевіч выйшаў з хаты, а Стасік ніяк не мог знайсці валёнкі. Стрэл ён пачуў яшчэ ў сенцах, а калі выскачыў на ганак, убачыў што вялікая шэрая гусь ляціць проста на яго. Шалёна махаючы крыламі і дзіка крычучы, параненая птушка нібы хацела ўспомніць у гэты трагічны момант свайго існавання пра страчаную здольнасць да палёту. Але нетрэніраваныя крылы не маглі ўзняць яе над зямлёй і толькі раcпырсквалі навокал кроў. Стасік адчуў цёплыя кроплі на сваім твары, руках. Птушка матлянулася ў іншы бок, ударылася аб плот. Другім стрэлам бацька дабіў яе. А хлопчык кінуўся адціраць кроў снегам, але снег быў зляжалы, цвёрды. Раззлаваны тата штосьці крычаў на яго, а ён  безвынікова імкнуўся раздрабніць хоць жменьку насту, каб выцерці твар…

Больш як праз сорак гадоў успомніў Станіслаў Мікалаевіч гэту “крывавую раніцу” свайго дзяцінства. Успомніў у тую хвіліну, калі яго дрыготкія акрываўленыя пальцы імкнуліся наскрабці снегу. На ўзбочыне, побач з коламі яго машыны ляжала жанчына. Яна слаба стагнала. Чакаючы “хуткую”, ён хацеў выцерці кроў з яе твару, пераціснуў на ўсялякі выпадак жгутом рукі і ногі няшчаснай, але і баяўся асабліва варушыць ахвяру, каб не нашкодзіць больш. Адкуль выскачыла гэтая чортава баба? Чаму менавіта пад яго машыну кінулася? На трасе ў гэтыя перадсвяточныя дні столькі транспарта! Чаму ж менавіта яму такі навагодні “падарунак”? Жанчына штосьці ледзь гучна прашаптала. Ён нахіліўся над ёй, каб пачуць.

- Што, што вы сказалі? Дзе баліць? Як ваша імя? – неўпапад пытаўся Станіслаў.

Яна расплюшчыла вочы. Два чорных віры, дзве чорныя ночы нібы працялі яго  наскрозь. Вусны штосьці прашапталі. Ён нахіліўся яшчэ ніжэй.

- Дзякую, - нібы праз глухую сцяну даляцела да яго.

***

Вера стойка трывала пакуты. Траўмы, якія яна атрымала, кінуўшыся пад колы аўто, хоць, па сцвярджэнні ўрача, не стваралі асаблівай пагрозы для жыццядзейнасці арганізма, але прыносілі шмат болю. Насцярожваў медыкаў яе душэўны стан. Галоўны ўрач неаднаразова прапаноўвала перавесці жанчыну ў псіханеўралагічную клініку, тлумачачы гэта тым, што суіцыдальныя схільнасці могуць выклікаць чарговы зрыў. Траўматолаг Жыганаў катэгарычна пярэчыў. Сяргей Анатольевіч падоўгу аб нечым гутарыў з адзіным наведвальнікам сваёй пацыенткі, іншы раз, пераходзячы на павышаны тон, эмацыянальна патрасаючы рукой і тыкаючы кудысь у неба ўказальным пальцам. Наведвальнік панура стаяў насупраць, раз-пораз ускідваючы вочы і пазіраючы па баках, нібы баючыся, што выпадковы прахожы пачуе іх гутарку. Затым ён знік. Прапаў. Вера нібы не заўважала ні яго прысутнасці, ні яго рэзкага знікнення.

У навагоднюю ноч жанчына засталася ў палаце адна. Усе адпрасіліся дахаты, нават Марынка з загіпсаванымі да самай пятай кропкі нагамі не захацела сустракаць Новы год у бальніцы. Да Веры даляталі вясёлыя галасы з ардынатарскай, дзе дзяжурныя медсёстры, відаць, адкаркавалі-такі шампанскае. Бліжэй да поўначы ўсё сціхла. Высокі ясень заледзянелай галінкай шморгаў па аконнай раме. Пад гэты манатонны гук Вера пачала засынаць.

- Якая недарэчнасць – спаць у навагоднюю ноч! Маладая, прыгожая жанчына павінна спяваць, танцаваць, спакушаць і весела перагортваць чарговую старонку зоркавага календара.

Вера аж здрыганулася ад нечаканасці.

- Міця. Навошта ты зноў прыйшоў, хочаш чарговых непрыемнасцей ад бацькі? Ды і на майго мужа нарвацца можаш.

- Твой муж не наведаў цябе ні разу пакуль ты тут ляжыш. Калі ён нечакана з’явіцца, я схаваюся ў ложак бабці Лёдзі і буду крахтаць яе голасам. Вадаеш, які я імітатар! А мой бацька, шаноўны доктар Жыганаў, мне не ўказ! Я цябе кахаў і кахаць буду ўсё жыццё. Ды й, наогул, як я мог пакінуць цябе, маю гусачку шэравокую, у гэту ноч адну? Глядзі сюды.

Нечаканы госць выцягнуў з-за пазухі бутэльку шампанскага і горда паставіў на тумбачку. З кішэняў ён дастаў мандарыны, цукеркі і залацістую спіральную свечку, абсыпаную бліскучымі крышталікамі. Разламаўшы папалам яблык і ўтыркнуўшы ў адну палавінку запалку, юнак адзеў на яе свечачку і запаліў.

- Зараз мы будзем сустракаць Новы год і піць за нас, за наша каханне!

- Сюды могуць прыйсці. Наогул, як ты сюды пранік, хто цябе пусціў?

- А хто можа забараніць мне, сыну самаго Жыганава! – знарок высакапарна заявіў хлопец. І спакайнейшым тонам дадаў, - Не хвалюйся, сёння дзяжурыць Рытка, душа чалавек. Да таго ж, рыжскі бальзам і шакаладнае асарці сваю справу зробяць.

- Міця, хлопчык мой, перастань. Я табе сотню разоў казала, што ўсё дарэмна – мы не пара. Твае нявесты, магчыма, яшчэ ў сярэдняй школе вучацца. Ідзі да сваіх сяброў, святкуй з імі, хіба там няма прыгожых, разумных дзяўчат? Ты прыемны, харошы, але паміж намі нічога не можа быць. Ніколі! Я люблю цябе, але гэта не каханне.

- Я табе не веру. А пасля таго, як ты кінулася пад машыну, тым больш! Ты сама сабе маніш!

- І ты рашыў, што гэта праз цябе? Добра. Я прызнаюся. Ты ведаеш майго мужа. Ён не проста раўнівы, ён хворы рэўнасцю. Ён мне ўсю душу збэсціў, дастаў сваімі папрокамі. А тут яшчэ твае эсэмэскі! Апошнюю, тую самую, дзе ты параўноўваеш мае вочы з шэрымі гусачкамі, помніш:

“Берагу ў сэрцы ўсе твае рысачкі,

мне б іх поглядам толькі крануць.

Твае вочы – дзве шэрыя гусачкі,

скрозь завею павольна плывуць.”

- Бяскрыўдны вершык. Твой муж - не эстэт, але ж і не дурань.

- Канечне ж, не дурань! Хіба не зразумела, што такі вершык абыякавы да мяне чалавек не прышле. А як мне было апраўдацца, што я цябе не спакушала, вочкі табе не строіла. І наогул, хто паверыць, што нічога не было паміж намі!

- Значыць – будзе! Твой муж па ўсяму гарадку трасе сваімі надуманымі рагамі. Ды Бог з ім! Пяць хвілін да поўначы, я адкрываю шампанскае, а ты маўчы, не пярэч мне, лепш загадай жаданне, я сваё даўно загадаў.

Вера хацела яшчэ штосьці аспрэчыць, але холадам прасякла яе вестка, што муж бэсціць яе імя, што гэты лёгкі флірт настаўніцы з былым вучнем агучаны для грамадскасці невялічкага гарадка, дзе кожны кожнага ведае і ў твар, і па прозвішчу. Ізноў штосьці калючае сцяла горла, сэрца пацяжэла і пачало ціснуць на памятыя пасля аварыі рабрыны. Хацелася маўчаць. Міця наліў шампанскае для Веры ў шклянку, сабе - у марынчын кубачак, які ўзяў з суседняй тумбачкі. 

- Шаноўная Вера Іванаўна, каханая мая жанчына!

Юнак дастаў мабільнік, на дысплеі якога свяціўся цыферблат, дзе вялікая стрэлка амаль параўнялася з лічбай 12. Наступіла маўклівая паўза. Вера нібы адключылася, пакорліва ўзяла шклянку з рук Міці, апусціўшы вочы долу, не дачакаўшыся заканчэння тоста, пачала піць віно вялікімі глыткамі. У горле казытала ні то газа, ні то крыўда. Халоднае пітво неверагодным чынам цяплела ўнутры.

- Яшчэ, - загадала жанчына працягнуўшы пустую шклянку. Міця рэзка нахіліў бутэльку і газірованае пітво палілося праз край, акрапляючы пасцель і падлогу. Нібы ўсмягшы, Вера выпіла залпам усё, што не паспела ўцячы са шклянкі. Ёй захацелася плакаць. Упершыню за апошнія дні. Яна не плакала ні там, на трасе, ні ў бальніцы, куды яе прывезлі са зламанай ключыцай, разбітым носам і памятымі рабрынамі. Балела ўсё цела, нават валасы, сплеценыя ў тугія косы. Але яна трывала. А цяпер трыванне, відаць, скончылася, і яна захліпала носам, як маленькая дзяўчынка. Міця прысеў на край ложка, узяў у далоні яе загіпсаваную руку і пачаў цалаваць кожны пальчык. У гэты момант яны пачулі, як бразнулі дзверы траўматалогіі і рыпучая падлога даўно не рамантаванага будынка папярэдзіла пра наяўнасць кагосьці ў гэтым паўпустым будынку.

- Хавайся. Гэта, напэўна, мой муж. Я ўвесь час адчуваю, што ён дзесьці побач, хоць і не заходзіць да мяне. Я яго ведаю – ён заўжды сочыць за мной, можа нават за сцяной школы стаяць і назіраць, з кім я іду дахаты. Куды ты! Не пад ложак, а на ложак! Хустачку завяжы, баба Лёдзя яе на спінцы ложка пакінула.

Крокі набліжаліся, чалавек ішоў паціху, яго цень засланіла амаль усё святло, што праз адчыненыя ў палату дзверы імкнулася ўліцца ў пакой. Нешта вялікае, як гара з шамаценнем набліжалася да Веры. Калі б яна была ў палаце адна, то даўно закрычэла б ад жаху. Гара, уздыхнуўшы, прысела на суседні ложак.

 - Вы хто?

- Не спіш? Я вось таксама не сплю. І свята не свята пасля таго, як убачыў цябе там, на трасе, пад коламі маёй машыны. Калі больш дакладна, то не цябе, а твае вочы. Ніколі такіх чорных і глыбокіх не бачыў. Ты не цыганка часам?

- Не. І вочы ў мяне зусім не чорныя. Яны ў мяне шэрыя. – “Як гусачкі”, - ледзь стрымалася Вера, каб не прамовіць апошнія словы з міцінага верша.

- О не! Я бачыў - чорныя, я з-за іх каторую ноч не сплю. А яшчэ, ведаеш, гэты выпадак з табой нагадаў мне гісторыю з дзяцінства. Нічога, што я адразу “на ты” перайшоў, як-ніяк розніца ва ўзросце салідная! Да таго ж, з той нашай сустрэчы, назавём гэту трагедыю так, я ўвесь час з табой размаўляю. Не, я не звар’яцеў. А што ў Дзеда Мароза апрануўся, то хацеў табе сюрпрыз зрабіць. Да цябе ж ніколі ў самы Новы год Дзед Мароз не прыходзіў? Я не з пустымі рукамі, паглядзі: вось шампанскае, цукеркі, мандарыны!

Веру аж жарам абдало – ці паспеў Міця схаваць бутэльку?

- А вось і свечачка!

- У мяне няма падсвечніка! – ледзь не закрычала жанчына.

- Не бяда! Дзед Мароз ведае сто спосабаў, як прымацаваць свечку. Вось адзін з іх: утыркваем свечку ў мандарын і запальваем яе!

У апошні момант Вера схапіла з тумбачкі палову яблыка і літаральна зубамі вырвала з яго міціну свечку. Парафін прыліп да зубоў, і яна з асаблівай асалодай кусанула плод. У святле новай свечкі яна ўбачыла скудлачаную белую бараду аж да самых вачэй, на якія наязджала армейская шапка-вушанка. Выгляд нечаканага госця быў такі недарэчны і камічны, што яна рассмяялася.

- Станіслаў Мікалаевіч, - прадставіўся Дзед Мароз. – Для вас можна проста Стась. Дык вось, Верачка, хачу вам расказаць сваю гісторыю, якая можа падацца містычнай, а можа лёсавызначальнай, - загаварыў мужчына, наліваючы шампанскае ў фужэры, выцягнутыя папярэдне з вялізнага пакета, з глыбіні якога былі здабыты і розныя дэсертныя прысмакі. – Калі мне было гадоў пяць-шэсць, мама збіралася прыгатаваць страву з гусі, а тата проста застрэліў гэту гусь. Вялікая шэрая гуска. Параненая яна ляцела прама на мяне і запырскала сваёй крывёй мяне ўсяго. Снег пасля адлігі і наступнага раптоўнага марозу быў зацвярдзелы, я толькі пальцы параніў, а рукі ад крыві не адцёр. Мама была вельмі ўстрывожана, яна вельмі прымхлівая была, убачыла ў гэтым дурны знак…

Госць замаўчаў. Вера дажоўвала яблык. Станіслаў Мікалаевіч працягнуў ёй фужэр з шампанскім, скінуў шапку і карнавальны халат, зняў штучную бараду і перасеў са сваім фужэрам да яе на ложак. Поглядам педагога яна адразу вылічыла яго патугі па стварэнні праяў страсці на твары. Хаця вочы выдавалі чалавека надзеленага інтэлектам і жыццёвай мудрасцю. “Чаго ён хоча ад мяне? Падпісаць якія паперы, каб не прыцягнулі з-за мяне да адказнасці. Але ж я і так сказала следчаму, што сама кінулася пад машыну, - напружана думала жанчына. – А можа сапраўды закахаўся? Да ну, глупства! Але ж прыпёрся ноччу сюды. Хіба ў яго няма сям’і, ці хоць жонкі? Дагледжаны. Старыя халасцякі такімі не бываюць”.

У гэты момант штосьці загрукатала на першым паверсе, нібы нехта ламаўся ва ўваходныя дзверы. Затым раздаўся трэск. Пачуліся чыесці крыкі, галасы жаночыя і мужчынскі мацнелі. Вера пазнала голас мужа.

- Мой муж. Ён вас заб’е. Хавайцеся! Забярыце ўсе адсюль. У тумбачку, ды не ў маю, у суседчыну! У ложак кладзіцеся, у пусты. Хутчэй.

Вера патушыла свечку, але не паспела прылегчы, як у палаце ўспыхнула святло. На парозе стаяў раз’юшаны Аркадзь, побач з ім збялелая, як і яе халацік медсястра Рыта і санітарачка Марыся.

- Хто тут быў! Гэты шчанюк! Ты з ім тут свечку паліла! Я ўсё бачыў, я тут пад акном з вечара стаю.

- Малады чалавек, тут толькі хворыя людзі, старыя бабулькі, - як мага спакайней загаварыла Маргарыта, і пакуль погляд Аркадзя быў скіраваны ў бок жонкі, непрыкметна пацягнула коўдру  на дзедамарозаў чаравік, што здрадніцкі чарнеў на ложку Марынкі. – Марыся, выклікай міліцыю!

- Маргарыта, прабач, я сапраўды запаліла свечку, усё ж Новы год, а я - тут, - пачала апраўдвацца Вера.

- Вой, што за дрэнь такая спаць не дае, - старэчы сіпаты голас азваўся з таго ложка, дзе ляжаў Міця.

Маргарыта рэзкім рухам выключыла святло ў палаце і рашуча накіравалася да Аркадзя. Яна старалася гаварыць напоўголаса, але рашуча і злосна:

- Паслухайце, малады чалавек, тут хворыя людзі, ім трэба адпачываць. Калі вы хацелі наведаць сваю жонку, маглі гэта зрабіць раней. Вас тут амаль тыдзень не было, а цяпер вы ўрываецеся і ўстройваеце нейкія разборкі! Я патрабую, каб вы ў гэты ж момант пакінулі бальніцу! Зараз тут будзе нарад, вы што хочаце правесці навагоднія святы ў міліцэйскім ізалятары?

- Замаўчы, - раўнуў раз’юшаны Аркадзь. – Я сам ведаю, калі мне яе наведваць. Дзе гэты гад, гэты прышчавы смаркач? Ён думае, што калі прычапіў бараду, то я яго не пазнаю. Не такі ўжо я дурань, каб верыць у казачкі! Ці можа ён думаў, я паверу, быццам ёсць балван, які падпрацоўвае ў самы Новы год! Я амаль тыдзень тут варту нясу! Я ведаю, што ён круціцца каля маёй жонкі, мала яму, што давёў яе да самагубства. Усё праз яго! Дапёк жанчыну сваім каханнем і сваімі завіханнямі. Мала яму дзевак, дык не – да замужняй кабеты чэпіцца са сваімі вершамі, пачуццямі. Карыстаецца тым, што бацька тут працуе, дык ходзіць навакольнымі шляхамі. А можа і начаваць сюды прыходзіць!

- Аркадзь, супакойся! Што ты гародзіш, - як мага ласкавей пачала Вера. – Якое к чорту каханне, я ўся збітая, паламатая, твар распухлы ад удару. Рэбры баляць, што нават ляжаць не магу, я ўжо каторую ноч седзячы сплю.

- Ты і іншае седзячы можаш рабіць, сучка! – зароў Аркадзь.

- А ну вон адсюль! – гучны мужчынскі голас належыў урачу Жыганаву. Гэты голас ведалі не толькі пацыенты траўматалогіі. Яго прыгожы барытон быў вядомы ўсім, хто хоць аднойчы наведваўся на гарадскія святы ў цэнтральны парк, дзе на адкрытай эстраднай пляцоўцы ладзіліся канцэрты з удзелам самадзейных мясцовых артыстаў. Сяргей Анатольевіч не раз цешыў прысутных сваімі спевамі. Асабліва ўражвалі публіку рамансы ў яго выкананні. На гэты раз рамансамі і не пахла. – Я не люблю паўтараць у другі раз!

Раўнівец яшчэ штосьці спрабаваў прабурчэць, але паслухмяна накіраваўся да дзвярэй, у праёме якіх стаяў траўматолаг. Трэба адзначыць, што, калі жанчыны захапляліся “спяваючым доктарам”, дзякуючы яго рамансам, то мужчыны з пашанай ставіліся да яго спартыўных перамог – урач сур’ёзна займаўся дзюдо, і хоць на спаборніцтвы апошнія гадоў пятнаццаць не ездзіў, разы два на тыдзень трэніраваўся ў спартыўнай школе на татамі разам са сваім даўнім сябрам, што працаваў тут трэнерам па барацьбе.

- Маргарыта Іосіфаўна, правядзіце грамадзяніна і прасачыце, каб усе ўваходныя дзверы былі зачынены на ключ. Для работнікаў “хуткай дапамогі” існуе званок.

Крокі аддаляліся. Рыпнулі дзверы аддзялення, бразнулі ўваходныя. У палаце ўсталявалася напружаная цішыня, усе баяліся варухнуцца, бо праз прыадчыненыя дзверы  разам з электрычным святлом з калідора прасочваліся абрыўкі гутаркі ўрача, які размаўляў з некім па мабільным тэлефоне.

Пераадольваючы боль, Вера паднялася з ложка. Нервовае напружанне і выпітае шампанскае несвоечасаова разбудзілі ў арганізме біялагічны будзільнік, які падштурхоўваў да інтымнага пакойчыка ў канцы калідора.

- Ляжыце тут ціха. Я праверу абстаноўку, але пакуль не высоўвайцеся, - прашаптала яна сваім няўдачлівым каханкам.

Праходзячы каля ардынатарскай, жанчына пачула, як Сяргей Анатольевіч ушчувае Рыту за недагляд. Тая спрабавала апраўдвацца, але, па ўсім відаць, яе аргументы былі зусім не пераканаўчымі.

Верачка знарок затрымалася, як мага даўжэй, даючы магчымасць нечаканым гасцям знікнуць без лішніх развітальных слоў і тлумачэнняў. Яна доўга разглядвала свой твар у люстэрку. Вочы сапраўды здаваліся чорнымі з-за таго, што ў паўзмроку зрэнкі пашырыліся. Жанчына прыпадняла сарочку, каб разгледзець грудную клетку, якая неверагодна балела нават ад глыбокіх уздыхаў. Але ніякіх дэфармацый яна не ўбачыла, нават сінякоў і крывападцёкаў не было відаць. Зграбная фігурка маладой жанчыны не была сапсавана ні ранейшымі двума родамі, ні нядаўняй аварыяй. Здаровай рукой яна доўга мыла твар, нібы змываючы дурную памяць пра абразы і крыўды. Затым паціху вярнулася ў палату. Зайшоўшы са святла, неадразу ў змроку ўбачыла, што нехта сядзіць на суседнім з яе ложкам. Наблізіўшыся, пазнала свайго ўрача. Сяргей Анатольевіч дапамог ёй уладкавацца на ложку і прысеў побач, не выпускаючы са сваіх рук яе далонь.

- Ты мяне прабач, Верачка. Я шмат змагаўся са сваім сынам, ратуючы яго ад гэтага недарэчнага кахання. Калі ён яшчэ школьнікам закахаўся, я думаў, усё пройдзе з цягам часу. Не прайшло. Наадварот. І я разумею чаму. У мяне ў самога душа не на месцы, я сам з таго дня, як цябе прывезлі ў бальніцу, нібы захварэў. Ніколі ў жыцці не блытаў службовага з асабістым, не дазваляў сабе глядзець на пацыентак, як на жанчын. Але ж ты, Верачка, ты - такая жанчына! Ты нават не здагадваешся, які ты клад, якая ты каштоўнасць! Колькі ў табе пяшчоты, жаноцкасці, грацыёзнасці! Я ніколі і нідзе не бачыў такой дасканаласці, такой самадастатковасці, такой прыгажосці рысаў. Я ледзь стрымліваўся ў прыёмным пакоі, калі праводзіў агляд, каб не расцалаваць твае ручкі, ножкі, усю цябе… Ты прабач старога дурня, але сёння, сустракаючы новы год, я думаў пра цябе і рашыў, што павінен расказаць табе пра свае пачуцці. Я крыху выпіў. Прабач. Не-не, я хацеў зрабіць гэта пазней. Але, калі мяне тэрмінова выклікалі, калі я ўбачыў твайго мужа, гэтага вар’ята… Ты не павінна належаць такому чалавеку.

- Я – не рэч, каб некаму належыць, - рэзка абарвала Вера нечаканае прызнанне. – Сяргей Анатольевіч, я вам за ўсё ўдзячна, але …

- Маўчы, калі ласка, маўчы. Дай мне дагаварыць. Я павінен табе гэта сказаць. Магчыма, гэта хвароба, якую я падхапіў ад сына. А магчыма – лёс. Ні адна жанчына ў маім жыцці, не выклікала столькі эмоцый, столькі радасці толькі ад таго, што яна побач, што я магу ёй быць карысным.

- Не, ну вы паглядзіце на яго! А для чаго тады было мне сюды ісці і разыгрываць гэтую камедыю? – усхваляваны голас Дзеда Мароза прагучаў амаль фальцэтам. Скінуўшы з сябе коўдру, ён ускочыў з ложка і рушыў на збянтэжанага ўрача. – Што, не чакалі, шаноўны Сяргей Анатольевіч. Ну не змог я прыйсці сюды напярэдадні Новага года. Як я кіну сям’ю, жонку? І наогул, разыгрываць закаханага вар’ята і спакушаць жанчын на цвярозую галаву я не ўмею. І дзе ваш сынок, дзеля якога ўся гэта спектакля павінна была разыгрывацца? Нябось, спіць спакойна, або бавіць час з якой маладухай. Ён і не збіраўся сюды ляцець такім марозам. І з чаго вы рашылі, што ваш Міцька адступіцца, калі пабачыць, што яго гусачка шэравокая з іншым мілуецца. Вы ж самі вось, нагледзеўшыся на сынка, наадварот страсцю-жарсцю прасяклі! Ну і ёлупень жа ж я! Навошта было згаджацца на гэту авантуру. Ледзьве ад шалёнага мужа не пацярпеў, жонцы невядома што цяпер хлусіць трэба. А ён тут у каханні сам прызнаецца.

- Станіслаў Мікалаевіч, - голас урача памякчэў, нібы ён і не спяваў ніколі ў жыцці барытонам. – Хадземце, давайце выйдзем. Верачка, выбачайце, я зараз вярнуся, я ўсё растлумачу. Верачка, не слухайце яго, ён п’яны. Хадземце, хадземце.

… Дзесьці ў цэнтры невялічкага гарадка гуло навагодняе гулянне, з рэпрадуктараў гучала вясёлая музыка і віншаванні, раз-пораз бабахалі хлапушкі і часам з шыпеннем праразалі змрок яркія петарды. А ў мясцовай бальніцы было ціха. Зачыніўшы дзверы за ўрачом Жыганавым, Рыта накіравалася ў палату да Веры. Чым бліжэй яна падыходзіла, тым выразней чула спеў. Прыглушана, але душэўна спявалі двое, мужчына і жанчына. Гэту песню медсястра чула калісьці даўно ў сваім дзяцінстве: “Ой ляцелі гусі з броду…”

 

Шостае красавіка

Апавяданне

 

“…Жывець жа твой сябар з “шостым красавіка”, з “оўнам”, і нават шчаслівы. Час і табе вяртацца да сваёй абранніцы. Мяркую, вы абодва: і ты, і Андрэй, вартыя такіх жанчын. Вам патрэбен агонь, а я – “блізнец”, я - паветра. Я – нішто. Я быццам ёсць, і быццам, няма мяне. Бывай!”

Лера паставіла вялікі клічнік у канцы сказа. Гэтымі радкамі яна закончыла сваё доўгае пісьмо – развітанне. Яшчэ раз перачытала ліст. Хвіліну сядзела, тупа ўглядаючыся ў цемру за акном. Дзіўна было самой ад таго, што не хацелася плакаць, хаця развітвалася з чалавекам, без якога яшчэ нядаўна не ўяўляла свайго жыцця. Нават тады, калі ён ненаўмысна ці ў злосці раніў яе душу грубасцю, папрокамі, абразамі, яна імкнулася знайсці апраўданні яго паводзінам, і, зразумела ж, вінаваціла ва ўсім сябе. Ратуючы дзяцей ад сямейных разборак, яна калісці, напачатку сямейнага жыцця, прыдумала гэту манеру высвятляць стасункі з дапамогай перапіскі. На чарговы хамскі выкід свайго мужа - адказвала пісьмом, багата “аздобленым” начнымі слязамі. Праўда, да раніцы, калі Сяргей чытаў ліст, слёзы высыхалі, а нябачных слёз душы, якія, здавалася, пырскалі паміж радкамі, яму не дадзена было разгледзець. Але ён пісаў ёй адказ, іншы раз нават прасіў прабачэння.

Чаго-чаго, а папрокаў жанчына наслухалася за сваё жыццё. Першы муж калісьці ўпікаў за прыгажосць: маўляў, вось такая ты ў мяне красуня, што ў мужыкоў галовы з шарніраў зрывае, калі на цябе заглядваюцца. І яна адчувала сябе вінаватай. Другі, апраўдваўся перад сваёй раднёй: ну не прыгажуня, затое разумная і працавітая. Леры хацелася ізноў стаць прыгожай, як у першым шлюбе, але сямейныя клопаты і маленькія дзеці не пакідалі часу, каб заняцца сабой.

І ўсё ж настаў яе час. Сяброўка, якая мела свой невялічкі магазін жаночай вопраткі, папрасіла паўдзельнічаць у выставе-паказе новых калекцый. Нават абяцала, што адзін камплект падорыць у знак удзячнасці. Пагадзіўшыся, Лера адклала на потым усе справы і накіравалася ў цырульню. Хацелася не столькі навесці парадак на галаве, як адчуць сябе жанчынай, пра якую нехта клапоціцца, пяшчотна мыючы, а затым укладаючы ў прычоску яе доўгія мяккія валасы. Дэманстраваць давялося трыкатажныя вырабы – сукенкі, сарафаны, касцюмы. Выйшаўшы на  імправізаваны подыум у бручным касцюме, што выгадна падкрэсліваў яе апетытныя формы, Лера заўважыла, як заблішчалі вочы асобных мужчын. “Вось,- падумала яна, - а яшчэ кажуць, што мужыкі худзенькіх любяць”. Затым яе позірк зачапіўся за калючыя вочы Марынкі, Андрэевай жонкі. Яе Лера недалюблівала за балбатлівасць і нескрывальную зайздрасць да ўсіх, хто быў больш паспяховым, чым яна. А яшчэ Марынка нарадзілася ў адзін дзень з былой жонкай Сяргея, і святкаванне кожнага яе дня нараджэння было напамінкам для Леры, пра ўсе прыкрасці, што гэта жанчына ўнесла ў яе жыццё. Калі яны пазнаёміліся з Сяргеем, яго першая была ўжо замужам за другім мужам, але намер першага стварыць сям’ю выклікаў з яе боку шквал нянавісці. Пакрыўджанае жаночае самалюбства штурхала яе на самыя дзікія ўчынкі. Толькі цяжарнасць Леры стрымала тады яе ад разрыву з Сяргеем.

Адзначыўшы шампанскім удалую імпрэзу, Лера з клункам, куды ёй запакавалі абяцаны касцюм, заспяшалася дадому. Літаральна на парозе яе сустрэла Марынка і, схапіўшы пад руку, пачала нешта лапатаць, пра свайго чарговага “дамагальніка”. Так яна называла кожнага мужчыну, які знянацку выказваў ў яе адрас камплімент. У кватэры за час  адсутнасці маці дзеці навялі сапраўдны “шмон”, муж як звычайна сядзеў ля тэлевізара. Жанчыны прайшлі на кухню. Сабраўшы са стала непамыты посуд, Лера пачала рыхтаваць вячэру, напаўвуха слухаючы балаболку-сяброўку. Праз нейкі час зазірнуў Сяргей:

- Марыначка, ты як заўжды, абаяльна-непаўторная! Памяняла колер валасоў? І прычоска табе гэта да твару! Малайчына, так трымаць, няхай Андрэй будзе напагатове, а то, скрадуць такую кралю.

Традыцыйны жарт мужа на гэта раз раззлаваў Леру. Прыглынуўшы калючы камяк, яна спытала:

- А як табе мая прычоска?

- Сапраўды, я ж і не заўважыў. Некуды збіраешся? Чаму я не знаю?

Лера ледзь не выпусціла з рук талерку. З учарашняга дня яна некалькі разоў расказвала мужу пра паказ мод, куды яе запрасілі, а ён па ўсяму відаць ці не чуў, ці забыўся.

- Я была на паказе. Я дэманстравала новыя калекцыі. – Рукі ў жанчыны ліхаманкава трэсліся. Далей яна, сама не ведаючы чаму, зманіла. – Мяне запрасілі ў сталіцу, генеральны дырэктар аднаго мадэльнага агенцтва сказаў, што мой тыпаж ім патрэбен для паказу вопраткі, што шыюць для нестандартных жанчын.

- Вось як? А грошы там, напэўна, добрыя павінны плаціць. Можа і за мяжу паедзеш, дык там яшчэ больш заплоцяць, ды і камандзіровачныя ў валюце! Нармальна, зможам нарэшце з даўгоў выпутацца, а то мая былая ізноў патрабуе, каб больш аліментаў плаціў, вечна ёй мала.

- А я таксама хачу! – амаль залямантавала Марынка. – Я таксама нестандартная.

- Не, Марыначка, ты, што ні на ёсць самая стандартная, так што трымайся за свайго Андрэйку.

- Вось яшчэ чаго! Што мне гэты мямля, ды з яго толку няма ні днём, ні ноччу! Лера, чаму ты мне адразу не сказала, што там такія людзі. Ну нічога, я яшчэ паспею, яны відаць яшчэ там шампанскае дапіваюць. Я свайго не ўпушчу!

Марына сарвалася і так хутка знікла за дзвярыма, што разгубленая Лера не паспела ёй нічога растлумачыць.

- Агонь баба! Во як трэба па жыцці прабівацца, зараз яна там усіх на вушы паставіць! – з захапленнем канстатаваў Сяргей.

- Нічога яна не зробіць. Я зманіла. Не ведаю чаму, проста крыўдна і балюча. Хто я для цябе? Што я для цябе? Чаму ў цябе няма для мяне такіх добрых слоў як для іншых? Так, я непрыгожая, нестандартная, стомленая. Але ж ты мяне любіў калісці. Хіба ўсё прайшло?

- Пачынаецца, - з раздражненнем буркнуў муж. – Навошта мне нешта гаварыць, ты і сама ўсё ведаеш. Хіба справа ў словах. Я вось сёння патаксаваў крыху і стольнік зарабіў. Вось гэта праяўленне пачуццяў, а не словы.

- Чаму ж для іншых, для чужых жонак у цябе знаходзіцца красамоўства? А для мяне – шкада?

Сяргей рэзка падняўся і бразнуўшы дзвярыма выйшаў з кухні.

Слёзы навярнуліся на вочы, але ў нейкі апошні міг перад тым як брызнуць і пацячы ручаінамі па твары, яны застылі на вейках. Затуманеным позіркам Лера разгледзела, як у прыадчыненыя дзверы прасунулася кучаравая галоўка Ірынкі. Меншанькая дачушка  абхваціла яе за каленкі і пазіраючы знізу ўверх прашаптала:

- Мамулечка, я так цябе люблю, ты такая прыгожая, такая цёплая і мяккая!

Ноч напралёт Лера сачыняла развітальнае пісьмо. Яна так і заснула за сталом, паклаўшы галаву побач са спісанымі аркушамі. Прачнуўшыся, убачыла, што на апошнім лісце муж напісаў: “Ты вольная ў сваім выбары, але ты – не агонь, таму не апякай мяне. Ты – паветра, без якога і агонь не гарыць, і вада не бяжыць. Без цябе немагчыма ні дыхаць, ні жыць”.