Храмы Смаргоншчыны

 

ЦАРКВА ПАКРОВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ. МІХНЕВІЧЫ

 

На ўскрайку вёскі Міхневічы, побач з вясковымі могілкамі знаходзіцца прыгожы храм, пазначаны навукоўцамі як архітэктурны помнік рэтраспектыўнага рускага стылю – Свята-Пакроўская царква. Гэта будынак прадольна-восевай кампазіцыі, з трох’яруснай шатровай званіцай, званы на якой захаваліся, па сведчанні мясцовых жыхароў, старажытныя. Больш як 140 гадоў склікае іх голас праваслаўных людзей на набажэнства. Былі часы, калі званы маўчалі, але людзі сэрцамі адчувалі пакліканне Божае і не пакідалі сваёй святыні.

 

Калісьці на тэрыторыі гэтага прыхода былі дзве царквы. Па сведчанні, пазначаным 1895 годам, царкоўнага гісторыка І. Спрогіса, у полі паміж сядзібай паноў Агінскіх і чыгуначнай станцыяй Залессе знаходзілася драўляная Свята-Георгіеўская царква, якую мясцовыя жыхары называлі “старой”, у адрозненне ад “новай” – Свята-Пакроўскай, пабудаванай у 1866 годзе з бутавага каменю. “Старая” царква мела арыгінальную форму: увесь будынак з усімі яго арганічнымі дадаткамі – прытворам, алтаром і пярэдняй, пакрыты быў адным агульным, досыць высокім, амаль востраканечным гонтавым дахам, які, апускаючыся лёгкімі загібамі, надаваў храму прыгожы выгляд марскога карабля.

Галоўнай каштоўнасцю Свята-Георгіеўскай царквы была старажытная цудатворная ікона – абраз (копія) Прасвятой Багародзіцы Чэнстахоўскай. У паданнях гаворыцца, што ўпершыню святую ікону знайшлі на вялікай сасне. Над гэтым дрэвам упарта кружыў сокал, які і прыцягнуў увагу мясцовых жыхароў. Набожныя людзі рашылі пабудаваць на гэтым месцы храм, а ікону называлі “Сокальскай”. Адметнасцю драўлянага збудавання было тое, што яно было ўзведзены без адзінага цвіка. Храм існаваў да пачатку шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, перажыўшы шматлікія войны і ліхалецці. З пакалення ў пакаленне перадаецца паданне, што ў вайну 1812 года французы хацелі ператварыць храм у канюшню, але загнаныя сюды коні паслеплі.

Ушаноўваючы святыню, нават пасля асвячэння новай Свята-Пакроўскай царквы, “старую” не зачынялі: на другі дзень Вялікадня хадзілі прыхаджане вакол яе хрэсным ходам. Менавіта на Вялікдзень яе і спалілі ваяўнічыя атэісты. Мясцовыя жыхаркі і сведкі той трагічнай падзеі Марыя Савоська і Надзея Козел расказваюць, што летам таго ж года патанулі двое дзяцей падпальшчыка. Такая была яго расплата за ўчыненае богазневажанне.

Рабілі замах блюзняры і на Міхневіцкі храм. Але мясцовыя жыхары адстаялі яго. Прыхаджанка Марыя Рак днявала і начавала ў царкве, пакуль пагроза не мінула. Гэта жанчына па ўласнай ініцыятыве ездзіла і шукала свяшчэннікаў для службы ў царкве. Яна сама трыццаць гадоў правяла ў манастыры і толькі пасля смерці бацькоў перабралася ў родную хату на хутар каля Залесся. Пра гэта расказвала мне калисьци Вера Арсеньеўна Гісіч з Залесся. Дарэчы, разам са сваёй маці, Вольгай Іванаўнай Гісіч, якая доўгі час была рэгентам царкоўнага хору, яна на працягу многіх гадоў спявала ў хоры. Дома ў Гісічаў збіраліся на рэпетыцыю залескія і міхневіцкія харысты. Іншы раз кватаравалі ў іх свяшчэннікі, якія служылі ў Свята-Пакроўскай царкве. Найбольш запомніўся Веры Арсеньеўне айцец Стэфан Рудзько. Добрым словам успамінаюць старажылы святароў Васілія, Міхаіла, Сцяпана, Уладзіміра. Айцец Антоній Войтка каля дзесяці гадоў служыў настаяцелем  Свята-Пакроўскай царквы, каля старажытных сцен храма ён знайшоў свой апошні спачын. У некалькіх кроках ад яго магілы, па звестках краязнаўца Уладзіміра Лігуты, пахаваны герой Першай сусветнай вайны, рускі палкоўнік.

А наогул, зямля побач з царквой захоўвае шмат тайнаў, якія яшчэ давядзецца разгадваць нашчадкам. Протаіерэй Анатоль Рэзановіч выказвае меркаванне, што, магчыма, тут знаходзіцца брацкая магіла салдат рускай арміі, якія загінулі пасля газавых атак падчас Першай сусветнай вайны. Шматлікія ўзгоркі каля царкоўных сцен наводзяць на думку, гэта не што іншае, як старажытныя пахаванні мінулых стагоддзяў.

У памяці старажылаў захоўваюцца моманты святаў, вянчанняў, хрысцін – усяго, што так дорага сэрцу праваслаўнага чалавека, пра што, напэўна, памятаюць камяністыя царкоўныя сцены. А пра саму Свята-Пакроўскую царкву захаваліся архіўныя матэрыялы, інфармацыяй пра якія падзяліўся свяшчэннаслужыцель Павел Куцько: “Царква пабудавана за кошт казны ў 1866 годзе і асвечана 8 ліпеня 1871 года. Прастол у ёй асвечаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Маюцца два медныя званы – 192 кг і 48 кг. Пры царкве існавалі школы граматы: у вёсцы Алянец, дзе вучыў сялянскіх дзетак Канстанцін Ковап і ў вёсцы Ардзяя, дзе настаўнічаў Антон Аскірка. У першай школе вучыліся 12 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, у другой – 9 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У Залессі на зямлі свяшчэнніка з 1871 года існавала міністэрскае Зарудзіцкае народнае вучылішча. У 1886 годзе там вучыліся 75 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак. Царкоўным старастам у 1895 годзе быў селянін Іван Савоська”.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.