Футра з Парыжу
- Замерзла,
радасць мая? Дык з такім марозам і не дзіва! А я толькі імбрык заварыў. Налівай
сабе гарбаты, а я табе пачытаю пра тое, як мая жонка мерзла ў штучнай французскай
шубе. Мерзла, але ўсё адно насіла яе – бо з самога Парыжу! А пра тое, як я
купляў гэту рэч ведае толькі мой дзённік.
“З кожнай
камандзіроўкі мушу прывозіць сваёй палавіне штосьці адметнае. З Анголы прывёз
статуэтку нейкага афрыканскага бажка, з Алжыра – маску мясцовай фальклорнай
пачвары, з Індыі – самацветы, з Канады – джынсы. З нядаўняй паездкі ў Францыю –
шубу са штучнага футра. Мяне яе заказ нават узрадаваў. Бо каб купіць
натуральную, ніякіх камандзіровачных не хопіць.
Калі вышукаў
час і зазірнуў у спецыяльны магазін, дзе прадавалі шубы, то адразу разгубіўся.
Менеджэр па продажу спытаў пра памеры маёй жонкі, а я іх і не ведаў. Урымслівы
праныра кіўком галавы падазваў маладзенькую гандлярку. Указваючы на яе, мужчына
спытаў ці фігура маёй жонкі такая? Я доўга вагаўся, прыглядаўся, разводзіў
рукі, нібы та ўяўляючы памеры маёй Вольгі. Калі зажмурыўся і пачаў
прымяркоўваць формы дзяўчыны да мне вядомых формаў, раптам адчуў у сваіх
абдымках чужое цела. Дзяўчына пакорліва стаяла з адчужаным поглядам манекена. А
я працягваў яе абмацваць папутна каментуючы, дзе ў маёй жонкі чаго больш, а дзе
меньш.
Менеджэр
ўзброіўшыся метравай лентай рабіў замеры і запісваў лічбы ў блакнот. Мы
дамовіліся, што я загляну праз пару дней. На наступны раз усё паўтарылася: я не
быў упэўнены, што прынесеная мне шуба адпавядала па размерах формам маёй
палавіны. Ізноў стройная францужанка апынулася ў маіх руках, і я з пяшчотай
абмацваў яе і ўдакладняў, дзе ў маёй жанчыны чаго больш, а дзе наадварот меньш.
Толькі за трэцім разам мне нарэшце прынеслі тое, што павінна было падыйсці па
ўсіх памерах маёй родненькай каханенькай. На ўсялякі выпадак я яшчэ раз
заплюўшчыўшыся ці то ад задавальнення, ці то ад вялікага імкнення згадаць
жончыну фігуру, абмацаў прадаўшчыцу, якая ўжо не стаяла адлучана, а зацікаўлена
прыглядалася да мяне, перакідваючыся кароткімі фразамі з сяброўкамі, што
назіралі за гэтай карцінай прымервання і час ад часу падсмейваліся.
Перакладчык, які ўвесь час суправаджаў мяне, так і не расказаў пра сэнс тых
жартаў. Я вырашыў, што гульня тых слоў перакладу не паддаецца.
Калі жонка
апранула французскую шубу, то яе радасці не было межаў.
- Ну ты
падумай! Як па мне пашыта! Вось жа ўмеюць французскія майстры стварыць шэдэўр!
Як улітая - нідзе не цісне, не тапыршчыцца. Што значыць мае памеры адпавядаюць
еўрапейскім стандартам. А ты казаў, што я нестандартная! ВО! Ты толькі
палюбуйся!
Я сапраўды
любаваўся. А ў памяці ўзнікаў твар маладзенькай францужанкі і далоні такцільнай
памяццю вярталі мне адчуванні ад колішніх дотыкаў да маладога пругкага цела.”
- Вось такая
гісторыя. І ведаеш, жонка вельмі любіла гэту шубу і насіла яе ў самы моцны
мароз, хаця іншы раз прамярзала да касцей. Усё ж штучнае і французскае не
разлічана на нашы мінус 35 па Цэльсію. Але яна любіла паўтараць – прыгажосць
патрабуе ахвяр. А я ніколі не расказаў ёй пра тое, якой “ахвярай” мне дасталася
гэта футра.