Гумарэска
Індакуры
Індык, як вядома, птушка далікатная. Нездарма яе
называюць паўночным паўлінам. Вельмі яна цяпло любіць, таму у нашых мясцінах
яйкі пачынае прыносіць позна, ды і мала. З гэтай нагоды гаспадары не вельмі хочуць
разводзіць індычак, ды і тое больш дзеля мяса, бо растуць і вагу набіраюць яны
куды хутчэй, чым курыца.
Цетка Параска аднойчы паквапілася на дармавых індычак,
перабольшыла дасягненні сучаснай навукі генетыкі дый папалася на кручок свайго
кума дзядзькі Фядося, вядомага смаргонскага жартаўніка. Вось як яна сама
апавядала гэту «трагічную» старонку свайго жыцця:
- Ніколі не думала, галуба мая, што здолею руку
паднянь на безабароннае птушаня. Хоць кабета я вясковая, але ж нават курыцу засекчы
не магла сама. А тут такі грэх на душу ўзяла: пасекла, усіх да аднаго пасекла,
галуба мая. Вось да чаго крыўда і злосць давесці могуць.
А было гэта так. Заходзіць неяк да майго гаспадара
Фядось. Я на той момант за куранятамі даглядала, меркавала ды прыкідвала:
колькі курачак і пеўнікаў будзе, а дзе ж ты разгледзіш, галуба мая! Мужа дома
не было, і Фядось памкнуўся да дзвярэй ды раптам кажа:
- Слухай, кума, я для свай гаспадыні цікавы тавар
прыдбаў, можа, і табе захочацца мець. Вось карпееш над сваімі куранятамі дзень
і ноч, а ці будзе яшчэ з гэтага толк?
- Што за тавар такі? - пытаюся ў Фядося. А ў яго вочы
блішчаць, па кутах скачуць. Ну як у суседскага Лёшкі-неслуха, калі нашкодзіць
ды хлусіць - апраўдвацца пачынае. Мне б адразу насцерагчыся, ды дзе там:
паплялася за Фядосем «тавар» глядзець. Падыходзім да воза, ён мех здымае, а там
штосьці варушыцца.
- Глядзі, - кажа Фядось, - эксперыментальны экземпляр,
апошняе дасягненне генетыкі - індакуры. Вырастаюць з індыкоў, нясуцца, як куры,
нават лепш. А галоўнае - ні холаду, ні дажджу не баяцца, можаш трымаць іх у клетцы
на свежым паветры аж пакуль не падгадуюцца.
Шчыра кажучы, я індычанят тыднёвых ніколі не бачыла,
таму. калі Фядось вытрас з меха гэтых самых індакуранят, ніякага падвоху не
адчула, толькі здзівілася, што занадта дзюбатыя птушаняты. А Фядось не
суцішаўся, нахвальваў свой тавар, маўляў, яйкі нясуць цэльг год, нягледзячы на
маразы, з седала любой вышыні скачуць - і не б’юцца, не псуюцца. Адну толькі патрэбу
маюць - вельмі мяса свежае любяць, таму, каб лепш раслі, абавязкова кожны дзень
трэба ім свежыну даваць.
1 так расхвальваў кум сваіх «гібрыдаў», што
спакусілася я на яго прапанову і забрала ўсіх пяцярых дзюбацікаў. А як, галуба
мая, было не ўзяць, калі Фядось нават грошы не браў, маўляў, эксперыментальны
экземпляр, маўляў, гэтых «осабей» з інкубатара пакуль што дарма даюць.
- Бяры, цётка, бяры, - падбухторваў Фядосеў напарнік,
- будзеш усю зіму яйкі мяхамі на базар цягаць.
Ну і даліся ж мне тыя індакураняты, галуба мая! Жорлі
толькі мяса, ды і не якое-небудзь сала, а свежыну. Праўда, і раслі, як у той
казцы: не па днях, а па гадзінах. Муж мой гаспадаркай ніколі дужа не цікавіўся,
таму не ведаў пра мой эксперымент. А тут аднаго разу, калі я яго на базар
паслала за свежыной для куранят, здзівіўся, з чаго гэта я куранят мясам кармлю,
але пачуўшы маё звычайнае «А табе дзела?» падаўся на кірмаш.
Вярнуўся, як звер злы, твар шчарнелы, бялкі крывёй
наліліся. Аж запінацца стаў:
- Ну, - кажа, - дзе твае ку-ку-кураняты? Я ж толькі
што з кумам тваім Фядосем сустрэуся: на ўвесь базар небарака рагатаў, як-як-як
Параска кака-каршуноў за ку-ку-куранят гадавала!..
Калі ж пачула я, галуба мая, праўдачку, ды як уявіла,
што ўсе смаргонскія кабеты з мяне пацяшаюцца і насміхаюцца, - хапіла з сенцаў
сякеру, выбегла да хлеўчыка ды ўсім сваім гадаванцам дзюбатым галовы і
паадсякала. А затым села на калоду, на якой зрабіла гэту чорную справу, ды й
заплакала. Ды не шкада мне было гэтых каршуновых вырадкаў. А шкада мяса, якое
яны пажэрлі. У мяне праз іх сям’я амаль два тыдні пасцілася, на бульбе з
капустаю сядзела.
А кум з таго часу доўга мне на вочы не трапляўся.
Толькі на куццю завітаў, і ўбачыўшы, што мяне злосць адпусціла, расказаў, як у лесе
знайшоў гняздо каршуноў ды і рашыў пажартаваць. Але Агата, жонка кумава, адразу
гэта раскусіла, вось і падпіхнуў «падаруначак» мне.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.